Галоўная > Перад Постам > Серада сырная ўвечары

Серада сырная ўвечары


19 траўня 2010.

Шостая гадзіна

Трапар прароцтва (тон 3). Уладару сьвяты і ўсемагутны, якога баяцца і перад кім дрыжаць усе, збаў нас: Ты можаш прабачыць грахі будучы добрасардэчным.


Пракімен. Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой.

Верш. Цябе, Госпадзе, клічу: Божа мой, не адмоўчвайся ад мяне.


Чытаньне кнігі прарока Яэля (2:12-26).

Так кажа Госпад: "Навярнецеся да Мяне ўсім сэрцам вашым у пасьце, у плачы і ў жалобе; разьдзярыце сэрцы вашы, а ня вопраткі, і навярнецеся да Госпада Бога вашага! Бо Ён ласкавы і міласэрны, няхуткі да гневу і багаты на ласку, і шкадуе злога. Хто ведае, ці ня зьвернецца Ён і пашкадуе, і пакіне за сабой блаславеньне на вашы ахвяры і прынашэньні вадкасныя Госпаду Богу вашаму. Трубіце на Сыёне, загадайце пост сьвяты, абвясьціце сход. Зьбярыце народ, склічце ўсю сьвятую грамаду, зьбярыце старых, прывядзіце дзетак і немаўлят; хай жаніх выйдзе з свайго хораму, а нявеста з свайго пакою. Паміж сенямі і ахвярнікам хай плачуць сьвятары, слугі Госпада! Хай кажуць: Прабач, Госпадзе, людзям Тваім, ня дай набытку Твайго на зьдзек, каб пагане не пашырылі над намі свайго панаваньня. Нашто, каб яны казалі: "Дзе ж іхні Бог?"

І вось Госпад загарэўся зайздроснай любоўю да зямлі сваёй і зьлітаваўся над людзьмі сваімі. Сказаў Госпад у адказ людзям сваім: "Вось пасылаю вам пшаніцу, віно і алей, насыціцеся іх, і ня дам вас на зьдзек паганам. Непрыяцеля з поўначы аддалю ад вас, праганю яго ў краіну сухую (бязводную) і пустынную. Пярэдняя стража ягоная зьвернецца да мора ўсходняга, а задняя стража да мора заходняга, і за ім застанецца гнілізна і смурод, бо ён дзёрзка паступаў". Не палохайся, зямля! Радуйся і цешся, бо вялікія справы ўчыніў Госпад. Ня бойцеся, зьвяры польныя, бо пустое поле зазелянела; дрэвы зноў даюць свой плод, смакоўніца і вінаград прыносяць свой плён. І вы, сыны Сыёну, цешцеся і радуйцеся ў Госпадзе Богу вашым, бо Ён даў вам паводле справядлівасьці ежу, і паслаў дождж увесны і ўвосень, як раней. І гумны вашы напоўняцца зноў пшаніцаю, а вашы прэсы – віном і алеем. У такі спосаб Я ўзнагароджу вас за гады, калі вам усё паела шаранча, і гусеніцы і (сыпель) – вялікая сіла мая, якую Я выслаў супроць вас. І будзеце есьці і насыціцеся, і будзеце хваліць імя Госпада Бога вашага, які вам цуды ўчыніў. І мае людзі ня будуць пасаромленыя давеку".


Пракімен. Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх супакоем

Верш. Прынясіце Госпаду, сыны Божыя, прынясіце Госпаду славу і пашану.

Вячэрня

На "Госпадзе, Цебе клічу...": песьні звычайныя з актойху належнага тону і з мінэі.


Пракімен. Божа ў імя Тваё збаў мяне, і сілаю Тваёю абарані мяне.

Верш. Божа, пачуй малітву маю, будзь уважлівы да слоў вуснаў маіх.


Чытаньне кнігі прарока Яэля (4:12-21)

Так кажа Госпад: "Хай устануць усе народы і пойдуць у даліну Язафата, бо там Я засяду, каб судзіць навакольныя народы. Бярыце сярпы, бо жніво прыйшло; ідзіце і тапчыце, бо вінапрэс поўны, бочкі пераліваюцца, бо злосьць іх вялікая. Натоўпы і натоўпы будуць у Даліне Суду, бо дзень Госпада блізкі. Сонца і месяц памеркнуць, і зоркі страцяць свой блеск. А Госпад усклікне з Сыёну, і з Ерусаліму будзе чутны голас Ягоны, і задрыжаць неба і зямля. Але Госпад пашкадуе народ свой, Ён умацуе сыноў Ізраіля. І пазнаеце, што Я – Госпад, Бог ваш, які жыве на Сыёне, на сьвятой гары Маёй. І будзе Ерусалім сьвяты, і чужынцы ня пройдуць праз яго. І ў той час з гораў пацячэ салодкае віно, а з пагоркаў – малако цячы будзе, і ўсе ручаі ў Юдэі напоўняцца вадою. Крыніца праб'ецца з Дому Гасподняга і наводніць даліну Шытым. Ягіпет стане руінаю, пустой дзікай краінаю за зьдзек над сынамі Юды; за тое, што безьвінную кроў на іхнаяй зямлі праліваў. А зямля Юдава будзе заселеная давеку, і Ерусалім з пакаленьня ў пакаленьне. І Я адплачу за іхнюю кроў, без помсты не пакіну іх. І Госпад будзе жыць на Сыёне".


Пракімен. Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада цяпер і давеку.

Верш. Госпадзе, сэрца маё не пышыцца, і вочы мае ня ўзносяццца.


Вершапесьні

(Тон 3). Зазьзяла вясна посная, кветка пакаяньня: дык ачысьцім сябе, браты, ад усякай погані, і ўсклікнем Сьветлападаўцу: Слава Табе, адзіны Чалавекалюбча. (Двойчы)

Мучанікі Твае, Госпадзе, вераю ўмацаваныя, надзеяю падтрымваныя і зьяднаныя любоўю крыжа Твайго, мучыцеля ворага зьніштожылі і, атрымаўшы вянцы перамогі, з бесьцялеснымі анёламі моляцца за душы нашы.

Слава... цяпер...

Багародзічны. Усесьвятая і чыстая Багародзіца, пахвала нябесных сілаў, апосталаў слава, спаўненьне сказаньняў прароцкіх, прымі малітвы нашыя.



Вярнуцца назад