Галоўная > Тон 3 > Нядзеля (Тон 3) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)

Нядзеля (Тон 3) (Вячэрня, Ютрань, Літургія)


10 чэрвеня 2010.
Вячэрня - Ютрань - Літургія


СУБОТА ЎВЕЧАРЫ


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

Крыжом Тваім, Хрысьце, сьмерці ўлада зьнішчаная была, і зьніштожаныя хітрасьці д'ябальскія, і род людзкі, збаўляючыся вераю, безупынна Цябе ў песьнях славіць.

Прасьвятлілася ўсё ўваскрасеньнем Тваім, Госпадзе, і рай быў зноў адчынены, і ўсё стварэньне безупынна Цябе ў песьнях славіць.

Слаўлю Айца і Сына сілу, і Духа Сьвятога ўладу, пяю хвалу непадзельнаму Боству, Тройцы адзінасутнай, што пануе вечна.

Пакланяемся пачэснаму Крыжу Твайму, Хрысьце, і ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім: ранамі Тваімі мы ацаліліся.

Славім у песьнях Збавіцеля, які прыняў цела ад Дзевы, бо Ён дзеля нас быў укрыжаваны і на трэці дзень уваскрос, даруючы нам багацьце свайго зьмілаваньня.

Зышоўшы ў пекла, Хрыстос абвясьціў тым, што былі там, радасную вестку, кажучы: "Будзьце добрай думкі, сёньня Я перамог; Я – ўваскрасеньне, Я выведу вас адсюль, разбурыўшы браму сьмерці".

Стоячы пакорліва ў доме ўсячыстым Тваім, вячэрнюю песьню пяём Табе з глыбіні душы, Хрысьце Божа, бо Ты, Чалавекалюбча, прасьвятліў усіх уваскрасеньнем і выбавіў ад ворагаў людзей Тваіх.

Дагматык. Як нам не дзівіцца богачалавечаму мацярынству Твайму, Усячыстая? Ня ведаючы мужа, Ты, бязьвінная, нарадзіла ў целе бяз бацькі Сына – народжанага спрадвеку без маці ад Айца, – які не пацярпеў ніякай зьмены ці разьдзяленьня, але поўнасьцю зьбярог прыкметы дзьвюх прыродаў. Дык малі Яго, Дзева Маці ўладарная, каб Ён збавіў душы тых, што верна вызнаюць Цябе Багародзіцай.


Вершапесьні

Мукамі Тваімі, Хрысьце, Ты зацямніў сонца, і зьзяньнем уваскрасеньня Твайго Ты прасьвятліў усё. Прымі нашую вячэрнюю песьню, Чалавекалюбча.

Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.

Тваё жыцьцяноснае ўваскрасеньне, Госпадзе, прасьвятліла ўвесь сьвет і паклікала зноў да жыцьця сатлелае стварэньне Тваё. Дзеля гэтага, вызваленыя ад Адамавага праклёну, клічам: "Усемагутны Госпадзе, слава Табе!"

Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Нязьменны Бог, Ты зьмяніўся, пацярпеўшы ў целе. Стварэньне Тваё, ня ў сілах бачыць Цябе на крыжы расьпятага, у страху пахіснулася і, стогнучы, уславіла Тваю доўгацярплівасьць. Ты ж зышоў у пекла і на трэці дзень уваскрос, даруючы сьвету багацьце Твайго зьмілаваньня.

Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.

Каб выбавіць род наш ад сьмерці, Ты, Хрысьце, сьмерць пацярпеў і, уваскросшы на трэці дзень, увесь сьвет прасьвятліў, і ўзьняў з сабою тых, што пазналі Цябе. Госпадзе, слава Табе!

Багародзічны. Воляю Айца і сілаю Духа Сьвятога Ты зачала бяз семя Сына Божага, які нарадзіўся спрадвеку бяз маці ад Айца, але якога Ты дзеля нас бяз бацькі ў целе нарадзіла і, як немаўля, карміла малаком. І цяпер не пераставай маліць Яго выбавіць ад бедаў душы нашыя.


Адпушчальныя трапары

Уваскросны. Хай весяліцца неба, хай радуецца зямля, бо Госпад паказаў моц рукі сваёй, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць: Ён, першынец з мёртвых, нас выбавіў з пякельнай бездані і дараваў сьвету багацьце свайго зьмілаваньня.

Вячэрня - Ютрань - Літургія


НЯДЗЕЛЯ РАНІЦАЙ

Пасьля "Госпад - Бог...":

Трапар уваскросны. Хай весяліцца неба, хай радуецца зямля... (Калі няма трапара сьвятому, тады двойчы).

Далей як на вячэрні.


Сядальная песьня 1. Хрыстос з мёртвых устаў, – пачатак тых, што заснулі, Першынец тварэньня і Творца ўсяго, што існуе, – і нашую сатлелую прыроду ў сабе самім абнавіў. Цяпер, сьмерць, ты ўжо не пануеш: Госпад зьнішчыў уладу тваю.

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Пакаштаваўшы цялеснай сьмерці, Ты, Госпадзе, горыч сьмерці спыніў устаньнем Тваім і ўмацаваў супраць яе чалавека, пераадолеўшы першы праклён. Абаронца жыцьця нашага, Госпадзе, слава Табе.

Слава... цяпер...

Красе дзявоцтва і сьветлай чысьціні Тваёй, Багародзіца, Габрыель зьдзівіўся і ўсклікнуў: "Якую дастойную пахвалу прынясу Табе, як Цябе назаву? Ня ведаю і жахаюся і, як мне было загадана, клічу: Радуйся, Поўная ласкі!"


Сядальная песьня 2. Пекла жахнулася ад Тваёй нязьменнай Боскасьці і дабравольных цярпеньняў, Госпадзе, і загаласіла: "Дрыжу, прыняўшы цела бесьцялеснай існасьці, бачу Нябачнага, які тайна перамагае мяне. Таму і тыя, якіх я трымаю, клічуць: Слава, Хрысьце, уваскрасеньню Твайму!"

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Багасловім, верныя, вялікую тайну невыказнага расьпяцьця і ўстаньня з мёртвых. Сёньня пекла і сьмерць палоненыя, а род людзкі апранаецца ў нятленнасьць. Дзеля гэтага з удзячнасьцю клічам: "Слава, Хрысьце, уваскрасеньню Твайму!"

Слава... цяпер...

Ты, Багародзіца, зьмясьціла ва ўлоньні Тваім Недаступнага і Незьмяшчальнага, адзінасутнага з Айцом і Духам. Дзякуючы родам Тваім мы навучыліся славіць адзінае і нязьлітнае Боства. Дзеля гэтага з удзячнасьцю клічам: "Радуйся, Поўная ласкі!"


Гіпакоі. Зьдзівіўшы зьяўленьнем, уразіўшы словамі, сьветлы анёл міраносіцам абвясьціў: "Чаму шукаеце Жывога ў магіле? Устаў Той, хто спустошыў магілы. Пазнайце Пераможцу тленнасьці, непадуладнага зьмене, і ўсклікніце Богу: Як страшныя ўчынкі Твае, якімі Ты збавіў род людзкі!"


Узыходныя песьні.

Антыфан 1. Палонных Сыёну Ты, Слова, вывеў з Бабілёну, і мяне прывядзі ад цярпеньняў да жыцьця.

Тыя, што апоўдні сеюць боскія сьлёзы, з радасьцю жнуць каласы жыцьця.

Слава... цяпер...

Сьвятому Духу належыцца ўсякая падзяка, роўна як Айцу і Сыну, бо ў Ім усё жыве і рухаецца.


Антыфан 2. Калі не Госпад збудуе дом дабрадзейнасьцяў, марна стараемся: Калі ж Ён будзе ахоўваць душы нашыя, ніхто не разбурыць гораду.

Сьвятыя – гэта плады ўлоньня, што праз Духа сталіся дзецьмі Тваімі, Хрысьце, як Ты – Сын Айца.

Слава... цяпер...

Сьвятым Духам усякая сьвятасьць і мудрасьць пазнаецца, бо праз Яго ўсё мае сваё існаваньне. Дзеля гэтага славім Яго, як Бога, роўнага з Айцом і Словам.


Антыфан 3. Шчасьлівыя тыя, што баяцца Госпада і ходзяць па шляху Ягоных запаветаў, бо яны будуць есьці плады вечнага жыцьця.

Цешся, начальніку пастыраў, бачачы вакол стала дзетак Тваіх, што прыносяць галінкі дабрадзейнасьцяў.

Слава... цяпер...

Усякае багацьце і пашана ёсьць ад Духа Сьвятога; ад Яго ласка і жыцьцё ўсяго стварэньня. Дзеля гэтага Ён годны славы разам з Айцом і Словам.


Пракімен. Скажыце народам, што Госпад пануе, Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.

Верш. Засьпявайце Госпаду новую песьню хвалы.


Канон уваскросны

Песьня 1. Ірмас. Некалі сваім Боскім загадам Госпад воды ў адно сабраў і разьдзяліў мора для праходу Ізраіля. Гэта Бог наш усяхвальны, Яму аднаму пяем, бо Ён праславіўся.

Той, хто асудзіў зямлю радзіць церне, плод поту грэшнага, цярновы вянок прыняў з рукі беззаконнага. Гэта Бог наш, які зьнішчыў праклён і праславіўся.

Пераможцам і зьнішчальнікам сьмерці зьявіўся Паранены сьмерцю: успрыняўшы цела, падуладнае цярпеньням, Ён уступіў у змаганьне з мучыцелем, і ўсіх уваскрасіў з сабою. Гэта Бог наш, які праславіўся.

Багародзічны. Усе народы славяць Цябе як сапраўдную Багародзіцу, што нарадзіла бяз семя: Бог быў той, хто пасяліўся ў Тваім асьвячоным улоньні, прыняў маю прыроду і з Цябе нарадзіўся як Бог і чалавек.


Песьня 3. Ірмас. Божа ўсемагутны, які ўсё з нябыту да быцьця прывёў, стварыў усё Словам і ўдасканаліў Духам, у любові Тваёй умацуй мяне.

Крыжам Тваім, Хрысьце, бязбожны быў пасаромлены і сам упаў у яму, якую выкапаў; а рог набожных быў узьнесены ўваскрасеньнем Тваім.

Прапаведаваньне праведнасьці, быццам вада марская, пакрыла ўсе народы, Чалавекалюбча. Уваскросшы з магілы, Ты адкрыў нам зьзяньне Тройцы.

Багародзічны. Слаўныя рэчы кажуць пра Цябе, горадзе адухоўлены вечнага Ўладара: дзякуючы Табе, Уладарка, Бог жыў сярод тых, што на зямлі.


Песьня 4. Ірмас. Ты, Госпадзе, паказаў нам вялікую любоў, аддаўшы Сына Твайго адзінароднага за нас на сьмерць. Дзеля гэтага з удзячнасьцю клічам: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!"

Раны і пабоі Ты, Хрысьце, міласэрна перанёс, зьдзекі і біцьцё па твары, і апляваньні доўгацярпліва Ты зносіў, і праз іх Ты ўчыніў збаўленьне мне. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Сьмяротным целам Ты, Жыцьцё, сьмерці пакаштаваў, дзеля галечы бедных і ўздыханьняў убогіх Тваіх і, зьнішчыўшы зьнішчальніка, Ты ўсіх уваскрасіў з сабою і праславіўся, адзіны Чалавекалюбча.

Багародзічны. Успомні, Хрысьце, статак Твой, які Ты набыў мукамі Тваімі. Прымі міласьцівыя малітвы ўсяслаўнае Твае Маці і, наведаўшы пакрыўджаных, збаў іх сілаю Тваёю, Госпадзе.


Песьня 5. Ірмас. Зранку імкнуся да Цябе, Творца ўсяго, які маеш супакой вышэйшы за ўсякі розум. Накіруй мяне на выконваньне запаветаў Тваіх, бо яны – сьвятло для мяне.

Зайздрасьць людзей выдала неправеднаму судзьдзі Цябе, усевідушчы праведны Судзьдзя ўсяго сьвету, які выбавіў Адама ад ранейшага прысуду.

Сілаю крыжа Твайго, Хрысьце, што ўваскрос з мёртвых, дай супакой царкве Тваёй і збаў душы нашыя.

Багародзічны. Ты, Заўсёды Дзева, – сьвятая скінія, больш прасторная за неба, бо Ты зьмясьціла Слова Божае, якога ўвесь сьвет зьмясьціць ня можа.


Песьня 6. Ірмас. Бездань грахоў акружыла мяне, і дух мой пакінуў мяне; але працягні Тваю магутную руку, Госпадзе і Правадніку мой, і, як Пётру, збаў мяне.

Бездань міласэрнасьці і спагады атуліла мяне добрасардэчным зыходам Тваім, Уладару: прыняўшы цела і выгляд слугі, Ты абагавіў мяне і з сабою ўславіў.

Той, хто ўмярцьвляе іншых, быў умярцьвлёны, калі ўбачыў жывым Цябе, аддадзенага на сьмерць. Вось вынік Твайго, Хрысьце, уваскрасеньня, і цярпеньняў Тваіх перамога.

Багародзічны. Дзева ўсячыстая, адзіная хадайніца між Творцам і людзьмі, маліся міласэрнаму Сыну Твайму за грэшных слугаў Тваіх і будзь нам заступніцаю.


Кандак. Ты ўваскрос з магілы, Усядобры, і нас вывеў з варотаў сьмерці. Адам сёньня радуецца і цешыцца Эва, а з імі ўсе патрыярхі і прарокі няспынна славяць веліч боскай улады Тваёй.

Ікас. Неба і зямля хай сьвяткуюць сёньня і хай славяць аднадушна Хрыста Бога, бо Ён узьняў з магілы палоненых там. Усё стварэньне цешыцца разам і дастойную песьню хвалы Творцу ўсіх і Збавіцелю нашаму прыносіць, бо Ён як Жыцьцядаўца людзей сьмяротных з пекла вывеў і ўзьвёў на неба з сабою, абрынуў варожую пыху, і скрышыў вароты пякельныя веліччу боскай улады Сваёй.


Песьня 7. Ірмас. Як некалі Ты трох набожных юнакоў у хальдэйскім полымі расою асьвяжыў, так цяпер ясным полымем Боскасьці Тваёй асьвяці нас, якія клічам: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых".

Заслона царкоўная разарвалася пасьля ўкрыжаваньня Творцы, ясна абвясьціўшы скрытую ў Пісаньні праўду для верных, якія клічуць: "Блаславёны, Ты, Божа айцоў нашых!"

Калі Твой, Хрысьце, бок быў прабіты, кроплі Тваёй боскай і жыцьцядайнай крыві, што падалі на зямлю, абнавілі ўсё стварэньне, якое кліча: "Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!"

Траечны. Уславім, верныя, усядобрага Духа разам з Айцом і адзінародным Сынам, аддамо пашану адзінаму ў Тройцы Пачатку і адзінаму Боству. Блаславёны Ты, Божа айцоў нашых!


Песьня 8. Ірмас. У нясьцерпным агні набожныя юнакі стаялі, не атрымаўшы ніякай шкоды, і Боскую песьню сьпявалі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".

Сьветласьць сьвятыні памеркла, калі Крыж Твой быў пастаўлены на чэрапавым месцы. Усё стварэньне схілілася ў страху і запяяла: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".

Ты, Хрысьце, уваскрос з магілы, і сілаю Крыжа ўзьняў чалавека, які быў павалены здрадаю, і зноў паставіў яго, каб ён пяяў і славіў: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада і ўзьвялічвайце Яго праз усе вякі".

Багародзічны. Ты зьявілася як сьвятыня Гасподняя, зьмяшчальніца адухоўленая і каўчэг, бо Ты, Багародзіца ўсячыстая, прымірыла Творцу з людзямі. Дзеля гэтага мы і ўсе творы Гасподнія бласлаўляем Цябе і ўзьвялічваем праз усе вякі.


Песьня 9. Ірмас. Новы Божы цуд! Госпад праз зачыненыя дзявочыя дзьверы праходзіць. Прыйшоўшы як бесьцялесны Бог, Ён выходзіць апрануты ў цела, пакінуўшы непарушным дзявоцтва Таё, якую мы ўзьвялічваем як Маці Божую.

Страшна бачыць, як Ты, Творца і Бог, вісіш на дрэве і церпіш як чалавек дзеля слугаў сваіх. Пакладзены мёртвы ў магілу, Ты вызваліў мёртвых з пекла. Дзеля гэтага, Хрысьце, узьвялічваем Цябе, як Усемагутнага.

Пакладзены мёртвы ў магілу, Ты, Хрысце, збавіў праайцоў нашых ад тленнасьці, узьняў памёрлых і даў жыцьцю заквітнець. Ты прасьвятліў людзкую прыроду і апрануў яе ў боскую нятленнасьць. Дзеля гэтага ўзьвялічваем Цябе, Крыніца незаходнага сьвятла.

Багародзічны. Той, хто жыве на вышынях, у невыказны спосаб прыняў цела ад Цябе, Усячыстая, застаўшыся нязьменным і захаваўшы дзявоцтва Тваё. Ён явіў Цябе сьвятыняй і пасадам Божым. Дзеля гэтага няспыннымі малітвамі Тваімі, Усячыстая, прывядзі ўсе народы да пазнаньня праўдзівай веры.


Пахвальныя псалмы

Верш. Каб споўніць над імі прысуд, напісаны на хвалу ўсім сьвятым Яго.

Прыйдзіце, усе людзі, і зразумейце веліч тайны! Вось Хрыстос, Збавіцель наш, спрадвечнае Слова, быў укрыжаваны дзеля нас і пахаваны, і ўваскрос з мёртвых, каб збавіць усіх. Дык паклонімся Яму.

Верш. Хваліце Госпада ў сьвятых Яго, хваліце Яго ў велічы непахіснай сілы Яго.

Вартаўнікі расказалі ўсё, што бачылі, але варожы сход, даўшы ім заплату, задумаў скрыць Тваё ўваскрасеньне, якое сьвет славіць. Зьмілуйся над намі.

Верш. Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце Яго ў бязьмежнай велічы Яго.

Усё напоўнілася радасьцю, атрымаўшы сьведчаньне ўваскрасеньня. Марыя Магдалена прыйшла да магілы і знайшла там анёла ў сьветлай вопратцы, які сядзеў на камені і казаў: "Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых? Няма Яго тут, Ён уваскрос, як абяцаў, і чакае вас у Галілеі".

Верш. Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на ліры і гусьлях.

У сьветласьці Тваёй, Уладару Чалавекалюбча, мы ўбачым сьвятло, бо Ты ўваскрос з мёртвых і даў збаўленьне людзкому роду, каб усё стварэньне славіла Цябе, адзінага бязгрэшнага. Зьмілуйся над намі.

Верш. Хваліце Яго на бубнах і ў карагодах, хваліце Яго на струнах і жалейцы.

Ранішнюю песьню са сьлязамі несьлі Табе, Госпадзе, жанчыны-міраносіцы: яны сьпяшаліся да магілы памазаць духмянымі алейкамі цела Тваё. Але анёл, які сядзеў на камені, ім абвясьціў: "Чаму шукаеце жывога сярод мёртвых? Той, хто перамог сьмерць, уваскрос як Бог і даў усім веліч зьмілаваньня".

Верш. Хваліце Яго на цымбалах мілагучных, хваліце Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.

Зьзяючы на Тваёй жыцьцядайнай магіле, анёл казаў міраносіцам: "Збавіцель паланіў пекла, спустошыў магілы і ўваскрос на трэці дзень, як адзіны і ўсемагутны Бог".

Верш. Устань, Госпадзе Божа мой, хай узьнясецца рука Твая, не забудзь убогіх Тваіх да канца.

Марыя Магдалена ў адну з суботаў прыйшла шукаць Цябе ў магіле; не знайшоўшы, загаласіла, плачучы і кажучы: "Гора мне, мой Збавіцелю! Укралі Цябе, Уладару ўсіх!" А два сьветлыя анёлы з магілы адказалі ёй: "Чаго плачаш, жанчына?". "Плачу, – кажа яна, – бо ўзялі Госпада майго з магілы, і ня ведаю, дзе паклалі Яго". Азірнуўшыся, яна ўбачыла Цябе і ўсклікнула: "Госпад мой і Бог мой, слава Табе!"

Верш. Буду вызнаваць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, апавядаць пра ўсе цуды Твае.

Гэбрэі замкнулі Жыцьцё ў магіле, а разбойнік вуснамі рай адамкнуў, калі ўсклікнуў: "Той, што са мною за мяне быў расьпяты і павіс на дрэве, зьявіўся мне, седзячы з Айцом на пасадзе. Ён – Хрыстос, Бог наш, што мае веліч міласэрнасьці".

Слава...: Радавая евангельская сьціхіра.

Цяпер...: Найблаславёная Ты, Багародзіца Дзева...

Вячэрня - Ютрань - Літургія


ЛІТУРГІЯ


Трапар. Хай весяліцца неба, хай радуецца зямля, бо Госпад паказаў моц рукі сваёй, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць: Ён, першынец з мёртвых, нас выбавіў з пякельнай бездані і дараваў сьвету багацьце свайго зьмілаваньня.


Кандак. Ты ўваскрос з магілы, Усядобры, і нас вывеў з варотаў сьмерці. Адам сёньня радуецца і цешыцца Эва, а з імі ўсе патрыярхі і прарокі няспынна славяць веліч боскай улады Тваёй.


Пракімен (Пс 46:7,2). Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце, сьпявайце Ўладару нашаму, сьпявайце.

Верш. Усе народы, пляскайце ў далоні, усклікніце Госпаду радасным голасам.


Алілуя (Пс 30:2,3). На Цябе, Госпадзе, спадзяюся: хай не пасаромеюся ніколі.

Верш. Будзь мне абароннай сьцяною, бясьпечным прыстанішчам, дзе б я мог знайсьці збаўленьне.


Вярнуцца назад