Галоўная > Чацьвёрты тыдзень Посту > ІV нядзеля посту - Памяць сьв. Айца нашага Яна Лесьвеньніка

ІV нядзеля посту - Памяць сьв. Айца нашага Яна Лесьвеньніка


22 красавіка 2008.

ВЯЧЭРНЯ


На "Госпадзе, Цябе клічу..." – сем песьняў нядзельных належнага тону і тры наступныя:

(Тон 8): Ойча сьвяты Яне, вусны твае былі заўсёды поўныя Божай хвалы. З вялікай пільнасьцю ты, мудры, вывучаў боганатхнёныя словы Сьвятога Пісаньня і, абагаціўшыся ласкаю, што цякла адтуль, дасягнуў блаславенства, разбурыўшы намеры нязбожных.

Ойча слаўны Яне, крыніцамі сьлёз ты абмыў душу тваю, нядрэмнасьцю здабыў зьмілаваньне ў Бога і ўзьняўся да Ягонай любові і красы. Цяпер, як і належалася, ты, багамудры сьвяты, разам з таварышамі ў духоўным змаганьні, прабываеш у непрамінальнай радасьці.

Ойча сьвяты Яне, вераю ты ўзьняў розум твой да Бога, адкінуў няўстойлівасьць і мітусьню гэтага сьвету і, узяўшы крыж, пайшоў усьлед за Тым, хто ўсё бачыць, подзьвігамі ўтаймаваўшы тваё цела і падпарадкаваўшы яго розуму сілаю Духа Сьвятога.

Слава ...

(Тон 5): Пачуўшы голас Евангельля Гасподняга, ты, сьвяты ойча, пакінуў гэты сьвет, палічыўшы за нішто ягоныя багацьці і славу, і ўсклікнуў так, каб пачулі ўсе: "Любіце Бога і знойдзеце вечную ласку; больш за ўсё даражыце любоўю Яго, каб, калі Ён прыйдзе ў славе, вам знайсьці супакой разам з усімі сьвятымі". Малітвамі іх, Хрысьце, захавай і збаў душы нашы.

Цяпер ...

Дагматык належнага тону.


Вершапесьні нядзельныя належнага тону.

Слава ...

(Тон 2): Ушануем Яна, анёла на зямлі, чалавека Божага ў небе, сьвету красу, радасьць праведнікаў, хвалу посьнікаў. Насаджаны ў доме Гасподнім, ён расьцьвіў там кветкаю сьвятасьці, і разросься, быццам кедр у пустыні, узбагаціўшы статак авечак Хрыстовых сьвятасьцю і праведнасьцю.

Цяпер ...

(Тон 2): Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды! Хто калі бачыў Маці, якая радзіла без мужа і на руках насіла Таго, хто трымае ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся той, каго Ты, Усячыстая, насіла як дзіцятка на руках Тваіх. Маючы матчыну сьмеласьць у Яго, не пераставай маліцца за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў нам багацьце ласкі сваёй і збавіў душы нашы.


Адпушчальныя трапары

Трапар нядзельны належнага тону.

Слава ...

Сьвятога (Тон 1): Пустыні жыхарам, анёлам у целе і цудатворцам зьявіўся ты, баганосны ойча Яне: пастом, нядрэмнасьцю і малітваю нябесныя дараваньні прыняўшы, аздараўляеш нядужых і душы тых, што з вераю прыходзяць да цябе. Слава таму, хто даў табе сілу; слава таму хто ўзьвялічыў цябе; слава таму, хто цераз цябе дае ўсім аздараўленьні.

Цяпер ...

Багародзіцы (Тон 1): Як толькі пачуўся голас Габрыеля, які казаў Табе, Дзева: "Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе, сьвятая скарбніца, як прадказаў праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за неба, бо насіла ў сабе Тварца Твайго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньнем сваім.


ЮТРАНЬ


Служба нядзельная належнага тону.

Пасьля Пс 50: "Пакаяньня дзьверы...".


Канон

Канон уваскросны належнага тону, трыядзі і сьвятога (9 песьня).

Катавасія: "Адчыню вусны мае...".

Пасьля Трэцяй песьні:

Сядальная песьня (Тон 5): Маючы за зброю збаўленьня ўсячысты Крыж Твой, Спасе наш, клічам: "Збаў нас, Божа ўсіх, што пацярпеў за нас з уласнай волі, у вялікай міласэрнасьці Тваёй".

Слава ...

Сьвятога (Тон 4): Сваімі дабрадзейнасьцямі ты зазьзяў да неба, узышоў на невымерную пачэсную вышыню богасузіраньня; перамогшы варожыя ўсе нападкі, ты ахоўваеш людзей ад іхняй шкоды, Яне, лесьвіца дабрадзейнасьцяў. Цяпер молішся за збаўленьне слугаў тваіх.

Цяпер ...

Багародзічны (Тон 4): Той, хто сядзіць на хэрувімах ва ўлоньні Айца, быццам на пасадзе сваім сьвятым, пасяліўся целам ва ўлоньні Тваім, Уладарка. Ён – Бог, які пануе над усімі народамі, і мы славім Яго. Ты ж, Чыстая, малі Яго за збаўленьне слугаў Тваіх.


Пасьля шостай песьні:

Кандак сьвятога (Тон 4): На вышыні ўстрыманасьці Госпад паставіў цябе, настаўніку Яне, ойча наш, быццам зорку ясную, што прасьвятляе ўвесь сьвет.

Ікас: Ты, Ойча, сваімі дабрадзейнасьцямі зрабіў з сябе дом Божы і ўпрыгожыў яго, быццам сьветлым золатам, боскімі дабрадзейнасьцямі – вераю, надзеяю і існай любоўю. Ты выясьняў Божыя законы, і ўстрыманасьцю быў падобны да бесьцялесных анёлаў. Ты набыў розум, мужнасьць, чысьціню, пакору і праз іх быў узьняты на вышыню. Прасьвятліўшы сябе няспыннаю малітваю, ты дасягнуў нябесных селішчаў, настаўніку наш, Ойча Яне.

Канон 4 Нядзелі (Тон 5)

Песьня 9

Ірмас: Ісая, радуйся, бо вось Дзева ва ўлоньні зачала і нарадзіла Сына Эмануэля, Бога і Чалавека – Усход імя Яму. Аддаем хвалу Яму і Дзеву ўзьвялічваем.

Запаветаў Тваіх, Госпадзе, я не зьбярог і, аддаўшыся слодычам маіх пажаданьняў, пазбыўся ласкі і застаўся адкінуты, голы і паранены. Таму, Збавіцелю, малю Цябе, збаў мяне.

Нават лявіт ня мог абмыць мае раны, але Ты, Добры, у спагадлівасьці Тваёй прыйшоў і выліў на мяне алей ласкаў Тваіх, і як надмысловы лекар, ацаліў мяне.

Як існа добрасардэчны, Ты, Хрысьце Спасе, зьмілаваўся нада мною і збавіў мяне, што быў неміласэрна паранены разбойнікамі; як выкуп за мяне, Ты даў душу Тваю і цела, быццам два дынары.

Багародзічны: Вышэй за розум сынараджэньне Тваё, Маці Божая: зачацьце Тваё было бяз мужа, і роды дзявочыя. Бог ёсьць Той, хто нарадзіўся, і мы ўзьвялічваем Яго, і Цябе, Дзева, шчасьліваю завем.

Канон сьвятога (Тон 8)

Песьня 9

Ірмас: Сапраўднай Багародзіцаю вызнаем Цябе, Дзева чыстая, і з анельскімі хорамі славім Цябе.

Ты, Богам блаславёны, быў лекарам тых, што захварэлі грахом, і праганяў злых духаў. Дзеля гэтага мы завем цябе шчасьлівым.

Ты пакінуў зямлю – жыльлё тленнасьці – і пасяліўся ў зямлі ціхіх і лагодных: з імі цешышся цяпер з Боскіх дабротаў.

Сёньня дзень сьвяточны, ён кліча ўсіх манахаў да духоўнай радасьці на бяседу нятленнага жыцьця.

Багародзічны: Той, хто пасяліўся ў Табе, Усебеззаганная, перамог злоснага чалавеказабойцу, які некалі нашых прабацькоў спакусіў. Нараджэньнем сваім Ён збавіў нас усіх.


Экзапастыляр чарговы ўваскросны. Тады:

Слава ...: Ты адкінуў, як бескарысныя, прынады гэтага сьвету; утаймаваў пастом цела, абнавіў моц душы сваёй, сьвяты ойча Яне, і ўзбагаціў сябе нябеснаю славаю. Цяпер не пераставай маліцца за нас.

Цяпер ...: Сапраўднаю Багародзіцаю вызнаем Цябе, Уладарка. Табою збаўляемся, бо Ты невыказна нарадзіла Бога, які крыжом зьнішчыў сьмерць і зьяднаў сабе саборы сьвятых. Разам з імі славім Цябе.


Пахвальныя псалмы

уваскросныя належнага тону.

Слава ...: (Тон 1): Прыйдзіце працаваць у духоўным вінаградніку і ўзрошчваць плады пакаяньня. Ня будзем працаваць дзеля ежы і піцьця, але пастом і малітвамі будзем набываць дабрадзейнасьці. Гаспадар, калі Яму даспадобы будуць нашыя высілкі, дасьць нам заплату, што звальняе душы нашыя ад даўгу грахоўнага, бо Ён адзіны Шматміласэрны.

Цяпер ...: Найблаславёная Ты...


ЛІТУРГІЯ

Сьвятога Базыля Вялікага


Трапары:

Трапар нядзельны належнага тону.

Сьвятога (Тон 1): Пустыні жыхарам, анёлам у целе і цудатворцам зьявіўся ты, баганосны ойча Яне: пастом, нядрэмнасьцю і малітваю нябесныя дараваньні прыняўшы, аздараўляеш нядужых і душы тых, што з вераю прыходзяць да цябе. Слава таму, хто даў табе сілу; слава таму хто ўзьвялічыў цябе; слава таму, хто цераз цябе дае ўсім аздараўленьні.

Слава ...

Кандак сьвятога (Тон 4): На вышыні ўстрыманасьці Госпад паставіў цябе, настаўніку Яне, ойча наш, быццам зорку ясную, што прасьвятляе ўвесь сьвет.

Цяпер ...

Кандак Багародзіцы (Тон 8): Магутная Ўладарка Багародзіца, мы, верныя слугі твае, выбаўленыя Табою ад бедаў, песьні ўдзячнасьці і перамогі Табе прыносім. Ты ж, маючы сілу непераможную, ад усякіх напасьцяў выратуй нас, каб нам усклікнуць Табе: "Радуйся, Дзева Маці!".

Пракімен (Пс 28:11,1): Госпад сілу людзям сваім дае, Госпад бласлаўляе людзей сваіх супакоем.

Верш: Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і пашану.


Апостал: Гэб 6:13–20


Алілуя (Пс 91:2,3): Добра ёсьць славіць Госпада і пець хвалу імю Твайму, Усявышні.

Верш: Абвяшчаць раніцай міласэрнасьць Тваю і праўду Тваю ўночы.


Евангельле: Мк 9:17–31


Задастойнік: У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне – сабор анёлаў і род людскі, – асьвячаны хораме і раю духоўны, пахвала дзеваў; ад Цябе Бог прыняў цела і стаўся дзіцяткам, Бог наш спрадвечны: улоньне Тваё Ён зрабіў пасадам сваім, і нутро Тваё ўчыніў больш прасторным за неба. У Табе радуецца, Поўная ласкі, усякае стварэньне: слава Табе.


Вярнуцца назад