Шостая гадзіна
Трапар прароцтва (тон 3).
Уладару сьвяты і ўсемагутны, якога баяцца і перад кім дрыжаць усе, збаў нас:
Ты можаш прабачыць грахі будучы добрасардэчным.
Пракімен. Збаў, Госпадзе, людзей Тваіх і блаславі
набытак Твой.
Верш. Цябе, Госпадзе, клічу: Божа мой, не
адмоўчвайся ад мяне.
Чытаньне кнігі прарока Яэля (2:12-26).
Так кажа Госпад: "Навярнецеся да Мяне ўсім сэрцам вашым у
пасьце, у плачы і ў жалобе; разьдзярыце сэрцы вашы, а ня вопраткі, і навярнецеся
да Госпада Бога вашага! Бо Ён ласкавы і міласэрны, няхуткі да гневу і багаты на
ласку, і шкадуе злога. Хто ведае, ці ня зьвернецца Ён і пашкадуе, і пакіне за
сабой блаславеньне на вашы ахвяры і прынашэньні вадкасныя Госпаду Богу вашаму.
Трубіце на Сыёне, загадайце пост сьвяты, абвясьціце сход. Зьбярыце народ,
склічце ўсю сьвятую грамаду, зьбярыце старых, прывядзіце дзетак і немаўлят; хай
жаніх выйдзе з свайго хораму, а нявеста з свайго пакою. Паміж сенямі і
ахвярнікам хай плачуць сьвятары, слугі Госпада! Хай кажуць: Прабач, Госпадзе,
людзям Тваім, ня дай набытку Твайго на зьдзек, каб пагане не пашырылі над намі
свайго панаваньня. Нашто, каб яны казалі: "Дзе ж іхні Бог?"
І вось Госпад загарэўся зайздроснай любоўю да зямлі сваёй і
зьлітаваўся над людзьмі сваімі. Сказаў Госпад у адказ людзям сваім: "Вось
пасылаю вам пшаніцу, віно і алей, насыціцеся іх, і ня дам вас на зьдзек паганам.
Непрыяцеля з поўначы аддалю ад вас, праганю яго ў краіну сухую (бязводную)
і пустынную. Пярэдняя стража ягоная зьвернецца да мора ўсходняга, а задняя
стража да мора заходняга, і за ім застанецца гнілізна і смурод, бо ён дзёрзка
паступаў". Не палохайся, зямля! Радуйся і цешся, бо вялікія справы ўчыніў
Госпад. Ня бойцеся, зьвяры польныя, бо пустое поле зазелянела; дрэвы зноў даюць
свой плод, смакоўніца і вінаград прыносяць свой плён. І вы, сыны Сыёну, цешцеся
і радуйцеся ў Госпадзе Богу вашым, бо Ён даў вам паводле справядлівасьці ежу, і
паслаў дождж увесны і ўвосень, як раней. І гумны вашы напоўняцца зноў пшаніцаю,
а вашы прэсы – віном і алеем. У такі спосаб Я ўзнагароджу вас за гады, калі вам
усё паела шаранча, і гусеніцы і (сыпель) – вялікая сіла мая, якую Я
выслаў супроць вас. І будзеце есьці і насыціцеся, і будзеце хваліць імя Госпада
Бога вашага, які вам цуды ўчыніў. І мае людзі ня будуць пасаромленыя давеку".
Пракімен. Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад
бласлаўляе людзей сваіх супакоем
Верш. Прынясіце Госпаду, сыны Божыя, прынясіце
Госпаду славу і пашану.
|