Галоўная > Біблійныя пераклады а.Аляксандра Надсана > Псалтыр Давіда (Пс. 1-76)

Псалтыр Давіда (Пс. 1-76)


26 лютага 2011.
Псалтыр Давіда (Пс. 1-76)
"Псалтыр" 1517 г.
Тытульны ліст
выданьня Скарыны

Пераклад а. Аляксандра Надсана,1997, 2000.

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

Кат. 11-20 (Пс. 77-150) >>

КАТЫЗМА 1

Псалом 1

Шчасьлівы той, хто на раду да нязбожных ня ходзіць,* і на шляху грэшнікаў не стаіць,* і не сядзіць на сходзе распусьнікаў;

Але ў законе Гасподнім знаходзіць асалоду,* над Ягонымі законамі разважае дзень і ноч.

Ён, быццам дрэва, пасаджанае над паўнаводнай крыніцай,* што дае плод у свой час, і лісьце якога ня вяне.*

Усё, што ён робіць,* удаецца яму.

Ня гэтак нязбожныя, ня гэтак:* яны, быццам мякіна, якую вецер разносіць.

Ня выстаяць нязбожныя на судзе,* ані грэшнікі на сходзе праведных.

Бо Госпад ведае шлях праведных,* а шлях нязбожных згіне.

Псалом 2

Чаму мітусяцца народы* і людзі думаюць марнае?

Уладары зямлі паўстаюць, і князі змаўляюцца разам з імі* супраць Госпада і Ягонага памазаньніка:

„Парвем іхнія путы* і скінем з сябе кайданы".

Сьмяецца Той, хто жыве ў небе,* Госпад насьміхаецца з іх,

А потым гаворыць да іх у гневе сваім* і ў абурэньні сваім бянтэжыць іх:

„Гэта Я паставіў караля майго на Сыёне,* гары сьвятой Маёй!"

Абвяшчаю тое, што Госпад пастанавіў;* Госпад сказаў мне: „Ты - Сын мой, сёньня Я нарадзіў Цябе.

Пажадай, і дам Табе ў спадчыну народы,* і канцы зямлі ў валоданьне Табе.

Жэзлам жалезным будзеш кіраваць імі,* і, быццам посуд гліняны, скрышыш іх".

Дык апамятайцеся, уладары,* навучыцеся, вы, што пануеце над зямлёй.

Служыце Госпаду са страхам,* слаўце Яго ў трапятаньні

Аддайце пашану Яму, каб Госпад не ўгнявіўся,* бо згінеце ў дарозе, калі раптоўна загарыцца гнеў Ягоны.

Шчасьлівыя ўсе,* што на Яго спадзяюцца.

Псалом 3

Псалом Давіда, калі той уцякаў ад Абсалёма, сына свайго

Госпадзе, як размножыліся ворагі мае,* як шмат тых, што паўстаюць супраць мяне.

Шмат тых, што кажуць мне:* „Няма яму збаўленьня ў Бога".

Але Ты, Госпадзе, - мой шчыт і слава мая: *Ты ўздымаеш галаву маю.

Я голасна клікаў Бога,* Ён пачуў мяне з гары сьвятой сваёй.

Я лёг спаць і заснуў,* і ўстаў, бо Госпад сьцеражэ мяне.

Не баюся безьлічы людзей,* што мяне абступілі.

Устань, Госпадзе, збаў мяне, Божа мой!* Бо Ты разьбіў усіх супраціўнікаў маіх і зубы грэшнікаў скрышыў.

У Госпада збаўленьне ёсьць,* і на людзях Тваіх - блаславеньне Тваё.

Слава... Цяпер...

Псалом 4

Кіраўніку хору. На струнных прыладах. Песьня Давіда

Калі я клікаў, Ты пачуў мяне,* Божа мой справядлівы.

Ты ўзьняў мяне, калі я быў прыгнечаны,* - зьмілуйся нада мною і пачуй малітву маю.

Дакуль сэрцы вашыя, сыны людзкія, будуць ацяжэлымі?* Чаму любіце пустое і шукаеце няпраўду?

Ведайце: дзіву годным робіць Госпад сьвятога свайго;* Госпад пачуе мяне, калі буду клікаць Яго.

Дрыжыце і пакіньце грашыць,* разважайце ў сэрцах вашых, на ложах вашых моўчкі!

Прынясіце належныя ахвяры* і спадзявайцеся на Госпада.

Шмат хто кажа: „Хто нам пакажа шчасьце?"* Госпадзе, Ты прасьвятліў нас зьзяньнем твару Твайго.

Ты напоўніў сэрца маё радасьцю,* большаю за радасьць тых, каму ўрадзіла ўдосталь пшаніцы, віна і алею.

Як толькі лягу, спакойна засынаю,* бо Ты адзіны, Госпадзе, захоўваеш мяне ў бясьпецы.

Псалом 5

Кіраўніку хору. На духавых прыладах. Псалом Давіда

Пачуй, Госпадзе, словы мае,* да ўздыханьняў маіх прыслухайся.

Будзь уважлівы да малітвы маёй, Уладару мой і Божа мой!* Бо да Цябе, Госпадзе, малюся:

Раніцай голас мой пачуй,* раніцай буду маліцца Табе і чакаць.

Бо Ты Бог не такі, што любіць беззаконьне:* крывадушнікам няма месца ў Цябе.

Нязбожныя не ўстаяць перад Табою,* Ты ненавідзіш усіх, што робяць беззаконьне;

Губіш усіх, што кажуць няпраўду.* Госпаду агідныя крыважэрныя і няшчырыя.

Я ж з вялікай ласкі Тваёй увайду ў дом Твой,* пакланюся сьвятыні Тваёй у страху перад Табою.

Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй будзь мне правадыром,* насуперак ворагам маім выраўняй шлях перада мною.

Бо ў вуснах іх няма шчырасьці, сэрцы іх пустыя,* горлы іх - магілы адкрытыя, языкі іх лісьлівыя.

Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх,* дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны паўсталі супраць Цябе.

Хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе,* хай цешацца давеку, і Ты будзеш ахоўваць іх.

Хай цешацца з Табою ўсе,* што любяць імя Тваё.

Бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш праведніка:* быццам шчытом, пакрываеш яго.

Псалом 6

Кіраўніку хору

Не дакарай мяне, Госпадзе, у гневе Тваім* і не карай у Тваім абурэньні.

Зьмілуйся нада мною, бо я зьняможаны,* ацалі мяне, бо косьці мае трымцяць.

Душа мая ў вялікай трывозе:* Ты ж Госпадзе - дакуль?

Вярніся, Госпадзе, выратуй душу маю, * у міласэрнасьці Тваёй збаў мяне,

Бо хто ж пасьля сьмерці Цябе згадае,* і ў краіне мёртвых хто Цябе хваліць будзе?

Зьнямогся я ад стогну майго,* штоночы ложак мой вогкі ад сьлёз.

Ад суму ў вачох маіх цямнее,* састарэў я з-за ворагаў маіх.

Адыдзеце ад мяне ўсе, што чыніце благое,* бо Госпад пачуў голас плачу майго.

Госпад пачуў просьбы мае,* малітву маю прыняў.

Хай усіх ворагаў маіх пакрые сорам і страх вялікі, * і пасаромленыя хай хутка адыдуць.

Слава... цяпер...

Псалом 7

Псалом Давіда, што сьпяваў Госпаду з прычыны справы Хуса, сына Яменеевага

Госпадзе Божа мой, на Цябе спадзяюся: * вызвалі мяне ад усіх, што перасьледуюць мяне, і збаў мяне,

Каб ніхто з іх, быццам леў, не схапіў душу маю* і не разьдзёр яе, безабаронную.

Госпадзе, Божа мой, калі я што зрабіў, * калі няправеднасьць запляміла рукі мае,

Калі я заплаціў злом таму, хто жыў мірна са мною, * - хоць я ратаваў тых, што без прычыны нападалі на мяне, -

Дык хай вораг дагоніць душу маю і схопіць яе, * хай жыцьцё маё затопча ў зямлю, а славу маю аберне ў пыл.

Устань, Госпадзе, у гневе Тваім, * уздыміся супраць лютасьці тых, што перасьледуюць мяне, * прачніся дзеля мяне на суд мой, які Ты сам прызначыў, -

І збор людзей хай стане вакол Цябе, * а Ты сядзь высока над імі!

Госпад - судзьдзя людзей. * Судзі мяне, Госпадзе, паводле праведнасьці маёй і нявіннасьці, што ўва мне.

Хай сунімецца злосьць бязбожных, * а праведніка ўмацуй, Божа праведны, што выпрабоўваеш сэрцы і сумленьні.

Шчыт мой у Бога, які збаўляе правых сэрцам. * Бог - судзьдзя праведны, Бог штодня грозны.

Калі не навернуцца, Ён навострыць меч свой, * нацягне лук і прыцэліцца.

Ён падрыхтуе на іх сьмяротную зброю, * стрэлы свае вогненнымі зробіць.

Вось вораг задумаў няправеднасьць, * зацяжарыў злосьцю і нарадзіў крывадушнасьць.

Выкапаў дол глыбокі* і сам упаў у яму, якую падрыхтаваў.

Злосьць ягоная хай на яго галаву абернецца, * а гвалт хай спадзе на цемя яму.

Я ж буду славіць Госпада за Яго справядлівасьць, * буду пець песьню імю Госпада Найвышэйшага.

Псалом 8

Кіраўніку хору. Пры вінапрэсе. Псалом Давіда

Госпадзе, Госпадзе наш, * як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! * Ты веліч сваю ўзьняў вышэй за неба.

З вуснаў дзяцей і немаўлятаў Ты прыгатаваў сабе хвалу насуперак супраціўнікам Тваім, * каб змусіць да маўчаньня непрыяцеля і ворага.

Калі гляджу на неба, твор рук Тваіх, * на месяц і зоркі, якія Ты стварыў,

Дык хто ёсьць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, * і сын чалавечы, што Ты пра яго дбаеш?

Ты зрабіў яго мала меншым за анёлаў, * славаю і пашанаю вянчаў яго,

Паставіў яго гаспадаром над творамі рук Тваіх, * усё паклаў пад ногі яму:

Авечак і ўсялякую жывёлу, * дый яшчэ дзікіх зьвяроў,

Птушак нябесных, і рыбы ў моры, * і ўсё, што рухаецца па марскіх шляхох.

Госпадзе, Божа наш, * як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!

Слава... цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 2

Псалом 9

Начальніку хору. Пра таемніцы сына. Псалом Давіда

Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім,* расказваць пра ўсе цудоўныя дзеі Твае.

Буду цешыцца і радавацца Табою,* буду пяяць імю Твайму, Усявышні.

Бо мае ворагі павярнуліся назад,* упалі і згінулі перад абліччам Тваім.

Ты ўзяўся судзіць мяне і маю справу,* засеў на пасадзе, Судзьдзя справядлівы.

Ты папракнуў народы, загубіў нязбожнага,* імя яго сьцёр на вякі вечныя.

У ворага зброі ня стала, руіна ягоная вечная,* Ты разбурыў іхнія гарады; памяць аб іх згінула разам з імі.

А Госпад вечна жыве,* Ён свой пасад паставіў на суд.

І будзе Ён судзіць сьвет справядліва,* рассудзіць між народамі бесстаронна.

І будзе Госпад прытулкам для прыгнечаных,* ратункам у час трывогі.

І будуць спадзявацца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё,* бо Ты, Госпадзе, не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе.

Сьпявайце Госпаду, які жыве на Сыёне,* сярод народаў абвяшчайце ўчынкі Яго,

Бо Той, хто помсьціць за кроў, успомніў іх,* не забыўся на крык убогіх.

Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, глянь на прыгнёт, які цярплю ад ворагаў маіх,* уздымі мяне ад варотаў сьмерці,

Каб мне абвяшчаць славу Тваю ў браме Дачкі Сыёну,* і цешыцца з Тваёй дапамогі.

Пагане ўпалі ў яму, якую самі выкапалі,* у сетку, што самі схавалі, ублыталі ногі свае.

Госпад аб'явіўся праз суд, які Ён учыніў,* а грэшнік заблытаўся ва ўчынках рук сваіх.

Няхай грэшнікі сыходзяць у краіну мёртвых,* - усе тыя народы, што на Бога забыліся.

Бо не назаўсёды будзе забыты ўбогі,* надзея бедных ня згіне навекі.

Устань, Госпадзе, хай не пераможа чалавек,* судзі народы перад абліччам Тваім.

Навядзі на іх, Госпадзе, страх:* хай ведаюць народы, што яны - людзі.

Чаму, Госпадзе, стаіш здалёку,* хаваешся ў час суму,

Калі нязбожны ганарыцца, а бедны церпіць,* падае ў пастку, якую той задумаў?

Нязбожны хваліцца пажадлівасьцю душы сваёй;* драпежнік сябе шчасьлівым заве.

У сваёй гордасьці грэшнік зьневажае Госпада: „Не адпомсьціць!"* У думках сваіх кажа: „Няма Бога!"

Усе шляхі ягоныя згубныя; * суды Твае далёкія ад яго;* на ворагаў сваіх ён глядзіць з пагардаю.

Кажа ў сэрцы сваім: „Не пахіснуся, * не зазнаю бяды ніколі".

Вусны ягоныя поўныя праклёнаў, крывадушнасьці і маны,* на языку ў яго злосьць і подступ.

Сядзіць у засадзе пры дарозе, і потайкам забівае нявіннага;* вочы ягоныя сочаць за бедным.

Ён сядзіць, затаіўшыся, быццам леў у сваім логаве, * робіць засаду, каб беднага запрапасьціць: * хапае беднага і цягне ў сваю сетку.

Схіляецца, да зямлі прыпадае, * і няшчасныя патрапляюць у ягоную ўладу.

Кажа ў сэрцы сваім: „Забыў Бог, * адвярнуў твар свой, ня бачыць нічога".

Устань, Госпадзе, уздымі руку Тваю, * Божа, не забудзь ся на ўбогіх.

Чаму нязбожны мае зьневажаць Бога, * казаць у сэрцы сваім: „Не адпомсьціць?"

Але Ты глядзіш, бачыш боль і гора, яны заўсёды перад Табою. * На Цябе бедны спадзяецца, Ты сіраце дапамога!

Скрышы плячо грэшніку і нягодніку, * пакарай іх так, каб злосьць іх згінула.

Госпад - Уладар на вякі вечныя, * з Ягонай зямлі зьнікнуць пагане.

Тугу няшчасных Ты, Госпадзе, пачуй, * узмоцні сэрцы іх, схілі вуха Тваё,

Каб абараняць правы сіраты і прыгнечанага, * каб чалавек на зямлі ня сеяў страху.

Псалом 10

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Надзея мая на Госпада; * і як можаце казаць душы маёй: „Ляці, быццам птушка, угару!"

Бо вось грэшнікі нацягваюць лук, * на цяціву кладуць стралу, каб упоцемку страляць у правых сэрцам.

Калі разбураюцца падваліны, * што можа зрабіць справядлівы?

Госпад у сьвятым хораме сваім, * Госпад - на нябёсах пасад Яго.

Вочы Ягоныя глядзяць на сусьвет, * позірк Ягоны на сынох чалавечых.

Госпад выпрабоўвае праведнага і нязбожнага; * хто любіць няправеднасьць, ненавідзіць душу сваю.

Жар і серу зышле Ён на грэшнікаў; * гарачы вецер зьнішчальны будзе іхняй доляю.

Бо Госпад праведны і любіць справядлівасьць. * Аблічча Ягонае бачыць праведнасьць.

Слава... цяпер...

Псалом 11

Кіраўніку хору. На актаву. Псалом Давіда

Ратуй мяне, Госпадзе, бо не засталося пабожных, * праведнасьць зьнікла сярод людзей.

Хлусяць адзін аднаму, * гавораць лісьлівыя словы з сэрцам няшчырым.

Хай Госпад загубіць усе вусны крывадушныя* і дзёрзкі язык,

Тых, што кажуць: „Язык - сіла нашая, * вусны - нашая зброя. Хто нам гаспадар?"

Госпад кажа: „Вось устану, * абараню таго, каго хочуць улавіць".

Словы Гасподнія - словы шчырыя, * срэбра выпрабаванае, без дамешкі зямлі, сем разоў ачышчанае.

Ты, Госпадзе, захаваеш нас, * і зьберажэш нас ад гэтага роду давеку.

Нязбожныя ходзяць горда навокал, * калі верх бярэ нікчэмнасьць людзкая.

Псалом 12

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Дакуль, Госпадзе? Ці ж забудзешся на мяне зусім? * Дакуль хаваць перада мною будзеш твар Твой?

Дакуль сум буду насіць у душы маёй* і жаль штодня ў сэрцы маім?

 Дакуль вораг мой будзе ўзносіцца нада мною? * Глянь на мяне і пачуй мяне, Госпадзе Божа мой!

 Прасьвятлі вочы мае, каб мне не заснуць сьмяротным сном, * каб вораг не казаў: „Я яго перамог";

Каб ня цешыліся праціўнікі мае, калі я пахіснуся; * Бо я ж спадзяваўся на міласэрнасьць Тваю;

Хай сэрца маё ўзрадуецца збаўленьнем Тваім, * І я буду славіць Госпада, які дабро мне ўчыніў, * буду пяяць імю Госпада Усявышняга.

Псалом 13

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Сказаў неразумны ў сэрцы сваім: „Няма Бога".* Сапсаваліся, робяць агідныя ўчынкі, * няма нікога, хто б рабіў дабро.

Госпад глядзіць з неба на сыноў людзкіх, * каб убачыць, ці ёсьць разумны, што шукае Бога.

Усе заблудзілі, сталіся нікчэмнымі, * няма ніводнага, хто б чыніў дабро.

Ці ж не схамянуцца тыя, што чыняць няправеднае, * што паглынаюць мой народ, быццам хлеб, Госпада не прызнаюць?

Задрыжаць яны ў страху, * калі Госпад заступіцца за род праведных.

Вы хочаце ў нішто абярнуць задуму беднага, * але Госпад - прытулак ягоны.

Збаўленьне Ізраіля прыйдзе з Сыёну. * Калі Госпад зьменіць лёс свайго народу, узрадуецца Якуб, усьцешыцца Ізраіль.

Слава... цяпер...

Псалом 14

Псалом Давіда

Госпадзе, хто будзе жыхарыць у Тваім жыльлі,* хто пасяліцца на гары сьвятой Тваёй?

Той, хто жыве беззаганна, чыніць справядлівасьць,* у сэрцы хавае правыя думкі;

Хто ня ўзводзіць паклёпаў вуснамі сваімі,* ня робіць зла бліжняму свайму і суседа ня ганьбіць;

Хто пагарджае несумленным,* а паважае тых, што баяцца Госпада;

Хто дае абяцаньне бліжняму свайму і не мяняе яго; * хто не дае грошай сваіх на ліхву і не прымае подкупу супраць бязьвіннага. *

Хто гэтак робіць, * не пахісьнецца ніколі.

Псалом 15

Песьня Давіда

Сьцеражы мяне, Божа,* бо на Цябе спадзяюся.

Кажу Госпаду: „Ты - Госпад мой,* у дабры маім ня маеш патрэбы".

Да сьвятых, што жывуць на Ягонай зямлі, * Ён выявіў дзівосную дабразычлівасьць.

Памножацца і паскорацца цярпеньні тых,* што ідуць да чужога бога.

Я ня буду браць удзелу ў іхніх крывавых ахвярах,* вусны мае не памянуць іхніх імёнаў.

Госпад - частка спадчыны маёй і чашы маёй: * Ты трымаеш маю долю ў руцэ Тваёй.

Спадчына выпала мне ў прыгожай аколіцы, * частка мая вельмі мілая мне.

Бласлаўляю Госпада за тое, што даў мне разважнасьць, * што нават уночы сэрца маё навучае мяне.

Госпад заўжды перада мною, * Ён праваруч мяне, дык не пахіснуся.

Дзеля гэтага цешыцца сэрца маё, * радуецца душа, а цела маё спачывае бясьпечна.

Бо Ты не пакінеш душы маёй у краіне мёртвых* і не дасі сьвятому Твайму бачыць тленнасьць.

Ты мне пакажаш сьцежку жыцьця, поўню радасьці, што ў Табе,* і вечнае блаславенства па правай руцэ Тваёй.

Псалом 16

Малітва Давіда

Выслухай, Госпадзе, справядлівую справу маю, пачуй мой кліч, * нахілі вуха да мальбы маёй з вуснаў некрывадушных.

Ад Цябе хай сыйдзе суд мой, * бо вочы Твае бачаць справядлівае.

Калі ўведаеш сэрца маё, наведаеш мяне ўночы і выпрабуеш вагнём, * ня знойдзеш ува мне няправеднасьці.

Вусны мае не зграшылі людзкім звычаем; * паводле словаў Тваіх я зьбярог шлях закону.

Накіруй мае крокі на сьцежкі Твае, * каб не пахіснуцца нагам маім.

Клічу Цябе, Божа, Ты ж выслухай мяне; * нахілі вуха Тваё да мяне, пачуй словы мае.

Пакажы мне Тваю дзівосную міласэрнасьць, * бо Ты ратуеш верных Тваіх ад тых, што працівяцца руцэ Тваёй.

Сьцеражы мяне, як зрэнку вока, * схавай мяне ў ценю крылаў Тваіх ад грэшнікаў, што нападаюць на мяне.

Ворагі лютыя атачылі мяне. * Яны замкнулі сваё атлусьцелае сэрца, вуснамі сваімі горда гавораць.

Вось яны на кожным кроку мяне абступаюць. * Цікуюць, каб мяне кінуць вобзем,

Падобныя да льва, што дыхае на здабычу, * і да львяняці, што крыецца ў пячоры.

Устань, Госпадзе, дарогу ім загарадзі і павалі іх, * вызвалі мячом Тваім душу маю ад грэшнікаў,

І рукою Тваёю, Госпадзе, ад людзей, * лёс якіх - дачаснае жыцьцё,

І чэрава якіх напаўняеш Тваімі дастаткамі; * чые сыны заўсёды сытыя, і рэшткі пакідаюць немаўлятам.

А я ў праведнасьці пабачу твар Твой* і, прачнуўшыся, наталюся бачаньнем Цябе.

Слава... цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 3

Псалом 17

Кіраўніку хору. Песьня слугі Гасподняга Давіда, што пяяў Госпаду ў дзень, калі Госпад вызваліў яго з рук ворагаў ягоных і з рук Саўла

Люблю Цябе, Госпадзе, сіла мая!* Госпад - умацаваньне маё, крэпасьць мая і збаўца мой,

Бог мой, памочнік мой, надзея мая,* абаронца мой, рог збаўленьня майго, заступнік мой!

Госпада, хвалы годнага, паклічу* і вызвалюся ад ворагаў маіх.

Хвалі сьмерці агарнулі мяне,* і струмені загубы ўстрывожылі мяне,

Аблыталі мяне путы пякельныя* і сеці сьмерці мяне агарнулі.

У маім горы я паклікаў Госпада,* усклікнуў да Бога майго,

І Ён пачуў голас мой са сьвятыні сваёй,* мой кліч дайшоў да вушаў Ягоных.

І вось задрыжэла і захісталася зямля,* асновы гораў ускалыхнуліся ў страху і затрэсьліся,* бо Госпад загарэўся гневам.

Дым выйшаў ад гневу Ягонага, а з вуснаў Ягоных зьнішчальны агонь;* вугольле загарэлася ад Яго.

Нахіліў нябёсы і зышоў уніз, * а цёмная хмара была пад нагамі Ягонымі,

Сеў на хэрувімаў і паляцеў, * і нёсься на крылах ветру.

Ён зрабіў цемру заслонаю сабе, * а пакрыцьцём - цёмныя воды хмараў нябесных.

Перад Ягоным зьзяньнем разьбегліся хмары, * град і распаленае вугольле.

І загрымеў Госпад на небе, * Усявышні падаў голас свой.

Выпусьціў стрэлы свае і рассыпаў іх, * мноства маланак - і разагнаў іх.

І паказаліся крыніцы водныя, * і адкрыліся асновы сусьвету ад грознага слова Гасподняга, * ад подыху духа Ягонага гневу.

Ён працягнуў руку з вышыні і ўзяў мяне, * выцягнуў мяне з бездані воднай.

Вызваліў мяне ад моцнага ворага, * ад ненавісьнікаў маіх, дужэйшых за мяне.

Яны напалі на мяне ў дзень бяды маёй, * але Госпад быў мне абаронцам.

Ён вывеў на прастору і вызваліў мяне: * бо любіць мяне.

За праведнасьць маю ўзнагародзіў мяне Госпад. * Адплаціў мне за чысьціню рук маіх,

Бо я сьцярог шляхі Гасподнія, * і не адступіў, зграшыўшы, ад Бога майго.

Бо ўсе прысуды Ягоныя былі перада мною, * і я не цураўся Ягоных загадаў.

Я быў перад Ім беззаганны, * і высьцерагаўся граху.

І Госпад адплаціў мне згодна з маёй справядлівасьцю, * і паводле чысьціні рук маіх, як Ён сам бачыў.

Для міласэрнага Ты - міласэрны, * і чыніш высакародна з высакародным.

Са шчырым Ты - шчыры, * з хітрым - абачлівы.

Бо Ты выбаўляеш народ пакорлівы, * а гордыя вочы ўпакорваеш.

Бо Ты, Госпадзе, даеш сьвятло сьветачу майму, * прасьвятляеш, Божа мой, цемру маю.

З Табою я кідаюся на ўмацаваньні ворага, * дзякуючы Богу майму пераскокваю праз мур.

Дарога Божая беззаганная, Слова Гасподняе выпрабаванае вагнём. * Ён - шчыт абаронны для ўсіх, што спадзяюцца на Яго.

Бо хто ж бог апроч Госпада? * Ці ёсьць апора апроч Бога нашага?

Бог, які падперазаў мяне сілаю* і ўчыніў беззаганным шлях мой,

Ён даў нагам маім зграбнасьць лані, * паставіў мяне на вышынях,

Ён прывучыў рукі мае да бою, * а плечы - нацягваць лук масяжны.

Ты даў мне шчыт Твайго збаўленьня, * правая рука Твая мяне падтрымала, і навука Твая ўзьвялічыла мяне.

Ты пашырыў дарогу, па якой я ішоў, * і ногі мае не спатыкнуліся.

Я гнаўся за ворагамі маімі, * дагнаў іх, і не вярнуўся, пакуль іх не разьбіў.

Я разьбіў іх так, што яны палі ніц пад нагамі маімі* і не змаглі ўстаць.

Ты падперазаў мяне сілаю да бітвы, * і кінуў пад ногі мае тых, што супраціўляліся мне.

Ты змусіў да ўцёкаў ворагаў маіх, * і зьнішчыў тых, што ненавідзяць мяне.

Яны ўзьнялі крык, але не прыйшоў да іх збаўца. * Клікалі Госпада, але Той не пачуў іх.

Я разагнаў іх, як пыл на ветры, * растаптаў, як бруд на вуліцы.

Ты мяне выбавіў ад сварак людзкіх, * паставіў мяне галавою народаў.

Народ, якога я ня ведаў, служыць мне, * паслухмяны на мой першы кліч.

Чужынцы лісьлівяць мне. * Чужынцы бялеюць, дрыжаць і пакідаюць умацаваньні свае.

Хай жыве Госпад, блаславёны Бог мой, * і хай будзе праслаўлены Бог збаўленьня майго,

Бог, які адплаціў за мяне* і падпарадкаваў мне народы;

Што вызваліў мяне ад ворагаў маіх, * ўзьнёс над тымі, што працівіліся мне, і вырваў з рук гвалтаўніка.

Таму, Госпадзе, буду славіць Цябе між народамі* і пяяць песьню хвалы Імю Твайму;

Бо Ты даў каралю Твайму вялікую перамогу, * і явіў міласэрнасьць памазанцу Твайму Давіду і нашчадкам ягоным давеку.

Слава... цяпер...

Псалом 18

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Нябёсы абвяшчаюць славу Божую, * аб творах рук Ягоных расказвае небасхіл.

Дзень дню кажа слова, * ноч ночы вестку перадае.

Гэта ня словы, і не размова, * гуку якіх можна не пачуць:

Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх* і аж да краёў сьвету словы іх.

Вось Ён паставіў намёт для сонца, * і яно, быццам жаніх, выходзіць са сьвятліцы* і цешыцца як волат, што прабягае свой шлях.

З аднаго краю неба яно выходзіць* і бяжыць па коле да другога краю; * ад сьпёкі ягонай нішто не схаваецца.

Закон Гасподні - дасканалы, ён умацоўвае душу; * сьведчаньні Госпада верныя - яны навучаюць простых;

Запаветы Гасподнія правыя - яны радуюць сэрца; * загады Гасподнія ясныя - яны прасьвятляюць вочы.

Страх Гасподні шчыры, ён трывае давеку. * Суды Гасподнія праўдзівыя, усе яны справядлівыя.

Яны больш каштоўныя за золата, * золата найчысьцейшае, * саладзейшыя за мёд, што плыве з сотаў.

Хоць слуга Твой зважае на іх, * і пільна стараецца іх захоўваць,

Але хто можа бачыць хібы свае? * Ад тайных правінаў маіх ачысьці мяне!

Барані таксама Твайго слугу ад пыхі, * каб яна не завалодала мною.

Тады я буду беззаганны* і вольны ад вялікай правіны.

Хай словы вуснаў маіх і думкі сэрца майго* будуць мілыя Табе, Госпадзе, Абаронца і Збавіцелю мой.

Псалом 19

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Хай пачуе цябе Госпад у дзень суму, * хай імя Бога Якуба будзе табе абаронаю.

Хай пашле табе дапамогу са сьвятыні* і дасьць падтрымку табе з Сыёну.

Хай успомніць кожную ахвяру тваю, * і цэлапаленьні твае хай прыме.

Хай Госпад споўніць жаданьні сэрца твайго* і зьдзейсьніць усе задумы твае.

Узрадуемся з тваёй перамогі і ў імя Бога нашага ўздымем сьцягі. * Хай Госпад споўніць усе просьбы твае.

Сёньня пазнаў я, што Госпад даў перамогу памазанцу свайму, * пачуў яго з неба сьвятога свайго, узмацніў сілаю пераможнай рукі сваёй.

Адныя калясьніцамі, іншыя коньмі, * мы ж імем Госпада Бога моцныя.

Тыя пахіснуліся і ўпалі, * а мы стаім і трымаемся!

Госпадзе, збаў уладара і пачуй яго* ў дзень, калі будзе клікаць Цябе.

Псалом 20

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Госпадзе, сілаю Тваёю цешыцца ўладар, * і з Тваёй дапамогі ён вельмі рады.

Ты споўніў жаданьне сэрца ягонага* і просьбе вуснаў ягоных не адмовіў.

Бо Ты пайшоў яму насустрач са шчодрым блаславеньнем, * вянец са шчырага золата Ты ўсклаў на галаву яму.

Ён прасіў жыцьця ў Цябе, * і Ты абдарыў яго доўгімі днямі на век вякоў.

Слава яго вялікая дзякуючы збаўленьню Твайму, * веліч і красу ўсклаў Ты на яго.

Бо Ты даеш яму блаславеньне вечнае* і цешыш яго радасьцю перад абліччам Тваім.

Бо ўладар спадзяецца на Госпада* і ласкаю Усявышняга не пахісьнецца.

Хай рука Твая падзе на ўсіх ворагаў Тваіх, * хай правая рука Твая знойдзе тых, што ненавідзяць Цябе.

Укінь іх, быццам у вогненную печ,* у час Твайго зьяўленьня.

Госпад у гневе сваім наведае іх, * і вагонь праглыне іх.

Нашчадкаў іх з зямлі выгубіш, * і племя іх спасярод сыноў людзкіх.

Калі задумаюць яны на Цябе нешта дрэннае, * калі злую раду ўчыняць, ня здолеюць нічога;

Бо Ты змусіш іх да ўцёкаў: * Твой лук нацэліш у твар іх.

Устань, Госпадзе, у сіле Тваёй: * будзем пяяць і славіць магутнасьць Тваю.

Слава... цяпер...

Псалом 21

Кіраўніку хору. На досьвітку. Псалом Давіда

Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? * Далёкія ад збаўленьня майго словы грахоў маіх.

Божа мой, клічу ўдзень, і Ты ня чуеш, * уночы - і не адказваеш.

Ты ж у сьвятыні жывеш, * Хвала Ізраіля!

На Цябе спадзяваліся бацькі нашыя, * спадзяваліся, і Ты вызваліў іх;

Клікалі Цябе, і былі збаўленыя, * Табе верылі, і не пасаромеліся.

Я ж - рабак, а не чалавек, * сьмех для людзей, пагарда народу.

Сьмяюцца з мяне ўсе, што глядзяць на мяне, * гавораць, ківаюць галовамі:

„Верыў Госпаду, дык хай Ён вызваліць яго, * хай уратуе, калі любіць яго".

Ты мяне вывеў з матчынага ўлоньня, * Ты даў мне бясьпеку ля грудзей маці.

Табе ад нараджэньня я быў аддадзены, * ад улоньня маці маёй Ты быў маім Богам.

Не аддаляйся ад мяне, бо я пакутую. * Блізка будзь, бо ня маю памочніка.

Мноства быкоў атачыла мяне, * шалёныя быкі навокал мяне паўсталі.

Разьзяўляюць на мяне свае пашчы, * быццам леў разьюшаны, рыкаюць.

Я стаўся як вада разьлітая, * косьці мае павыходзілі з суставаў, * сэрца маё бы воск, мягчэе ў нутры маім.

Як аскепак, высахла горла маё, * язык мой прыстаў да паднябеньня: * Ты абярнуў мяне ў пыл сьмерці.

Бо сабакі мяне абселі, * зграя злачынцаў абкружыла мяне;

Працялі рукі і ногі мае, * усе косьці мае магу палічыць. * А яны назіраюць і дзівяцца;

Падзялілі між сабою ўсю вопратку маю* і аб адзеньні маім кідалі жэрабя.

Ты ж, Госпадзе, не аддаляйся: * Памочнік мой, сьпяшайся на ратунак.

Выратуй ад мяча душу маю, * і жыцьцё маё ад сабачых кіпцюроў;

Выбаў мяне, убогага, * ад пашчы льва, ад рогаў быка.

Абвяшчу братом маім імя Тваё* і буду славіць Цябе ў грамадзе;

Усе, што баіцёся Госпада, хваліце Яго; * нашчадкі Якуба, слаўце Яго; шануйце Яго, усе нашчадкі Ізраіля!

Бо Ён не пагардзіў і не пагрэбаваў галечай убогага, * і не схаваў перад ім твару свайго, але пачуў, калі той клікаў Яго.

Да Яго мая песьня хвалы на вялікім сходзе; * выканаю абяцаньні мае перад тымі, што баяцца Яго.

Хай бедныя ядуць і насыцяцца, і хай хваляць Госпада тыя, што шукаюць Яго. * Хай сэрцы іхнія жывуць давеку.

Успомняць і вернуцца да Госпада ўсе канцы зямлі; * і ўсе плямёны людзкія падуць ніц перад абліччам Ягоным.

Бо Гасподняе валадарства, * і Ён пануе над народамі.

Яму адзінаму пакланяюцца ўсе тыя, што ў зямлі спачываюць, * перад Ім схіляюцца ўсе тыя, што зыходзяць у магілу.

Нашчадкі мае служыць Яму будуць, * раскажуць пра Госпада наступным пакаленьням,

А справядлівасьць Яго абвесьцяць будучым родам: * Так учыніў Госпад.

Псалом 22

Псалом Давіда

Госпад - мой пастыр, * і ні ў чым ня буду мець нястачы;

На зялёных пашах Ён пасяліў мяне, прыводзіць мяне на ціхія воды.

Ён жывіць маю душу, * вядзе мяне па простых сьцежках дзеля хвалы імя свайго.

Калі б нават я йшоў змрочнай далінаю сьмерці, * не збаюся зла, бо Ты са мною.

Жазло Тваё і посах Твой* - яны для мяне суцяшэньне.

Ты падрыхтаваў стол для мяне перад ворагамі маімі, * алеем памазаў галаву маю: да краёў поўная чаша мая.

Дабрыня і ласка будуць са мною праз усе дні жыцьця майго, * і буду жыць у доме Гасподнім на вякі вякоў.

Псалом 23

Псалом Давіда: у першы дзень тыдня

Гасподняя зямля і ўсё, што яе напаўняе, * сусьвет і ўсе жыхары яго.

Бо Ён на морах яе заснаваў* і ўмацаваў на рэках.

Хто ўзыдзе на гару Гасподнюю, * або стане на месцы сьвятым Яго?

Чалавек з бязьвіннымі рукамі і чыстым сэрцам, * чыя душа не занятая марным, і які не прысягаў няшчыра бліжняму свайму.

Ён атрымае блаславеньне ад Госпада* і заплату ад Бога, Збавіцеля свайго.

Такі род тых, што шукаюць Яго, * што шукаюць аблічча Бога Якубавага.

Брамы, падыміце шчыты вашыя; * адчыніцеся, вароты спрадвечныя, каб мог увайсьці Кароль славы!

Хто ж той Кароль славы? * Госпад магутны і моцны, Госпад неадольны ў баі.

Брамы, падыміце шчыты вашыя; * адчыніцеся, вароты спрадвечныя, каб мог увайсьці Кароль славы!

Хто ж той Кароль славы? * Госпад сіл, Ён - Кароль славы!

Слава... цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 4

Псалом 24

Псалом Давіда

Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю: * Божа мой, на Цябе спадзяюся, ня дай мне зазнаць сораму:

Хай не сьмяюцца з мяне ворагі мае. * Бо ўсе, што спадзяюцца на Цябе, не пасаромеюцца.

Хай будзе пасаромлены той, * хто не датрымлівае слова без прычыны.

Пакажы мне шлях Твой, Госпадзе, * навучы мяне шляхоў Тваіх.

Кіруй мною ў праўдзе Тваёй і навучы мяне, * бо Ты Бог і Збаўца мой: на Цябе заўсёды спадзяюся.

Згадай міласэрнасьць Тваю, Госпадзе, * міласэрнасьць, што трывае вечна.

Ня будзь памятлівы грахоў маёй маладосьці і правінаў маіх, * але ўспомні ў міласэрнасьці Тваёй мяне, дзеля дабрыні Тваёй, Госпадзе.

Госпад - добры і справядлівы; * Ён навучае грэшнікаў шляхоў сваіх.

У справядлівасьці Ён кіруе пакорнымі, * настаўляе лагодных на праўду.

Усе сьцежкі Гасподнія - ласка і праведнасьць* для тых, што захоўваюць Яго наказы і запаветы.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, * адпусьці грэх мой, бо ён вялікі.

Хто той чалавек, што баіцца Госпада? * Госпад пакажа яму, які абраць шлях.

Сам ён зазнае шчасьця, * а нашчадкі яго будуць мець у спадчыну зямлю.

Госпад спагадлівы да тых, што баяцца Яго, * і дае пазнаць ім свой запавет.

Вочы мае заўсёды зьвернутыя да Госпада, * бо Ён сам вызваліць з сеці ногі мае.

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, * бо я самотны і няшчасны.

Сунімі жальбу сэрца майго, * вызвалі мяне з маёй сьцятасьці.

Глянь на маю бяду і цяжкасьці, * і адпусьці мне ўсе правіны мае.

Глянь на безьліч ворагаў маіх, * што нянавісьцю лютаю ненавідзяць мяне.

Сьцеражы мяне і вызвалі мяне, * каб мне ў спадзяваньні на Цябе не зазнаць сораму.

Хай праведнасьць і бязьвіннасьць будуць мне абаронаю, * бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.

Вызвалі, Госпадзе, Ізраіля, * ад усіх бедаў яго.


Псалом 25

Псалом Давіда

Судзі мяне, Госпадзе, бо я чыніў беззаганна* і, усклаўшы надзею на Госпада, не пахіснуўся.

Выпрабуй мяне, правер мяне; * наскрозь пранікні ў маё нутро і сэрца.

Бо міласэрнасьць Твая заўжды перад маімі вачыма, * і я хаджу ў праўдзе Тваёй.

Не засядаю на сходзе крывадушных* і з нягоднікамі не хаджу.

Ненавіджу зборышча злачынцаў, * і з грэшнымі не сябрую.

Памыю ў нявіннасьці рукі мае* і абыду вакол ахвярніка Твайго,

Голасна абвяшчу хвалу Тваю* і раскажу пра ўсе цуды Твае.

Госпадзе, я палюбіў дом Твой* і месца славы Тваёй.

Не загубі душы маёй разам з грэшнікамі* і жыцьця майго з людзямі крыві,

У чыіх руках злачынствы, * і чыя правая рука поўная хабару.

Я ж жыву ў чысьціні, * дык збаў мяне і зьмілуйся нада мною.

Нага мая стаіць на справядлівым шляху. * На зборах людзей буду славіць Госпада.


Псалом 26

Псалом Давіда перад памазаньнем

Госпад - сьвятло і збаўленьне маё: * каго мне баяцца?

Госпад - абарона жыцьця майго: * перад кім мне дрыжаць?

Калі нападаюць на мяне злачынцы, каб зьесьці цела маё, * - ворагі і непрыяцелі мае, - яны спатыкаюцца і падаюць.

Хай стануць аблогаю супраць мяне, сэрца маё не збаіцца; * хай пойдуць на мяне з вайною, ня страчу надзеі.

Аднаго прашу ў Госпада, аднаго шукаю: * каб мне жыць у доме Гасподнім праз усе дні жыцьця майго,

Каб бачыць мне красу Гасподнюю* і аддавацца роздуму ў Ягонай сьвятыні.

Бо ў дзень бяды Ён мяне схавае ў шатры сваім, * схавае ў тайніку жыльля свайго, на скалу ўздыме мяне.

І вось цяпер уздымаю галаву маю* над ворагамі, што навокал мяне.

Прынясу ахвяру радасную ў шатры Яго, * запяю і буду ў псалмах хваліць Госпада.

Пачуй, Госпадзе, голас мой, калі я гукаю; * зьмілуйся нада мною і адгукніся мне.

Ад імя Твайго сэрца маё гаворыць: „Шукайце аблічча Майго".* Шукаю, Госпадзе, аблічча Тваё.

Не хавай аблічча свайго ад мяне, * у гневе не адкідай слугі Твайго.

Ты - мой памочнік, дык не адкідай мяне; * не пакідай мяне, Божа, Збавіцелю мой.

Нават калі б бацька і маці мае пакінулі мяне, * Госпад мяне да сябе прыгорне.

Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайго, * вядзі мяне па роўнай дарозе з увагі на ворагаў маіх.

Ня выдай мяне на волю непрыяцеляў маіх, * бо хлусьлівыя сьведкі і гвалтаўнікі паўсталі супраць мяне.

Веру, што ўбачу дабрыню Гасподнюю на зямлі жывых.

Чакай Госпада і будзь мужны; * няхай адважным будзе сэрца тваё, і спадзявайся на Госпада.

Слава... цяпер...

Псалом 27

Псалом Давіда

Клічу Цябе, Госпадзе, Умацаваньне маё, * не маўчы мне ў адказ, каб я ня стаўся падобным да тых, што зыходзяць у магілу.

Пачуй голас малітвы маёй, калі клічу Цябе, * калі ўздымаю рукі да сьвятыні Тваёй.

Не загубі мяне з грэшнікамі* і з тымі, што чыняць беззаконьне,

Што гавораць пра супакой з бліжнімі сваімі, * а ў сэрцах хаваюць злыя намеры.

Дай ім паводле іхніх учынкаў* і паводле велічы злачынстваў іх.

Паводле твораў рук іхніх адплаці ім, * дай ім тое, на што заслужылі.

Яны не зважаюць на дзеі Гасподнія і на творы рук Ягоных, * дык няхай Ён іх зруйнуе і больш не адбудуе.

Блаславёны Госпад, * бо Ён пачуў голас малітвы маёй;

Госпад - мая сіла і шчыт мой. * Сэрца маё спадзявалася на Яго, і Ён дапамог мне;

Дзеля гэтага радуецца сэрца маё, * і я слаўлю Яго ў песьнях.

Госпад - сіла народу свайго, * замак абарончы для свайго памазанца.

Збаў людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, * будзь ім пастырам і апекуном на ўсе вякі.

Псалом 28

Псалом Давіда пры заканчэньні скініі

Аддайце Госпаду, сыны Божыя, * аддайце Госпаду славу і пашану!

Аддайце Госпаду славу імя Яго, * у пышнай сьвятыні Ягонай пакланіцеся Яму.

Голас Гасподні над водамі! * Загрымеў Бог славы, Госпад над водамі вялікімі!

Голас Госпада магутны, * голас Госпада велічны!

Голас Госпада ламае кедры, * Госпад ламае кедры Лібану,

Ад голасу Яго Лібан скача, як цялятка, * і Сырыя - як малады вол.

Голас Госпада крэсіць полымя вогненнае, * голас Госпада трасе пустыню, Госпад трасе пустыню Кадэш.

Голас Госпада дубы выварочвае, зьдзірае кару ў лясох, * а ў сьвятыні Ягонай усё кажа: „Хвала!"

Госпад сеў над патопам, * і, як Кароль, будзе сядзець Госпад давеку.

Госпад сілу людзям сваім дасьць, * Госпад блаславіць людзей сваіх супакоем.

Псалом 29

Псалом Давіда. Песьня пры пасьвячаньні дому Давіда

Буду славіць Цябе, Госпадзе, бо Ты мяне вызваліў* і не аддаў ворагам маім на пацеху.

Госпадзе Божа мой, * я клікаў Цябе, і Ты ацаліў мяне.

Ты, Госпадзе, вывеў душу маю з краіны сьмерці; * з усіх тых, што зыходзяць у магілу, Ты ажывіў мяне.

Сьпявайце песьню Госпаду, усе сьвятыя Яго; * аддайце падзяку сьвятому імю Ягонаму.

Бо гнеў Яго трывае толькі хвіліну, * ласка ж Яго - праз усё жыцьцё.

Увечары плач прыходзіць, * а радасьць раніцай.

З пыхаю сваёю я сказаў: * „Не пахіснуся ніколі".

Ты, Госпадзе, у дабрыні Тваёй зрабіў мяне дужым і слаўным; * калі ж Ты схаваў твар Твой, я сумеўся.

Цябе, Госпадзе, клічу, * прашу зьмілаваньня ў Бога майго:

„Якая карысьць з маёй крыві, з таго, што зыду ў магілу? * Ці ж пыл зямны будзе славіць Цябе і абвяшчаць вернасьць Тваю?

Пачуй мяне, Госпадзе, зьмілуйся нада мною. * Прыйдзі, Госпадзе, мне на дапамогу!"

І Ты перамяніў мой плач на вясельле, * зьняў з мяне зрэб'е і падперазаў радасьцю,

Каб душа мая нязмоўкна пяяла Табе. * Госпадзе Божа мой, буду славіць Цябе давеку.

Слава... цяпер...

Псалом 30

Кіраўніку хора. Песьня Давіда ў час трывогі

Госпадзе, на Цябе спадзяюся: ня дай мне пасаромецца ніколі. * Вызваль мяне ў справядлівасьці Тваёй.

Нахілі вуха Тваё да мяне, * і прыйдзі хутчэй збавіць мяне!

Будзь для мяне скалой абарончай, * умацаваньнем, дзе б мне знайсьці ратунак.

Бо Ты - мая скала і ўмацаваньне. * Дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.

Выведзі мяне з сеці, якую на мяне паставілі, * бо Ты мой надзейны прытулак.

У рукі Твае аддаю дух мой, * Ты ж вызваліш мяне, Госпадзе, Божа верны.

Ты ненавідзіш тых, што пакланяюцца нікчэмным ідалам, * я ж спадзяюся на Госпада.

Буду радавацца і цешыцца з міласэрнасьці Тваёй, * бо Ты глянуў на гора маё, адняў ад душы маёй сум.

Ты не аддаў мяне ў рукі непрыяцеля, * але паставіў ногі мае на месцы прасторным.

Зьмілуйся нада мною, Госпадзе, бо я ў бядзе, * ад суму саслаблі вочы мае, душа мая і нутро маё.

Жыцьцё маё марнее ад гора, і гады мае ад стогнаў; * саслабла ад суму сіла мая, і косьці мае высахлі.

Я стаў сьмяхоцьцем для ўсіх ворагаў маіх, * ганьбаю для суседзяў, пудзілам для знаёмых.

Хто мяне ўбачыць вонках, * уцякае ад мяне,

Забыты, выкінуты з сэрца, быццам мёртвы, * я стаўся як разьбіты посуд.

Я чуў шэпты многіх* - жах навокал!

Тыя, што змаўляліся супраць мяне, * намерваліся пазбавіць мяне жыцьця.

Я ж спадзяюся на Цябе, Госпадзе, * і кажу: „Ты - Бог мой".

У рукох Тваіх доля мая: * выратуй мяне з рук ворагаў і тых, што перасьледуюць мяне.

Прасьвятлі сьвятлом аблічча Твайго слугу Твайго, * збаў мяне ў міласэрнасьці Тваёй.

Госпадзе, ня дай мне пасаромецца, * бо я клічу Цябе.

Няхай нязбожныя пакрыюцца сорамам, * і няхай моўчкі зыдуць у апраметную.

Хай зьнямеюць хлусьлівыя вусны, * што з пагардаю нахабна абмаўляюць праведнага.

Вялікая Твая, Госпадзе, дабрыня, * якую Ты зьбярог для тых, што баяцца Цябе,

І якую яўляеш на вачох у людзей* тым, хто на Цябе спадзяецца.

Ты пакрываеш іх ценем аблічча Твайго ад намоваў людзкіх, * у намёце сваім хаваеш іх ад языкоў сварлівых.

Блаславёны Госпад, * што дзівосную міласэрнасьць сваю явіў мне ў абарончым месьце.

Я ж у зьбянтэжанасьці сваёй казаў: * „Адкінуты я ад Твайго аблічча!"

Але Ты пачуў голас малітвы маёй, * калі я клікаў Цябе.

Любіце Госпада, * усе сьвятыя Яго!

Госпад сьцеражэ верных, * а гордым дае належную адплату з лішкам.

Будзьце добрай думкі, і хай вашае сэрца будзе адважнае, * усе вы, што спадзяецеся на Госпада.

Псалом 31

Псалом Давіда навучальны

Шчасьлівы той, каму адпушчаныя правіны* і чые грахі пакрытыя.

Шчасьлівы той, каму Бог віны не залічыць, * і ў каго ў душы няма падману.

Пакуль я маўчаў, ссохлі косьці мае* сярод несьціханых стогнаў маіх.

Бо ўдзень і ўночы цяжыла нада мною рука Твая, * сіла мая гібела, быццам у час летняй сьпёкі.

Я вызнаў грэх мой перад Табою, * і не схаваў віны маёй.

Сказаў: „Вызнаю няправеднасьць маю перад Госпадам".* І Ты дараваў мне віну грэху майго.

Да Цябе будзе маліцца кожны верны ў час патрэбы. * Нават калі хвалі водныя будуць бушаваць навокал, яго яны не дасягнуць.

Ты мой прытулак: захавай мяне ад перасьледу, * ахіні мяне радасьцю збаўленьня майго.

„Навучу цябе і пакажу табе шлях, па якім ісьці; * буду табе дарадцам і не спушчу з цябе вачэй Маіх.

Дык ня будзь як конь або мул, што ня маюць розуму, * якім патрэбныя цуглі і ўзда, бо інакш ня пойдуць да цябе".

Шмат бедаў у бязбожнага, * але міласэрнасьць агортвае таго, хто спадзяецца на Госпада.

Весяліцеся і цешцеся ў Госпадзе, усе праведнікі: * радуйцеся голасна, людзі чыстага сэрца.

Слава...цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 5

Псалом 32

Псалом Давіда

Усклікніце, праведныя, Госпаду ў радасьці: * хвала пасуе праведным.

Слаўце Госпада на гусьлях, * сьпявайце Яму пад гукі дзесяціструннай арфы.

Сьпявайце Яму новую песьню, * сьпявайце Яму мілагучна з ускліканьнем.

Бо слова Гасподняе праведнае, * і ўсе ўчынкі Яго годныя веры.

Ён любіць закон і справядлівасьць, * ласкі Гасподняй поўная зямля.

Словам Гасподнім створанае неба, * і подыхам Ягоным - уся ягоная аздоба.

Ён, быццам у мех, зьбірае марскія воды, * у сховішчах трымае марскія бездані.

Хай уся зямля баіцца Госпада, * хай пакланяюцца Яму ўсе жыхары сьвету.

Бо Ён сказаў, і сталася; * загадаў, і ўсё прыйшло да быцьця.

Госпад намеры народаў робіць марнымі, * у нішто абарочвае задумы людзей.

Воля ж Гасподняя трывае вечна, * задумы сэрца Ягонага - з пакаленьня ў пакаленьне.

Шчасьлівы народ, чый Госпад - Бог; * людзі, якіх Ён выбраў спадчынай сабе.

Госпад з неба глядзіць, * Ён бачыць усіх сыноў людзкіх.

З месца прысутнасьці сваёй* Ён пазірае на ўсіх жыхароў зямлі:

Ён, што сэрцы ўсіх стварыў, * і што зважае на ўсе ўчынкі іх.

Мноства войска ня дасьць каралю перамогі, * не абароніць волата магутная сіла.

Марна шукаць бясьпекі ў кані: * у ягонай сіле няма паратунку.

Вочы Госпада на тых, што баяцца Яго, * што спадзяюцца на Ягоную дабрыню,

Каб выратаваць ад сьмерці душы іх, * і даць ім спажыву ў часе голаду.

Душа нашая чакае Госпада: * Ён - нашая дапамога і абарона.

Ён - радасьць нашага сэрца, * і мы спадзяемся на Ягонае сьвятое імя.

Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, * будзе з намі, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.

 

Псалом 33

Псалом Давіда, калі ён прыкінуўся неразумным перад Абімелехам, і той адпусьціў яго і ён адышоў

Увесь час бласлаўляць буду Госпада: * хвала Ягоная заўжды на вуснах маіх.

Госпадам будзе хваліцца душа мая: * хай пачуюць пакорныя і ўзрадуюцца.

Слаўце Госпада са мною: * будзем разам узьвялічваць Яго.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне* і адняў ад мяне ўсю тугу маю.

Гляньце на Яго і ўзрадуйцеся: * хай абліччы вашыя ня будуць пасаромленыя.

Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго* і ад усіх напасьцяў выбавіў яго.

Анёл Гасподні стаіць, быццам мур абаронны, * вакол тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх.

Пакаштуйце, і ўбачыце, як добры Госпад: * шчасьлівы той, хто да Яго прыбягае.

Бойцеся Бога, усе сьвятыя Яго, * бо тыя, што Яго баяцца, не зазнаюць бяды.

Багатыя зьбяднелі і церпяць голад; * тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць мець ні ў чым нястачы.

Хадзіце, дзеткі, паслухайце мяне: * страху Гасподняму навучу вас.

Хто той чалавек, што любіць жыцьцё* і што рады бачыць шчасьлівыя дні?

Устрымай язык твой ад злога* і вусны твае ад словаў крывадушных.

Ухіліся ад злога і чыні дабро: * шукай супакою і захоўвай яго.

Вочы Госпада зьвернутыя да праведных, * вушы Яго чуюць кліч іх.

Твар Госпада супраць тых, што чыняць благое, * каб вынішчыць іх памяць на зямлі.

Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх* і ад усіх бедаў выбавіў іх.

Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, * прыгнечаных духам Ён выбаўляе.

Шмат бедаў у праведніка, * і ад усіх іх ратуе яго Госпад.

Ён сьцеражэ ўсе ягоныя косьці: * ніводная з іх ня скрышыцца.

Сьмерць грэшнікаў лютая; * грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка.

Госпад вызваляе душы слугаў сваіх: * не зазнае кары той, хто на Яго спадзяецца.

Слава... цяпер...

Псалом 34

Псалом Давіда

Ваюй, Госпадзе, супраць тых, што з боем ідуць на мяне, * паразі напасьнікаў маіх.

Вазьмі шчыт і панцыр, * і ўстань мне на дапамогу.

Замахніся кап'ём і ўтаймуй тых, што перасьледуюць мяне, * скажы душы маёй: „Я збаўленьне тваё".

Хай сумеюцца і пасаромеюцца тыя, * што палююць на жыцьцё маё;

Хай адступяць з ганьбаю тыя, * што хочуць шкодзіць мне;

Хай будуць, як мякіна на ветры, * анёл Гасподні хай адгоніць іх.

Хай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, * калі анёл Гасподні будзе гнацца за імі.

Бо яны без прычыны паставілі пастку на мяне, * капаюць яму, хочучы майго жыцьця.

Хай згуба прыйдзе на іх зьнячэўку, і пастка, якую паставілі, зловіць іх; * хай самі ўпадуць у яму, якую выкапалі.

А мая душа будзе цешыцца ў Госпадзе, * будзе радавацца з Ягонай дапамогі.

Уся мая істота скажа: * „Хто падобны да Цябе, Госпадзе,

Які вызваляеш беднага з рук магутнага, * а з рук рабаўніка - ўбогага і жабрака".

Усталі няправедныя сьведкі: * пытаюцца ў мяне, чаго ня ведаю.

За дабро адплацілі мне злом: * да роспачы давялі душу маю.

А я, калі яны гаварылі, надзяваў валасяную кашулю, * упакорваў пастом душу маю, і маліўся ў сэрцы маім.

Хадзіў я сумны, быццам па сябру ці брату; * я быў як той, што плача па маці, * з жалю ўвесь прынізіўся.

Але, калі я пахіснуўся, яны радасна прыбеглі, * супраць мяне зышліся,

Б'ючы мяне зьнянацку, рвалі мяне на шматкі безупынку. * Насьміхаліся з мяне і нападалі на мяне, скрыгочучы зубамі.

Дакуль будзеш глядзець, Госпадзе? * Ад тых, што рыкаюць, выхапі душу маю, ад львоў - жыцьцё маё!

На вялікім сходзе буду дзякаваць Табе, * у вялікай грамадзе буду славіць Цябе.

Хай нікчэмныя ворагі не пацяшаюцца з мяне, * хай ня мружаць вачэй тыя, што ненавідзяць мяне безпадстаўна.

Бо яны не гавораць пра мір, * а для ціхіх у краіне задумваюць здраду.

Раскрываюць супраць мяне раты свае і крычаць: * „Ага, ага! Мы бачылі на ўласныя вочы!"

Ты бачыў, Госпадзе? Дык не змаўчы! * Госпадзе, не аддаляйся ад мяне!

Прачніся і ўстань на абарону маю, * Божа і Госпадзе мой!

Судзі мяне, Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй, * няхай не пацяшаюцца злосна з мяне, Божа мой.

Хай не падумаюць у сэрцы сваім: „Ага! Мы дамагліся свайго".* Хай ня скажуць: „Мы яго паглынулі".

Хай сумеюцца і засаромеюцца тыя, * што цешацца з майго няшчасьця;

Хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю* ўсе, што горда ўздымаюцца супраць мяне.

Хай цешацца і радуюцца тыя, што спрыяюць справе маёй* і хай гавораць заўсёды:

„Хай узьвялічыцца Госпад, * якому любае шчасьце слугі Яго".

А язык мой будзе абвяшчаць праведнасьць Тваю* і няспынна славіць Цябе.

Псалом 35

Кіраўніку хору. Слугі Гасподняга Давіда

Няправеднасьць гаворыць у сэрцы грэшніка; * няма ў яго страху Божага перад вачыма.

Сам перад сабою хітрыць, * быцам шукае віны, каб яе ўзьненавідзець.

Словы вуснаў ягоных - беззаконьне і крывадушнасьць, * ён не жадае здарова думаць, рабіць дабро.

Ён задумвае няправеднасьць на пасьцелі сваёй, * зыходзіць на благую дарогу, ня гідзіцца злом.

Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, узвышаецца да неба, * а вернасьць Твая - да хмараў.

Справядлівасьць Твая, як горы высачэзныя; суды Твае - глыбіня марская: * Ты, Госпадзе, ратуеш людзей і жывёлу.

Як дарагая, Божа, ласка Твая: * сыны людзкія хаваюцца ў ценю крылаў Тваіх;

Поўняцца дастаткам дому Твайго; * ручаём слодычаў Тваіх поіш іх.

Бо ў Табе крыніца жыцьця, * і ў сьвятле Тваім бачым сьвятло.

Прадоўжы ласку Тваю тым, што шануюць Цябе, * і справядлівасьць Тваю для правых сэрцам.

Няхай нага гордага ня стопча мяне, * і рука грэшніка хай не дакранецца да мяне.

Вось упалі тыя, што чынілі няправеднасьць, * праваліліся і ня могуць устаць.

Слава... цяпер...

Псалом 36

Псалом Давіда

Не хвалюйся дарэмна з-за злыдняў* і не зайздросьць тым, што чыняць беззаконьне.

Яны, як трава, хутка ссохнуць, * і зьвянуць, як зялёнае лісьце.

Спадзявайся на Госпада і рабі дабро, * каб табе жыць бясьпечна на зямлі.

Радуйся ў Госпадзе, * і Ён споўніць жаданьні сэрца твайго.

Давер Госпаду дарогу тваю, * вер Яму, і Ён зробіць усё.

Ён учыніць, што твая праведнасьць зазьзяе як сьвятло, * а права тваё - як ясны поўдзень.

Супакойся ў Госпадзе, на Яго спадзявайся. * Не абурайся на таго, каму шанцуе на ягоным шляху, * на чалавека, які хавае благія намеры.

Пакінь гнеў, сунімі злосьць, * пазбудзься зайздрасьці, каб не нарабіць зла.

Бо злыдні згінуць, * а тыя, што спадзяюцца на Госпада, будуць валодаць зямлёю.

Яшчэ хвіліна, і ня стане больш бязбожнага: * глянеш на ягонае месца - а яго там ужо няма.

Пакорныя авалодаюць зямлёю* і будуць цешыцца глыбокім супакоем.

Нязбожны надумвае зло на праведніка, * скрыгоча зубамі на яго.

Але Госпад сьмяецца з яго, * бо бачыць, што дзень ягоны ўжо надыходзіць.

Нязбожныя дастаюць свой меч, нацягваюць лук, * каб зьнішчыць беднага і няшчаснага, * каб забіць тых, што ідуць простай дарогаю.

Меч іхні праб'е іх уласнае сэрца, * лукі іхнія будуць зламаныя.

Лепшы малы дастатак праведніка, * чым вялікае багацьце бязбожнага.

Бо плячо нязбожнага будзе скрышанае, * а справядлівых Госпад падтрымае.

Госпад апякуецца жыцьцём бязьвінных, * і спадчына іхняя будзе трываць вечна.

У часе патрэбы не зазнаюць сораму, * а ў галодную пару насыцяцца.

А нязбожныя згінуць, * ворагі Госпада як краса лугоў завянуць, як дым разьвеюцца.

Бязбожны пазычае і не аддае, * а праведны шчодры, ён раздае.

Тыя, каго Госпад блаславіў, будуць валодаць зямлёю, * а тыя, каго Ён пракляў, будуць выгубленыя.

Госпад мацуе крокі чалавека, * калі ягоная дарога Яму да спадобы.

Нават калі б спатыкнуўся, не ўпадзе, * бо Госпад трымае яго за руку.

Я быў малады, і ўжо састарэў, * але ня бачыў, каб праведнік быў пакінуты, * або каб ягоныя нашчадкі прасілі хлеба.

Ён заўсёды шчодры, дае пазыку, * і род ягоны будзе блаславёны.

Ухіліся ад благога і рабі дабро, * і будзеш жыць вечна.

Бо Госпад любіць справядлівасьць і не пакіне верных сваіх. * А нікчэмнікі будуць адкінутыя, і род беззаконых згіне.

Праведнікі будуць валодаць зямлёю* і жыць на ёй давеку.

Вусны праведнага абвяшчаюць мудрасьць, * язык ягоны кажа праўду.

Закон Бога ягонага ў сэрцы яго: * ногі ягоныя не спатыкнуцца.

Бязбожны сочыць за праведнікам, * жадае зьвесьці яго са сьвету.

Але Госпад не пакіне яго ў руцэ бязбожнага, * і ня дасьць абвінаваціць яго на судзе.

Спадзявайся на Госпада, пільнуй дарогі Ягонай, * а Ён узьніме цябе, каб ты валодаў зямлёю: убачыш канец бязбожных.

Я бачыў пыхлівага беззаконьніка, * які трымаў сябе высока, быццам кедр лібанскі.

А калі я прайшоў, яго ўжо не было; * шукаў яго, але ня мог знайсьці.

Глянь на сумленнага, дзівіся на праведнага, * бо чалавек міру будзе мець нашчадкаў.

А ўсе грэшнікі будуць вынішчаныя, * патомства нязбожнага згіне.

Збаўленьне праведнікаў ад Госпада; * Ён іхні прытулак у час трывогі.

Госпад дапамагае ім і ад нязбожных ратуе, * збаўляе і ахоўвае іх, бо яны на Яго спадзяюцца.

Слава...цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 6

Псалом 37

Псалом Давіда, на ўспамін пра суботу

Госпадзе, у строгасьці Тваёй не судзі мяне* і ў гневе Тваім не карай мяне.

Бо стрэлы Твае працялі мяне, * і рука Твая на мяне лягла.

Няма здаровага месца на целе маім ад гневу Твайго; * няма супакою касьцям маім з прычыны граху майго.

Бо правіны мае перавысілі галаву маю, * як цяжкае бярэмя, прыгнятаюць мяне бяз меры.

Тхнуць, загніўшы, раны мае* з-за маёй неразумнасьці.

Прыніжаны, я схіліўся, * увесь дзень сумны хаджу.

Паясьніца мая поўная жару, * і няма здаровага месца на целе маім.

Саслаб я, разьбіты звыш меры, * і стогне сэрца маё.

Госпадзе, перад Табою ўсе мае жаданьні, * і ўздыханьні мае ня стоеныя.

Сэрца маё трапеча, сіла пакінула мяне, * і няма больш сьвятла ў вачох маіх.

Сябры мае і прыяцелі староняцца маёй хваробы, * і сваякі мае трымаюцца здалёку.

Паставілі сеці на мяне, * замахваюцца на жыцьцё маё;

Тыя, што жадаюць мне зла, * абмяркоўваюць ліхое ўвесь час.

Я ж, быццам глухі, ня чую* і, быццам нямы, не расчыняю вуснаў маіх.

І стаў я як чалавек, што ня чуе* і ня мае адказу ў вуснах сваіх.

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся: * Ты, Госпадзе Божа мой, выслухаеш мяне.

Бо я сказаў: „Хай ня цешацца ворагі мае, * і не гавораць горда, калі нага мая пахісьнецца".

Я вось-вось ужо падаю, * і боль мой заўсёды са мною.

Прызнаюся ў віне маёй* і сумую з-за граху майго.

А тыя, што без прычыны працівяцца мне, растуць у сілу: * многа тых, што без падставы ненавідзяць мяне,

Тых, што злом плоцяць за дабро, * якія супраць мяне за тое, што я пра дабро дбаю.

Не пакідай мяне, Госпадзе Божа мой, * не аддаляйся ад мяне.

Сьпяшайся на дапамогу мне, * Госпадзе мой, збаўленьне маё!

Псалом 38

Кіраўніку хору, Ідуфуму. Псалом Давіда

Я сказаў: „Буду зважаць на шляхі мае, каб не зграшыць языком; * утаймую вусны мае, пакуль я ў прысутнасьці нязбожных".

Занямеў я, стаў маўклівы бязьмерна, * хоць боль мой узмоцніўся.

Але вось сэрца маё загарэлася, * ад думак маіх запалаў агонь у нутры маім, * і словы сарваліся з языка майго.

Дай мне, Госпадзе, пазнаць мой канец і лік дзён маіх, * каб я ведаў нязначнасьць маю.

Вось Ты адмерыў мне некалькі пядзяў дзён, * і жыцьцё маё нішто перад Табою: * Марнасьць кожны жывы чалавек.

Сапраўды як цень мінае чалавек, * марна мітусіцца, зьбірае скарбы і ня ведае, хто іх забярэ.

Так вось і цяпер, Госпадзе, чаго мне чакаць? * У Табе надзея мая.

Выбаў мяне ад усіх бясчынстваў маіх, * не аддай мяне дурню на глум.

Я маўчу, вуснаў маіх не раскрываю, * бо гэта Ты ўчыніў.

Адхілі ад мяне ўдар Твой, * бо гіну ад узмаху рукі Тваёй.

Пакараньнем за правіны Ты выпраўляеш чалавека, * як павуціньне, жыцьцё ягонае перад Табою. * Марна мітусіцца кожны чалавек.

Выслухай, Госпадзе, малітву маю, пачуй мой кліч, * ня будзь глухі да плачу майго, бо я толькі госьць у Цябе, * прыхадзень - як і ўсе продкі мае.

Пашкадуй мяне, каб я мог аддыхацца, перш як адыду* і больш ня будзе мяне.

Псалом 39

Кіраўніку хору. Псалом Давіда

Спадзяваўся я на Госпада, спадзяваўся моцна, * і Ён, схіліўшыся нада мною, пачуў кліч мой.

Ён выцягнуў мяне з гібельнай ямы і з багністай твані, * паставіў на скалу ногі мае, і ўмацаваў мае крокі.

Ён уклаў у вусны мае новую песьню, * песьню хвалы Богу нашаму.

Многія ўбачаць і праймуцца пашанаю, * і будуць спадзявацца на Госпада.

Шчасьлівы чалавек, які спадзяецца на Госпада, * а не ідзе сьледам за гордымі і тымі, што ўхіліліся да хлусьні.

Госпадзе Божа мой, Ты ўчыніў шмат цудаў, * у провідзе Тваім ніхто Табе ня роўны.

Я б жадаў пазнаць і расказаць пра яго, * але яму няма меры!

Ахвяраў і прынашэньняў не захацеў Ты, але вушы адкрыў мне. * Цэлапальнай ахвяры за грэх Ты не вымагаў.

Тады сказаў я: „Вось прыходжу, * у скрутку кнігі напісана пра мяне:

Чыніць волю Тваю, Божа мой, для мяне радасьць, * а закон Твой жыве ў сэрцы маім".

Я апавяшчаў справядлівасьць Тваю ў вялікай грамадзе; * не замыкаў вуснаў маіх: Госпадзе, Ты ведаеш.

Праведнасьці Тваёй я не схаваў у сэрцы, * аб'явіў Тваю вернасьць і Тваё збаўленьне,

І не ўтаіў ласкі Тваёй і праўды* перад вялікім сходам.

Не хавай, Госпадзе, міласэрнасьці Тваёй ад мяне, * ласка Твая і вернасьць Твая хай заўсёды мяне сьцерагуць.

Бо вось безьліч няшчасьцяў атачыла мяне, * адбіліся на мне мае правіны, так што ўжо не магу глядзець.

Больш іх як валасоў на галаве маёй, * сэрца маё заняпала.

Госпадзе, у дабрыні Тваёй ратуй мяне; * Госпадзе, сьпяшайся мне на дапамогу.

Хай пасаромеюцца і пачырванеюць усе, * што пасягаюць на душу маю і хочуць яе загубіць.

Хай адступяць назад, зьбянтэжаныя, тыя, * што цешацца з няшчасьцяў маіх.

Хай сумеюцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, * што кажуць мне: „Так яму трэба".

Хай радуюцца і цешацца ў Табе ўсе, * што шукаюць Цябе,

І хай кажуць тыя, каму любая Твая дапамога: * „Хай узьвялічыцца Госпад".

Я ж нешчасьлівы і бедны, * але Госпад рупіцца аба мне.

Ты - мая дапамога і збавіцель: * Божа мой, не пазьніся!

Слава... цяпер...

Псалом 40

Кіраўніку хора. Псалом Давіда

Блаславёны той, хто дбае пра беднага і ўбогага: * у дзень няшчасьця Госпад выратуе яго.

Госпад будзе сьцерагчы яго, * захавае яго пры жыцьці,

Зробіць яго шчасьлівым на зямлі, * у рукі ворагаў не аддасьць.

Госпад прыйдзе на дапамогу яму, немачнаму на пасьцелі, * суніме цярпеньні ягонай хваробы.

Кажу: „Госпадзе, зьмілуйся нада мною; * ацалі мяне, бо я зграшыў перад Табою".

Ворагі мае гавораць злосна пра мяне: * „Калі ж ён памрэ і імя ягонае згіне?"

Хто прыходзіць наведаць мяне, гаворыць пустое, * у сэрцы сваім зло зьбірае, і як толькі выйдзе за дзьверы, разгалошвае яго.

Усе ненавісьнікі мае шэпчуцца між сабою супраць мяне, * задумваюць зло на мяне,

„Злосна гавораць пра мяне: * „Ён заснуў і ня ўстаць яму больш!".

Нават прыяцель мой, якому я давяраў, які еў хлеб мой, * і той падняў пяту сваю на мяне.

Але Ты, Госпадзе, зьмілуйся нада мною, * уздымі мяне, каб я адплаціў ім.

Тады пазнаю, што Ты спагадаеш мне, * калі вораг ня возьме верху нада мною.

У бязьвіннасьці маёй Ты захаваў мяне* і паставіў перад абліччам Тваім давеку.

Блаславёны Госпад Бог Ізраіля адвеку і назаўсёды! * Няхай так будзе, няхай так будзе!

Псалом 41

Кіраўніку хора. Навука. Сыноў Карэевых

Як лань прагне вады з ручая, * так душа мая прагне Цябе, Божа.

Душа мая прагне Бога, Бога жывога: * калі ж прыйду і ўбачу аблічча Божае?

Сьлёзы сталіся мне хлебам удзень і ўночы; * кожны дзень мне кажуць: „Дзе Бог твой?"

Душа мая расчульваецца, калі згадваю, * як я ішоў да месца скініі цудоўнай,

Да дому Божага, * пад гукі радасьці і хвалы ў сьвяточным гурце.

Чаму ты сумная, душа мая, * чаго трывожышся?

Спадзявайся на Бога, бо я буду славіць Яго* - Збавіцеля майго і Бога майго.

Душа мая прыгнобленая, * дзеля гэтага згадваю Цябе ў краіне Ярданскай і Гэрмонскай, на гары Місар.

Бездань кліча бездань пад грымоты Тваіх вадаспадаў: * усе Твае плыні і хвалі хлынулі на мяне.

Хай Госпад явіць мне сваю міласэрнасьць удзень, * а ўночы буду славіць Яго - Бога жыцьця майго.

Кажу Богу: „Скала мая, чаму Ты забыўся на мяне? * Чаму хаджу сумны, прыціснуты ворагам?"

Косьці мае крышацца, а ворагі сьмяюцца з мяне* і кожны дзень мне кажуць: „Дзе Бог твой?"

Чаму ты сумная, душа мая, * чаго трывожышся?

Спадзявайся на Бога, бо я буду славіць Яго* - Збавіцеля майго і Бога майго.

Псалом 42

Псалом Давіда

Судзі мяне, Божа, рассудзі справу маю супраць людзей бязьлітасных; * збаў мяне ад чалавека нягоднага і крывадушнага.

Бо Ты, Божа, умацаваньне маё; чаму ж Ты мяне адкінуў? * Чаму хаджу сумны, прыгнечаны ворагам?

Пашлі сьвятло Тваё і праўду Тваю: * хай яны вядуць мяне на гару сьвятую Тваю, да жыльля Твайго.

Я прыйду да ахвярніка Божага, да Бога радасьці і весялосьці маёй; * буду хваліць Цябе на гусьлях, Божа, Божа мой!

Чаму ты сумная, душа мая, чаго трывожышся? * Спадзявайся на Бога, бо я буду славіць Яго - Збавіцеля майго і Бога майго.

Слава... цяпер...

Псалом 43

Кіраўніку хора. Навука. Сыноў Карэевых

Божа, мы чулі на ўласныя вушы, і бацькі нашыя расказалі нам* пра тое, што Ты ўчыніў у іхнія дні, у даўніну.

Уласнай рукою Ты выгнаў паганаў, а іх насадзіў; * разьбіў народы, а іх пашырыў.

Бо не занялі яны зямлі сілаю мяча свайго, * і ня ўласная рука дала ім перамогу,

Але Твая правая рука і Тваё плячо, * і сьвятло аблічча Твайго, бо Ты іх упадабаў.

Ты, Божа мой і Уладару мой, * даў перамогу Якубу.

Табою мы разаб'ем ворагаў нашых, * у імя Тваё мы растопчам тых, што паўсталі на нас.

Бо я не спадзяюся на мой лук, * і меч мой не выратуе мяне,

Але Ты выратаваў нас ад нашых ворагаў, * і пасароміў нашых ненавісьнікаў.

Богам мы хвалімся кожны дзень, * і славім імя Тваё давеку.

Але цяпер Ты нас адкінуў і пасароміў, * не выходзіш больш з нашымі войскамі.

Ты змусіў нас да ўцёкаў перад ворагамі нашымі, * і ненавісьнікі нашыя нас грабяць.

Ты аддаў нас як авечак на зарэз, * і параскідаў нас сярод паганаў.

Прадаў Ты свой народ за бесцан, * і няшмат зарабіў на продажы.

Ты выставіў нас на сьмех суседзям, * на зьдзек і пагарду тым, што вакол нас.

Ты зрабіў нас прымаўкай сярод паганаў, * народы, згадаўшы пра нас, ківаюць галовамі.

Ганьба мая заўсёды перада мною, * сорам пакрывае мой твар

Ад зьнявагаў і зьдзеку, * ад ворага і непрыяцеля.

Усё гэта на нас звалілася, * хоць мы не забыліся на Цябе, і не парушылі саюзу Твайго;

Сэрца нашае не адвярнулася, * і нашыя ногі не зышлі са сьцежкі Тваёй,

Калі Ты нас сьцёр у месцы суму* і пакрыў сьмяротнай цемраю.

Калі б мы забыліся на імя Бога нашага, * і працягнулі рукі да бога чужога,

То ці ж бы Бог пра гэта ня ўведаў? * Ён знае таямніцы сэрца.

Але ж гэта з-за Цябе нас усьцяж забіваюць, * і глядзяць на нас як на авечак, прызначаных на зарэз.

Устань, Госпадзе; чаму сьпіш? * Прачніся, не адкідай нас назаўсёды!

Чаму хаваеш аблічча Тваё, * забываешся на нашае гора і прыгнёт?

Душа нашая расьцёртая ў пыл, * жывот наш прыстаў да зямлі.

Устань нам на дапомогу* і вызваль нас у міласэрнасьці Тваёй.

Псалом 44

Кіраўніку хору. Сыном Карэевым на навуку. Песьня пра любага

З сэрца майго б'юць крыніцай прыгожыя словы: * песьню маю пяю Уладару;

Язык мой* - пяро пісца.

Ты - найпрыгажэйшы выглядам сярод сыноў людзкіх, * ласка точыцца з вуснаў тваіх; * дзеля гэтага блаславіў цябе Бог на вякі.

Прывяжы меч твой да боку твайго, Моцны, * - гордасьць тваю і красу!

Нацягні лук, і йдзі шчасьліва* і ўладарнічай дзеля праўды, лагоды і справядлівасьці, * і хай правая рука твая праславіцца вялікімі справамі.

Стрэлы твае вострыя, народы скараюцца перад табою, * і млее сэрца ворагаў Уладара.

Пасад Твой, Божа, на век вякоў; * скіпетар валадарства Твайго - скіпетар праведнасьці;

Ты любіш справядлівасьць і ненавідзіш беззаконьне: * дзеля гэтага Бог, Бог твой, памазаў цябе алеем радасьці над усімі таварышамі тваімі.

Пах смірны і алоэ і касіі ад вопраткі тваёй* і ад харомаў з слановай косьці, што цешаць цябе.

Дочкі царскія* ў пашане ў цябе.

Каралева стала па правай руцэ тваёй, * у вопратку пазалочаную апранутая, упрыгожаная.

Слухай, дачка, глянь і нахілі вуха тваё, * і забудзься на народ твой, і дом бацькі твайго.

І ўладар будзе прагнуць красы тваёй: * ён - твой гаспадар, і яму служы.

Вось дачка Тыру прыходзіць з дарамі; * вяльможы людзкія будуць шукаць ласкі ў цябе.

Уся слава дачкі каралеўскай у ёй самой; * яна апранутая ў залатую вопратку, * шматкаляровую, вышываную.

Прыводзяць яе да ўладара; сьледам за ёю прыводзяць каралю дзеваў: * дружак ейных прыводзяць табе.

Сярод радасьці і вясельля ўводзяць іх, * і яны ўваходзяць у царскі хорам.

Замест бацькоў тваіх будуць табе сыны твае: * паставіш іх князямі па ўсёй зямлі.

Імя тваё зраблю памятным з пакаленьня ў пакаленьне; * і на век вякоў будуць славіць цябе ўсе народы.

Псалом 45

Начальніку хора з сыноў Карэевых. Песьня

Бог - мой прытулак і сіла: * У цяжкасьцях Ён паказаў сябе магутным памочнікам.

Таму не збаімся, нават калі б зямля правалілася, * і горы ўпалі ў сярэдзіну мора.

Хай воды марскія бушуюць і кіпяць, * хай горы хістаюцца пад іхнім напорам:

Плынь ракі нясе весялосьць у горад Божы* - сьвятое жытло Усявышняга.

Бог у ім, і ён не пахісьнецца; * Бог на досьвітку дапаможа яму.

Захваляваліся народы, * узбурыліся валадарствы,

Госпад загрымеў громам, * зямля задрыжэла.

Госпад сілаў з намі, * Бог Якуба - нашая абарона.

Прыйдзіце, гляньце на ўчынкі Гасподнія, * дзівосныя ўчынкі, што зрабіў на зямлі.

Ён прыпыняе войны па ўсёй зямлі, * нішчыць лукі, ломіць коп'і, шчыты агнём паліць.

„Спыніцеся і пазнайце, што Я - Бог, * вышэйшы за ўсе народы, вышэйшы за зямлю".

Госпад сілаў з намі, * Бог Якуба - нашая абарона.

Слава... цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 7

Псалом 46

Кіраўніку хору. Сыноў Карэевых

Усе народы, пляскайце ў далоні, * усклікніце Богу радасным голасам.

Бо Госпад усявышні страшны: * Ён - вялікі Уладар над усёй зямлёй.

Ён скарае перад намі народы, * і плямёны людзей кладзе нам пад ногі;

Выбірае нам як спадчыну хвалу Якуба, * любага свайго.

Бог узьнёсься пад радасныя воклікі, * Госпад - пад гучаньне трубаў.

Сьпявайце Богу, сьпявайце; * сьпявайце Уладару нашаму, сьпявайце,

Бо Бог - Уладар усёй зямлі. * Сьпявайце песьню хвалебную!

Бог пануе над народамі, * Бог сядзіць на сьвятым пасадзе сваім.

Уладары народаў зышліся з народам Бога Абрагама: * бо моцныя зямлі - Божыя, і Ён велічна ўзвышаецца.

 

Псалом 47

Псалом Сыном Карэевым. Другога дня тыдня

Вялікі Госпад і годны ўсякай хвалы* ў месьце Бога нашага, на гары сьвятой Яго.

Пышнае ўзвышша, радасьць усёй зямлі: на паўночным канцы яго - гара Сыён, горад Караля вялікага.

У ягоных палацах вядомы Бог, які бароніць яго..

Вось уладары сабраліся, * разам зышліся.

Як толькі ўбачылі - здранцьвелі, * зьбянтэжыліся і разьбегліся.

Дрыготкі ахапілі іх і боль, быццам парадзіху. * Бурным ветрам Ты скрышыў караблі тарсійскія.

Што чулі мы, тое і ўбачылі ў месьце Караля сілаў, * у горадзе Бога нашага. Бог умацоўвае яго давеку.

Разважаем, Божа, пра Тваю міласэрнасьць* сярод людзей Тваіх.

Імя Тваё, Божа, і хвала Твая сягаюць да канцоў зямлі. * Правая рука Твая поўная справядлівасьці.

Хай цешыцца гара Сыён, * хай дочкі Юды радуюцца праз прысуды Твае.

Прайдзіцеся па Сыёне, абыдзіце яго навокал, * палічыце ягоныя вежы.

Прыгледзьцеся да ягоных сьценаў, * падзівецеся на ягоныя дамы, каб расказаць нашчадкам.

Гэта Бог наш на век, і на век вякоў. * Ён будзе нашым правадыром давеку.

 

Псалом 48

Кіраўніку хору. Сыном Карэевым. Псалом

Слухайце, усе народы, * зважайце, ўсе жыхары зямлі,

Простыя людзі і сыны вяльможаў, * аднолькава багаты і ўбогі.

Вусны мае кажуць мудрасьць, * разважнасьць - роздум сэрца майго.

Схілю да прыповесьцяў вуха маё, * пад гукі гусьляў разгадку дам.

Чаго мне баяцца ў дзень бяды, * калі атуляе мяне нікчэмнасьць прыгнятальнікаў,

Што спадзяюцца на сваю сілу* і хваляцца вялікімі багацьцямі?

Брат не выратуе: ці ж можа выратаваць чалавек? * Ён ня можа даць Богу выкуп за сябе,

Або, хоць бы ўвесь час працаваў, * цану за збаўленьне душы сваёй,

Каб жыць давеку* і ня бачыць тленнасьці.

Ён бачыць, як паміраюць мудрыя, * аднолькава гінуць невукі і бязглуздыя, і пакідаюць багацьці свае іншым.

Магілы - іхнія дамы давеку, * іхняе жыльлё з пакаленьня ў пакаленьне, * хоць сваім імем называлі яны землі.

А чалавек, што жыве ў дастатку і не разумее; * прыраўноўваецца да неразумных жывёлаў, * стаецца як адзін з іх.

Шлях іхні бяздумны, * хоць людзі пасьля ўхваляюць думкі іх.

Быццам атару авец, гоняць іх у апраметную, * сьмерць - іхні пастух, а праведнікі будуць панаваць над імі.

Хутка зьнікне іхняя сіла, * і апраметная будзе іхнім жыльлём.

Але Бог выбавіць душу маю з бездані апраметнай, * Ён забярэ мяне да сябе.

Не турбуйся, калі нехта багацее, * калі дастатак дому ягонага павялічваецца,

Бо, калі памрэ, ня возьме нічога з сабою, * багацьці ягоныя ня зыйдуць з ім у магілу.

І хоць пры жыцьці ён задаволены з сябе, * і іншыя хваляць яго, што ўсё добра ўладкаваў, -

Ён усё роўна пойдзе туды, дзе ягоныя продкі, * якія ўжо давеку ня ўбачаць сьвятла.

А чалавек, што жыве ў дастатку і не разумее, * прыраўноўваецца да неразумных жывёлаў, стаецца як адзін з іх.

Слава... цяпер...

Псалом 49

Псалом Асафа

Бог багоў, Госпад прамовіў* і паклікаў зямлю ад усходу да захаду.

З Сыёну зьзяе пышная краса Яго

Бог яўна прыходзіць, Бог наш і не змаўчыць: * перад Ім зьнішчальны агонь, а вакол Яго бура бушуе.

Ён кліча неба згары і зямлю, * каб судзіць на суд людзей сваіх:

Зьбярыце Яму сьвятых ягоных, што замацавалі запавет з Ім ахвяраю.

І нябёсы абвесьцяць справядлівасьць Ягоную: * бо сам Бог - судзьдзя.

„Слухай, народзе мой, Я буду гаварыць; * буду сьведчыць супраць цябе, Ізраілю. * Я - Бог, твой Бог.

Не за ахвяры твае Я буду дакараць цябе: * цэлапаленьні твае заўжды перада Мною.

Не прыму цяляці з дому твайго, * ні казлятаў ад статкаў тваіх;

Бо ўсе зьвяры ў лесе Мае, * і тысячы зьвяроў на Маіх гарах.

Ведаю ўсіх птушак нябесных, * і краса ў полі вядомая Мне.

Калі б Я і згаладаўся, не сказаў бы табе, * бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.

Ці ж буду есьці мяса валоў, * або піць кроў казлоў?

Прынясі Богу ахвяру хвалы, * і спаўняй абяцаньні твае Усявышняму.

Пакліч мяне ў дзень суму: * Я выбаўлю цябе, і ты праславіш Мяне."

А грэшніку кажа Бог: „Што ты гаворыш пра Мае законы, * і Мой саюз не зыходзіць з вуснаў тваіх,

А сам ненавідзіш Маю навуку, * і словы Мае адкідаеш ад сябе?

Калі бачыў злодзея, ты бег разам з ім, * і з чужаложнікамі сябраваў.

Вуснам тваім ты даваў волю казаць злое, * язык твой рыхтаваў здраду.

Ты сядзеў і нагавораў на брата твайго, * зьневажаў сына маці тваёй.

Такое ты чыніў, а Я меў бы маўчаць? * Ты думаў, што Я такі як ты? * Я дакару цябе і пастаўлю грахі твае перад табою.

Зразумейце гэта ўсе, што забываецеся на Бога, каб не схапіў вас, * - і ня будзе нікога, хто б мог вас выратаваць.

Хто прыносіць ахвяру хвалы, той Мяне праслаўляе; * і хто так робіць, таму яўлю Я Божае збаўленьне."

 

Псалом 50

Начальніку хору. Псалом Давіда, калі прыйшоў да яго прарок Натан, пасьля таго як Давід зышося з Баршэбай

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці* і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй* і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю* і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. * Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, * і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, * паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і буду чысты, * абмый мяне, і стану бялейшы за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: * хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў* і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ва мне, Божа, * і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча* і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня* і ўмацуй ува мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў шляхоў Тваіх, * і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві пралітай, Божа, Божа майго збаўленьня: * хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, * і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: * на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу - дух скрушлівы: * сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: * хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні: * тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.

Слава... цяпер...

Псалом 51

Начальніку хору. Навука Давіда

пасьля таго, як прыйшоў Дойк Ідумэйскі і данёс Саўлу, сказаўшы, што Давід прыйшоў у дом Абіэлеха

Чаго хвалішся злосьцю, * вяльможны нягоднік?

Увесь час думаеш пра загубу; * язык твой, крывадушнік, востры як брытва.

Любіш зло больш за дабро, * хлусьню больш за праўду.

Любіш усе згубныя размовы, * язык вераломны!

Таму зьнішчыць цябе Бог, на вякі адкіне цябе, * вырве з твайго жытла і выкараніць з зямлі жывых.

Праведнікі ўбачаць і спалохаюцца; * будуць сьмяяцца з яго і казаць:

„Вось чалавек, што не захацеў мець Бога сваім заступнікам, * але спадзяваўся на мноства багацьцяў сваіх і мацнеў у сваёй пыхлівасьці".

Я ж, быццам аліўнае дрэўца, што цьвіце ў доме Божым, * буду спадзявацца заўсёды на Божую міласэрнасьць.

Буду хваліць Цябе давеку за ўсё, што Ты ўчыніў, * і праслаўляць імя Тваё, бо добра гэта перад абліччам сьвятых Тваіх.

 

Псалом 52

Начальніку хору. На духавых прыладах. Навука Давіда

Сказаў дурань у сэрцы сваім: „Няма Бога".* Сапсаваліся, агідныя рэчы ўчынілі, * няма нікога, хто б рабіў дабро.

Бог глядзіць з неба на сыноў людзкіх, * каб бачыць, ці ёсьць разумны, які шукае Бога.

Усе да аднаго зблудзілі, зьнікчэмнелі, * не засталося нікога, хто б рабіў дабро.

Няўжо ж не схамянуцца тыя нягоднікі, * што зьядаюць Мой народ, быццам хлеб, і ня клічуць Бога?

Там абамлелі ад страху, дзе страху не было, * бо Бог параскідаў косьці тых, што шукалі людзкое славы.

Яны пакрыліся сорамам, * бо Бог адкінуў іх.

Каб ужо прыйшло збаўленьне Ізраіля з Сыёну! * Калі Бог адменіць долю свайго народу, * Якуб узрадуецца, Ізраіль усьцешыцца.

 

Псалом 53

Начальніку хору. Навука Давіда ў песьнях,

калі прыйшлі Зіфэі і сказалі Саўлу: Ці ня ў нас хаваецца Давід?

Божа, дзеля імя Твайго збаў мяне, * і сілаю Тваёю судзі мяне.

Пачуй, Божа, малітву маю, * прыхілі вуха Тваё да голасу вуснаў маіх.

Бо вось гордыя паўсталі супраць мяне і гвалтаўнікі шукаюць душы маёй, * і ня маюць Бога перад сабою.

Але Бог памагае мне, * і Госпад - заступнік душы маёй.

Ты адплоціш за зло ворагам маім: * у справядлівасьці Тваёй зьнішчы іх.

Ахвотна прынясу ахвяру Табе, * і буду славіць імя Тваё добрае, Госпадзе.

Бо Ты выбавіў мяне ад усялякай бяды, * і вочы мае бачылі сорам ворагаў маіх.

 

Псалом 54

Начальніку хору. Навука Давіда ў песьнях

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, * і не пагардзі просьбаю маёю.

Глянь на мяне і пачуй мяне: * мучуся я ў бядзе маёй,

Хвалююся я ад голасу ворага* і ад перасьледу грэшніка.

Бо яны ўзводзяць на мяне няшчасьці* і ў гневе паўстаюць на мяне.

Сэрца маё поўнае трывогі, * і страх сьмяротны апанаваў мяне.

Страх і трапятаньне прыйшлі на мяне, * і жах сьмерці абняў мяне.

І кажу: „Калі б меў крылы як голуб, * я б паляцеў і супачыў,

Уцёк бы далёка і пасяліўся бы ў пустэльні; * Шукаў бы сховішча ад буры і ад навальніцы."

Разгані іх, Госпадзе і разьдзялі языкі іх, * бо бачу гвалт і разлад у горадзе.

Удзень і ўночы ходзяць яны вакол па мурох ягоных, * а ўнутры яго - беззаконьне і крыўда.

Сярод яго - пастка і згуба, * мана і крывадушша не зыходзяць з ягоных вуліцаў.

Калі б мяне скрыўдзіў вораг, я б лягчэй гэта перажыў, * схаваўся бы ад яго.

Але ж ты быў маім прыяцелем, * сябрам і давераным;

З табою я жыў ў салодкім сумоўі, * разам хадзілі мы ў дом Божы.

Сьмерць нечакана прыйдзе на іх, і сыдуць жывыя ў бездань, * бо дамы і нутры іхнія поўныя злосьці.

Я ж буду клікаць Бога, * і Госпад захавае мяне ад загубы.

Увечары, раніцай і апоўдні буду жаліцца і ўздыхаць, * і Ён пачуе голас просьбы маёй.

Захавае ў бясьпецы душу маю ад напасьнікаў, * бо многа тых, што супраць мяне.

Бог пачуе і ўпакорыць іх, - Той, што пануе вечна, * бо яны не пакаюцца, Бога не баяцца.

Узьнялі руку сваю на прыяцеляў, * не датрымалі саюзу.

Вусны іх мякчэйшыя за масла, * а сэрцы іх скорыя да бітвы.

Словы іх больш пяшчотныя за аліву, * а ў сапраўднасьці ж гэта - вострыя мячы.

Ускладзі клопат твой на Госпада, і Ён падтрымае цябе: * не дазволіць ніколі праведніку пахіснуцца.

Ты ж, Госпадзе, зьвядзі іх у бездань загубы: * людзі лютыя і здраднікі не дажывуць да паловы дзён сваіх.

Ты ж, Госпадзе, надзея мая.

Слава... цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 8

Псалом 55

Начальніку хору. Пра людзей, аддаленых ад сьвятыні, памятная песьня Давіда, калі паланілі яго чужынцы ў Гэфі

Зьмілуйся нада мною, Божа, * бо стапталі мяне людзі,

Увесь час нападаюць на мяне* і чыняць мне ўціск.

Штодня лютуюць мае ворагі* - шмат тых, што нападаюць на мяне.

Калі мяне агорне трывога, * на Цябе спадзяюся!

Перад Богам словы хвалы маёй ўвесь дзень, * на Бога спадзяюся, і не збаюся: * што мне можа зрабіць чалавек?

Увесь дзень мяне абмаўляюць, * усе думкі іхнія на тое, каб пашкоддзіць мне.

Зьбіраюцца, сочаць, засеўшы, за маімі крокамі, * робяць засаду на душу маю.

Адплаці ім, Божа, за іхняе беззаконьне: * у гневе Тваім разьбі народы.

Шляхі майго блуканьня Табе вядомыя; * Ты сабраў сьлёзы мае: * ці ж яны не запісаныя ў кнізе Тваёй?

Як толькі гукну Цябе, * ворагі мае адступаюць.

Ведаю напэўна, што Бог са мною. * Перад Богам словы хвалы маёй,

На Бога спадзяюся, і не збаюся: * што мне можа зрабіць чалавек?

Я зьвязаны абяцаньнем, якое даў Табе. * Табе прынясу ахвяру хвалы.

Бо Ты захаваў жыцьцё маё ад сьмерці, * і ня даў назе маёй спатыкнуцца, * каб я мог хадзіць перад Богам у сьвятле жывых.

 

Псалом 56

Кіраўніку хору. „Не загубі". Песьня Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору

Зьмілуйся нада мною, Божа, зьмілуйся нада мною, * бо на Цябе спадзяецца душа мая;

У ценю крылаў Тваіх схаваюся, * дакуль не міне бяда.

Буду гукаць Бога найвышэйшага, * Бога, які дабро мне чыніць.

Ён пашле з неба мне паратунак, * пасароміць тых, хто мяне перасьледуе.

Хай Госпад пашле міласэрнасьць сваю* і праўду сваю!

Душа мая сярод ільвоў, што пажыраюць сыноў людзкіх; * зубы іхнія - дзіды і стрэлы, а язык - востры меч.

Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, * і над усёй зямлёй хай разыдзецца слава Твая!

Яны падрыхтавалі сеткі для ног маіх, душу маю сьціснулі; * выкапалі дол перада мною, але самі ў яго ўпалі.

Бадзёрае сэрца маё, Божа, бадзёрае сэрца маё: * буду сьпяваць і граць Табе.

Прачніся, душа мая, прачніцеся, лера і гусьлі! * Я ўстану на досьвітку.

Буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод людзей; * буду пяяць Табе сярод народаў.

Бо веліч міласьці Тваёй - да нябёсаў, * і праўда Твая - да хмараў.

Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, * і хай па ўсёй зямлі разыдзецца хвала Твая!

 

Псалом 57

Начальніку хору. „Не загубі". Памятная песьня Давіда

Ці сапраўды праўду гаворыце, * ці справядліва судзіце, сыны людзкія?

Вы ж задумалі беззаконьне ў сэрцах вашых, * рукі вашыя чыняць гвалт на зямлі.

Ад улоньня маці бязбожныя сышлі з дарогі; * ад нараджэньня зблудзілі, гаворачы няпраўду.

Атрута іхняя, быццам яд зьмяіны, * яд глухое гадзюкі, што затуляе вушы,

Каб ня чуць голасу заклінальніка, * чараўніка, што кладзе замову.

Божа, скрышы зубы ў іхніх пашчах; * зламай, Госпадзе, іклы львянятаў!

Няхай сыдуць, як разьлітая вада; * няхай стрэлы іхнія, калі яны іх нацэляць, ступяцца.

Няхай зьнікнуць, як разьмяклы смоўж; * як скінуты жанчынаю плод, што сонца ня бачыў.

Перш як быльлё загарыцца пад вашымі катламі, * хай подых ветру разьвее яго зялёным.

Усьцешыцца праведнік, калі ўбачыць пакараньне: * абмые ногі свае ў крыві нязбожнага.

І скажа чалавек: „Сапраўды, ёсьць узнагарода для праведніка! * Сапраўды, ёсьць Бог, які судзіць на зямлі!"

Слава... цяпер...

Псалом 58

Начальніку хору. „Не загубі". Памятная песьня Давіда, калі Саўл паслаў сьцерагчы ягоны дом і забіць яго

Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, Божа мой! * Абарані ад тых, што паўстаюць на мяне.

Выбаў мяне ад тых, што робяць беззаконьне; * ратуй ад мужоў крыві.

Вось яны цікуюць на душу маю; * дужыя зьбіраюцца супраць мяне. * Госпадзе, няма ўва мне ні граху ні правіны;

Яны зьбіраюцца і нападаюць на мяне, бязьвіннага. * Устань, выйдзі насустрач мне і глянь.

Ты ж, Госпадзе, Божа сілаў, Божа Ізраіля, * глянь і наведай усе народы, не шкадуй ніводнага з вераломных.

Увечары вяртаюцца яны, выюць, як сабакі, * ходзяць вакол па месьце.

Вось яны блюзьняць языкамі сваімі, * зьняважлівыя словы у іх на вуснах; * думаюць: „Хто нас пачуе?"

Але Ты, Госпадзе, пасьмяесься з іх, * Ты пасароміш усе народы.

На Цябе буду спадзявацца, Сіла мая, * бо Ты, Божа - мая абарона.

Бог мой, які мяне любіць, хай прыйдзе да мяне з дапамогаю, * хай дасьць мне радасьць бачыць паразу ворагаў маіх.

Разгані іх, Божа, хай народ мой ня горшыцца; * пасаром іх сілаю Тваёю і звалі іх з ног, Госпадзе, абаронца мой.

Кожнае слова вуснаў іхніх - грэх; хай заблытаюцца ва ўласнай пыхлівасьці* за праклёны і хлусьню, што яны пашыраюць.

Вынішч іх у гневе Тваім, зьнішчы іх, каб іх ня стала; * каб ведалі ўсе, што Бог пануе ў Якубе і аж да канцоў зямлі.

Увечар вяртаюцца яны, выюць, як сабакі, * ходзяць вакол па месьце.

Хай блукаюць у пошуках спажывы* і, не наеўшыся, скавычуць.

Я ж буду пяяць пра сілу Тваю, і зранку абвяшчаць Тваю міласэрнасьць, * бо Ты - мая абарона і прытулак у час бяды.

Буду пяяць Табе, Сіла мая! * Бо Ты, Божа - мой заступнік, Мой Бог, які мяне мілуе.

 

Псалом 59

Начальніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Памятная песьня і навука Давіда,

калі спаліў Сырыю мэзапатамскую і Сырыю Цованскую, і калі Іааў, вярнуўшыся, разьбіў у даліне Соль дваццаць тысяч ідумэяў

Божа, Ты адкінуў нас, разьбіў нас, разгневаўся; * цяпер ізноў уздымі нас.

Ты страсянуў зямлю, раскалоў яе; * загаі ейныя шчыліны, бо яна хістаецца.

Ты абышоўся жорстка з народам Тваім, * напаіў яго віном, якое адымае сілу.

Ты паставіў сьцяг для тых, што баяцца Цябе, * каб яны ўцяклі ад лука,

Каб тыя, каго любіш, маглі ўратавацца. * Збаў іх правай рукой Тваёй, і выслухай мяне.

Бог прамовіў у сьвятыні сваёй: * „Усьцешуся, разьдзялю Сіхэм, і даліну Сукот разьмеру.

Мой Галаад, Мая зямля Манасіі, * Эфраім - шолам на галаве Маёй, Юда - скіпетар Мой.

Мааб - умывальная чаша Мая; * на Ідумэю бот свой пастаўлю, над Філістыяй запаную".

Хто ўвядзе мяне ва ўмацаваны горад? * Хто давядзе мяне да Эдому?

Ці ня Ты, Божа, адкінуў нас* і ўжо ня выходзіш з нашымі войскамі?

Дай нам дапамогу супраць ворага; * бо людзкая падтрымка дарэмная.

З Богам мы явім сілу: * Ён патопча нашых ворагаў.

 

Псалом 60

Начальніку хору. Псалом Давіда

Пачуй, Божа, гуканьне маё, * выслухай малітву маю!

Ад канцоў зямлі я клікаў Цябе, калі сэрца маё саслабла. * Уздымі мяне на скалу, для мяне недасяжную.

Бо для мяне Ты - мой прытулак, * абаронная вежа супраць ворага.

Каб толькі я мог заўжды жыць у Тваім жытле, * хавацца пад ценем крылаў Тваіх!

Бо Ты, Божа, выслухаў жаданьні мае, * і даў мне ў спадчыну тых, што баяцца імя Твайго.

Дадай дзён каралю, * прадоўжы гады ягоныя з пакаленьня ў пакаленьне.

Перад Богам хай ён вечна пануе; * дай ласку і вернасьць, каб сьцераглі яго.

Тады буду заўжды пяяць імю Твайму* і штодня выконваць абяцаньні мае.

Слава... цяпер...

Псалом 61

Начальніку хору Ідыфума. Псалом Давіда

Толькі ў Богу душа знаходзіць спачынак, * ад Яго прыходзіць мне дапамога.

Толькі Ён - моц мая і збаўленьне, * Ён мой абаронца, і я не пахіснуся.

Дакуль будзеце нападаць на чалавека, * усе разам старацца зваліць яго,

Быццам пахілую сьцяну* або мур, што развальваецца?

Яны задумалі скінуць мяне з вышыні, * зьвярнуліся да хлусьні;

Вуснамі сваімі бласлаўляюць, * а ў сэрцы праклінаюць.

Толькі ў Богу знойдзеш супакой, душа мая, * бо на Яго надзея мая.

Толькі Ён - моц мая і збаўленьне, * Ён мой абаронца, і я не пахіснуся.

Богу збаўленьне маё і хвала, * сіла мая; у Богу мой прытулак.

У кожны час спадзявайцеся на Яго, людзі! * Раскрыйце сэрцы вашыя перад Ім: Бог - наш прытулак.

Сыны людзкія - як подых ветру; * сыны магутных - марнасьць;

Калі іх пакласьці на шалі, яны ўзносяцца ўгару, * усе разам яны лягчэйшыя за подых.

Не спадзявайцеся на гвалт і не хваліцеся рабункамі; * да багацьцяў, - хоць бы яны і расьлі, - не прывязвайце сэрцаў.

Госпад сказаў слова; * я чуў пра дзьве рэчы:

„Сіла ў Бога, і міласэрнасьць ў Цябе, Госпадзе; * Ты аддаеш кожнаму паводле ўчынкаў яго".

Псалом 62

Псалом Давіда, калі ён быў у пустэльні Ідумэйскай

Божа, Ты - Бог мой! Цябе пільна шукаю. * Душа мае жадае Цябе,

Цябе шукае цела маё, * высахлае, бы зямля сасмаглая і бязводная.

Я шукаю Цябе ў сьвятыні, * каб убачыць сілу Тваю і славу Тваю.

Бо міласьць Твая лепшая за жыцьцё; * вусны мае будуць славіць Цябе.

Буду ўсхваляць Цябе, пакуль буду жыць, * і ў імя Тваё буду ўздымаць рукі мае.

Душа мая насыціцца, быццам тлушчам і аліваю, * вусны мае вясёлым голасам хваліць Цябе будуць.

Згадаю Цябе на маёй пасьцелі: * думаць пра Цябе буду падчас начных чуваньняў.

Бо Ты прыйшоў мне на дапамогу, * і ў цені крылаў Тваіх цешуся.

Да Цябе імкнецца душа мая, * правая рука Твая падтрымлівае мяне.

Тыя ж, што жадаюць загубіць душу маю, * зыйдуць у бездань апраметную.

Будуць аддадзеныя пад меч, * стануцца здабычаю шакалаў.

А ўладар будзе радавацца ў Богу; * хваліцца будзе кожны, хто Ім клянецца; * а вусны тых, што кажуць бясчынствы, будуць замкнёныя.

Псалом 63

Начальніку хору. Псалом Давіда.

Божа, пачуй голас мой, які ўзношу ў малітве, * сьцеражы маё жыцьцё ад пагарды ворага.

Схавай мяне ад намераў злачынцаў, * і ад зграі зласьлівых,

Якія навастрылі, як меч, языкі свае, * пускаюць атрутныя словы як стрэлы,

Каб употайку пацэліць у беззаганнага, * параніць яго зьнянацку, бяскарна.

Яны ўмацаваліся ў злым намеры, * намаўляюцца, каб употайку паставіць пасткі; * кажуць: „Хто нас убачыць?"

Задумваюць злачынствы, хаваюць свае намеры; * думкі і сэрцы кожнага поўныя хітрасьці.

Але вось Бог паражае іх стрэламі: * зьнячэўку пакрываюцца ранамі.

Язык іх уласны рыхтуе ім загубу; * усе, хто іх бачыць, хітаюць галовамі з асуджэньнем.

І страх абымае людзей, і яны славяць учынкі Божыя, * і разважаюць пра Ягоныя дзеі.

А праведнік цешыцца ў Госпадзе і спадзяецца на Яго, * і хваляцца ўсе правага сэрца.

Слава... цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 9

Псалом 64

Начальніку хору. Псалом Давіда. Песьня

Табе, Божа, належыць хвала на Сыёне; * Табе споўняцца абяцаньні ў Ерусаліме.

Да Цябе, што выслухоўваеш малітву, * прыходзіць кожны сьмяротны.

Беззаконныя ўчынкі прыгнятаюць нас: * Ты ж ачысьці правіны нашыя.

Шчасьлівы той, каго Ты выбраў і прыгарнуў: * ён будзе жыць у хорамах Тваіх.

О, каб нам насыціцца дабротамі дому Твайго, * сьвятасьцю сьвятыні Тваёй!

У справядлівасьці Тваёй выслухай нас, * Божа, Збавіцелю наш,

Дзівосны ў цудах Тваіх, * надзея ўсіх канцоў зямлі і тых, што далёка на моры.

Ты ўмацоўваеш горы сілаю Тваёю, * Ты падперазаны магутнасьцю.

Ты суцішаеш бурную глыбіню марскую, * шум хваляў і бунт народаў!

З-за цудаў Тваіх устрывожацца тыя, што жывуць на межах зямлі. * Надыход раніцы і вечара Ты ўпрыгожваеш.

Ты наведваеш зямлю і навадняеш яе, * узбагачаеш яе бязьмерна.

Струмень Божы поўны вады. * Ты рыхтуеш хлеб, бо так Ты ўладкаваў зямлю.

Ты навадняеш ейныя барозны, выраўноўваеш ейныя скібы, * разьмягчаеш яе кроплямі дажджу, і бласлаўляеш ейныя плады.

Вянчаеш год ласкаю Тваёю, * і сьляды Твае аплываюць сытою.

Пашы поўняцца расою, * узгоркі падпярэзваюцца радасьцю.

Лугі адзяюцца ў чароды (авечак), * і даліны пакрываюцца пшаніцаю.

Усё радасна ўсклікае і пяе.

Псалом 65

Начальніку хору. Песьня ўваскрасеньня

Сьпявай Госпаду, уся зямля! Слаўце ў песьнях імя Яго, * аддайце хвалу велічы Яго.

Скажыце Госпаду: „Якія цудоўныя творы Твае! * З-за велічы магутнасьці Тваёй дрыжаць перад Табою ворагі Твае.

Уся зямля хай пакланяецца Табе і пяе Табе, * хай славіць у песьнях імя Тваё, Усявышні!"

Прыйдзіце і гляньце на ўчынкі Божыя: * Ён учыніў цуды сярод сыноў людзкіх!

Ён перамяніў мора на сушу, і яны раку перайшлі пеша. * Таму і радуемся ў Ім.

У магутнасьці сваёй Ён пануе вечна; * вочы Ягоныя пільнуюць народы, каб не ўзьняліся бунтаўнікі.

Блаславіце, народы, Бога нашага, * і абвяшчайце славу велічы Яго.

Ён зьбярог жыцьцё душы нашай, * і назе нашай ня даў патыкнуцца.

Ты, Божа, дасьведчыў нас і выпрабаваў агнём, * як выпрабоўваюць срэбра.

Ты завёў нас у пастку, * усклаў на плечы нашыя цяжкае бярэмя;

Ты паклаў нас пад ногі людзям. * Мы перайшлі праз агонь і ваду, але Ты вывеў нас на свабоду.

Увайду ў дом Твой з цэлапаленьнямі, * і споўню перад Табою абяцаньні мае,

Што прамовілі вусны мае і язык мой, * калі я быў у бядзе.

Прынясу Табе тлустыя цэлапаленьні з дымам ахвярным з авечага тлушчу; * валоў і казлоў прынясу Табе.

Прыйдзіце, усе багабойныя, і я раскажу вам, * што ўчыніў Бог для душы маёй.

Я клікаў Яго вуснамі маімі* і ўзьвялічыў Яго языком маім.

Калі б у сэрцы маім я меў няправедныя намеры, * Госпад не выслухаў бы мяне.

Але Бог выслухаў мяне, * Ён пачуў голас маёй малітвы.

Блаславёны Бог, які не адкінуў просьбы маёй* і не аддаліў ад мяне сваёй міласэрнасьці.

Псалом 66

Начальніку хору. Псалом. Песьня

Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: * прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.

Каб мы маглі пазнаць на зямлі шлях Твой, * сярод людзей усіх збаўленьне Тваё.

Хай славяць Цябе, Божа, усе народы, * хай славяць Цябе ўсе людзі.

Хай узрадуюцца і ўсьцешацца ўсе народы, * бо Ты чыніш справядлівы суд людзям і кіруеш народамі на зямлі.

Хай славяць Цябе, Божа, усе народы, * хай славяць Цябе ўсе людзі.

Зямля дала плён свой: * Бог наш, Бог блаславіў нас.

Блаславі нас, Божа, * і хай баяцца Цябе ўсе канцы зямлі.

Слава... цяпер...

Псалом 67

Начальніку хору. Псалом Давіда. Песьня

Хай устане Бог, і разьбягуцца ворагі Яго* і ўцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.

Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае воск ад агню. * Так хай згінуць нязбожныя ад аблічча Божага.

А праведнікі хай усьцешацца і ўзрадуюцца перад Богам, * і ў радасьці хай сьвяткуюць.

Сьпявайце Богу, слаўце імя Яго, * узьвялічвайце Таго, хто ідзе пустыняю* - імя Яму Госпад* - і цешцеся перад Ягоным абліччам.

Бог у сьвятым жытле сваім* - айцец сіротаў і заступнік удоваў.

Бог дом рыхтуе для пакінутых, вызваляе палонных з аковаў, * толькі непакорлівыя застаюцца ў сухой пустэльні.

Божа, калі Ты ішоў перад народам Тваім, * калі Ты ішоў праз пустыню,

Зямля траслася, нябёсы таялі, * і Сынай дрыжаў перад Госпадам, Богам Ізраіля.

Шчодры дождж Ты, Божа, пасылаў на Твой набытак* і ўмацоўваў саслаблых.

Твой статак пасьвіўся там; * у дабрыні Тваёй, Божа, Ты даваў надзённае беднаму.

Госпад дае слова тым, * што абвяшчаюць радасьць з сілаю вялікаю:

„Цары з войскамі ўцякаюць, уцякаюць, * а жанчыны ў хаце дзеляць здабычу.

Пакуль вы спачывалі ў сваіх удзелах, * крылы галубкі пакрыліся срэбрам, а пёры зазьзялі золатам.

Калі Усемагутны расьсеяў там цароў, * горы Салмон пакрыліся сьнегам".

Горы Божыя, горы высокія, * горы вялікія, горы стромыя!

Чаму, стромыя горы, зайздросна глядзіце на гару, * якую Бог абраў сабе на жыльлё, на якой Госпад будзе жыць давеку?

Калясьніцаў Божых безьліч, тысячы тысячаў: * Госпад з Сынаю зыходзіць у сьвятыню.

Ты ўзышоў на вышыню, узяў палонных, * прыняў дары людзей, - нават упартых, - каб ім жыць з Табою, Госпадзе Божа.

Блаславёны Госпад на кожны дзень: * Ён аблягчае нашыя цяжкасьці і збаўляе нас!

Бог наш - Бог, які збаўляе. * У Госпада ратунак ад сьмерці.

Пэўна, Бог скрышыць галовы ворагаў сваіх, * кудлатае цемя закасьцянелага ў беззаконьнях.

Госпад сказаў: „З Басана прывяду назад; * выведу з марской глыбіні,

Каб ты памачыў нагу тваю у крыві ворагаў тваіх, * і язык сабакаў тваіх, каб атрымаў сваю частку".

Вось відаць ужо ўваход Твой, Божа, уваход Бога майго, * Уладара майго ў сьвятыню.

Сьпераду ідуць сьпевакі, ззаду музыкі, * пасярэдзіне дзяўчаты граюць на бубнах.

„На зборах вашых блаславіце Бога, * Госпада, усе нашчадкі Ізраіля!"

Там Бэніямін наймалодшы ідзе спераду, * князі Юды са сваімі войскамі, князі Забулёну, князі Нэфталі.

Пакажы, Божа, сілу Тваю; * умацуй, Божа, тое, што зрабіў для нас.

Дзеля сьвятыні Тваёй, што ў Ерусаліме, * каралі прынясуць Табе дары.

Утаймуй дзікага зьвера ў чароце* - статак валоў з цялятамі народаў, што хваляцца зьліткамі срэбра. * Разгані народы, што прагнуць вайны.

Хай прыйдуць вяльможы з Ягіпту; * Этыёпія хай працягне рукі свае да Бога.

Сьпявайце Богу, зямныя валадарствы, * слаўце ў песьнях Госпада, які крочыць па адвечных нябёсах нябёсаў.

Вось Ён грыміць магутным голасам: * „Прызнайце сілу Божую!"

Веліч Ягоная над Ізраілем, * а магутнасьць Ягоная на хмарах.

Грозны Бог у сьвятыні сваёй, Бог Ізраіля. * Ён дае сілу і моц народу свайму. Блаславёны Бог!

Слава... цяпер...

Псалом 68

Кіраўніку хору. Пра тых, што маюць перамяніцца. Псалом Давіда

Збаў мяне, Божа, * бо воды дайшлі да душы маёй.

Я заграз у глыбокай твані, * і ня маю дзе паставіць ногі мае;

Увайшоў у глыбіню водную, * і хвалі заліваюць мяне.

Я зьнямогся ад крыку, горла маё ахрыпла, * вочы саслаблі ад чаканьня Бога майго.

Тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны, * больш шматлікія за валасы на галаве маёй;

Ворагі мае, што няправедна перасьледуюць мяне, * дужэйшыя за мяне: ці ж мне трэба аддаць тое, чаго ня браў?

Божа, Ты ведаеш неразумнасьць маю, * мае правіны не схаваныя ад Цябе.

Хай не пасаромеюцца дзеля мяне* ўсе, што спадзяюцца на Цябе, Госпадзе Божа сіл:

Хай не пасаромеюцца ўсе, * што шукаюць Цябе, Божа Ізраіля.

Бо дзеля Цябе цярплю зьнявагі, * і ганьба пакрывае твар мой.

Я стаў чужым для братоў маіх, * і чужынцам для сыноў маці маёй.

Бо рупнасць пра дом Твой зьядае мяне, * і праклёны тых, што праклінаюць Цябе, падаюць на мяне.

Пастом я стаміў душу маю, * і гэта ставяць мне ў ганьбу.

Замест вопраткі апранаюся ў зрэб'е, * і сталася гэта нагодаю для іхніх насьмешак.

Пра мяне пляткараць тыя, што сядзяць у браме, * і з мяне насьміхаюцца тыя, што п'юць віно.

А я, Госпадзе, да Цябе з маёй малітваю: * у дзень прыемны выслухай мяне ў вялікай дабрыні Тваёй, * прыйдзі, Верны, мне на дапамогу.

Выцягні мяне з твані, каб мне не патануць; * збаў мяне ад тых, што ненавідзяць мяне і выратуй мяне з глыбіні воднай.

Няхай хвалі водныя не затопяць мяне, хай глыбіні не паглынуць мяне; * хай бездань не зачыніць нада мною пашчы сваёй.

Пачуй мяне, Госпадзе, бо ласкавая міласьць Твая; * дзеля мноства дабротаў Тваіх глянь на мяне.

Не хавай аблічча Твайго ад слугі Твайго, * бо я вельмі прыгноблены: хутка пачуй мяне.

Прыблізься да душы маёй і збаў яе; * дзеля ворагаў маіх уратуй мяне.

Ты ведаеш ганьбу маю, мой сорам і маю няславу: * перад вачыма Тваімі ўсе ворагі мае.

Ганьба скрышыла сэрца маё, і мне не стае сілаў; * я чакаў спагады, але яе няма; * пацехі - і той не знаходжу.

За ежу далі мне жоўць, * а калі сьмягнуў, напаілі мяне воцатам.

Хай іхні стол станецца для іх пасткаю, * а мірная бяседа - сілом.

Хай вочы іхнія зацьмяцца, каб ім ня бачыць, * хай сьцёгны іхнія саслабнуць назаўсёды.

Вылі на іх абурэньне Тваё, * і полымя гневу Твайго хай абдыме іх.

Хай дом іх будзе пусты, * і ў палатках іхніх хай не застанецца нікога жывога.

Бо яны перасьледвалі таго, каго Ты паразіў, * і павялічвалі боль тых, каго Ты параніў.

Да віны іхняй дадай віну, * і хай ня знойдуць у Цябе апраўданьня.

Хай будуць сьцёртыя з кнігі жывых, * і з праведнымі хай ня будуць запісаныя.

А я бедны і моцна цярплю: * дапамога Твая, Госпадзе, хай уздыме мяне.

Буду славіць у песьні Бога, * буду ўзьвялічваць Яго з удзячнасьцю.

І гэта будзе Богу больш прыемна, як прынесены вол, * або як цяля з рагамі і капытамі.

Убачаць гэта бедныя і ўсьцешацца, * і ажыве сэрца тых, што шукаюць Бога.

Бо Бог выслухоўвае бедных, * і ня пагарджае вязьнямі сваімі.

Хай аддадуць Яму хвалу неба і зямля, * мора, і ўсё, што жыве ў іх.

Бо Бог збавіць Сыён, адбудуе гарады Юды: * там будуць жыць і атрымаюць у спадчыну зямлю.

І нашчадкі слугаў Ягоных атрымаюць яе ў спадчыну; * тыя, што любяць імя Ягонае, будуць там жыць.

Псалом 69

Кіраўніку хору. Псалом Давіда на ўспамін аб збаўленьні

Божа, ратуй мяне; * Божа, прыйдзі хутчэй на дапамогу мне.

Хай будуць пасаромленыя і хай чырванеюць тыя, * што робяць засаду на мяне;

Хай адступяць з сорамам тыя, * што цешацца з майго няшчасьця;

Хай адступяць пакрытыя ганьбаю тыя, * што кажуць: „Але, так яму і трэба!"

Хай радуюцца і цешацца ў Табе* ўсе, што Цябе шукаюць,

І кажуць заўсёды: „Хай уславіцца Госпад!" * - тыя, што жадаюць Тваёй дапамогі.

Я ж бедны і няшчасны: * Божа, прыйдзі да мяне з дапамогаю.

Ты - мая дапамога і маё вызваленьне: * Госпадзе, не пазьніся!

Слава... цяпер...

Кат. 1 (Пс. 1-8) - Кат. 2 (Пс. 9-16) - Кат. 3 (Пс. 17-23) - Кат. 4 (Пс. 24-31) - Кат. 5 (Пс. 32-36) - Кат. 6 (Пс. 37-45) - Кат. 7 (Пс. 46-54) - Кат. 8 (Пс. 55-63) - Кат. 9 (Пс. 64-69) - Кат. 10 (Пс. 70-76)

КАТЫЗМА 10

Псалом 70

Псалом Давіда, сыноў Іянадававых і першых палоненых

У Табе, Госпадзе, я шукаю прытулку: * ня дай мне пасаромецца давеку.

У справядлівасьці Тваёй вызваль мяне і збаў мяне: * нахілі вуха Тваё да мяне і ацалі мяне.

Будзь мне скалою абароннаю і бясьпечным прытулкам, каб мне збавіцца: * бо Ты ўмацаваньне і сховішча маё.

Божа мой, выбаў мяне з рукі грэшніка, * з рукі злачынца і крыўдзіцеля.

Ты, Госпадзе Божа, - надзея мая; * на Цябе спадзяваўся я ад маладосьці маёй.

Ты - мая моц ад пачатку; * ад улоньня маці маёй Ты мой апякун: * Табе хвалу пяю няспынна.

Я стаўся нейкім дзівам для многіх; * але Ты - моц мая.

Хай мае вусны напоўняцца хвалою, * каб мне пяяць славу Тваю, увесь дзень узьвялічваць Цябе.

Не адкінь мяне ў старасьці маёй, * не забудзься на мяне, калі сілы мае саслабнуць.

Бо ворагі мае нагаворваюць супраць мяне, * цікуюць на душу маю, раяцца між сабою.

Яны кажуць: „Бог пакінуў яго, * ганіце і хапайце яго, бо няма таго, хто б яго вызваліў".

Божа, не аддаляйся ад мяне, * Божа мой, прыйдзі мне на дапамогу.

Хай пасаромеюцца і згінуць тыя, * што перасьледуюць душу маю;

Хай пакрыюцца сорамам і ганьбаю тыя, * што жадаюць мне зла.

Я ж буду заўжды спадзявацца (на Цябе) * і памнажаць усякую хвалу Тваю.

Вусны мае будуць абвяшчаць Тваю справядлівасьць; * увесь дзень - Твае дабрадзействы; бо ня ведаю іхняга ліку.

Увайду у сіле Гасподняй; * буду абвяшчаць толькі Тваю, Госпадзе, справядлівасьць.

Ты, Божа, навучаў мяне ад маладосьці маёй, * і я дасюль апавядаю пра цуды Твае.

І да старасьці, да веку пажылага, Божа, не адкідай мяне, * пакуль не раскажу пра моц Тваю наступнаму пакаленьню,

І пра справядлівасьць Тваю, Божа, што дасягае нябёсаў. * Вялікія рэчы стварыў Ты: * хто, Божа, падобны да Цябе?

Ты пасылаў на мяне вялікія і лютыя беды, * але пасьля зноў ажыўляў мяне, і з бездані зямлі выводзіў.

Ты явіў на мне веліч сваю і ўсьцешыў мяне, * і вывеў мяне з бездані зямлі.

Я буду славіць Цябе сярод людзей, Госпадзе, * на гусьлях буду пяяць славу Тваю, Сьвяты Ізраіля.

Вусны мае і душа мая, якую Ты збавіў, * узрадуюцца, калі буду пець Табе.

І язык мой будзе ўвесь дзень абвяшчаць справядлівасьць Тваю, * калі будуць пасаромленыя і пакрыюцца ганьбаю тыя, што жадаюць мне зла.

Псалом 71

Пра Саламона (Псалом Давіда)

Божа, дай справядлівасьць Тваю ўладару, * і праведнасьць Тваю - сыну ўладара.

Хай ён справядліва кіруе народам Тваім, * і праведна абыходзіцца з убогімі Тваімі.

Хай горы прынясуць людзям супакой, * а ўзгоркі - справядлівасьць.

Хай ён апекуецца ўпакоранымі, * ратуе сыноў убогіх і скарае прыгнятальніка.

І жыць будзе доўга, * як сонца і як месяц, праз ўсе пакаленьні.

Зыдзе, быццам дождж на траву, * і быццам кроплі, што падаюць на зямлю.

У дні ягоныя расквітнее справядлівасьць, * і будзе супакой і дастатак, аж пакуль не пяройдзе месяц.

І панаваць будзе ад мора да мора, * ад Ракі аж да канца зямлі.

Перад ім падуць ніцма этыёпы, * і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл зямны.

Каралі тарсійскія і выспы прынясуць яму дары, * каралі Арабіі і Сабы з дарамі прыйдуць.

І паклоняцца яму ўсе каралі зямлі, * і ўсе народы будуць служыць яму.

Бо Ён вызваліць беднага ад (уціску) магутнага, * і ўбогага, які ня мае памочніка.

Збавіць беднага і ўбогага, * выратуе жыцьцё бедаку.

Ад крыўды і несправядлівасьці выбавіць іх, * і імя Ягонае будзе пачэсным сярод іх.

І будзе жыць, і дадуць Яму золата з Сабы, * і будуць маліцца заўсёды за Яго, няспынна бласлаўляць Яго.

Дастатак будзе на зямлі, на вяршынях узгоркаў зашумяць каласы, * быццам лясы Лібану.

І жыхары гарадоў памножацца, * як трава польная.

Імя Ягонае блаславёнае будзе давеку* і будзе трываць доўга, як сонца.

Усе плямёны зямлі будуць блаславёныя ў Ім, * і ўсе народы будуць зваць Яго шчасьлівым.

Блаславёны Госпад Бог Ізраіля, * адзіны, хто творыць цуды!

Усяхвальнае імя Яго блаславёнае давеку, і на век вякоў. * І хай напоўніцца славаю Ягонаю ўся зямля.

Хай станецца так, * хай станецца!

Слава... цяпер...

Псалом 72

Псалом Асафа

Які добры Бог да Ізраіля, * да людзей чыстага сэрца!

А мае ногі ледзь не спатыкнуліся*; яшчэ крыху, і я б пасьлізнуўся,

Бо я пазайздросьціў нязбожным, * калі ўбачыў, як шчасьціць грэшнікам.

Яны ня церпяць бяды, * цела ў іх гладкае і здаровае,

Няма іх на цяжкай працы, * і ўціску ня знаюць яны, як іншыя людзі.

Таму пыха, быццам нашыйнік - іхняя аздоба, * і дзёрзкасьць, быццам вопратка, атуляе іх.

З атлусьцелага сэрца плыве няправеднасьць, * родзяцца марныя задумы.

Насьміхаюцца з усяго; * наводзяць злосныя паклёпы; гавораць з пагардаю.

Вуснамі сваімі ўзьнімаюцца да неба, * а язык іхні гуляе па зямлі.

І вось мой народ цягнецца да іх, * і іхнія дні аплываюць дастаткам.

Кажуць яны: „Як Бог даведаецца? * Ці ж Усявышні ведае ўсё?"

Грэшнікі заўжды бесклапотныя* і ўзрастае іхняе багацьце.

Дык можа я дарэмна захаваў сэрца маё чыстым* і абмываў у нявіннасьці рукі свае?

Я ж увесь час мучуся, * і кожны дзень цярплю пакараньне.

Але калі б я сказаў: „Буду разважаць, як яны",* я б адрокся ад роду сыноў Тваіх.

І я спрабаваў зразумець усё гэта, * але яно падалося цяжкім мне,

Пакуль я не ўвайшоў у сьвятыню Божую* і не зразумеў, якім будзе іхні канец.

Сапраўды, Ты іх паставіў на коўзкай дарозе, * і гвалтоўна скідаеш у бездань.

Як яны імгненна ўпалі, загінулі, прапалі ў вялікім страху!

Як той, хто прачнуўся, адкідае сонную мрою, * так і Ты, Госпадзе, узьняўшыся, адкідаеш іх у месьце Тваім.

Калі сэрца маё было поўнае горычы, * і нутро пранятае болем,

Я ня цяміў, * быў як жывёла бяздумная перад Табою.

Але я быў заўсёды з Табою: * Ты ўзяў мяне за правую руку.

Цяпер накіроўвай мяне радаю Тваёю* і ў канцы прымі мяне да хвалы Тваёй.

Хто апроч Цябе для мяне на небе? * Калі я з Табою, нічога не хачу на зямлі.

Зьнемагаюць цела маё і сэрца: * Бог - умацаваньне сэрца майго і доля мая давеку.

Вось гінуць тыя, што ад Цябе адышлі; * Ты нішчыш тых, хто блукае далёка ад Цябе.

А для мяне шчасьце быць блізка да Бога, * і ў Госпадзе мець свой прытулак:

У брамах Сыёну буду абвяшчаць усе ўчынкі Твае.

 

Псалом 73

Навука Асафа

Чаму Ты, Госпадзе, зусім нас адкінуў, * чаму загарэўся гневам на авечак статку Твайго?

Прыгадай гурт Твой, які Ты прыдбаў сабе напачатку, * спадчыну, якую Ты набыў; * гару Сыён, на якой Ты заснаваў жытло сабе.

Накіруй крокі Твае да руінаў, якім няма канца: * вораг спустошыў усё ў сьвятыні.

Ворагі Твае рычаць сярод збораў Тваіх, * паставілі сьцягі свае на знак перамогі,

Не зважаючы на нішто, * пры ўваходзе высока

Быццам у гушчары, яны вырубілі ўсе ейныя брамы; * секерай і молатам разьбілі яе.

Агнём пусьцілі сьвятыню Тваю, * на зямлі апаганілі месца, дзе жыве імя Тваё.

Сказалі ў сэрцы сваім: „Зьнішчым усіх іх".* Спалілі ўсе Божыя месцы збораў у краіне.

Знакаў нашых больш не відаць, няма прарока, і няма сярод нас нікога, хто б ведаў, як доўга так будзе.

Дакуль, Божа, вораг будзе зьдзекавацца? * Ці ж вечна непрыяцель будзе зьневажаць імя Тваё?

Чаму адвяртаеш руку Тваю, * руку Тваю правую трымаеш схаванаю?

Ты ж, Божа, - Уладар наш спрадвеку, * Ты чыніш збаўленьне пасярод зямлі.

Ты разьдзяліў мора сілаю Тваёю, * скрышыў галовы зьмяіныя ў вадзе.

Ты раздрабіў лоб левіятана, * марскім пачварам аддаў яго на спажыву.

Ты адчыніў крыніцы і струмені, * Ты высушыў паўнаводныя рэкі.

Твой дзень і Твая ноч. * Ты стварыў месяц і сонца.

Ты ўстанавіў межы зямлі, * лета і зіму стварыў Ты.

Прыгадай, як вораг некалі глуміўся з Госпада, * і народ бязглузды зьневажаў імя Тваё.

Не аддай каршуну жыцьця галубкі Тваёй, * ніколі не забудзься на жыцьцё ўбогіх Тваіх.

Успомні саюз Твой, * бо зямныя сховішчы і палі напоўніліся гвалтам.

Няхай прыгноблены не вернецца з сорамам, * няхай бедны і ўбогі хваляць імя Тваё.

Устань, Божа, абарані справу Тваю, * памятай зьнявагу, якую Табе кожны дзень паказваў неразумны.

Не забудзься на крык Тваіх праціўнікаў. * Голас тых, што паўстаюць супраць Цябе, няспынна ўзносіцца ўгору.

Слава... цяпер...

Псалом 74

Кіраўніку хору. „Не загубі". Псалом песьні Асафа

Славім Цябе, Божа, славім Цябе, * імя Тваё клічам, абвяшчаем цуды Твае.

„Калі вызначу час, * буду судзіць справядліва.

Калі хістаецца зямля і ўсё, што жыве на ёй, * Я ўмацую стаўпы яе.

Кажу дзёрзкім: "Адкіньце дзёрзкасьць!"; * а грэшнікам: "Не ўздымайце рогаў вашых!".

Не ўздымайце рогаў супраць Найвышэйшага, * не гаварыце дзёрзка супраць Бога.

Бо ані з усходу, ані з захаду, * ані з пустыні, ані з гораў ня прыйдзе суд.

Адзін Бог - судзьдзя: * аднаго паніжае, другога ўзвышае.

Бо ў руцэ ў Госпада чаша, што пеніцца, * поўная віна прыпраўленага.

І Ён дае з яе піць. * Аж да самай гушчы п'юць усе нязбожныя зямлі.

А я буду цешыцца давеку, * буду пяяць Богу Якубаваму.

Усе рогі нязбожнікаў пазьбіваю, * а рогі праведніка ўзьнясуцца ўгору.

 

Псалом 75

Начальніку хору. Псалом Асафа. Песьня пра асырыйца

Бог вядомы ў Юдэі; * у Ізраілі вялікае імя Ягонае.

У Саліме быў набытак Ягоны, а жытло Ягонае - на Сыёне.

Там Ён паламаў стрэлы луку, * шчыт, меч і зброю.

Ты, Магутны, * прыйшоў у зьзяньні ад гораў вячыстых.

Моцныя сэрцам сталі здабычаю і заснулі сном сваім, * а рукі дужых памлелі;

Ад Тваёй пагрозы, Божа Якуба, * здраньцьвелі коні з калясьніцамі.

Страшны Ты, * і хто ўстаіць перад абліччам Тваім у час гневу Твайго?

З нябёсаў Ты абвясьціў Твой прысуд. * Зямля спалохалася і змоўкла,

Калі Бог узьняўся на суд, * каб збавіць пакорлівых на зямлі.

Сапраўды, гнеў людзей абернецца на славу Табе, * а рэшту іхняга гневу Ты ўтаймуеш.

Давайце і спаўняйце абяцаньні Госпаду Богу вашаму; * хай усе, што навокал Яго, прынясуць дары Таму, каго баяцца.

Ён утаймоўвае дух князёў, * баяцца Яго ўладары зямлі.

 

Псалом 76

Кіраўніку хору Ідыфума. Псалом Асафа

Голас мой уздымаецца да Бога - клічу; * голас мой да Бога, каб Ён пачуў мяне.

Шукаю Госпада ў дзень нядолі маёй; * уночы ўздымаю няспынна рукі мае, душа мая адмовілася ад суцяшэньня.

Як толькі згадаю пра гэта, Божа, - стагну; * млею духам, калі разважаю.

Не даеш сну вачом маім; * я ўстрывожаны, адняло мне мову.

Думаю пра даўнія дні, * успамінаю гады ранейшыя.

Размышляю ўночы ў сэрцы сваім, * разважаю, і дух мой дапытваецца:

Ці ж Бог адкіне навекі, * і ня будзе больш спагадлівым?

Ці назаўжды вычарпаецца ласка Ягоная, * ці забярэ назад абяцаньне сваё, што даў усім пакаленьням?

Ці ж Бог забыўся на літасьць? * Ці ў гневе спыніў сваю міласэрнасьць?"

І кажу: „Гора маё, * што правая рука Усявышняга адхінулася".

Успамінаю ўчынкі Гасподнія, * прыгадваю ранейшыя цуды Твае.

Разважаю пра ўсе ўчынкі Твае, * і пра дзеі Твае думаю.

Божа! Дарога Твая сьвятая: * які бог роўны веліччу Богу нашаму?

Ты - Бог, што чыніш цуды, * Ты сярод народаў явіў магутнасьць Тваю.

Ты выбавіў моцнай рукою народ Твой, * нашчадкаў Якуба і Язэпа.

Воды ўбачылі Цябе, Божа, воды ўбачылі і задрыжэлі, * і нават скалынуліся бездані.

З хмараў палілася вада, хмары падалі голас, * і паляцелі стрэлы Твае.

Гром Твой загучаў у буры, маланкі зазьзялі на ўвесь сьвет, * здрыганулася і затрэслася зямля.

Праз мора дарога Твая, сьцяжына Тваю праз вялікія воды, * і сьлядоў Тваіх не відаць.

Ты вёў народ Твой як статак* рукою Майсея і Аарона.

Слава... цяпер...

Катызмы 11-20 (Пс. 77-150)


Вярнуцца назад