Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Уваход у Ерусалім Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вербніца)


 

 

Уваход у Ерусалім Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста (Вербніца)

ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 6): Сёньня сабрала нас ласка Духа Сьвятога і мы, узяўшы крыж, усклікаем: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Гасанна на вышынях!". (Двойчы)

Той, хто мае за пасад неба, і за падножак зямлю, Сын спрадвечны і Слова Бога Айца, сёньня, прыйшоўшы ў Бэтанію, панізіўся, сеўшы на бяздумнае асьля. Таму і дзеці гэбрэйскія, узяўшы ў рукі вербныя галінкі, голасна ўславілі Яго, клічучы: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць, Уладар Ізраільскі!".

Прыйдзем сёньня і мы, увесь новы Ізраіль, царква ўсіх народаў, і ўсклікнем разам з прарокам Захарам: Радуйся, дачка Сыёну, абвяшчай на ўвесь сьвет, дачка Ерусаліму, што вось ідзе да цябе Ўладар твой, ласкавы і збавенны, седзячы на асьляці, на сыне пад'ярэмнай. Сьвяткуй разам з дзеткамі, трымаючы ў руках галінкі, і ўсклікай: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць, Уладар Ізраільскі!".

Каб даць нам вобраз сьвятога ўваскрасеньня Твайго, Ты загадаў устаць памерламу прыяцелю Твайму Лазару, які ўжо чацьвёрты дзень ляжаў без дыханьня ў магіле і пачаў пахнуць. Потым Ты, Збавіцелю, сеў на асьля, быццам на калясьніцу, каб здабыць сабе ўсе народы. Дзеля гэтага Твой умілаваны Ізраіль вуснамі немаўлят і нявінных дзетак аддаў славу Табе, калі Ты, за шэсьць дзён перад Пасхаю, увайшоў у сьвяты горад.

За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, і прыступілі да Яго вучні Ягоныя, пытаючыся: "Госпадзе, дзе хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе есьці Пасху?". Ён паслаў іх, кажучы: "Ідзеце ў суседнюю вёску і ўбачыце там чалавека, які нясе збан вады; ідзеце за ім і скажэце гаспадару дому: Настаўнік кажа – хачу ў цябе есьці Пасху з вучнямі Маімі".

Слава ...: (Тон 6): Сёньня сабрала нас ласка Духа Сьвятога і мы, узяўшы крыж, усклікаем: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе. Гасанна на вышынях!".

Цяпер ...: тое самае.

Пракімен нядзельны

Чытаньне кнігі Быцьця (49:1-2; 8-12)

Якуб сабраў сыноў сваіх, кажучы: "Зьбярыцеся разам, каб я мог вам сказаць, што вас чакае ў будучыні. Зьбярыцеся і слухайце, сыны Якуба. Слухайце Ізраіля, бацьку вашага. Юда, цябе славіць будуць браты твае, бо рука твая на шыі ворагаў тваіх. Сыны бацькі твайго будуць кланяцца табе. Юда, сыне мой, быццам малады леў, ты ад здабычы ўзьнімаешся. Быццам леў, ён заснуў, або быццам львіца: хто наважыцца абудзіць яго? Скіпетр ня будзе адняты ад Юды, ані жэзл спаміж ног ягоных, пакуль не зьявіцца той, каму ён належыць і знойдзе паслушэнства сярод народаў. Ён прывяжа асла свайго ля вінаградніка, сына асьліцы да найлепшае вінаграднае лазы. У віне вымые ён вопратку сваю, у соку вінаградным – адзеньне сваё. Поўныя радасьці будуць вочы ягоныя ад віна, і зубы ягоныя бялейшыя за малако".

Чытаньне кнігі прарока Сафонія (3:14-19)

Так кажа Госпад: "Радуйся, дачка Сыёну, сьвяткуй, Ізраіль, цешся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліму! Госпад адмяніў прысуд твой, разагнаў ворагаў тваіх. Госпад, Уладар Ізраільскі, з табою, ужо больш ня ўбачыш гора. У той дзень скажуць Ерусаліму: "Ня бойся", і Сыёну: "Хай не аслабеюць рукі твае. Госпад, Бог Твой з табою, Усемагутны збавіць цябе. Ён прынясе табе радасьць, абновіць цябе ў любові сваёй, будзе цешыцца і радавацца з табою, быццам у сьвята. Тых, што наракаюць, і нездаволеных забяру ад цябе: хай яны ня будуць для цябе цяжарам. Праганю тады ўсіх прыгнятальнікаў тваіх, падтрымаю тых, што спатыкнуліся, зьбяру зноў расьцярушаных; учыню ім хвалу, і будуць слаўнымі па ўсёй зямлі".

Чытаньне кнігі прарока Захара (9:9-15)

Радуйся, дачка Сыёну, весела ўсклікай, дачка Ерусаліму! Вось Уладар твой ідзе да цябе, справядлівы і пераможны. Ён ціхманы: едзе на асьляці – на асьляці, сыне пад'ярэмнай. Ён сатрэ ў порах калясьніцы ў Яфрэме і коней у Ерусаліме; разаб'е на кавалкі лукі, абвесьціць супакой людзям. Ён пашырыць уладаньне сваё ад мора да мора, ад берагоў ракі аж да канцоў зямлі". З увагі на кроў саюзу, што Я з табою заключыў, Я вызвалю вязьняў тваіх з ямы бязводнай. Вернуцца да цябе, дачка Сыёну, выгнаньнікі надзеі. Запэўніваю цябе сёньня, што ўзнагароджу цябе падвойна. Бо трымаю Юду ў гатоўнасьці, нацягваю лук Яфрэма; накіроўваю сыноў тваіх, Сыёне, быццам кап'ё, супраць сыноў Явана; зраблю цябе мячом уладара". Госпад зьявіцца ім, быццам маланкі, палятуць Ягоныя стрэлы; зайграе на трубе Госпад, Уладар усемагутны, прыйдзе ў шуме паўдзённага ветру. Госпад сілаў будзе іх ахоўваць.

Ліцьця
(Тон 1): Дух Сьвяты, які навучыў апосталаў гаварыць рознымі мовамі, загадвае нявінным дзецям Ізраільскім клікаць: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць, Цар Ізраільскі!".

Спрадвечны Сын і Слова Айца, сеўшы на бяздумнае асьля, прыходзіць сёньня ў Ерусалім. Дзеці з галінкамі ў руках аддаюць хвалу Таму, на каго хэрувімы зірнуць ня сьмеюць, і сьпяваюць: "Гасанна на вышынях, гасанна Сыну Давідаваму, што прыходзіць вызваліць ад спакусы род наш!".

За шэсьць дзён да Пасхі голас Твой, Госпадзе, быў чутны ў глыбіні апраметнай, калі Ты ўзьняў чатырохдзённага Лазара; дзеткі ж гэбрэйскія ўсклікнулі: "Гасанна, Божа наш, слава Табе!".

(Тон 2): Ты, Госпадзе, пайшоў на мукі, каб споўніць закон і прароцтвы, і ўехаў у сьвяты горад, седзячы на асьляці; дзеці гэбрэйскія, прадвяшчаючы перамогу ўваскрасеньня, сустрэлі Цябе з вербнымі галінкамі і воклічамі: "Блаславёны Ты, Збавіцелю наш, змілуйся над намі!".

Слава Табе, Хрысьце, які на вышынях сядзіш на пасадзе, і якога мы сёньня чакаем разам з крыжом Тваім. Цешыцца дачка Сыёну, і ўсе народы зямлі поўняцца радасьцю; дзеткі трымаюць галінкі ў руках, і вучні падсьцілаюць вопраткі свае, і ўвесь бачны сьвет усклікае: "Блаславёны Ты, Збавіцелю, зьмілуйся над намі!".

Слава ... Цяпер ...

(Тон 3): За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, каб вярнуць да жыцьця памерлага чатырохдзённага Лазара і абвясьціць уваскрасеньне. Сустрэлі Яго жанчыны, Марыя і Марта, сёстры Лазара, кажучы: "Госпадзе, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат наш". Тады Ён кажа ім: "Не памёр брат ваш; ці ж не прадказаў Я вам, што той, хто верыць у Мяне, хоць і памрэ, жыць будзе? Пакажыце мне, дзе яго пахавалі". I крыкнуў моцным голасам Творца ўсіх: "Лазар, выйдзі вон!".

Вершапесьні

(Тон 8): Радуйся і цешся, Сыёне, красуйся і весяліся, Божая Царква, бо вось Уладар твой ідзе ў справядлівасьці, седзячы на жарабяці і прымаючы хвалу ад дзетак, якія ўсклікаюць: "Гасанна на вышынях, Блаславёны Ты, Крыніца міласэрнасьці. Зьмілуйся над намі!".

Верш: Вуснамі дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу.

Прыходзіць сёньня Збавіцель у Ерусалім, каб споўніць напісанае пра Яго, і ўсе, узяўшы ў рукі вербныя галінкі, вопраткі свае падсьцілаюць Яму, ведаючы, што Ён Бог наш, якога няспынна славяць хэрувімы, усклікаючы: "Гасанна на вышынях, блаславёны Ты, крыніца вялікай міласэрнасьці. Зьмілуйся над намі!".

Верш: Госпадзе, Госпадзе наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!

Ты, Ласкавы Госпадзе, якога носяць хэрувімы і сэрафімы славяць, сёньня, як Давід, сеў на жарабя, і дзеткі аддалі Табе хвалу, належную Богу, а гэбрэі нязбожна абмаўлялі Цябе. Твой уезд на жарабяці прадвяшчаў навярненьне ад нявер'я да веры ўсіх народаў. Слава Табе, Хрысьце, адзіны міласэрны і чалавекалюбны!

Слава ... Цяпер ...

(Тон 6): Сёньня сабрала нас ласка Духа Сьвятога, і мы, узяўшы крыж, усклікаем: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе, гасанна на вышынях!".

Адпушчальныя трапары

(Тон 1): Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні, Ты, Хрысьце Божа, узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці, трымаем знакі перамогі і Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". (Двойчы)

(Тон 4): Пахаваныя з Табою ў хрышчэньні, мы ўдастоіліся вечнага жыцьця ва ўваскрасеньні Тваім, Хрысьце Божа наш, і таму сёньня прыносім Табе песьню хвалы: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст