Галоўная > Трэці тыдзень Посту > ІІІ тыдзень посту - пятніца - увечары

ІІІ тыдзень посту - пятніца - увечары


19 красавіка 2008.

На "Госпадзе, Цябе клічу... ":

(Тон 7): Як блудны сын, я адпаў ад ласкі Тваёй, Госпадзе, змарнаваўшы багацьце і даброты Твае; і вось цяпер прыходжу да Цябе, добрасардэчны Божа, клічучы: "Зграшыў я, зьмілуйся нада мною".

Чатыры мучанічныя песьні належнага тону з актойху і тры з мінэі.

Дагматык належнага тону.


Пракімен (Пс 59): Дай помач нам у час суму, бо дарэмнае збаўленьне людское.

Верш: Божа, Ты адкінуў нас, і панізіў нас.


Чытаньне кнігі Роду

Дваццаць сёмага дня сёмага месяца каўчэг сеў на горах Арарацкіх. Вада ўсё асядала аж да дзесятага месяца. У першы дзень дзесятага месяца паказаліся вершаліны гораў. А пасьля сарака дзён Ной, адчыніў акно зробленага ім каўчэгу і выпусьціў ворана (пабачыць, ці адступіла вада з паверхні зямлі); і той паляцеў і не вярнуўся, аж пакуль не высахла вада на паверхні зямлі. І паслаў за ім галубку пабачыць, ці не адступіла вада з паверхні зямлі. Галубка, не знайшоўшы месца, дзе сесьці, вярнулася ў каўчэг, бо яшчэ вада была на ўсёй паверхні зямлі. І ён, працягнуўшы руку, схапіў яе і ўзяў у каўчэг. Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў паслаў галубку з каўчэгу; і вярнулася яна пад вечар, маючы ў дзюбе сьвежую галінку аліўную з лісьцямі. Ной зразумеў, што вада адступіла з паверхні зямлі. І, пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў паслаў галубку, і тая не вярнулася больш. У шэсьцсот першы год жыцьця Ноя, у першы дзень першага месяца, высахла вада на паверхні зямлі; і, адчыніўшы страху зробленага ім каўчэгу, Ной убачыў, што вада высахла на паверхні зямлі. У другі месяц, у дваццаць сёмы дзень месяца, высахла зямля. І сказаў Госпад Бог Ною гэтыя словы: "Выйдзі з каўчэгу, ты і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх з табою; і ўсе зьвяры што з табою, і ўсякі род птушак, жывёлы і ўсіх паўзуноў, што поўзаюць па зямлі. Выведзі іх з сабою: хай растуць і размнажаюцца". І выйшаў Ной і жонка ягоная, і сыны і жонкі сыноў яго з ім. І ўсе зьвяры і жывёла, і ўсе птушкі, і паўзуны, што поўзаюць па зямлі, кожны паводле свайго роду на зямлі, выйшлі з каўчэгу. І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду і, узяўшы ад усіх зьвяроў чыстых і птушак чыстых, прынёс іх як цэлапальную ахвяру. І Госпад пачуў прыемны пах. (8:4–21)


Пракімен (Пс 60): Пачуй Госпадзе, просьбу маю, будзь уважлівы да голасу малітвы маёй.

Верш: Ад канцоў зямлі я клікаў Цябе.


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Вусны праведнага кажуць мудрасьць, а язык распусны будзе зьнішчаны. З вуснаў праведнага цячэ мілае Богу, з вуснаў няверных – распуста. Агідная Госпаду мера няправедная, вага справядлівая даспадобы Яму. З высакамернасьцю прыходзіць ганьба, са сьціпласьцю – мудрасьць. Шчырасьць кіруе праведнымі, здрадлівых загубіць іхняя хітрасьць. У дзень гневу багацьце бескарыснае, а справядлівасьць ратуе ад сьмерці. Праведнасьць нявіннага выраўноўвае шлях яму, а нязбожны гіне з прычыны нязбожнасьці сваёй. Праведнасьць зьяўляецца ратункам для справядлівых, у сваёй злосьці запутваюцца падступныя. Памірае грэшнік, і з ім гіне надзея яго; марныя спадзяваньні сільных. Справядлівы вызваляецца ад бяды, замест яго ў яе ўпадае нязбожны. Няправедны вуснамі губіць бліжняга свайго, праніклівасьць праведных збаўляе іх. Калі праведным шчасьціць, увесь горад цешыцца; калі грэшнікі гінуць, усе скачуць з радасьці. Блаславеньнем праведнікаў горад умацоўваецца, вуснамі грэшнікаў – занепадае. Неразумны выказвае ўголас пагарду да іншых, разумны ўмее маўчаць. (10:31–11:12)


Літургія Раней Асьвячаных Дароў.


Вярнуцца назад