|
|
|
|
|
|
Уваход у Ерусалім Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вербніца) |
"Бог сваю любоў да нас даказвае тым, што Хрыстос памёр за нас, калі мы яшчэ былі грэшнікамі" (Рым 5:8) У Вялікі Тыдзень Сьвятая Царква ў сваіх багаслужэньнях дае нам магчымасьць перажыць разам з Хрыстом Ягоныя апошнія дні на зямлі, Ягоныя пакуты, крыжовую сьмерць і пахаваньне. У сапраўднасьці Вялікі Тыдзень трывае толькі шэсьць дзён, бо ў першы дзень тыдня – нядзелю, – Царква сьвяткуе ўваход Хрыста ў Ерусалім. Хрыстос ведаў, што яго чакалі наперадзе пакуты і сьмерць, бо "немагчыма, каб прарок памёр вонках Ерусаліму" (Лк 13:33). Тым ня менш сьвята мае радасны і ўрачысты характар. Багаслужэбныя тэксты робяць націск на Боства Таго, хто ўязджае ў Сьвяты Горад. Ён Той, хто мае за пасад неба, і за падножак зямлю, Сын спрадвечны і Слова Бога Айца. Сёньня Ён "панізіўся, сеўшы на бяздумнае асьля". Ён ідзе "на мукі, каб споўніць закон і прароцтвы". У сапраўднасьці Ягоны ўваход пераможны: Ён "сеў на асьля, быццам на калясьніцу, каб здабыць сабе ўсе народы". Таму дзеткі, якія вітаюць Яго воклічам "Гасанна", прадвяшчаюць радасьць Уваскрасеньня. Многія з тых, што выйшлі Хрысту насустрач, думалі, што Ён – Мэсыя, "Памазаньнік Божы", асабліва таму, што яны чулі, як Ён уваскрасіў Лазара. У тым часе ўвесь гэбрэйскі народ быў ахоплены чаканьнем хуткага прыйсьця Мэсыі. Аднак ва ўяўленьні большасьці Мэсыя быў ня столькі рэлігійным як палітычным правадыром, які меў вызваліць народ ад чужога панаваньня і адбудаваць каралеўства Давіда. Сьціплы ўезд Хрыста на асьляці не сумяшчаўся з гэтым уяўленьнем, і таму быў непрыймальным, асабліва для тых, што ўважалі сябе за правадыроў народу – сьвятароў, фарысэяў і кніжнікаў. Толькі нявінныя дзеткі адчулі чыстай душою, хто быў Той, што ўваходзіў у Сьвяты Горад, і віталі яго радаснымі воклічамі: "Гасанна! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". Вялікі Тыдзень у сьціслым сэнсе пачынаецца ў панядзелак. Гэты дзень, а таксама аўторак і серада, былі апошнімі днямі публічнай дзейнасьці Хрыста. Ён навучаў у сьвятыні, вёў спрэчкі з фарысэямі, садукеямі і сьвятарамі, якія хацелі злавіць Яго на слове, каб пасьля абвінаваціць. Хрыстос ня толькі адказваў ім, але выкрываў іхнюю няшчырасьць і крывадушнасьць. Такім чынам нарастаў канфлікт, які непазьбежна вёў да трагічнага канца. Можна сказаць, што гэтыя дні праходзілі пад ценем Крыжа. Гэта адчуваецца ў багаслужэньнях, у якіх прысутны матыў цярпеньняў праведніка. Са старазапаветных чытаньняў бярэцца Кніга Ёва – клясычны вобраз праведнага пакутніка. У Вялікі Панядзелак на ютрані згадваецца сын патрыярха Якуба, праведны Язэп, які быў прададзены сваімі братамі ў няволю. Іншая Кніга Старога Запавету, якая чытаецца праз увесь тыдзень, гэта Кніга Выхаду, у якой гаворыцца пра выбаўленьне гэбрэйскага народу з Ягіпскай няволі пад кіраўніцтвам Майсея. Майсей – правобраз Хрыста: як той вывеў свой народ з няволі, правёўшы яго праз Чырвонае Мора, так Хрыстос праз Крыж і ўваскрасеньне перавёў людзей ад сьмерці да вечнага жыцьця. Другі матыў у багаслужэньнях гэтых дзён – гэта другое прыйсьце Хрыста, канец сьвету і апошні суд, а таксама патрэба быць чуйным і прыгатаваным, бо гэтае прыйсьце будзе нечаканым. Перасьцярогаю для нас павінен быць лёс смакоўніцы, якая была праклятая Хрыстом і ссохла, бо ня мела пладоў (Мц. 21:18-19): Пра патрэбу чуйнасьці нагадваюць таксама прыповесьці пра разумных і неразумных дзеваў (Мц. 25:1-13), пра таленты (Мц. 25:14-30) і інш. У трапары на ютрані кажацца: "Вось Жаніх ідзе апоўначы, і шчасьлівы той слуга, каго Ён знойдзе нядрэмным; нягодны ж той, каго засьпее бязьдзейсным…". У Вялікую сераду ў Евангельлі ад Мацьвея (Мц. 26:6-16), якое чытаецца ўвечары, расказваецца пра грэшную жанчыну, якая выліла каштоўны духмяны алей на галаву Ісуса і абцерла Ягоныя ногі сваімі валасамі. Ёй супрацьстаўляецца страшны ўчынак Юды, які прадаў свайго Настаўніка: "Бессардэчны Юда бачыў, як грэшніца цалавала ногі Твае, і вырашыў пацалункам падступна прадаць Цябе. Яна разьвязала валасы свае, а ён быў зьвязаны злосьцю. Замест духмянага алею ён прынес смурод нянавісьці, бо зайздрасьць сьляпая на дабро". Праз усе тры дні ад панядзелка да серады служыцца Літургія раней асьвячаных дароў. Чысты Чацьвер – дзень Апошняй Вячэры, на якой Хрыстос устанавіў сьвятую Эўхарыстыю, або тайну Свайго Цела і Крыві пад выглядам хлеба і віна. Вялікі Сьвятар, Ён даў таксама вучням сваім, а праз іх іхнім наступнікам, сьвятарскую моц прыносіць Эўхарыстычную ахвяру, калі загадаў ім рабіць тое самае на ўспамін пра Яго. Перад вячэраю Хрыстос памыў ногі сваім вучням. Бо Ён прыйшоў, не каб Яму служылі, але каб паслужыць, і даў прыклад тым, што хочуць ісьці сьледам за Ім: "Калі Я, Госпад і Настаўнік, памыў вам ногі, дык і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб як Я зрабіў вам, рабілі і вы" (Ян. 13.14-15). Сярод вучняў, якім Хрыстос памыў ногі і якія бралі ўдзел у Вячэры, быў таксама Юда. У літургічных сьпевах гаворыцца, што ён "маючы яшчэ ў вуснах Нябесны Хлеб, ужо рыхтаваў здраду Збавіцеля". У гэты дзень, у адрозьненьне ад папярэдніх, служыцца поўная Літургія сьв. Базыля ў спалучэньні з вячэрняй. Замест хэрувімскай песьні сьпяваецца "Зрабі мяне сёньня, Сыне Божы, удзельнікам Тваёй тайнай вячэры". Вялікая Пятніца мае характар, адменны ад усіх іншых дзён. Царква быццам стаіць у маўчаньні і са страхам глядзіць, як Бог памірае за людзей. Літургіі – нават Літургіі раней асьвячаных Дароў – няма, бо ў гэты дзень Хрыстос прыносіцца не пад выглядам хлеба і віна, але ва ўласнай асобе. Дзень пачынаецца службаю "Пакутаў Госпада Бога і Збаўцы Нашага Ісуса Хрыста" або ютраньню з дванаццацьцю евангельскімі чытаньнямі пра пакуты і сьмерць Хрыста. Чытаньні чаргуюцца з асобымі антыфанамі і іншымі сьпевамі, у якіх перагукваюцца пачуцьці ўсхваленьня Госпада, пакланеньня, жалю, і жаху перад учынкам богазабойцаў. Такім чынам Царква крок за крокам перажывае разам з Хрыстом апошнія гадзіны Ягонага жыцьця на зямлі: Апошнюю Вячэру, малітву ў Гетсыманскім садзе, арышт, допыт на двары першасьвятара, суд Пілата, крыжовую дарогу, укрыжаваньне на Галгоце, сьмерць і пахаваньне. Аднак сьмерць Хрыста не была паразаю. У час, калі, здавалася, усё было страчаным і на сьвеце запанавала непраглядная цемра, Ён зьдзейсьніў вялікую перамогу над сьмерцю і дараваў вечнае жыцьцё роду людзкому. Пра гэта гаворыцца ў трапары дня: "Ты выкупіў нас ад праклёну законнага Тваёй пачэснай крывёю: прыбіты да Крыжа і прабіты кап'ём, Ты, Чалавекалюбча, дараваў людзям несьмяротнасьць. Збавіцелю наш, слава Табе!". Кананічныя гадзіны ў гэты дзень называюцца вялікімі або "царскімі". На іх бываюць чытаньні са Старога і Новага Запаветаў. Адмысловыя "мэсыянскія" псалмы згадваюць пра Мэсыю, "Памазаньніка Божага", – іншасказальна (Пс 68, 69), дзе Ён стоены за вобразам Давіда, або літаральна, як напрыклад у Псалме 2, дзе гаворыцца пра годнасьць Мэсыі. У Псалме 21 з вялікай дакладнасьцю даецца апісаньне Ягоных цярпеньняў. Вячэрня ў Вялікую Пятніцу сканчаецца "вынасам плашчаніцы", або абрадам пахаваньня Хрыста. Субота – апошні дзень тыдня, у які Бог супачыў пасьля шасьці дзён тварэньня. У гэты дзень Госпад Ісус Хрыстос супачыў у нетрах зямлі пасьля таго, як скончыў сваёй сьмерцю на крыжы справу адкупленьня і збаўленьня роду людзкога, як гаворыцца ў адной песьні: "Майсей даў нам таемна вобраз гэтага дня, калі сказаў: I блаславіў Бог дзень сёмы. Гэта ёсьць блаславёная субота, дзень адпачынку, у які адзінародны Сын Божы супачыў пасьля ўсіх працаў сваіх. Памёршы згодна са збавенным провідам, Ён захаваў суботу ў целе сваім. Калі Ён вярнуўся да свайго першага стану, Ён даў нам жыцьцё вечнае, як адзіны добры і Чалавекалюбец". Ютрань Вялікай Суботы пачынаецца "надмагільным плачам", строфы якога чаргуюцца з вершамі 118 псалму. Адразу пасьля плачу тон мяняецца і сьпяваюцца ўваскросныя песьні з нядзельнай ютрані: "Хор анёлаў зьдзівіўся, убачыўшы сярод мёртвых Цябе, Збавіцелю, які зьнішчыў сілу сьмерці, Адама ўзьняў з сабою і ад пекла вызваліў нас". Канон ютрані мае тэмаю зыход Хрыста ў падзем'е і перамогу над сьмерцю. Вячэрня Вялікай Суботы разам з Літургіяй сьв. Базыля – гэта чаканьне Ўваскрасеньня. Таму яна пачынаецца ўваскроснымі нядзельнымі песьнямі 1 тону: "Вячэрнія нашы малітвы прымі, сьвяты Госпадзе, і дай нам адпушчэньне грахоў, бо Ты Адзіны, які даў сьвету ўваскрасеньне". У чытаньнях са Старога Запавету даюцца прыклады Божага збаўленьня (пераход гэбрэяў праз Чырвонае Мора, кніга прарока Ёны, уваскрасеньне памерлых праз прарокаў Ільлю і Елісея, збаўленьне ў Бабілёне трох гэбрэйскіх юнакоў, укінутых у распаленую печ і інш.). На Літургіі замест "Сьвяты Божа…", сьпяваецца "Усе вы, што ў Хрыста ахрысьціліся, у Хрыста апрануліся", на ўспамін аб тым, што ў ранейшыя часы на гэтым месцы адбываўся хрост катэхумэнаў, г. зн. тых, што жадалі прыняць веру Хрыстовую і былі да гэтага належна прыгатаваныя. У чытаньні з ліста да Рымлянаў гаворыцца аб значэньні хросту: "Мы пахавалі сябе з Ім (Хрыстом) хрышчэньнем у сьмерць, каб нам увайсьці ў новае жыцьцё – як Хрыстос уваскрос з мёртвых дзякуючы славе Айца". (Рым 6.4): Евангельле ад Мацьвея (28:1-20) гаворыць пра жанчынаў-міраносіцаў ля Хрыстовай магілы, і пра тое, як уваскрослы Хрыстос зьявіўся апосталам у Галілеі. Замест Хэрувімскай песьні на Літургіі сьпяваецца гімн з Літургіі сьвятога Якуба: "Хай маўчыць усё стварэньне, хай стаіць у страху і хваляваньні, і хай нішто зямное не кранае яго, бо вось Уладар уладароў і Госпад тых, што пануюць, прыходзіць, каб прынесьці ў ахвяру сябе і даць сябе на спажытак верным…" Падзеі Вялікага Тыдня – найбольш драматычныя і значныя ў гісторыі чалавецтва, бо без Крыжовай сьмерці Хрыста не было б радасьці Ўваскрасеньня. Крыж у Вялікую Пятніцу і пустая магіла ў Вялікдзень непадзельна зьвязаныя паміж сабою ў Божым провідзе збаўленьня і адкупленьня роду людзкога.
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|