Галоўная > Вялікі тыдзень > Уваход у Ерусалім Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вербніца)
Уваход у Ерусалім Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вербніца)18 лютага 2008. |
|
"Бог сваю любоў да нас даказвае тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы яшчэ былі грэшнікамі" (Рым 5:8) У Вялікі Тыдзень Сьвятая Царква ў сваіх багаслужэньнях дае нам магчымасьць перажыць разам з Хрыстом Ягоныя апошнія дні на зямлі, Ягоныя пакуты, крыжовую сьмерць і пахаваньне. У сапраўднасьці Вялікі Тыдзень трывае толькі шэсьць дзён, бо ў першы дзень тыдня – нядзелю, – Царква сьвяткуе ўваход Хрыста ў Ерусалім. Хрыстос ведаў, што яго чакалі наперадзе пакуты і сьмерць, бо "немагчыма, каб прарок памёр вонках Ерусаліму" (Лк 13:33). Тым ня менш сьвята мае радасны і ўрачысты характар. Багаслужэбныя тэксты робяць націск на Боства Таго, хто ўязджае ў Сьвяты Горад. Ён Той, хто мае за пасад неба, і за падножак зямлю, Сын спрадвечны і Слова Бога Айца. Сёньня Ён "панізіўся, сеўшы на бяздумнае асьля". Ён ідзе "на мукі, каб споўніць закон і прароцтвы". У сапраўднасьці Ягоны ўваход пераможны: Ён "сеў на асьля, быццам на калясьніцу, каб здабыць сабе ўсе народы". Таму дзеткі, якія вітаюць Яго воклічам "Гасанна", прадвяшчаюць радасьць Уваскрасеньня. Многія з тых, што выйшлі Хрысту насустрач, думалі, што Ён – Мэсыя, "Памазаньнік Божы", асабліва таму, што яны чулі, як Ён уваскрасіў Лазара. У тым часе ўвесь гэбрэйскі народ быў ахоплены чаканьнем хуткага прыйсьця Мэсыі. Аднак ва ўяўленьні большасьці Мэсыя быў ня столькі рэлігійным як палітычным правадыром, які меў вызваліць народ ад чужога панаваньня і адбудаваць каралеўства Давіда. Сьціплы ўезд Хрыста на асьляці не сумяшчаўся з гэтым уяўленьнем, і таму быў непрыймальным, асабліва для тых, што ўважалі сябе за правадыроў народу – сьвятароў, фарысэяў і кніжнікаў. Толькі нявінныя дзеткі адчулі чыстай душою, хто быў Той, што ўваходзіў у Сьвяты Горад, і віталі яго радаснымі воклічамі: "Гасанна! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Вялікі Тыдзень у сьціслым сэнсе пачынаецца ў панядзелак. Гэты дзень, а таксама аўторак і серада, былі апошнімі днямі публічнай дзейнасьці Хрыста. Ён навучаў у сьвятыні, вёў спрэчкі з фарысэямі, садукеямі і сьвятарамі, якія хацелі злавіць Яго на слове, каб пасьля абвінаваціць. Хрыстос ня толькі адказваў ім, але выкрываў іхнюю няшчырасьць і крывадушнасьць. Такім чынам нарастаў канфлікт, які непазьбежна вёў да трагічнага канца. Можна сказаць, што гэтыя дні праходзілі пад ценем Крыжа. Гэта адчуваецца ў багаслужэньнях, у якіх прысутны матыў цярпеньняў праведніка. Са старазапаветных чытаньняў бярэцца Кніга Ёва – клясычны вобраз праведнага пакутніка. У Вялікі Панядзелак на ютрані згадваецца сын патрыярха Якуба, праведны Язэп, які быў прададзены сваімі братамі ў няволю. Іншая Кніга Старога Запавету, якая чытаецца праз увесь тыдзень, гэта Кніга Выхаду, у якой гаворыцца пра выбаўленьне гэбрэйскага народу з Ягіпскай няволі пад кіраўніцтвам Майсея. Майсей – правобраз Хрыста: як той вывеў свой народ з няволі, правёўшы яго праз Чырвонае Мора, так Хрыстос праз Крыж і ўваскрасеньне перавёў людзей ад сьмерці да вечнага жыцьця. Другі матыў у багаслужэньнях гэтых дзён – гэта другое прыйсьце Хрыста, канец сьвету і апошні суд, а таксама патрэба быць чуйным і прыгатаваным, бо гэтае прыйсьце будзе нечаканым. Перасьцярогаю для нас павінен быць лёс смакоўніцы, якая была праклятая Хрыстом і ссохла, бо ня мела пладоў (Мц. 21:18-19): Пра патрэбу чуйнасьці нагадваюць таксама прыповесьці пра разумных і неразумных дзеваў (Мц. 25:1-13), пра таленты (Мц. 25:14-30) і інш. У трапары на ютрані кажацца: "Вось Жаніх ідзе апоўначы, і шчасьлівы той слуга, каго Ён знойдзе нядрэмным; нягодны ж той, каго засьпее бязьдзейсным…". У Вялікую сераду ў Евангельлі ад Мацьвея (Мц. 26:6-16), якое чытаецца ўвечары, расказваецца пра грэшную жанчыну, якая выліла каштоўны духмяны алей на галаву Ісуса і абцерла Ягоныя ногі сваімі валасамі. Ёй супрацьстаўляецца страшны ўчынак Юды, які прадаў свайго Настаўніка: "Бессардэчны Юда бачыў, як грэшніца цалавала ногі Твае, і вырашыў пацалункам падступна прадаць Цябе. Яна разьвязала валасы свае, а ён быў зьвязаны злосьцю. Замест духмянага алею ён прынес смурод нянавісьці, бо зайздрасьць сьляпая на дабро". Праз усе тры дні ад панядзелка да серады служыцца Літургія раней асьвячаных дароў. Чысты Чацьвер – дзень Апошняй Вячэры, на якой Хрыстос устанавіў сьвятую Эўхарыстыю, або тайну Свайго Цела і Крыві пад выглядам хлеба і віна. Вялікі Сьвятар, Ён даў таксама вучням сваім, а праз іх іхнім наступнікам, сьвятарскую моц прыносіць Эўхарыстычную ахвяру, калі загадаў ім рабіць тое самае на ўспамін пра Яго. Перад вячэраю Хрыстос памыў ногі сваім вучням. Бо Ён прыйшоў, не каб Яму служылі, але каб паслужыць, і даў прыклад тым, што хочуць ісьці сьледам за Ім: "Калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб як Я зрабіў вам, рабілі і вы" (Ян. 13.14-15). Сярод вучняў, якім Хрыстос памыў ногі і якія бралі ўдзел у Вячэры, быў таксама Юда. У літургічных сьпевах гаворыцца, што ён "маючы яшчэ ў вуснах Нябесны Хлеб, ужо рыхтаваў здраду Збавіцеля". У гэты дзень, у адрозьненьне ад папярэдніх, служыцца поўная Літургія сьв. Базыля ў спалучэньні з вячэрняй. Замест хэрувімскай песьні сьпяваецца "Зрабі мяне сёньня, Сыне Божы, удзельнікам Тваёй тайнай вячэры". Вялікая Пятніца мае характар, адменны ад усіх іншых дзён. Царква быццам стаіць у маўчаньні і са страхам глядзіць, як Бог памірае за людзей. Літургіі – нават Літургіі раней асьвячаных Дароў – няма, бо ў гэты дзень Хрыстос прыносіцца не пад выглядам хлеба і віна, але ва ўласнай асобе. Дзень пачынаецца службаю "Пакутаў Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста" або ютраньню з дванаццацьцю евангельскімі чытаньнямі пра пакуты і сьмерць Хрыста. Чытаньні чаргуюцца з асобымі антыфанамі і іншымі сьпевамі, у якіх перагукваюцца пачуцьці ўсхваленьня Госпада, пакланеньня, жалю, і жаху перад учынкам богазабойцаў. Такім чынам Царква крок за крокам перажывае разам з Хрыстом апошнія гадзіны Ягонага жыцьця на зямлі: Апошнюю Вячэру, малітву ў Гетсыманскім садзе, арышт, допыт на двары першасьвятара, суд Пілата, крыжовую дарогу, укрыжаваньне на Галгоце, сьмерць і пахаваньне. Аднак сьмерць Хрыста не была паразаю. У час, калі, здавалася, усё было страчаным і на сьвеце запанавала непраглядная цемра, Ён зьдзейсьніў вялікую перамогу над сьмерцю і дараваў вечнае жыцьцё роду людзкому. Пра гэта гаворыцца ў трапары дня: "Ты выкупіў нас ад праклёну законнага Тваёй пачэснай крывёю: прыбіты да Крыжа і прабіты кап'ём, Ты, Чалавекалюбча, дараваў людзям несьмяротнасьць. Збавіцелю наш, слава Табе!". Кананічныя гадзіны ў гэты дзень называюцца вялікімі або "царскімі". На іх бываюць чытаньні са Старога і Новага Запаветаў. Адмысловыя "мэсыянскія" псалмы згадваюць пра Мэсыю, "Памазаньніка Божага", – іншасказальна (Пс 68, 69), дзе Ён стоены за вобразам Давіда, або літаральна, як напрыклад у Псалме 2, дзе гаворыцца пра годнасьць Мэсыі. У Псалме 21 з вялікай дакладнасьцю даецца апісаньне Ягоных цярпеньняў. Вячэрня ў Вялікую Пятніцу сканчаецца "вынасам плашчаніцы", або абрадам пахаваньня Хрыста. Субота – апошні дзень тыдня, у які Бог супачыў пасьля шасьці дзён тварэньня. У гэты дзень Госпад Ісус Хрыстос супачыў у нетрах зямлі пасьля таго, як скончыў сваёй сьмерцю на крыжы справу адкупленьня і збаўленьня роду людзкога, як гаворыцца ў адной песьні: "Майсей даў нам таемна вобраз гэтага дня, калі сказаў: I блаславіў Бог дзень сёмы. Гэта ёсьць блаславёная субота, дзень адпачынку, у які адзінародны Сын Божы супачыў пасьля ўсіх працаў сваіх. Памёршы згодна са збавенным провідам, Ён захаваў суботу ў целе сваім. Калі Ён вярнуўся да свайго першага стану, Ён даў нам жыцьцё вечнае, як адзіны добры і Чалавекалюбец". Ютрань Вялікай Суботы пачынаецца "надмагільным плачам", строфы якога чаргуюцца з вершамі 118 псалму. Адразу пасьля плачу тон мяняецца і сьпяваюцца ўваскросныя песьні з нядзельнай ютрані: "Хор анёлаў зьдзівіўся, убачыўшы сярод мёртвых Цябе, Збавіцелю, які зьнішчыў сілу сьмерці, Адама ўзьняў з сабою і ад пекла вызваліў нас". Канон ютрані мае тэмаю зыход Хрыста ў падзем'е і перамогу над сьмерцю. Вячэрня Вялікай Суботы разам з Літургіяй сьв. Базыля – гэта чаканьне Ўваскрасеньня. Таму яна пачынаецца ўваскроснымі нядзельнымі песьнямі 1 тону: "Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты Адзіны, які даў сьвету ўваскрасеньне". У чытаньнях са Старога Запавету даюцца прыклады Божага збаўленьня (пераход гэбрэяў праз Чырвонае Мора, кніга прарока Ёны, уваскрасеньне памерлых праз прарокаў Ільлю і Елісея, збаўленьне ў Бабілёне трох гэбрэйскіх юнакоў, укінутых у распаленую печ і інш.). На Літургіі замест "Сьвяты Божа…", сьпяваецца "Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся", на ўспамін аб тым, што ў ранейшыя часы на гэтым месцы адбываўся хрост катэхумэнаў, г. зн. тых, што жадалі прыняць веру Хрыстовую і былі да гэтага належна прыгатаваныя. У чытаньні з ліста да Рымлянаў гаворыцца аб значэньні хросту: "Мы пахавалі сябе з Ім (Хрыстом) хрышчэньнем у сьмерць, каб нам увайсьці ў новае жыцьцё – як Хрыстос уваскрос з мёртвых дзякуючы славе Айца". (Рым 6.4): Евангельле ад Мацьвея (28:1-20) гаворыць пра жанчынаў-міраносіцаў ля Хрыстовай магілы, і пра тое, як уваскрослы Хрыстос зьявіўся апосталам у Галілеі. Замест Хэрувімскай песьні на Літургіі сьпяваецца гімн з Літургіі сьвятога Якуба: "Хай маўчыць усё стварэньне, хай стаіць у страху і хваляваньні, і хай нішто зямное не кранае яго, бо вось Уладар уладароў і Госпад тых, што пануюць, прыходзіць, каб прынесьці ў ахвяру сябе і даць сябе на спажытак верным…" Падзеі Вялікага Тыдня – найбольш драматычныя і значныя ў гісторыі чалавецтва, бо без Крыжовай сьмерці Хрыста не было б радасьці Ўваскрасеньня. Крыж у Вялікую Пятніцу і пустая магіла ў Вялікдзень непадзельна зьвязаныя паміж сабою ў Божым провідзе збаўленьня і адкупленьня роду людзкога. ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 6): Сёньня сабрала нас ласка Духа Сьвятога і мы, узяўшы крыж, усклікаем: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Гасанна на вышынях!". (Двойчы) Той, хто мае за пасад неба, і за падножак зямлю, Сын спрадвечны і Слова Бога Айца, сёньня, прыйшоўшы ў Бэтанію, панізіўся, сеўшы на бяздумнае асьля. Таму і дзеці гэбрэйскія, узяўшы ў рукі вербныя галінкі, голасна ўславілі Яго, клічучы: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць, Уладар Ізраільскі!". Прыйдзем сёньня і мы, увесь новы Ізраіль, царква ўсіх народаў, і ўсклікнем разам з прарокам Захарам: Радуйся, дачка Сыёну, абвяшчай на ўвесь сьвет, дачка Ерусаліму, што вось ідзе да цябе Ўладар твой, ласкавы і збавенны, седзячы на асьляці, на сыне пад'ярэмнай. Сьвяткуй разам з дзеткамі, трымаючы ў руках галінкі, і ўсклікай: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць, Уладар Ізраільскі!". Каб даць нам вобраз сьвятога ўваскрасеньня Твайго, Ты загадаў устаць памерламу прыяцелю Твайму Лазару, які ўжо чацьвёрты дзень ляжаў без дыханьня ў магіле і пачаў пахнуць. Потым Ты, Збавіцелю, сеў на асьля, быццам на калясьніцу, каб здабыць сабе ўсе народы. Дзеля гэтага Твой умілаваны Ізраіль вуснамі немаўлят і нявінных дзетак аддаў славу Табе, калі Ты, за шэсьць дзён перад Пасхаю, увайшоў у сьвяты горад. За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, і прыступілі да Яго вучні Ягоныя, пытаючыся: "Госпадзе, дзе хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе есьці Пасху?". Ён паслаў іх, кажучы: "Ідзеце ў суседнюю вёску і ўбачыце там чалавека, які нясе збан вады; ідзеце за ім і скажэце гаспадару дому: Настаўнік кажа – хачу ў цябе есьці Пасху з вучнямі Маімі". Слава ...: (Тон 6): Сёньня сабрала нас ласка Духа Сьвятога і мы, узяўшы крыж, усклікаем: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Гасанна на вышынях!". Цяпер ...: тое самае. Пракімен нядзельны Чытаньне кнігі Быцьця (49:1-2; 8-12)
Якуб сабраў сыноў сваіх, кажучы: "Зьбярыцеся разам, каб я мог вам сказаць, што вас чакае ў будучыні. Зьбярыцеся і слухайце, сыны Якуба. Слухайце Ізраіля, бацьку вашага. Юда, цябе славіць будуць браты твае, бо рука твая на шыі ворагаў тваіх. Сыны бацькі твайго будуць кланяцца табе. Юда, сыне мой, быццам малады леў, ты ад здабычы ўзьнімаешся. Быццам леў, ён заснуў, або быццам львіца: хто наважыцца абудзіць яго? Скіпетр ня будзе адняты ад Юды, ані жэзл спаміж ног ягоных, пакуль не зьявіцца той, каму ён належыць і знойдзе паслушэнства сярод народаў. Ён прывяжа асла свайго ля вінаградніка, сына асьліцы да найлепшае вінаграднае лазы. У віне вымые ён вопратку сваю, у соку вінаградным – адзеньне сваё. Поўныя радасьці будуць вочы ягоныя ад віна, і зубы ягоныя бялейшыя за малако". Чытаньне кнігі прарока Сафонія (3:14-19)
Так кажа Госпад: "Радуйся, дачка Сыёну, сьвяткуй, Ізраіль, цешся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліму! Госпад адмяніў прысуд твой, разагнаў ворагаў тваіх. Госпад, Уладар Ізраільскі, з табою, ужо больш ня ўбачыш гора. У той дзень скажуць Ерусаліму: "Ня бойся", і Сыёну: "Хай не аслабеюць рукі твае. Госпад, Бог Твой з табою, Усемагутны збавіць цябе. Ён прынясе табе радасьць, абновіць цябе ў любові сваёй, будзе цешыцца і радавацца з табою, быццам у сьвята. Тых, што наракаюць, і нездаволеных забяру ад цябе: хай яны ня будуць для цябе цяжарам. Праганю тады ўсіх прыгнятальнікаў тваіх, падтрымаю тых, што спатыкнуліся, зьбяру зноў расьцярушаных; учыню ім хвалу, і будуць слаўнымі па ўсёй зямлі". Чытаньне кнігі прарока Захара (9:9-15)
Радуйся, дачка Сыёну, весела ўсклікай, дачка Ерусаліму! Вось Уладар твой ідзе да цябе, справядлівы і пераможны. Ён ціхманы: едзе на асьляці – на асьляці, сыне пад'ярэмнай. Ён сатрэ ў порах калясьніцы ў Яфрэме і коней у Ерусаліме; разаб'е на кавалкі лукі, абвесьціць супакой людзям. Ён пашырыць уладаньне сваё ад мора да мора, ад берагоў ракі аж да канцоў зямлі". З увагі на кроў саюзу, што Я з табою заключыў, Я вызвалю вязьняў тваіх з ямы бязводнай. Вернуцца да цябе, дачка Сыёну, выгнаньнікі надзеі. Запэўніваю цябе сёньня, што ўзнагароджу цябе падвойна. Бо трымаю Юду ў гатоўнасьці, нацягваю лук Яфрэма; накіроўваю сыноў тваіх, Сыёне, быццам кап'ё, супраць сыноў Явана; зраблю цябе мячом уладара". Госпад зьявіцца ім, быццам маланкі, палятуць Ягоныя стрэлы; зайграе на трубе Госпад, Уладар усемагутны, прыйдзе ў шуме паўдзённага ветру. Госпад сілаў будзе іх ахоўваць. Ліцьця
(Тон 1): Дух Сьвяты, які навучыў апосталаў гаварыць рознымі мовамі, загадвае нявінным дзецям Ізраільскім клікаць: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць, Цар Ізраільскі!".
Спрадвечны Сын і Слова Айца, сеўшы на бяздумнае асьля, прыходзіць сёньня ў Ерусалім. Дзеці з галінкамі ў руках аддаюць хвалу Таму, на каго хэрувімы зірнуць ня сьмеюць, і сьпяваюць: "Гасанна на вышынях, гасанна Сыну Давідаваму, што прыходзіць вызваліць ад спакусы род наш!". За шэсьць дзён да Пасхі голас Твой, Госпадзе, быў чутны ў глыбіні апраметнай, калі Ты ўзьняў чатырохдзённага Лазара; дзеткі ж гэбрэйскія ўсклікнулі: "Гасанна, Божа наш, слава Табе!". (Тон 2): Ты, Госпадзе, пайшоў на мукі, каб споўніць закон і прароцтвы, і ўехаў у сьвяты горад, седзячы на асьляці; дзеці гэбрэйскія, прадвяшчаючы перамогу ўваскрасеньня, сустрэлі Цябе з вербнымі галінкамі і воклічамі: "Блаславёны Ты, Збавіцелю наш, змілуйся над намі!". Слава Табе, Хрысьце, які на вышынях сядзіш на пасадзе, і якога мы сёньня чакаем разам з крыжом Тваім. Цешыцца дачка Сыёну, і ўсе народы зямлі поўняцца радасьцю; дзеткі трымаюць галінкі ў руках, і вучні падсьцілаюць вопраткі свае, і ўвесь бачны сьвет усклікае: "Блаславёны Ты, Збавіцелю, зьмілуйся над намі!". Слава ... Цяпер ... (Тон 3): За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, каб вярнуць да жыцьця памерлага чатырохдзённага Лазара і абвясьціць уваскрасеньне. Сустрэлі Яго жанчыны, Марыя і Марта, сёстры Лазара, кажучы: "Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат наш". Тады Ён кажа ім: "Не памёр брат ваш; ці ж не прадказаў Я вам, што той, хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе? Пакажыце мне, дзе яго пахавалі". I крыкнуў моцным голасам Творца ўсіх: "Лазар, выйдзі вон!". Вершапесьні (Тон 8): Радуйся і цешся, Сыёне, красуйся і весяліся, Божая Царква, бо вось Уладар твой ідзе ў справядлівасьці, седзячы на жарабяці і прымаючы хвалу ад дзетак, якія ўсклікаюць: "Гасанна на вышынях, Блаславёны Ты, Крыніца міласэрнасьці. Зьмілуйся над намі!". Верш: Вуснамі дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу. Прыходзіць сёньня Збавіцель у Ерусалім, каб споўніць напісанае пра Яго, і ўсе, узяўшы ў рукі вербныя галінкі, вопраткі свае падсьцілаюць Яму, ведаючы, што Ён Бог наш, якога няспынна славяць хэрувімы, усклікаючы: "Гасанна на вышынях, блаславёны Ты, крыніца вялікай міласэрнасьці. Зьмілуйся над намі!". Верш: Госпадзе, Госпадзе наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Ты, Ласкавы Госпадзе, якога носяць хэрувімы і сэрафімы славяць, сёньня, як Давід, сеў на жарабя, і дзеткі аддалі Табе хвалу, належную Богу, а гэбрэі нязбожна абмаўлялі Цябе. Твой уезд на жарабяці прадвяшчаў навярненьне ад нявер'я да веры ўсіх народаў. Слава Табе, Хрысьце, адзіны міласэрны і чалавекалюбны! Слава ... Цяпер ... (Тон 6): Сёньня сабрала нас ласка Духа Сьвятога, і мы, узяўшы крыж, усклікаем: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе, гасанна на вышынях!". Адпушчальныя трапары (Тон 1): Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні, Ты, Хрысьце Божа, узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці, трымаем знакі перамогі і Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". (Двойчы) (Тон 4): Пахаваныя з Табою ў хрышчэньні, мы ўдастоіліся вечнага жыцьця ва ўваскрасеньні Тваім, Хрысьце Божа наш, і таму сёньня прыносім Табе песьню хвалы: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". ЮТРАНЬ
Пасьля "Госпад – Бог..." сьпяваюцца трапары: (Тон 1): Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні, Ты, Хрысьце Божа, узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці, трымаем знакі перамогі і Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". (Двойчы) Слава ... Цяпер ... (Тон 4): Пахаваныя з Табою ў хрышчэньні, мы ўдастоіліся вечнага жыцьця ва ўваскрасеньні Тваім, Хрысьце Божа наш, і таму сёньня прыносім Табе песьню хвалы: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Сядальная песьня 1 (Тон 4): 3 ачышчанымі душамі, трымаючы духоўныя галінкі, будзем з вераю славіць у песьнях Хрыста, як некалі дзеці. Усклікнем моцным голасам Уладару: "Блаславёны Ты, Збавіцелю, што прыйшоў на сьвет збавіць Адама ад старога праклёну; у Тваім чалавекалюбстве Ты, Слова, які ўсё ўладкаваў для нашага дабра, захацеў дабравольна стацца новым духоўным Адамам. Слава Табе!". Слава ... Цяпер ... Ты, Госпадзе, узьняў з магілы Лазара, які ляжаў мёртвы чатыры дні, і навучыў нас усіх славіць Цябе з пальмавымі галінкамі, усклікаючы: "Блаславёны Ты, што прыходзіш!". Сядальная песьня 2 (Тон 4): Над прыяцелем Тваім, Хрысьце, Ты праліваеш ціха сьлёзы і ўздымаеш з мёртвых Лазара, яўляючы Тваю спагадлівасьць і чалавекалюбства. Даведаўшыся аб Тваім прыйсьці, Ісусе, мноства дзетак з пальмавымі галінкамі ў руках зышліся сёньня, усклікаючы: "Гасанна, Блаславёны Ты, што прыходзіш збавіць сьвет!". Слава ... Цяпер ... (Тон 1): Усе людзі і народы, аддайце дружна хвалу, бо вось Уладар, як усемагутны, прыходзіць, седзячы на асьляці, каб перамагчы ворагаў. Дзеля гэтага дзеткі з пальмавымі галінкамі пяюць голасна: "Слава Табе, Пераможца, які прыходзіш; слава Табе, Збавіцелю Хрысьце; слава Табе, блаславёнаму, адзінаму Богу нашаму!". Паліелей: Хваліце імя Гасподняе... Узьвялічваньне: Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, і пяём Табе "Гасанна, Блаславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Верш 1: Госпадзе, Госпадзе наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Верш 2: Вуснамі дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу. Верш 3: Хвалі, Ерусаліме, Госпада, слаў Бога твайго, Сыёне. Верш 4: Хвала Ягоная будзе давеку, і на век вякоў. Слава ... Цяпер ... Алілуя, алілуя, алілуя, Слава Табе, Божа! (Тройчы) Сядальная песьня 3 (Тон 4): Той, хто сядзіць на хэрувімскім пасадзе, сеў на асьля дзеля нас і дабравольна прыйшоў на пакуты, сёння чуе, як дзеці клічуць: "Гасанна!" А ўсе людзі ўсклікаюць: "Сыне Давідавы, пасьпяшайся збавіць стварэньне Тваё". Блаславёны Ісусе, Ты прыйшоў на тое, каб нам зразумець славу Тваю. Узыходныя песьні – першы антыфан 4 тону. Пракімен (Пс. 8:3,2): Вуснамі дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу. Верш: Госпадзе, Госпадзе наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі. Усё, што жыве... Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (21:1-11,15-17)
У той час, калі Ісус і вучні Ягоныя падыходзілі да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагіі на Аліўнай Гары, Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім: "Ідзеце ў вёску, што перад вамі, і там знойдзеце прывязаную асьліцу і асьлятка з ёю. Адвяжыце іх і прывядзіце да Мяне. А калі хто скажа вам нешта, адказвайце: Госпад мае патрэбу ў іх, і хутка іх адпусьціць". Так сталася, каб споўнілася сказанае прарокам: "Скажыце Дачцы Сыёну: вось Кароль твой прыходзіць, лагодны, седзячы на асьляці, сыне пад'ярэмнай". Вучні пайшлі і зрабілі тое, што загадаў ім Ісус. Прывялі асьліцу і асьлятка і паклалі на іх свае адзеньні, а Ён сеў на іх. А вялікі натоўп пасьцілаў свае вопраткі, іншыя ж сьціналі галіны з дрэваў і слалі на дарозе. А людзі, якія ішлі наперадзе, і тыя, што ішлі сьледам за Ім, усклікалі голасна: "Гасанна Сыну Давіда! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе! Гасанна на вышынях!". Калі ж Ён увайшоў у Ерусалім, увесь горад заварушыўся, пытаючыся: "Хто гэта?". А народ адказваў: "Гэта прарок Ісус з Назарэту Галілейскага". А сьвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён чыніў, і дзетак, якія клікалі ў сьвятыні: "Гасанна Сыну Давідаваму!", абурыліся і сказалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?". А Ісус адказаў ім: "Так. Ці ж вы ніколі не чыталі: Вуснамі дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу?". I, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду ў Бэтанію і там пераначаваў. "Убачыўшы ўваскрасеньне..." не сьпяваецца, але адразу Псалом 50. Пасьля бывае асьвячэньне вербаў.
Малітва на асьвячэньне вербаў
Сьвятар: Госпадзе, Божа наш, што сядзіш на хэрувімскім пасадзе, Ты ўзнавіў Тваю ўладу, паслаўшы Сына Твайго Адзінароднага, Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб праз Ягоны крыж, пахаваньне і ўваскрасеньне збавіць сьвет. Калі Ён прыйшоў у Ерусалім на дабравольную пакуту, людзі, што былі ў цемры і цені сьмерці, выйшлі насустрач з галінкамі дрэваў і пальмаў, быццам са знакамі перамогі, прадвяшчаючы такім чынам уваскрасеньне. Сёньня, Уладару, мы таксама, трымаючы ў руках вербныя галінкі, як калісь тыя людзі і дзеткі, усклікаем Табе "Гасанна!" і хвалім Цябе ў песьнях і гімнах духоўных. Ты ж захавай і сьцеражы нас, як некалі іх, і зрабі нас дастойнымі ўбачыць трохдзённае ўваскрасеньне ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым, з Якім блаславёны Ты і Твой Усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Людзі: Амін. Сьвятар (асьвячае вербы): Бласлаўляюцца і асьвячаюцца гэтыя вербы акрапленьнем гэтай сьвятой вадою ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін. Людзі (сьпяваюць): Слава ... (Тон 2): Сёньня Хрыстос уваходзіць у горад Бэтанію, седзячы на асьляці, каб вызваліць людзей, што здаўна сядзелі ў беспрасьветнай цемры. Цяпер ...: тое самае. Зьмілуйся нада мною, Божа... (Тон 6): Сёньня сабрала нас ласка Духа Сьвятога, і мы, узяўшы крыж, усклікаем: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе, гасанна на вышынях!". Малітва: "Збаў, Божа, людзей Тваіх...". КАНОН (Тон 4)
Песьня 1 Ірмас: Сёньня крыніцы бездані воднай сталіся бязводнымі, і паказаліся асновы бурнага мора; у Тваёй магутнасьці Ты забараніў яму і збавіў выбраны Твой народ, які пяяў Табе, Госпадзе, песьню перамогі. Вуснамі нявінных дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў хвалу слугам Тваім: Ты перамог праціўніка, і Крыжоваю мукаю адплаціў за падзеньне Адама; дрэвам крыжовым Ты ўваскрасіў яго, і ён запяяў Табе, Госпадзе, песьню перамогі. Табе, Хрысьце, што жывеш у Сыёне, царква сьвятых прыносіць хвалу, і Ізраіль радуецца ў Табе, Творцу сваім; горы – вобраз жорсткіх паганаў, – цешацца перад абліччам Тваім і пяюць Табе, Госпадзе, песьню перамогі. Песьня 3
Ірмас: Ізраіль дастаў ваду са скалы, бо з яе на Твой загад пацякла крыніца. Ты, Хрысьце – скала і жыцьцё, Ты – аснова Царквы, якая кліча голасна: "Гасанна! Блаславёны Ты, што прыходзіш". Пекла з трапятаньнем выпусьціла на Твой загад Лазара, які ляжаў мёртвы чатыры дні. Бо Ты, Хрысьце, – уваскрасеньне і жыцьцё; Ты – аснова Царквы, якая ўсклікае: "Гасанна! Блаславёны Ты, што прыходзіш". Засьпявайце, людзі, у Сыёне песьню, годную Бога, ахвяруйце малітву Хрысту ў Ерусаліме. Бо вось Ён прыходзіць у сіле і славе; Ён – аснова Царквы, якая ўсклікае голасна: "Гасанна! Блаславёны Ты, што прыходзіш". Гіпакоі (Тон 5): Спачатку няўдзячныя гэбрэі, з галінкамі ў руках, пелі хвалу Хрысту Богу нашаму, а пасьля прыбілі Яго да дрэва. Мы ж з непахіснай вераю пакланяемся Яму, як нашаму Дабрачынцу, і клічам: "Блаславёны Той, хто прыходзіць паклікаць Адама". Песьня 4
Ірмас: Прарок некалі сказаў: "Хрыстос прыйдзе, і явіць сябе Богам; Ён прыйдзе і не спозьніцца, з гары пакрытай лесам, і народзіцца ад Дзевы, што мужа ня знае". Дзеля гэтага клічам: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!". Хай горы і ўзгоркі радуюцца вялікай радасьцю, дрэвы дуброўныя хай усьцешацца. Аддайце хвалу Хрысту, усе людзі, узьвялічвайце Яго, клічучы: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!". Уладар вякоў, Госпад, прыходзіць, апрануты ў сілу. Незраўнаная краса Яго і слава аб'яўляецца ў Сыёне. Дзеля гэтага клічам голасна: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!". Госпад, які пядзьдзю мерыць неба і далоньню Сваёю зямлю, прыходзіць. Ён выбраў сабе Сыён, дзе захацеў жыць і панаваць, і палюбіў людзей, што з вераю клічуць: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!". Песьня 3
Ірмас: Узыдзі, дабравесьніку, што прапаведуеш Ерусаліму, на гару Сыён, узьнімі голас твой і кліч: "Слаўнае гавораць пра цябе, горадзе Божы. Мір Ізраілю і збаўленьне ўсім людзям". Бог, які сядзіць на вышыні на хэрувімах і ўзіраецца на пакорных, ідзе ў славе і сіле, каб усё напоўніць сваёй Боскай хвалою. Мір Ізраілю і збаўленьне ўсім людзям . Сыёне Божы, гара сьвятая, і Ерусаліме, глянь навокал на сабраных у табе дзетак тваіх, што прыйшлі здалёку пакланіцца Ўладару твайму. Мір Ізраілю і збаўленьне ўсім людзям. Песьня 6
Ірмас: Усклікнулі радасна праведныя духі: Сёньня даецца сьвету новы запавет, і людзі абнаўляюцца акрапленьнем Божае крыві. Прымі, Ізраілю, Божае валадарства: хай тыя, што прабываюць у цемры, убачаць вялікае сьвятло; і хай людзі абновяцца акрапленьнем Божае крыві. Адпусьці на свабоду вязьняў сваіх, Сыёне, і выведзі іх з бязводнае ямы няведаньня; і хай людзі абновяцца акрапленьнем Божае крыві. Кандак (Тон 6): Хрысьце Божа, што сядзіш на пасадзе ў нябёсах, на зямлі, сеўшы на асьля, Ты прымаеш хваленьне анёлаў і песьні дзетак, якія ўсклікаюць Табе: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць Адама паклікаць!". Ікас: Ты, Несьмяротны Госпадзе, зьвязаў пекла, умярцьвіў сьмерць, і ўваскрасіў сьвет; дзеля гэтага дзеці, з галінкамі ў руках, сёньня на ўвесь голас славяць Цябе, усклікаючы: "Гасанна Сыну Давіда! Ужо больш ня будуць аддаваць на лютую сьмерць немаўлятаў дзеля Сына Марыі, але Ты адзін будзеш укрыжаваны за ўсіх, старых і малых. Меч ня будзе больш забіваць, бо Твой бок будзе прабіты кап'ём. Таму радасна клічам: "Блаславёны Той, хто прыходзіць Адама паклікаць!". Песьня 7
Ірмас: Ты выратаваў юнакоў Абрагамавых з агню і ўмярцьвіў хальдэяў, якія задумалі злое супраць праведных. Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых. 3 вербнымі галінкамі ў руках, усе людзі разам з апосталамі, укленчыўшы, радасна ўсклікнулі: "Гасанна Сыну Давіда! Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!". Мноства нявінных дзетак уславіла богадастойнай песьняй Цябе, Уладару Ізраіля і анёлаў: "Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!". 3 галінкамі пальмаў мноства людзей вітала Цябе, Хрысьце, усклікаючы: "Блаславёны Ты, што прыходзіш, Уладару вякоў! Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!". Песьня 8
Ірмас: Радуйся, Ерусаліме, сьвяткуйце ўсе, што любіце Сыён. Бо вось Уладар вякоў, Госпад сілаў, прыходзіць. Хай уся зямля стане перад Ягоным абліччам і паклоніцца Яму, гукаючы: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!". Хрыстос, Уладар твой, Сыёне, ужо блізка. Ён прыходзіць, седзячы на асьляці, каб зьнішчыць бяздумнае ідалапаклонства, утаймаваць свавольства людзей, і навучыць іх пяяць: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!". Радуйся, Сыёне, бо Хрыстос, Бог твой, будзе панаваць вечна. Як напісана, Збавіцель наш, лагодны, збавенны і праведны, прыходзіць, седзячы на жарабяці, каб зьнішчыць гордую пыхлівасьць ворагаў, што ня хочуць пяяць: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!". Натоўп беззаконных быў выгнаны са сьвятыні, бо яны зрабілі з дому Божага пячору разбойнікаў і адкінулі ад сэрцаў сваіх Збавіцеля, якога мы славім, усклікаючы: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!". Замест "Больш годную пашаны...": Узьвялічвай, душа мая, Хрыста Жыцьцядаўца, што сядзіць на асьляці! Песьня 9
Ірмас: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам. Наладзім сьвята і, поўныя радасьці, з вербнымі галінкамі ў руках, пойдзем узьвялічваць Хрыста ў песьнях, усклікаючы: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Чаго мітусіцеся, людзі? Чаму, кніжнікі і сьвятары, думаеце марнае і пытаеце: "Хто гэта, каго дзеткі з галінкамі ў руках у песьнях славяць, усклікаючы: Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Госпада, Збаўцы нашага!". Вось Бог наш, і няма іншага падобнага да Яго: Ён знайшоў праведны шлях і паказаў яго Ізраілю любаму свайму, а потым зьявіўся на зямлі і жыў сярод людзей. Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Госпада, Збаўцы нашага! Чаго вы, непакорныя, кідаеце нам на спатыкненьне камяні на дарозе? Ногі вашыя хуткія, каб праліць кроў Гасподнюю. Але Ён уваскрэсьне, каб збавіць тых, што клічуць: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Госпада, Збаўцы нашага!". Пахвальныя псалмы (Тон 4): Людзі, Госпадзе, пасьцілалі на шляху Тваім вопраткі свае; іншыя рэзалі галінкі з дрэваў і ішлі з імі перад Табою і ўсьлед за Табою, усклікаючы: "Гасанна Сыну Давіда: блаславёны Ты, што прыходзіш і зноў прыйдзеш у імя Гасподняе". (Двойчы) Калі Ты, Госпадзе, захацеў увайсьці ў Сьвяты Горад, людзі з галінкамі ў руках у песьнях славілі Цябе, Уладара ўсіх. Яны бачылі, як Ты сядзіш на асьляці, быццам на хэрувімах, і клікалі: "Гасанна на вышынях, блаславёны Ты, што прыходзіш і зноў прыйдзеш у імя Гасподняе!". (Двойчы) Выйдзіце, усе народы, выйдзіце, людзі, каб убачыць, як сёньня Ўладар Нябесны, седзячы на мізэрным асьляці, быццам на пасадзе, уваходзіць у Ерусалім. Родзе няверны, прыйдзі і глянь, як Той, каго бачыў Ісая, прыходзіць у целе дзеля нас; як Ён заручаецца з чыстым Новым Сыёнам і адкідае асуджанае зборышча; як на гэтае нятленнае і чыстае вясельле зьбегліся нявінныя дзеткі хваліць Бога. 3 імі і мы запяем анельскую песьню: "Гасанна на вышынях Таму, хто мае веліч міласэрнасьці!". Перад Тваімі дабравольнымі пакутамі, Ты, Хрысьце Божа наш, даў усім нам пацьверджаньне агульнага ўваскрасеньня, узьняўшы Тваёй магутнай сілаю ў Бэтаніі Лазара, які ўжо чатыры дні ляжаў мёртвы ў магіле. Як Сьветланосны Ты, Збавіцелю, вярнуў сьляпым зрок. Ты ўвайшоў у Сьвяты Горад з вучнямі Тваімі, седзячы на асьляці, быццам на хэрувімах, каб споўніць сказаньні прарокаў. Як некалі гэбрэйскія дзеткі сустракалі Цябе з пальмамі, так і мы цяпер, узяўшы вербныя галінкі, клічам з удзячнасьцю: "Гасанна на вышынях! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Слава ... Цяпер ... (Тон 6): За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, і прыступілі да Яго вучні Ягоныя, пытаючыся: "Госпадзе, дзе хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе есьці Пасху?". Ён паслаў іх, кажучы: "Ідзеце ў суседнюю вёску і ўбачыце там чалавека, які нясе збан вады; ідзеце за ім і скажэце гаспадару дому: Настаўнік кажа – хачу ў цябе есьці Пасху з вучнямі Маімі". Пасьля Вялікага Ўсхваленьня – трапар сьвята: (Тон 1): Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні, Ты, Хрысьце Божа, узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці, трымаем знакі перамогі і Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". І далей – звычайнае заканчэньне сьвяточнай ютрані. ЛІТУРПЯ
Першы антыфан (Пс 114:1,2,3,5)
Чытальнік: Люблю Госпада, бо Ён пачуў голас малітвы маёй. Людзі: Малітвамі Багародзіцы, Збавіцелю, збаў нас. (Так пасьля наступных вершаў) Чытальнік: Ён прыхіліў вуха сваё да мяне ў дзень, калі я паклікаў Яго. - Боль сьмяротны агарнуў мяне, сеці пякельныя аблыталі мяне. - Сум і гора апанавалі мяне, і я паклікаў імя Гасподняе. - Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на векі вякоў. Амін. Людзі: Малітвамі Багародзіцы ... Другі антыфан (Пс 115:1,2,4,5)
Чытальнік: Я быў непахісны ў веры, нават калі казаў: "Я вельмі няшчасны". Людзі: Сыне Божы, што ўсьсеў на жарабя, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя. (Так пасьля кожнага наступнага верша) Чытальнік: Што дам Госпаду ўзамен за ўсё, што Ён даў мне? - Чашу збаўленьня прыму і імя Гасподняе паклічу. - Выканаю абяцаньні мае Госпаду перад усім народам Ягоным. Людзі: Сыне Божы... Слава ... Цяпер ... Адзінародны Сыне ... Трэці антыфан (Пс 117:1,2,3,4)
Чытальнік: Аддайце падзяку Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго давеку. Людзі (Тон 1): Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні Ты, Хрысьце Божа, узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці. Трымаем знакі перамогі! І Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Так пасьля кожнага наступнага верша Чытальнік: Хай скажа дом Ізраіля, што Ён добры, што міласэрнасьць Яго давеку. - Хай скажа дом Аарона, што Ён добры, што міласэрнась Яго давеку. - Хай скажуць усе, хто баіцца Бога, што Ён добры, што міласэрнасьць Яго давеку. Людзі: Каб перад мукаю... (Гл. вышэй) Дыякан: Мудрасьць, устаньце! Сьвятар: Блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам. Людзі: Сыне Божы, што ўсьсеўся на жарабяці, збаў нас, якія пяём Табе: Алілуя.
Трапар першы (Тон 1): Каб перад мукаю Тваёю... (Гл. вышэй) Слава ... Трапар другі (Тон 4): Пахаваныя з Табою ў хрышчэньні, мы ўдастоіліся вечнага жыцьця ва ўваскрасеньні Тваім, Хрысьце Божа наш, і таму сёньня прыносім Табе песьню хвалы: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Цяпер ... Кандак (Тон 6): Хрысьце Божа, што сядзіш на пасадзе ў нябёсах, на зямлі, сеўшы на асьля, Ты прымаеш хваленьні анёлаў і песьні дзетак, якія ўсклікаюць Табе: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць Адама паклікаць!".
Пракімен (Пс 117:26,1): Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Верш: Аддайце падзяку Госпаду, бо Ён добры, бо міласэрнасьць Яго давеку. Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Філіпійцаў (4:4-9)
Браты, радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і зноў кажу: Радуйцеся! Лагоднасьць вашая хай будзе вядомаю ўсім людзям. Госпад блізка. Не турбуйцеся ні аб чым, але выказвайце перад Богам вашыя патрэбы ў малітве і просьбе з падзякаю. I мір Божы, які перавышае ўсякі розум, хай сьцеражэ вашыя сэрцы і вашыя думкі ў Хрысьце Ісусе. Урэшце, браты, усё, што праўдзівае, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што мілае, што годнае пашаны: калі ёсьць якая дабрадзейнасьць і якая пахвала – аб гэтым думайце. I чаго вы навучыліся, што прынялі, што чулі і бачылі ў мяне, тое рабіце, і Бог міру будзе з вамі. Алілуя (Пс 97:1,3): Сьпявайце Госпаду песьню новую, бо Ён цуды ўчыніў. Верш: Усе канцы зямлі ўбачылі збаўленьне Бога нашага. Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна (12:1-18)
За шэсьць дзён да Пасхі Ісус прыйшоў у Бэтанію, дзе быў Лазар, якога Ісус уваскрасіў з мёртвых. Там прыгатавалі Яму вячэру. Марта паслугоўвала, а Лазар быў адным з тых, што ўзьлеглі з Ім на вячэры. Марыя ж, узяўшы фунт чыстага каштоўнага нардавага алею, паліла ім ногі Ісусавы і выцерла іх сваімі валасамі. I дом напоўніўся прыемным пахам алею. Тады сказаў Юда Сымонаў Іскарыёт, адзін з вучняў, які маніўся прадаць Яго: "Чаму было не прадаць гэты алей за трыста дынараў і раздаць убогім?". Сказаў ён гэта не таму, што дбаў пра ўбогіх, але таму, што быў злодзей, і, трымаючы супольную скарбонку, браў сабе адтуль тое, што туды кідалі. Ісус сказаў на гэта: "Пакінь яе. Яна захавала гэта на дзень Майго пахаваньня. Убогіх маеце заўсёды з сабою, а Мяне не заўсёды маеце". Вялікая грамада гэбрэяў даведалася, што Ён там. I прыйшлі ня толькі дзеля Ісуса, але каб пабачыць Лазара, якога Ён уваскрасіў з мёртвых. Тады першасьвятары вырашылі забіць і Лазара, бо дзеля яго многія гэбрэі ўверылі ў Ісуса. А назаўтра мноства народу, што прыйшлі на сьвята, пачуўшы, што Ісус ідзе ў Ерусалім, узялі пальмавыя галінкі і выйшлі насустрач Яму, усклікаючы: "Гасанна! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе, Кароль Ізраільскі!". Ісус жа, знайшоўшы асьлятка, сеў на яго, як напісана: "Ня бойся, Дачка Сыёнская! Вось прыходзіць твой Кароль, седзячы на асьляці!". Спачатку Ягоныя вучні не разумелі гэтага, але калі Ісус праславіўся, згадалі, што так было напісана аб Ім. А народ, які быў з Ім раней, сьведчыў, што Ён выклікаў Лазара з магілы і ўваскрасіў з мёртвых. Дзеля гэтага натоўп і выйшаў Яму насустрач, бо чуў, што Ён зрабіў гэты цуд. Задастойнік: Узьвялічвай, душа мая, Госпада, які сеў на жарабя. Госпад – Бог і Ён зьявіўся нам. Наладзім сьвята і, поўныя радасьці, з вербнымі галінкамі ў руках, пойдзем узьвялічваць Хрыста ў песьнях, усклікаючы: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Прычасьнік: Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе; Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам. Алілуя, алілуя, алілуя. Дзе ёсьць звычай, можна асьвячаць вербы на літургіі пасьля заамбоннай малітвы (гл. малітву асьвячэньня на ютрані). Вярнуцца назад |