ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу..." – сем песьняў нядзельных
належнага тону і тры наступныя:
(Тон 8): Ойча сьвяты Яне, вусны твае былі заўсёды
поўныя Божай хвалы. З вялікай пільнасьцю ты, мудры, вывучаў боганатхнёныя словы
Сьвятога Пісаньня і, абагаціўшыся ласкаю, што цякла адтуль, дасягнуў
блаславенства, разбурыўшы намеры нязбожных.
Ойча слаўны Яне, крыніцамі сьлёз ты абмыў душу тваю,
нядрэмнасьцю здабыў зьмілаваньне ў Бога і ўзьняўся да Ягонай любові і красы.
Цяпер, як і належалася, ты, багамудры сьвяты, разам з таварышамі ў духоўным
змаганьні, прабываеш у непрамінальнай радасьці.
Ойча сьвяты Яне, вераю ты ўзьняў розум твой да Бога, адкінуў
няўстойлівасьць і мітусьню гэтага сьвету і, узяўшы крыж, пайшоў усьлед за Тым,
хто ўсё бачыць, подзьвігамі ўтаймаваўшы тваё цела і падпарадкаваўшы яго розуму
сілаю Духа Сьвятога.
Слава ...
(Тон 5): Пачуўшы голас Евангельля Гасподняга, ты,
сьвяты ойча, пакінуў гэты сьвет, палічыўшы за нішто ягоныя багацьці і славу, і
ўсклікнуў так, каб пачулі ўсе: "Любіце Бога і знойдзеце вечную ласку; больш за
ўсё даражыце любоўю Яго, каб, калі Ён прыйдзе ў славе, вам знайсьці супакой
разам з усімі сьвятымі". Малітвамі іх, Хрысьце, захавай і збаў душы нашы.
Цяпер ...
Дагматык належнага тону.
Вершапесьні нядзельныя
належнага тону.
Слава ...
(Тон 2): Ушануем Яна, анёла на зямлі, чалавека
Божага ў небе, сьвету красу, радасьць праведнікаў, хвалу посьнікаў. Насаджаны ў
доме Гасподнім, ён расьцьвіў там кветкаю сьвятасьці, і разросься, быццам кедр у
пустыні, узбагаціўшы статак авечак Хрыстовых сьвятасьцю і праведнасьцю.
Цяпер ...
(Тон 2): Новы цуд, большы за ўсе ранейшыя цуды!
Хто калі бачыў Маці, якая радзіла без мужа і на руках насіла Таго, хто трымае
ўсё стварэньне? З Божай волі радзіўся той, каго Ты, Усячыстая, насіла як
дзіцятка на руках Тваіх. Маючы матчыну сьмеласьць у Яго, не пераставай маліцца
за тых, што шануюць Цябе, каб Ён дараваў нам багацьце ласкі сваёй і збавіў душы
нашы.
Адпушчальныя трапары
Трапар нядзельны належнага тону.
Слава ...
Сьвятога (Тон 1):
Пустыні жыхарам, анёлам у целе і цудатворцам зьявіўся ты, баганосны ойча Яне:
пастом, нядрэмнасьцю і малітваю нябесныя дараваньні прыняўшы, аздараўляеш
нядужых і душы тых, што з вераю прыходзяць да цябе. Слава таму, хто даў табе
сілу; слава таму хто ўзьвялічыў цябе; слава таму, хто цераз цябе дае ўсім
аздараўленьні.
Цяпер ...
Багародзіцы (Тон 1): Як толькі пачуўся голас
Габрыеля, які казаў Табе, Дзева: "Радуйся!", Уладар усіх узяў цела ад Цябе,
сьвятая скарбніца, як прадказаў праведны Давід. Ты сталася больш прасторнай за
неба, бо насіла ў сабе Тварца Твайго. Слава Таму, хто пасяліўся ў Табе; слава
Таму, хто выйшаў з Цябе; слава Таму, хто вызваліў нас нараджэньнем сваім.
|