Трапары
Трапар нядзельны (тон 8). Ты зышоў з вышыні,
Міласэрны, пахаваньне прыняў трохдзённае, каб нас вызваліць ад цярпеньняў:
Жыцьцё наша і Ўваскрасеньне, Госпадзе, слава Табе.
Трапар усім сьвятым (тон 4). Быццам у пурпуру і
кужаль, Царква Твая аздобілася крывёю тых, што ва ўсім сьвеце былі сьведкамі
Табе, Хрысьце Божа, і праз іх моліць Цябе: Даброты Твае людзям Тваім зышлі,
даруй супакой усяму сьвету, і душам нашым багацьце Твайго зьмілаваньня.
Слава... цяпер...
Кандак усім сьвятым (тон 8). Як першыя плады
стварэньня, сусьвет прыносіць Табе, Госпадзе і Творча ўсіх, баганосных
мучанікаў: малітвамі іх і Багародзіцы захавай у глыбокім супакоі Царкву Тваю і
людзей Тваіх, Шматміласэрны.
Пракімен нядзельны (Пс 75:12,2). Выконвайце
абяцаньні, дадзеныя Госпаду Богу нашаму.
Верш. Бог вядомы ў Юдэі, у Ізраілі вялікае імя
Яго.
Сьвятым. Дзіўны Бог у сьвятых сваіх, Бог Ізраіля.
Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Гэбрэяў
Браты, сьвятыя вераю перамагалі царствы, чынілі
справядлівасьць, атрымлівалі абяцаньні, загараджалі пашчы львоў, тушылі сілу
агню, пазьбягалі вострага мяча, крапчэлі ў слабасьці, праяўлялі мужнасьць на
вайне, змушалі ўцякаць чужынцаў-ворагаў. Жанчыны атрымлівалі назад сваіх
памёрлых, узьнятых зноў да жыцьця. Іншыя гінулі ў муках, ня прыняўшы
вызваленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрасеньне. Зноў іншыя паспыталі зьдзекаў і
біцьця дый яшчэ путаў і вязьніцы; іх каменавалі, расьпілоўвалі, бралі на допыты,
забівалі мячом. Яны туляліся ў авечых і казіных скурах, цярпелі бяду, перасьлед,
зьдзекі. Тыя, каго ўвесь сьвет ня быў варты, блукалі па пустынях і горах, па
пячорах і зямных пропасьцях. І ўсе яны, хоць іхняя вера была годная пахвалы, не
атрымалі абяцанага, бо Бог зьбярог для нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас
асягнулі дасканаласьць. Таму і мы, маючы навокал сябе такое мноства сьведкаў,
адкінуўшы ўсякі цяжар і грэх, які нас аблытвае, будзем вытрывала прабягаць поле
змаганьня, што ляжыць перад намі, узіраючыся пільна на Ісуса, Пачынальніка і
Завяршальніка веры. (Гэб 11:33-12:2а)
Алілуя (Пс 33: 8, 20). Усклікнулі
праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў выбавіў іх.
Верш. Шмат бедаў прыйшлося зазнаць праведнікам, і
ад усіх іх выбавіў іх Госпад.
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея
Сказаў Госпад вучням сваім: "Кожнага, хто вызнае Мяне перад
людзьмі, таго і Я вызнаю перад Айцом Маім, што ў небе. А хто адрачэцца ад Мяне
перад людзьмі, ад таго і Я адракуся перад Айцом Маім, што ў небе. Хто любіць
бацьку або матку больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш
за Мяне, ня варты Мяне. І хто не бярэ крыжа свайго і ня ідзе ўсьлед за Мною, той
ня варты Мяне". Тады азваўся Пётра і сказаў Яму: "Вось мы пакінулі ўсё і пайшлі
ўсьлед за Табою: дык што будзе з намі?" Ісус адказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што
вы, якія пайшлі за Мною, калі ўсё стане новым і Сын Чалавечы сядзе на пасадзе
свае славы, сядзеце таксама на даванаццацёх пасадах судзіць дванаццаць каленаў
Ізраіля. І кожны, хто пакіне дом, або братоў ці сёстраў, маці, жонку, дзяцей, ці
маёмасьць дзеля Майго імя, атрымае ў сто разоў больш і будзе мець у спадчыну
вечнае жыцьцё. Многія першыя будуць апошнімі, а апошнія – першымі".
(Мц 10:32-33, 37-38, 19:27-30)
Прычасьнік. Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго
на вышынях.
Усклікніце, праведнікі, Госпаду ў радасьці: хвала пасуе
праведным. Алілуя, алілуя, алілуя. |