На “Госпадзе, Цябе клічу...”:
(Тон 4). Тваім боскім заступніцтвам ахоўваеш і
пакрываеш ад варожых напасьцяў тых, што з любоўю сьвяткуюць памяць Тваю (або:
палажэньне рызы Тваёй; або: палажэньне пояса
Твайго; або: з любоўю пакланяюцца іконе
Тваёй) і клічуць: “Ты нашая сіла і ўмацаваньне; і Сын Твой адзіны і Бог наш –
радасьць нашая богапрыемная”. Яму пакланяемся і молімся: “Ісусе ўсемагутны, у
міласэрнасьці Тваёй збаў душы нашыя”. (Двойчы)
Сабраўшыся сёньня, набожна ўславім Багародзіцу, кажучы:
“Найсьвятая Дзева, вялікая слава Твая і цудаў Тваіх безьліч. Ты наша сьвятая
абарона, і пахвала, і слава, і крыніца ацаленьняў тым, якія сьвяткуюць
.... Дык молімся шчыра Сыну Твайму: “Ісусе
ўсемагутны, у міласэрнасьці Тваёй збаў душы нашыя”. (Двойчы)
Сьвятымі тваімі малітвамі ўмацуй і захавай нас, Усячыстая,
абарані ад ворагаў, і ўчыні пераможнымі тых, што сьвяткуюць
..., каб нам усклікнуць да Сына Твайго:
“Ісусе ўсемагутны, у міласэрнасьці Тваёй збаў душы нашыя”.
(Двойчы)
Слава... цяпер...
(Тон 6). Царква Божая радасна зьзяе, упрыгожаная
гэтым сьвятам Тваім, быццам вянком. Сёньня яна цешыцца таемна і кліча: “Радуйся,
Уладарка, нябесная карона і вянец боскай славы! Радуйся, адзіная поўная ласкі і
вечнага вясельля! Радуйся, прытулак для тых, што прыбягаюць да Цябе, Заступніца
і збаўленьне душаў нашых”.
Чытаньне кнігі Роду
Якуб выйшаў з Баршэбы і пайшоў у Харан. Дайшоў ён да аднаго
месца і застаўся там начаваць, бо ўжо сонца зайшло. Ён узяў камень і паклаў сабе
пад галаву, кладучыся спаць на гэтым месцы. І прысьнілася яму лесьвіца, якая
стаяла на зямлі і верхам сваім даставала да неба. І бачыў ён анёлаў, якія
ўзыходзілі на гару і зыходзілі ўніз; бачыў таксама Госпада, які стаяў на вышыні
і казаў: “Я – Госпад, Бог Абрагама і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ляжыш, аддаю
табе і тваім нашчадкам. А нашчадкі твае будуць так шматлікія, як пыл зямны. І
распаўсюдзішся ты на захад і ўсход, на поўнач і поўдзень; і ўсе плямёны зямныя
атрымаюць блаславеньне цераз цябе і нашчадкаў тваіх. Я буду заўжды з табою, куды
ні пойдзеш, а потым прывяду цябе да гэтай зямлі. І не пакіну цябе, пакуль ня
споўню ўсяго, што абяцаў”. Пачуўшы гэта, Якуб падумаў: “Сапраўды Госпад ёсьць на
гэтым месцы, а я ня ведаў”. І, устрывожаны, сказаў: “Якое страшнае гэтае месца!
Сапраўды, гэта дом Божы і брама да неба!” (28:10-17)
Чытаньне кнігі прарока Езакіеля
Так кажа Госпад: “Пасьля гэтых дзён, восьмага дня і пазьней,
сьвятары вашыя павінны прыносіць ахвяры цэлапаленьняў і вашыя мірныя ахвяры, і Я
буду спагадлівы да іх”. Тады завёў мяне да вонкавай брамы сьвятыні, што была
зьвернутая на ўсход, але яна была зачыненая. І сказаў мне Госпад: “Нельга яе
адчыняць, і ніхто не павінен уваходзіць праз яе, бо праз яе ўвайшоў Госпад, Бог
Ізраіля. Дзеля гэтага яна павінна быць зачыненай. Толькі ўладар можа сесьці ў ёй
для застольля. Але ўваходзіць ён павінен праз сені, што ля брамы, і той самай
дарогай выходзіць”. Пасьля павёў мяне паўночнаю брамаю да сьвятыні. Я глянуў, і
вось слава Гасподняя напоўніла сьвятыню Гасподнюю.
(43:27-44:4)
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Мудрасьць збудавала сабе дом і вычасала сем стаўпоў да яго.
Забіла свае ахвяры, зьмяшала віно і прыгатавала стол. Паслала слугаў сваіх
склікаць голасна на пачастунак, кажучы: “Хто прастадушны, хай прыходзіць да
мяне”. А тым, што жадалі мудрасьці, казала: “Хадзіце, ешце мой хлеб, піце віно,
што я зьмяшала; пакіньце дурасьць – і будзеце жыць; хадзіце шляхамі
разважнасьці”.
Хто жадае навучаць насьмешніка, накліча на галаву сваю
няславу; а хто дакарае грэшніка, сам сабе шкодзіць. Не дакарай насьмешніка, бо
ён цябе ўзьненавідзіць. Папраў мудрага, і ён цябе любіць будзе. Дай мудраму
раду, і ён стане мудрэйшым. Навучы праведніка, і ён пабольшыць веды свае.
Пачатак мудрасьці – страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога – розум. Дзякуючы мне
дні твае падоўжацца, і памножыцца лік гадоў тваіх.
(9:1-11)
Вершапесьні
(Тон 3). Прыйдзіце, усе людзі, уславім радасна
сьвята Божае Маці, бо Яна моліцца за нас, узнімаючы рукі да Сына свайго. Дзеля
гэтага ў псалмах і песьнях духоўных, разам з усімі сьвятымі, велічна ўшануем Яе.
Верш. Прывядуцца ўладару дзевы ўсьлед за ёю,
дружкі яе прывядуцца з радасьцю і вясельлем.
Бязьмежнай красою ўпрыгожыў Цябе Бог, даўшы ў рукі Твае
Сьвятло для людзей. У зьзяньні Ягонага сьвятла Ты – адзіная надзея ўсіх
хрысьціянаў, памочніца тых, што ў патрэбе і суме, і прыстанішча для
падарожнікаў. Дык маліся, каб выбавіцца ад напасьцяў тым, што з любоўю
спраўляюць Тваю сьветлую ўрачыстасьць.
Верш. Слухай, дачка, глянь і прыхілі вуха тваё.
Сьвята тваё, Усячыстая Дзева, славіць мноства анёлаў у небе і
род людзкі на зямлі, бо ты – Маці Творцы ўсіх, Хрыста Бога. Дык просім Цябе: не
пераставай маліць Яго за нас, якія пасьля Бога ўсклалі надзею на Цябе,
Багародзіца Дзева ўсяслаўная.
Слава... цяпер...
Ачысьціўшы нашыя думкі і розум, сьвяткуем радасна разам з
анёламі і сьпяваем Дзеве і Маці Уладара ўсіх, Хрыста Бога нашага, псалом Давіда:
“Устань, Госпадзе, ідзі на месца спачынку Твайго, Ты і каўчэг сьвятасьці Тваёй”.
Бо Ты, Уладару, упрыгожыў Яе, быццам духоўны хорам, і даў Яе Тваім людзям, каб
магутнай сілаю Ейных малітваў красавацца ім і выбаўляцца ад напасьцяў.
Адпушчальныя агульныя трапары
(калі няма асобных)
(Тон 4). Да Багародзіцы сёньня сьпешна пойдзем,
грэшныя і пакорныя, і прыпадзем да Яе, каючыся і ўсклікаючы ад глыбіні душы:
“Уладарка наша, памажы, пакажы ласку Тваю, сьпяшайся, бо гінем у бездані
правінаў, не пакінь нас з нічым, бо Ты адзіная надзея нашая.
Слава... цяпер...
(Тон 4). Не перастаем ніколі, Багародзіца, мы,
недастойныя, славіць сілу Тваю: калі б ня Ты заступалася за нас у малітве, хто б
выбавіў нас ад столькіх бедаў, хто б захаваў нас свабоднымі? Не адступімся ад
Цябе, Уладарка, бо Ты выбаўляеш заўжды слугаў Тваіх ад лютых нягодаў. |