На "Госпадзе, Цябе клічу... ":
(Тон 7): Як блудны сын, я адпаў ад ласкі Тваёй,
Госпадзе, змарнаваўшы багацьце і даброты Твае; і вось цяпер прыходжу да Цябе,
добрасардэчны Божа, клічучы: "Зграшыў я, зьмілуйся нада мною".
Чатыры мучанічныя песьні належнага тону з актойху і тры з
мінэі.
Дагматык належнага тону.
Пракімен (Пс 59):
Дай помач нам у час суму, бо дарэмнае збаўленьне людское.
Верш: Божа, Ты адкінуў нас, і панізіў нас.
Чытаньне кнігі Роду
Дваццаць сёмага дня сёмага месяца каўчэг сеў на горах
Арарацкіх. Вада ўсё асядала аж да дзесятага месяца. У першы дзень дзесятага
месяца паказаліся вершаліны гораў. А пасьля сарака дзён Ной, адчыніў акно
зробленага ім каўчэгу і выпусьціў ворана (пабачыць, ці адступіла вада з
паверхні зямлі); і той паляцеў і не вярнуўся, аж пакуль не высахла вада на
паверхні зямлі. І паслаў за ім галубку пабачыць, ці не адступіла вада з паверхні
зямлі. Галубка, не знайшоўшы месца, дзе сесьці, вярнулася ў каўчэг, бо яшчэ вада
была на ўсёй паверхні зямлі. І ён, працягнуўшы руку, схапіў яе і ўзяў у каўчэг.
Пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў паслаў галубку з каўчэгу; і вярнулася яна пад
вечар, маючы ў дзюбе сьвежую галінку аліўную з лісьцямі. Ной зразумеў, што вада
адступіла з паверхні зямлі. І, пачакаўшы яшчэ сем дзён, зноў паслаў галубку, і
тая не вярнулася больш. У шэсьцсот першы год жыцьця Ноя, у першы дзень першага
месяца, высахла вада на паверхні зямлі; і, адчыніўшы страху зробленага ім
каўчэгу, Ной убачыў, што вада высахла на паверхні зямлі. У другі месяц, у
дваццаць сёмы дзень месяца, высахла зямля. І сказаў Госпад Бог Ною гэтыя словы:
"Выйдзі з каўчэгу, ты і жонка твая, і сыны твае, і жонкі сыноў тваіх з табою; і
ўсе зьвяры што з табою, і ўсякі род птушак, жывёлы і ўсіх паўзуноў, што поўзаюць
па зямлі. Выведзі іх з сабою: хай растуць і размнажаюцца". І выйшаў Ной і жонка
ягоная, і сыны і жонкі сыноў яго з ім. І ўсе зьвяры і жывёла, і ўсе птушкі, і
паўзуны, што поўзаюць па зямлі, кожны паводле свайго роду на зямлі, выйшлі з
каўчэгу. І збудаваў Ной ахвярнік Госпаду і, узяўшы ад усіх зьвяроў чыстых і
птушак чыстых, прынёс іх як цэлапальную ахвяру. І Госпад пачуў прыемны пах.
(8:4–21)
Пракімен (Пс 60):
Пачуй Госпадзе, просьбу маю, будзь уважлівы да голасу малітвы маёй.
Верш: Ад канцоў зямлі я клікаў Цябе.
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Вусны праведнага кажуць мудрасьць, а язык распусны будзе
зьнішчаны. З вуснаў праведнага цячэ мілае Богу, з вуснаў няверных – распуста.
Агідная Госпаду мера няправедная, вага справядлівая даспадобы Яму. З
высакамернасьцю прыходзіць ганьба, са сьціпласьцю – мудрасьць. Шчырасьць кіруе
праведнымі, здрадлівых загубіць іхняя хітрасьць. У дзень гневу багацьце
бескарыснае, а справядлівасьць ратуе ад сьмерці. Праведнасьць нявіннага
выраўноўвае шлях яму, а нязбожны гіне з прычыны нязбожнасьці сваёй. Праведнасьць
зьяўляецца ратункам для справядлівых, у сваёй злосьці запутваюцца падступныя.
Памірае грэшнік, і з ім гіне надзея яго; марныя спадзяваньні сільных.
Справядлівы вызваляецца ад бяды, замест яго ў яе ўпадае нязбожны. Няправедны
вуснамі губіць бліжняга свайго, праніклівасьць праведных збаўляе іх. Калі
праведным шчасьціць, увесь горад цешыцца; калі грэшнікі гінуць, усе скачуць з
радасьці. Блаславеньнем праведнікаў горад умацоўваецца, вуснамі грэшнікаў –
занепадае. Неразумны выказвае ўголас пагарду да іншых, разумны ўмее маўчаць.
(10:31–11:12)
Літургія Раней Асьвячаных Дароў. |