СУБОТА ЎВЕЧАРЫ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Крыжом Тваім, Хрысьце, сьмерці ўлада зьнішчаная была, і зьніштожаныя хітрасьці д'ябальскія, і род людзкі, збаўляючыся вераю, безупынна Цябе ў песьнях славіць.
Прасьвятлілася ўсё ўваскрасеньнем Тваім, Госпадзе, і рай быў зноў адчынены, і ўсё стварэньне безупынна Цябе ў песьнях славіць.
Слаўлю Айца і Сына сілу, і Духа Сьвятога ўладу, пяю хвалу непадзельнаму Боству, Тройцы адзінасутнай, што пануе вечна.
Пакланяемся пачэснаму Крыжу Твайму, Хрысьце, і ўваскрасеньне Тваё ў песьнях славім: ранамі Тваімі мы ацаліліся.
Славім у песьнях Збавіцеля, які прыняў цела ад Дзевы, бо Ён дзеля нас быў укрыжаваны і на трэці дзень уваскрос, даруючы нам багацьце свайго зьмілаваньня.
Зышоўшы ў пекла, Хрыстос абвясьціў тым, што былі там, радасную вестку, кажучы: "Будзьце добрай думкі, сёньня Я перамог; Я – ўваскрасеньне, Я выведу вас адсюль, разбурыўшы браму сьмерці".
Стоячы пакорліва ў доме ўсячыстым Тваім, вячэрнюю песьню пяём Табе з глыбіні душы, Хрысьце Божа, бо Ты, Чалавекалюбча, прасьвятліў усіх уваскрасеньнем і выбавіў ад ворагаў людзей Тваіх.
Дагматык. Як нам не дзівіцца богачалавечаму мацярынству Твайму, Усячыстая? Ня ведаючы мужа, Ты, бязьвінная, нарадзіла ў целе бяз бацькі Сына – народжанага спрадвеку без маці ад Айца, – які не пацярпеў ніякай зьмены ці разьдзяленьня, але поўнасьцю зьбярог прыкметы дзьвюх прыродаў. Дык малі Яго, Дзева Маці ўладарная, каб Ён збавіў душы тых, што верна вызнаюць Цябе Багародзіцай.
Вершапесьні
Мукамі Тваімі, Хрысьце, Ты зацямніў сонца, і зьзяньнем уваскрасеньня Твайго Ты прасьвятліў усё. Прымі нашую вячэрнюю песьню, Чалавекалюбча.
Верш. Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
Тваё жыцьцяноснае ўваскрасеньне, Госпадзе, прасьвятліла ўвесь сьвет і паклікала зноў да жыцьця сатлелае стварэньне Тваё. Дзеля гэтага, вызваленыя ад Адамавага праклёну, клічам: "Усемагутны Госпадзе, слава Табе!"
Верш. Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.
Нязьменны Бог, Ты зьмяніўся, пацярпеўшы ў целе. Стварэньне Тваё, ня ў сілах бачыць Цябе на крыжы расьпятага, у страху пахіснулася і, стогнучы, уславіла Тваю доўгацярплівасьць. Ты ж зышоў у пекла і на трэці дзень уваскрос, даруючы сьвету багацьце Твайго зьмілаваньня.
Верш. Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.
Каб выбавіць род наш ад сьмерці, Ты, Хрысьце, сьмерць пацярпеў і, уваскросшы на трэці дзень, увесь сьвет прасьвятліў, і ўзьняў з сабою тых, што пазналі Цябе. Госпадзе, слава Табе!
Багародзічны. Воляю Айца і сілаю Духа Сьвятога Ты зачала бяз семя Сына Божага, які нарадзіўся спрадвеку бяз маці ад Айца, але якога Ты дзеля нас бяз бацькі ў целе нарадзіла і, як немаўля, карміла малаком. І цяпер не пераставай маліць Яго выбавіць ад бедаў душы нашыя.
Адпушчальныя трапары
Уваскросны. Хай весяліцца неба, хай радуецца зямля, бо Госпад паказаў моц рукі сваёй, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць: Ён, першынец з мёртвых, нас выбавіў з пякельнай бездані і дараваў сьвету багацьце свайго зьмілаваньня.
|