ЮТРАНЬ
Пасьля "Госпад – Бог..." сьпяваюцца трапары:
(Тон 1): Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні, Ты, Хрысьце Божа, узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці, трымаем знакі перамогі і Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!". (Двойчы)
Слава ... Цяпер ...
(Тон 4): Пахаваныя з Табою ў хрышчэньні, мы ўдастоіліся вечнага жыцьця ва ўваскрасеньні Тваім, Хрысьце Божа наш, і таму сёньня прыносім Табе песьню хвалы: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!".
Сядальная песьня 1 (Тон 4): 3 ачышчанымі душамі, трымаючы духоўныя галінкі, будзем з вераю славіць у песьнях Хрыста, як некалі дзеці. Усклікнем моцным голасам Уладару: "Блаславёны Ты, Збавіцелю, што прыйшоў на сьвет збавіць Адама ад старога праклёну; у Тваім чалавекалюбстве Ты, Слова, які ўсё ўладкаваў для нашага дабра, захацеў дабравольна стацца новым духоўным Адамам. Слава Табе!".
Слава ... Цяпер ...
Ты, Госпадзе, узьняў з магілы Лазара, які ляжаў мёртвы чатыры дні, і навучыў нас усіх славіць Цябе з пальмавымі галінкамі, усклікаючы: "Блаславёны Ты, што прыходзіш!".
Сядальная песьня 2 (Тон 4): Над прыяцелем Тваім, Хрысьце, Ты праліваеш ціха сьлёзы і ўздымаеш з мёртвых Лазара, яўляючы Тваю спагадлівасьць і чалавекалюбства. Даведаўшыся аб Тваім прыйсьці, Ісусе, мноства дзетак з пальмавымі галінкамі ў руках зышліся сёньня, усклікаючы: "Гасанна, Блаславёны Ты, што прыходзіш збавіць сьвет!".
Слава ... Цяпер ...
(Тон 1): Усе людзі і народы, аддайце дружна хвалу, бо вось Уладар, як усемагутны, прыходзіць, седзячы на асьляці, каб перамагчы ворагаў. Дзеля гэтага дзеткі з пальмавымі галінкамі пяюць голасна: "Слава Табе, Пераможца, які прыходзіш; слава Табе, Збавіцелю Хрысьце; слава Табе, блаславёнаму, адзінаму Богу нашаму!".
Паліелей: Хваліце імя Гасподняе...
Узьвялічваньне: Узьвялічваем Цябе, Жыцьцядаўча Хрысьце, і пяём Табе "Гасанна, Блаславёны Той, Хто прыходзіць у імя Гасподняе!".
Верш 1: Госпадзе, Госпадзе наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі!
Верш 2: Вуснамі дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу.
Верш 3: Хвалі, Ерусаліме, Госпада, слаў Бога твайго, Сыёне.
Верш 4: Хвала Ягоная будзе давеку, і на век вякоў.
Слава ... Цяпер ...
Алілуя, алілуя, алілуя, Слава Табе, Божа! (Тройчы)
Сядальная песьня 3 (Тон 4): Той, хто сядзіць на хэрувімскім пасадзе, сеў на асьля дзеля нас і дабравольна прыйшоў на пакуты, сёння чуе, як дзеці клічуць: "Гасанна!" А ўсе людзі ўсклікаюць: "Сыне Давідавы, пасьпяшайся збавіць стварэньне Тваё". Блаславёны Ісусе, Ты прыйшоў на тое, каб нам зразумець славу Тваю.
Узыходныя песьні – першы антыфан 4 тону.
Пракімен (Пс. 8:3,2): Вуснамі дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу.
Верш: Госпадзе, Госпадзе наш, як цудоўнае імя Тваё па ўсёй зямлі.
Усё, што жыве...
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея (21:1-11,15-17)
У той час, калі Ісус і вучні Ягоныя падыходзілі да Ерусаліму і прыйшлі да Бэтфагіі на Аліўнай Гары, Ісус паслаў двух вучняў, кажучы ім: "Ідзеце ў вёску, што перад вамі, і там знойдзеце прывязаную асьліцу і асьлятка з ёю. Адвяжыце іх і прывядзіце да Мяне. А калі хто скажа вам нешта, адказвайце: Госпад мае патрэбу ў іх, і хутка іх адпусьціць". Так сталася, каб споўнілася сказанае прарокам: "Скажыце Дачцы Сыёну: вось Кароль твой прыходзіць, лагодны, седзячы на асьляці, сыне пад'ярэмнай". Вучні пайшлі і зрабілі тое, што загадаў ім Ісус. Прывялі асьліцу і асьлятка і паклалі на іх свае адзеньні, а Ён сеў на іх. А вялікі натоўп пасьцілаў свае вопраткі, іншыя ж сьціналі галіны з дрэваў і слалі на дарозе. А людзі, якія ішлі наперадзе, і тыя, што ішлі сьледам за Ім, усклікалі голасна: "Гасанна Сыну Давіда! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе! Гасанна на вышынях!". Калі ж Ён увайшоў у Ерусалім, увесь горад заварушыўся, пытаючыся: "Хто гэта?". А народ адказваў: "Гэта прарок Ісус з Назарэту Галілейскага". А сьвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія Ён чыніў, і дзетак, якія клікалі ў сьвятыні: "Гасанна Сыну Давідаваму!", абурыліся і сказалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?". А Ісус адказаў ім: "Так. Ці ж вы ніколі не чыталі: Вуснамі дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў сабе хвалу?". I, пакінуўшы іх, выйшаў з гораду ў Бэтанію і там пераначаваў.
"Убачыўшы ўваскрасеньне..." не сьпяваецца, але адразу Псалом 50. Пасьля бывае асьвячэньне вербаў.
Малітва на асьвячэньне вербаў
Сьвятар: Госпадзе, Божа наш, што сядзіш на хэрувімскім пасадзе, Ты ўзнавіў Тваю ўладу, паслаўшы Сына Твайго Адзінароднага, Госпада нашага Ісуса Хрыста, каб праз Ягоны крыж, пахаваньне і ўваскрасеньне збавіць сьвет. Калі Ён прыйшоў у Ерусалім на дабравольную пакуту, людзі, што былі ў цемры і цені сьмерці, выйшлі насустрач з галінкамі дрэваў і пальмаў, быццам са знакамі перамогі, прадвяшчаючы такім чынам уваскрасеньне. Сёньня, Уладару, мы таксама, трымаючы ў руках вербныя галінкі, як калісь тыя людзі і дзеткі, усклікаем Табе "Гасанна!" і хвалім Цябе ў песьнях і гімнах духоўных. Ты ж захавай і сьцеражы нас, як некалі іх, і зрабі нас дастойнымі ўбачыць трохдзённае ўваскрасеньне ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым, з Якім блаславёны Ты і Твой Усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар (асьвячае вербы): Бласлаўляюцца і асьвячаюцца гэтыя вербы акрапленьнем гэтай сьвятой вадою ў імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
Людзі (сьпяваюць):
Слава ...
(Тон 2): Сёньня Хрыстос уваходзіць у горад Бэтанію, седзячы на асьляці, каб вызваліць людзей, што здаўна сядзелі ў беспрасьветнай цемры.
Цяпер ...: тое самае.
Зьмілуйся нада мною, Божа...
(Тон 6): Сёньня сабрала нас ласка Духа Сьвятога, і мы, узяўшы крыж, усклікаем: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе, гасанна на вышынях!".
Малітва: "Збаў, Божа, людзей Тваіх...".
КАНОН (Тон 4)
Ірмас: Сёньня крыніцы бездані воднай сталіся бязводнымі, і паказаліся асновы бурнага мора; у Тваёй магутнасьці Ты забараніў яму і збавіў выбраны Твой народ, які пяяў Табе, Госпадзе, песьню перамогі.
Вуснамі нявінных дзетак і немаўлятаў Ты ўчыніў хвалу слугам Тваім: Ты перамог праціўніка, і Крыжоваю мукаю адплаціў за падзеньне Адама; дрэвам крыжовым Ты ўваскрасіў яго, і ён запяяў Табе, Госпадзе, песьню перамогі.
Табе, Хрысьце, што жывеш у Сыёне, царква сьвятых прыносіць хвалу, і Ізраіль радуецца ў Табе, Творцу сваім; горы – вобраз жорсткіх паганаў, – цешацца перад абліччам Тваім і пяюць Табе, Госпадзе, песьню перамогі.
Песьня 3
Ірмас: Ізраіль дастаў ваду са скалы, бо з яе на Твой загад пацякла крыніца. Ты, Хрысьце – скала і жыцьцё, Ты – аснова Царквы, якая кліча голасна: "Гасанна! Блаславёны Ты, што прыходзіш".
Пекла з трапятаньнем выпусьціла на Твой загад Лазара, які ляжаў мёртвы чатыры дні. Бо Ты, Хрысьце, – уваскрасеньне і жыцьцё; Ты – аснова Царквы, якая ўсклікае: "Гасанна! Блаславёны Ты, што прыходзіш".
Засьпявайце, людзі, у Сыёне песьню, годную Бога, ахвяруйце малітву Хрысту ў Ерусаліме. Бо вось Ён прыходзіць у сіле і славе; Ён – аснова Царквы, якая ўсклікае голасна: "Гасанна! Блаславёны Ты, што прыходзіш".
Гіпакоі (Тон 5): Спачатку няўдзячныя гэбрэі, з галінкамі ў руках, пелі хвалу Хрысту Богу нашаму, а пасьля прыбілі Яго да дрэва. Мы ж з непахіснай вераю пакланяемся Яму, як нашаму Дабрачынцу, і клічам: "Блаславёны Той, хто прыходзіць паклікаць Адама".
Песьня 4
Ірмас: Прарок некалі сказаў: "Хрыстос прыйдзе, і явіць сябе Богам; Ён прыйдзе і не спозьніцца, з гары пакрытай лесам, і народзіцца ад Дзевы, што мужа ня знае". Дзеля гэтага клічам: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!".
Хай горы і ўзгоркі радуюцца вялікай радасьцю, дрэвы дуброўныя хай усьцешацца. Аддайце хвалу Хрысту, усе людзі, узьвялічвайце Яго, клічучы: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!".
Уладар вякоў, Госпад, прыходзіць, апрануты ў сілу. Незраўнаная краса Яго і слава аб'яўляецца ў Сыёне. Дзеля гэтага клічам голасна: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!".
Госпад, які пядзьдзю мерыць неба і далоньню Сваёю зямлю, прыходзіць. Ён выбраў сабе Сыён, дзе захацеў жыць і панаваць, і палюбіў людзей, што з вераю клічуць: "Слава сіле Тваёй, Госпадзе!".
Песьня 3
Ірмас: Узыдзі, дабравесьніку, што прапаведуеш Ерусаліму, на гару Сыён, узьнімі голас твой і кліч: "Слаўнае гавораць пра цябе, горадзе Божы. Мір Ізраілю і збаўленьне ўсім людзям".
Бог, які сядзіць на вышыні на хэрувімах і ўзіраецца на пакорных, ідзе ў славе і сіле, каб усё напоўніць сваёй Боскай хвалою. Мір Ізраілю і збаўленьне ўсім людзям .
Сыёне Божы, гара сьвятая, і Ерусаліме, глянь навокал на сабраных у табе дзетак тваіх, што прыйшлі здалёку пакланіцца Ўладару твайму. Мір Ізраілю і збаўленьне ўсім людзям.
Песьня 6
Ірмас: Усклікнулі радасна праведныя духі: Сёньня даецца сьвету новы запавет, і людзі абнаўляюцца акрапленьнем Божае крыві.
Прымі, Ізраілю, Божае валадарства: хай тыя, што прабываюць у цемры, убачаць вялікае сьвятло; і хай людзі абновяцца акрапленьнем Божае крыві.
Адпусьці на свабоду вязьняў сваіх, Сыёне, і выведзі іх з бязводнае ямы няведаньня; і хай людзі абновяцца акрапленьнем Божае крыві.
Кандак (Тон 6): Хрысьце Божа, што сядзіш на пасадзе ў нябёсах, на зямлі, сеўшы на асьля, Ты прымаеш хваленьне анёлаў і песьні дзетак, якія ўсклікаюць Табе: "Гасанна на вышынях, блаславёны Той, хто прыходзіць Адама паклікаць!".
Ікас: Ты, Несьмяротны Госпадзе, зьвязаў пекла, умярцьвіў сьмерць, і ўваскрасіў сьвет; дзеля гэтага дзеці, з галінкамі ў руках, сёньня на ўвесь голас славяць Цябе, усклікаючы: "Гасанна Сыну Давіда! Ужо больш ня будуць аддаваць на лютую сьмерць немаўлятаў дзеля Сына Марыі, але Ты адзін будзеш укрыжаваны за ўсіх, старых і малых. Меч ня будзе больш забіваць, бо Твой бок будзе прабіты кап'ём. Таму радасна клічам: "Блаславёны Той, хто прыходзіць Адама паклікаць!".
Песьня 7
Ірмас: Ты выратаваў юнакоў Абрагамавых з агню і ўмярцьвіў хальдэяў, якія задумалі злое супраць праведных. Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых.
3 вербнымі галінкамі ў руках, усе людзі разам з апосталамі, укленчыўшы, радасна ўсклікнулі: "Гасанна Сыну Давіда! Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!".
Мноства нявінных дзетак уславіла богадастойнай песьняй Цябе, Уладару Ізраіля і анёлаў: "Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!".
3 галінкамі пальмаў мноства людзей вітала Цябе, Хрысьце, усклікаючы: "Блаславёны Ты, што прыходзіш, Уладару вякоў! Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа айцоў нашых!".
Песьня 8
Ірмас: Радуйся, Ерусаліме, сьвяткуйце ўсе, што любіце Сыён. Бо вось Уладар вякоў, Госпад сілаў, прыходзіць. Хай уся зямля стане перад Ягоным абліччам і паклоніцца Яму, гукаючы: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Хрыстос, Уладар твой, Сыёне, ужо блізка. Ён прыходзіць, седзячы на асьляці, каб зьнішчыць бяздумнае ідалапаклонства, утаймаваць свавольства людзей, і навучыць іх пяяць: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Радуйся, Сыёне, бо Хрыстос, Бог твой, будзе панаваць вечна. Як напісана, Збавіцель наш, лагодны, збавенны і праведны, прыходзіць, седзячы на жарабяці, каб зьнішчыць гордую пыхлівасьць ворагаў, што ня хочуць пяяць: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Натоўп беззаконных быў выгнаны са сьвятыні, бо яны зрабілі з дому Божага пячору разбойнікаў і адкінулі ад сэрцаў сваіх Збавіцеля, якога мы славім, усклікаючы: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Замест "Больш годную пашаны...":
Узьвялічвай, душа мая, Хрыста Жыцьцядаўца, што сядзіць на асьляці!
Песьня 9
Ірмас: Госпад – Бог, і Ён зьявіўся нам. Наладзім сьвята і, поўныя радасьці, з вербнымі галінкамі ў руках, пойдзем узьвялічваць Хрыста ў песьнях, усклікаючы: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!".
Чаго мітусіцеся, людзі? Чаму, кніжнікі і сьвятары, думаеце марнае і пытаеце: "Хто гэта, каго дзеткі з галінкамі ў руках у песьнях славяць, усклікаючы: Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Госпада, Збаўцы нашага!".
Вось Бог наш, і няма іншага падобнага да Яго: Ён знайшоў праведны шлях і паказаў яго Ізраілю любаму свайму, а потым зьявіўся на зямлі і жыў сярод людзей. Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Госпада, Збаўцы нашага!
Чаго вы, непакорныя, кідаеце нам на спатыкненьне камяні на дарозе? Ногі вашыя хуткія, каб праліць кроў Гасподнюю. Але Ён уваскрэсьне, каб збавіць тых, што клічуць: "Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Госпада, Збаўцы нашага!".
Пахвальныя псалмы
(Тон 4): Людзі, Госпадзе, пасьцілалі на шляху Тваім вопраткі свае; іншыя рэзалі галінкі з дрэваў і ішлі з імі перад Табою і ўсьлед за Табою, усклікаючы: "Гасанна Сыну Давіда: блаславёны Ты, што прыходзіш і зноў прыйдзеш у імя Гасподняе". (Двойчы)
Калі Ты, Госпадзе, захацеў увайсьці ў Сьвяты Горад, людзі з галінкамі ў руках у песьнях славілі Цябе, Уладара ўсіх. Яны бачылі, як Ты сядзіш на асьляці, быццам на хэрувімах, і клікалі: "Гасанна на вышынях, блаславёны Ты, што прыходзіш і зноў прыйдзеш у імя Гасподняе!". (Двойчы)
Выйдзіце, усе народы, выйдзіце, людзі, каб убачыць, як сёньня Ўладар Нябесны, седзячы на мізэрным асьляці, быццам на пасадзе, уваходзіць у Ерусалім. Родзе няверны, прыйдзі і глянь, як Той, каго бачыў Ісая, прыходзіць у целе дзеля нас; як Ён заручаецца з чыстым Новым Сыёнам і адкідае асуджанае зборышча; як на гэтае нятленнае і чыстае вясельле зьбегліся нявінныя дзеткі хваліць Бога. 3 імі і мы запяем анельскую песьню: "Гасанна на вышынях Таму, хто мае веліч міласэрнасьці!".
Перад Тваімі дабравольнымі пакутамі, Ты, Хрысьце Божа наш, даў усім нам пацьверджаньне агульнага ўваскрасеньня, узьняўшы Тваёй магутнай сілаю ў Бэтаніі Лазара, які ўжо чатыры дні ляжаў мёртвы ў магіле. Як Сьветланосны Ты, Збавіцелю, вярнуў сьляпым зрок. Ты ўвайшоў у Сьвяты Горад з вучнямі Тваімі, седзячы на асьляці, быццам на хэрувімах, каб споўніць сказаньні прарокаў. Як некалі гэбрэйскія дзеткі сустракалі Цябе з пальмамі, так і мы цяпер, узяўшы вербныя галінкі, клічам з удзячнасьцю: "Гасанна на вышынях! Блаславёны Той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!".
Слава ... Цяпер ...
(Тон 6): За шэсьць дзён да Пасхі прыйшоў Ісус у Бэтанію, і прыступілі да Яго вучні Ягоныя, пытаючыся: "Госпадзе, дзе хочаш, каб мы падрыхтавалі Табе есьці Пасху?". Ён паслаў іх, кажучы: "Ідзеце ў суседнюю вёску і ўбачыце там чалавека, які нясе збан вады; ідзеце за ім і скажэце гаспадару дому: Настаўнік кажа – хачу ў цябе есьці Пасху з вучнямі Маімі".
Пасьля Вялікага Ўсхваленьня – трапар сьвята:
(Тон 1): Каб перад мукаю Тваёю ўпэўніць нас у агульным уваскрасеньні, Ты, Хрысьце Божа, узьняў з мёртвых Лазара. Дзеля гэтага мы, як некалі дзеці, трымаем знакі перамогі і Табе, Пераможцу сьмерці, радасна ўсклікаем: "Гасанна на вышынях, блаславёны той, хто прыходзіць у імя Гасподняе!".
І далей – звычайнае заканчэньне сьвяточнай ютрані.
|