Галоўная > Новы Запавет (кс. Чарняўскі) > Пісьмо да Эфэзцаў
Пісьмо да Эфэзцаў13 траўня 2011. |
|
Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага Эфэз быў сталіцай Рымскай правінцыі ў Малой Азіі. Гэта адзін з найстаражытнейшых гарадоў сьвету. Пабудаваны Феніцыянамі, Грэкамі быў згеленізаваны. Ён - слава Малой Азіі, тут было селішча паэтаў, філосафаў, інтэлігенцыі. Не абмінулі гэтага горада і хрысьціяне. На кароткі час наведаў яго і сьв. Павал у сваім перашым падарожжы, а ў трэцім выбраў Эфэз цэнтрам сваёй місійнай дзейнасьці. Прабыў тутка тры гады. Узьнікшыя з прычыны культу Дыяны замяшаньні, выкліканыя рамесьнікамі, што выраблялі статуэткі гэтай багіні, а за імі бунты і напасці на сьв. Паўла змусілі яго пакінуць Эфэз, але кантакту з ім ён не спыняў. Аб гэтым сьведчыць і гэта пісьмо. Хоць яно адрасавана Эфэзцам, але адносіцца да ўсіх хрысьціян у Малой Азіі. Пісьмо напісана з Рыму каля 63 года ў часе яго перашага арышту, калі ў яго была надзея вызваліцца. Пратастанты аспрэчваюць аўтантычнасьць гэтага пісьма, хоць Касьцёл лічыў і лічыць, як і Айцы касьцёла, за Паўлава, інспіраванае Духам Сьвятым. Як відаць, яны выступаюць таму, што тут сьв. Павал піша аб Касьцёле як аб містычным целе Хрыстовым. Увесь арганізм - Касьцёл, Хрыстус - галава, а часткі яго - усе верныя. Гэта догма стала фундаментам грамадскага ладу, роўнасьці людзей і імкненьня да адной мэты - Бога. Распарадак пісьма Уступ: Адрас пісьма. (1,3-14) Частка перашая, дагматычная (1,3-3,31) 1. Падзяка (удзячнасьць) (1,3-14) 2. Выказваньне падзякі чытачам. (1,15-23) 3. Хрыстус дае новае жыцьцё сваёй ласкай. (2,1-3,21) Частка другая, парэнетычная (4,1-6,9) 1. Касьцёл утварае адзін містычны арганізм з галавой - Хрыстусам. (6,1-16) 2. Верныя павінны пачаць новае жыцьцё ў праўдзе і сьвятасьці (4,17-5,20). 3. Абавязкі бацькоў, дзяцей, сужэнцаў, слуг і паноў (5,21-6,9) Заканчэньне: Заахвочанне змагацца з сапсутасьцю. Багаславенства. Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 ПІСЬМО СЬВ. ПАЎЛА АПОСТАЛА ДА ЭФЭЗЦАЎ 1,1-2. Уступ: 1.1. Павал, Апостал Езуса Хрыстуса з волі Божай усім святым, якія знаходзяцца ў Эфэзе і верным у Езусе Хрыстусе. 2. Ласка вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Езуса Хрыстуса. Таямніца збаўленьня і Касьцёл 3. Праслаўлен Бог і Айцец Госпада нашага Езуса Хрыстуса, які ўдастоіў нас з неба ўсякім багаславенствам духоўным у Хрыстусе, 4. які выбраў нас у Ім перад заснаваньнем сьвету, каб мы сталі сьвятымі і беззаганнымі перад Ім у міласьці. 5. Ён вызначыў устанавіць нас сябе на дзяцей праз Езуса Хрыстуса па волі рашэньня свайго, 6. на хвалу велічы ласкі сваёй, якой абдзяліў нас ва ўмілаваным Сваім Сыне. 7. У Ім маем збаўленьне праз кроў Ягоную, адпушчэньне грахоў па багатасьці ласкі Яго. 8. Яе выліў Ён на нас шчодра ў ва ўсякай мудрасьці і ўмеласьці, 9. каб выявіць нам таямніцу сваёй волі паводле свайго ўпадабаньня, якое Ён раней запланаваў у Ім (Хрыстусе), 10. каб у паўнаце часу ўсё, што на небе і на зямлі, аб'яднаць у Хрыстусе адным (як Галаве). 11. У Ім таксама і мы сталі ўдзельнікамі, прадназначанымі рашэньнем Яго, які спраўляе ўсё паводле пастановы волі сваёй, 12. каб былі мы на славу Велічы Ягонай, якія ўжо раней паклалі надзею ў Хрыстусе (Месіяшы). 13. У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Эвангелію збаўленьня вашага і ў Яго ўверыўшы, былі вы пазначаны абяцаным Духам Сьвятым, 14. які ёсьць задаткам насьледніцтва нашага для адкупленьня набытку (уласнасьці) і на славу Ягонай Вялікасьці. Падзяка і маленьне за верных 15. Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Езуса і пра міласьць да ўсіх сьвятых, 16. не спыняюся дзякаваць Богу за вас, помнячы пра вас у мольбах маіх, 17. каб Бог Госпада нашага Езуса Хрыстуса, Айцец хвалы даў вам духа мудрасьці і абяўленьне пазнаць яго добра, 18. каб ласкаю асьвяціў вочы сэрца вашага пазнаць, у чым надзея ягонага пакліканьня ды якія багацьці славы насьледніцтва ягонага паміж сьвятых 19. і якая велічэзная сіла мугутнасьці Ягонай адносна нас, веруючых, сіла дзейнасьці Моцы Яго, 20. якую раскрыў у Хрыстусе, ўваскрашаючы Яго з умёршых і садзячы праваруч Сябе ў небе 21. вышэй за ўсякае Князёўства і Уладу, Магутнасьць і Валаданьне і над усякае імя, якое імянуецца ня толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым. 22. І ўсё палажыў пад ногі Яму і ўчыніў Яго Галавой над усякім Касьцёлам, 23. які ёсьць Целам Ягоным, паўнатой Таго, які ўсё ва ўсім пранікае. Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 Ласка пакліканьня ў адно цела Хрыстова 2.1. І вы былі памёршымі праз праступкі і грахі вашы, 2. у якіх калісьці пражывалі звычаем гэтага сьвету, па волі князя, які валодае паветрам, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту. 3. Між імі і мы калісьці жылі ўсе з жаданьнямі цела нашага, выпаўняючы волю цела і пажаданьняў цялесных, і былі мы з натуры дзецьмі гневу, як і іншыя. 4. Але Бог прабагаты міласэрдзем, з бязьмежнай міласьці сваёй, якою ўзьлюбіў нас, 5. і хаця былі мы памёршымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстусам, ласкаю якога вы збаўлены. 6. Ён вас разам уваскрасіў і пасадзіў у небе з Хрыстусам Езусам, 7. каб у наступных вяках мог аказаць нам незвычайныя багацьці ласкі сваёй і дабраты ў Хрыстусе Езусе. 8. Ласкаю бо вы збаўлены праз веру, але гэта не ад вас, а гэта дар Божы, 9. не праз учынкі (дзеянні), каб ніхто не хваліўся. 10. Бо мы зьяўляемся Ягоным тварэньнем, створаным у Хрыстусе Езусе для добрых дзеяньняў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы іх выпаўнялі. Злучэньне паганаў і жыдоў у адну сьвятыню 11. Дзеля таго памятайце, што калісьці пагане па целу, якіх завуць "неабразаньнем" розніліся ад таго, што называецца абразаньнем, зробленым рукою на целе, 12. бо ў той час былі вы па-за Хрыстусам, выключанымі ад супольнасьці з Ізраілем і ад удзелу ў тастаментавым абяцаньні, ня мелі вы надзеі і былі на гэтым сьвеце бязбогімі. 13. Вы калісьці былі далёкімі, цяпер жа ў Хрыстусе Езусе сталі блізкімі праз Кроў Хрыстову. 14. Ён жа - супакой наш, бо Ён злучыў разьвеяных у адно і ліквідаваў мур разьдзяляючы і сваім целам зьнішчыў варожасьць, 15. скасаваў закон загадаў з яго пастановамі, каб з двух у сабе самым аснаваць аднаго новага чалавека, творачага мір (супакой) і каб 16. прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж (сьмерцю), гэтак самым сабою касуючы варожасьць. 17. І прыйшоўшы, Ён апавяшчаў мір вам, якія былі далёка, ды супакой тым, што былі блізка. 18. Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу. 19. Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыблуды, але грамадзяне між сьвятымі і члены сям'і Божай, 20. угрунтаванымі на фундаменце апосталаў і прарокаў і на найвышэйшым вугольным камені - Хрысьце Езусе. 21. На Ім уся пабудова зладжана расьце ў сьвятую Сьвятоўню ў Госпадзе, 22. у якую і вы ўбудаваныя на прыбытак Божы ў Духу. Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 Павал пасярэднік таямніц Хрыстовых 3.1. Дзеля таго я, Павал, стаўся вязьнем Хрыстовым для вас паганаў, 2. хіба ж чулі вы аб арандаваньні ласкі, што паручыў мне Бог адносна вас, 3. бо праз аб'яўленьне абвешчана мне таямніца, аб чым коратка я ўжо вышэй напісаў, 4. вось жа чытаючы можаце зразумець маё праніканьне таямніцы Хрыстовай. 5. Не была яна абвешчана сынам людзей папярэдніх пакаленьняў, як цяпер аб'яўлена ёсьць сьвятым апосталам Ягоным і прарокам у Духу, 6. што пагане сталі сунасьледнікамі, сучленамі і судзельнікамі Яго абяцаньня ў Хрыстусе Езусе праз Эвангелію. 7. Я стаўся Яе слугою паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне ў выніку дзеяньня Моцы Ягонай. 8. Мне, найменшаму з усіх сьвятых, дадзена гэта ласка апавяшчаць паганам неабсяжныя багацьці Хрыстуса і 9. выясьніць усім, як павінна зьдзейсьніцца гэта таямніца, скрытая ад вякоў у Богу, які ўсё сатварыў, 10. каб стала вядомай Вярхоўнікам і Уладам нябесным праз Касьцёл бязьмежная мудрасць Божая 11. па волі адвечнага рашэньня, што пастанавіў Ён у Хрыстусе Езусе, Госпадзе нашым, 12. у Якім маем давер і доступ надзеяў праз веру ў Яго. 13. Таму вось прашу, ня падайце духам дзеля турботаў маіх пра вас, якія на хвалу вашу. 14. З гэтай прычыны схіляю калені мае перад Айцом Госпада нашага Езуса Хрыстуса, 15. ад якога паходзіць усякае айцоўства на небе і на зямлі, каб даў вам узмацавацца Сілай Духа Свайго і паводле багатасьці хвалы сваёй у духовага (унутранага) чалавека, 16. і каб у сэрцах вашых абжыўся Хрыстус праз веру і каб умацаваны і спасіленыя любоўю 17. разам з усімі сьвятымі маглі зразумець, якая ёсьць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня, 18. а таксама пазнаць міласьць Хрыстову, перавышаючую ўсю веду, і каб напоўніліся вы ўсёю паўнатою Божаю. 19. Яму ж, які можа многа больш зрабіць, чым мы просім, або разумеем паводле магчымасьці, якая дзейнічае ў нас, 20. хай Яму будзе хвала ў Касьцёле і ў Хрыстусе Езусе праз усе пакаленьні на векі вечныя. Аман. Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 Жыць паводле пакліканьня 4.1. Умольваю тады вас я, вязень Госпадаў, каб вы вялі сябе паводле пакліканьня, якога вы ўдастены, 2. з усёю пакорлівасьцю і ласкавасьцю, з церпялівасьцю і любоўю, адны адных пераносячы, 3. рупліва зьберагаючы адзінства Духа ў супакою. 4. Адно цела і адзін Дух, як пазваныя вы адною надзеяю пакліканьня вашага. 5. Адзін Госпад, адна вера, адзін (той самы) хрост. 6. Адзін Бог і Айцец усіх. Ён над усімі і ў ва ўсім і ў ва ўсіх нас. 7. Кожнаму ж з нас дадзена ласка па меры дару Хрыстовага. 8. Таму вось кажа Пісаньне: "Узыходзячы на вышыню, павёў здабытую здабычу ў няволю, даў людзям дары". 9. Што ж значыць "узыходзячы", што перш сышоў у глыбейшыя нетры зямлі. 10. Хто сышоў, той самы і ўступіў, узыйшоў вышэй усяго неба, каб усё перапоўніць. Разнастайнасьць дароў Хрыстовых у адным целе 11. І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, а яшчэ іншых настаўнікамі і доктарамі 12. на ўдасканаленьне сьвятых, для патрэбы служэньня, для збудаваньня Цела Хрыстовага. 13. Аж пакуль не дойдзем да адной веры і пазнаньня Сына Божага да чалавека беззаганнага па меры веку паўнаты Хрыстовай, 14. каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, кіданымі ўсякім ветрам навукі сапсаваных людзей і дурманячых ашуканствам. 15. Трымаючыся праўды, расьцём у міласьці, перад усім у тым, хто зьяўляецца Галавой - Хрыстус. 16. З Яго ўсё Цела састаўлена і спаяна ўсякую сувязьзю, успамогаю паводле дзейнасьці на меру паасобнага члена прычыняцца да росту цела на пабудову сваю ў міласьці. Хрысьціянская сьвятасьць 17. Вось аб гэтым кажу і заклінаю ў Госпадзе, каб вы ўжо не паступалі так, як паганцы, што вядуцца ў пустаце ў сваёй змысловасьці, 18. маючы атупелы розум, аддалення ад жыцьця Божага дзеля няведаньня, трываючага ў іх праз асьляпленьне іхняга сэрца. 19. Яны адурманеныя і аддалі саміх сябе на распусту і пошукі ўсякай люботнасьці. 20. Але вы не такога пазналі Хрыстуса, 21. калі толькі вы пра Яго чулі і калі на Ім вучыліся, таму што праўда ў Езусе. 22. Пакіньце жыць паводле абычаю старога чалавека, прападаючага ў абманнай змысловасьці. 23. Аднавіцеся ж розумам (духам розуму вашага) і 24. апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасьці і сьвятасьці праўды. 25. Дзеля таго перастаньце лгаць, кажучы праўду кожны свайму бліжняму, бо мы - часткі адны адных. 26. Гневаючыся не грашыце, хай сонца не заходзіць у гневе вашым. 27. І не давайце месца д'яблу. 28. Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, зарабляючы рукамі сваімі карыснае, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы патрабуючага. 29. Усякая ліхая гаворка хай не выходзіць з вуснаў вашых, а толькі добрая, на збудаваньне веры, каб была мілай слухаючым. 30. Не засмучайце Сьвятога Духа Божага, якім вы пазначаны на дзень адкупленьня. 31. Хай счэзне у вас усякая прыкрасьць, гнеў і злосьць, звадка і ачарненьне і ўсякая злоснасьць. 32. Будзьце ж паміж сабой спагаднымі, міласэрнымі, адпускайцеся адны адным, як і Бог адпусціўся вам у Хрыстусе. Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 Павучэньні і перасьцярогі хрысьціянам 5.1. Дык будзьце наслядоўнікамі Бога, як браты найдаражэйшыя, 2. і жывіце ў міласьці, як і Хрыстус узьлюбіў нас і выдаў самога сябе за нас на ахвяру і гостыю на ўспадабаньне Богу. 3. Распуста ж і усякая нячыстасьць або сквапнасьць (хцівасьць) хай і не ўпамінаюцца ў вас, як належыць сьвятым, 4. або разбэшчанасьць ці ліхая гаворка, ці насьмешка неадпаведная, а толькі падзяка Богу. 5. Вось гэта ведайце і будзьце перакананымі, што ні адзін распусьнік або нячысты ці сквапны, што зьяўляецца ідаласлужэньнем, ня мае ўдзелу ў валадарстве Хрыстовым і Божым. 6. Хай ніхто вас ня зводзіць пустымі словамі. Дзеля іх жа паў гнеў Божы на сыноў недаверства. 7. Дык не станьцеся ўдзельнікамі іх лёсу. 8. Былі бо вы калісьці цемраю, а цяпер вы - сьвятло праз Госпада, дык як сыны сьвятла і жывіце. 9. Плод жа сьвятла выяўляецца ўсякай дабратой і справядлівасьцю, і праўдай. 10. Глядзіце, што падабаецца Богу. 11. Не прымайце ўдзелу ў бясплодных справах цемры, а выкрывайце іх. 12. Бо не прыстойна і казаць аб тым, што робіцца тайна, хаваючыся. 13. Усё, што ганіцца, становіцца яўным, бо ўсё, што выкрывае, зьяўляецца сьвятлом. 14. Таму Пісьмо Сьвятое кажа: "Устань, каторы сьпіш, і падыміся з умёршых, і асьвеціць цябе Хрыстус". 15. І так глядзіце, браты, асьцярожна вядзіце сябе, не як неразумныя, 16. але як мудрыя, карыстаючыся часам, бо дні цяпер ліхія. 17. Дзеля таго не станьцеся неагляднымі, але разумеючымі волю Божую. 18. Не піце лішне віна, у якім прычына распуснасьці, але напаўняйцеся Духам Сьвятым, 19. сьпяваючы між сабою псальмы і гімны, і кантыкі духоўныя; сьпявайце і хваліце Госпада ў сэрцах вашых. 20. Дзякуйце заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Езуса Хрыстуса. Хатнія заняткі па-хрысьціянску 21. Падпарадкоўвайцеся адны адным у баязьні Хрыстовай. 22. Жанчыны хай слухаюць мужоў сваіх, як Госпада, 23. бо муж - галава жанчыны, як Хрыстус - галава Касьцёла, сам Збаўца - галавой цела свайго. 24. Але, як Касьцёл падчыняецца Хрыстусу, так і жонкі ў ва ўсім мужам сваім. 25. Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстус любіць Касьцёл і самога сябе выдаў за яго, 26. каб асьвяціць яго, ачышчаючы купельлю вады і словам жыцьця, 27. каб стварыць самому сабе слаўны касьцёл, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб б сьвяты і беззаганны. 28. Так і мужы павінны мілаваць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць. 29. Ніхто бо ніколі не меў у нянавісьці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Хрыстус Касьцёлу, 30. бо мы зьяўляемся таксама часткамі цела Яго, мы з цела Яго і з касьцей Ягоных. 31. "Дзеля таго пакіне чалавек бацькоў сваіх і прылучыцца к жонцы сваёй, і будуць двое ў адным целе". 32. Гэта вялікая таямніца, а я скажу: у Хрыстусе і ў Касьцёле. 33. Вось жа і вы паасобку і кожны з вас хай любіць жонку сваю, як сам сябе, а жонка хай жа паважае мужа свайго. Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 Дзеці і бацькі 6.1. Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Богу, бо гэта законна. 2. Паважай бацьку твайго і маці тваю; гэта першы загад у абяцаньні, 3. каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі. 4. А вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у дысцыпліне, павучаючы ў Госпадзе. 5. Нявольнікі, з боязьзю і пашанай у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся дачасным гаспадарам вашым, як Хрыстусу, 6. не для вока служачы, каб людзям падабацца, але як слугі Хрыстовыя, выпаўняючыя волю Божую ад душы, 7. з добрай інтэнцыяй паслугуючы, як Госпаду, а ня людзям. 8. Бо ведайце, што кожны, хто б зрабіў якое-небудзь дабро, той і ад Бога атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны. 9. І вы, гаспадары, паны падобна рабіце ім, не пагражайце, а ведайце, што і іхні і ваш Госпад знаходзіцца ў небе, і што Ён не адрозьнівае асобы. Заахвочаньне да змаганьня духовага 10. Наастатак, браты, умацоўвайцеся ў Госпадзе і ў сіле моцы Ягонай. 11. Адзеньцеся ў зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супроць намаганьняў шатанскіх. 12. Ня ёсьць бо гэта для вас ваяваньнем супроць цела або крыві, а супроць князёў і ўладаў, супроць уладальнікаў сьвету цемры гэтай, супроць нябесных моцаў шатанскіх. 13. Дзеля таго вазьміце аружжа Божае, каб маглі ў дзень ліхі абараніцца і ва ўсім застацца дасканалымі. 14. Дык стойце, падперазаўшы бёдры вашыя праўдаю і надзеўшы панцыр справядлівасьці, 15. абуўшы ногі ў гатоўнасьць апавяшчаць Эвангелію супакою; 16. на ўсякую нагоду вазьміце шчыт веры. Ёю зможаце пагасіць усе агністыя стрэлы нягодніка. 17. І вазьміце шалом збаўленьня разам з мячом духа, якім ёсьць Слова Божае, 18. усьцяж молячыся, усякаю мальбою і просьбаю ў духу трывайце ў маленьні за ўсіх сьвятых. 19. І за мяне, каб дадзен быў мне дар мовы на навучаньне і на пераканаўчае выяўленьне таямніц Эвангеліі, 20. для якой прызначаны я, вязень, каб гэтым меў адвагу так, як мне належыцца, апавяшчаць. Заканчэньне. Эпілог 6,21-24 21. Каб жа і вы ведалі пра мае справы, што раблю, пра ўсё гэта раскажа вам Тыхікус, найдаражэйшы брат і верны слуга ў Госпадзе, якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца і каб ён пацешыў сэрцы вашы. 22. Супакой вам, браты, і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Езуса Хрыстуса. 23. Ласка з усімі, якія мілуюць Госпада нашага Езуса Хрыстуса ў беззаганнасьці. Аман. Вярнуцца назад |