Галоўная > Мінэя агульная > Вячэрня агульная Найсьвяцейшай Багародзіцы

Вячэрня агульная Найсьвяцейшай Багародзіцы


9 чэрвеня 2010.


На “Госпадзе, Цябе клічу...”:

(Тон 4). Тваім боскім заступніцтвам ахоўваеш і пакрываеш ад варожых напасьцяў тых, што з любоўю сьвяткуюць памяць Тваю (або: палажэньне рызы Тваёй; або: палажэньне пояса Твайго; або: з любоўю пакланяюцца іконе Тваёй) і клічуць: “Ты нашая сіла і ўмацаваньне; і Сын Твой адзіны і Бог наш – радасьць нашая богапрыемная”. Яму пакланяемся і молімся: “Ісусе ўсемагутны, у міласэрнасьці Тваёй збаў душы нашыя”. (Двойчы)

Сабраўшыся сёньня, набожна ўславім Багародзіцу, кажучы: “Найсьвятая Дзева, вялікая слава Твая і цудаў Тваіх безьліч. Ты наша сьвятая абарона, і пахвала, і слава, і крыніца ацаленьняў тым, якія сьвяткуюць .... Дык молімся шчыра Сыну Твайму: “Ісусе ўсемагутны, у міласэрнасьці Тваёй збаў душы нашыя”. (Двойчы)

Сьвятымі тваімі малітвамі ўмацуй і захавай нас, Усячыстая, абарані ад ворагаў, і ўчыні пераможнымі тых, што сьвяткуюць ..., каб нам усклікнуць да Сына Твайго: “Ісусе ўсемагутны, у міласэрнасьці Тваёй збаў душы нашыя”. (Двойчы)

Слава... цяпер...

(Тон 6). Царква Божая радасна зьзяе, упрыгожаная гэтым сьвятам Тваім, быццам вянком. Сёньня яна цешыцца таемна і кліча: “Радуйся, Уладарка, нябесная карона і вянец боскай славы! Радуйся, адзіная поўная ласкі і вечнага вясельля! Радуйся, прытулак для тых, што прыбягаюць да Цябе, Заступніца і збаўленьне душаў нашых”.


Чытаньне кнігі Роду

Якуб выйшаў з Баршэбы і пайшоў у Харан. Дайшоў ён да аднаго месца і застаўся там начаваць, бо ўжо сонца зайшло. Ён узяў камень і паклаў сабе пад галаву, кладучыся спаць на гэтым месцы. І прысьнілася яму лесьвіца, якая стаяла на зямлі і верхам сваім даставала да неба. І бачыў ён анёлаў, якія ўзыходзілі на гару і зыходзілі ўніз; бачыў таксама Госпада, які стаяў на вышыні і казаў: “Я – Госпад, Бог Абрагама і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ляжыш, аддаю табе і тваім нашчадкам. А нашчадкі твае будуць так шматлікія, як пыл зямны. І распаўсюдзішся ты на захад і ўсход, на поўнач і поўдзень; і ўсе плямёны зямныя атрымаюць блаславеньне цераз цябе і нашчадкаў тваіх. Я буду заўжды з табою, куды ні пойдзеш, а потым прывяду цябе да гэтай зямлі. І не пакіну цябе, пакуль ня споўню ўсяго, што абяцаў”. Пачуўшы гэта, Якуб падумаў: “Сапраўды Госпад ёсьць на гэтым месцы, а я ня ведаў”. І, устрывожаны, сказаў: “Якое страшнае гэтае месца! Сапраўды, гэта дом Божы і брама да неба!” (28:10-17)


Чытаньне кнігі прарока Езакіеля

Так кажа Госпад: “Пасьля гэтых дзён, восьмага дня і пазьней, сьвятары вашыя павінны прыносіць ахвяры цэлапаленьняў і вашыя мірныя ахвяры, і Я буду спагадлівы да іх”. Тады завёў мяне да вонкавай брамы сьвятыні, што была зьвернутая на ўсход, але яна была зачыненая. І сказаў мне Госпад: “Нельга яе адчыняць, і ніхто не павінен уваходзіць праз яе, бо праз яе ўвайшоў Госпад, Бог Ізраіля. Дзеля гэтага яна павінна быць зачыненай. Толькі ўладар можа сесьці ў ёй для застольля. Але ўваходзіць ён павінен праз сені, што ля брамы, і той самай дарогай выходзіць”. Пасьля павёў мяне паўночнаю брамаю да сьвятыні. Я глянуў, і вось слава Гасподняя напоўніла сьвятыню Гасподнюю. (43:27-44:4)


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго. Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно і прыгатавала стол. Паслала слугаў сваіх склікаць голасна на пачастунак, кажучы: “Хто прастадушны, хай прыходзіць да мяне”. А тым, што жадалі мудрасьці, казала: “Хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно, што я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі разважнасьці”.

Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага, і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму раду, і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае. Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне дні твае падоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх. (9:1-11)


Вершапесьні

(Тон 3). Прыйдзіце, усе людзі, уславім радасна сьвята Божае Маці, бо Яна моліцца за нас, узнімаючы рукі да Сына свайго. Дзеля гэтага ў псалмах і песьнях духоўных, разам з усімі сьвятымі, велічна ўшануем Яе.

Верш. Прывядуцца ўладару дзевы ўсьлед за ёю, дружкі яе прывядуцца з радасьцю і вясельлем.

Бязьмежнай красою ўпрыгожыў Цябе Бог, даўшы ў рукі Твае Сьвятло для людзей. У зьзяньні Ягонага сьвятла Ты – адзіная надзея ўсіх хрысьціянаў, памочніца тых, што ў патрэбе і суме, і прыстанішча для падарожнікаў. Дык маліся, каб выбавіцца ад напасьцяў тым, што з любоўю спраўляюць Тваю сьветлую ўрачыстасьць.

Верш. Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.

Сьвята тваё, Усячыстая Дзева, славіць мноства анёлаў у небе і род людзкі на зямлі, бо ты – Маці Творцы ўсіх, Хрыста Бога. Дык просім Цябе: не пераставай маліць Яго за нас, якія пасьля Бога ўсклалі надзею на Цябе, Багародзіца Дзева ўсяслаўная.

Слава... цяпер...

Ачысьціўшы нашыя думкі і розум, сьвяткуем радасна разам з анёламі і сьпяваем Дзеве і Маці Уладара ўсіх, Хрыста Бога нашага, псалом Давіда: “Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй”. Бо Ты, Уладару, упрыгожыў Яе, быццам духоўны хорам, і даў Яе Тваім людзям, каб магутнай сілаю Ейных малітваў красавацца ім і выбаўляцца ад напасьцяў.


Адпушчальныя агульныя трапары (калі няма асобных)

(Тон 4). Да Багародзіцы сёньня сьпешна пойдзем, грэшныя і пакорныя, і прыпадзем да Яе, каючыся і ўсклікаючы ад глыбіні душы: “Уладарка наша, памажы, пакажы ласку Тваю, сьпяшайся, бо гінем у бездані правінаў, не пакінь нас з нічым, бо Ты адзіная надзея нашая.

Слава... цяпер...

(Тон 4). Не перастаем ніколі, Багародзіца, мы, недастойныя, славіць сілу Тваю: калі б ня Ты заступалася за нас у малітве, хто б выбавіў нас ад столькіх бедаў, хто б захаваў нас свабоднымі? Не адступімся ад Цябе, Уладарка, бо Ты выбаўляеш заўжды слугаў Тваіх ад лютых нягодаў.


Вярнуцца назад