Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » ІV нядзеля посту - Памяць сьв. Айца нашага Яна Лесьвеньніка


 

 

ІV нядзеля посту - Памяць сьв. Айца нашага Яна Лесьвеньніка

ЮТРАНЬ


Служба нядзельная належнага тону.

Пасьля Пс 50: "Пакаяньня дзьверы...".


Канон

Канон уваскросны належнага тону, трыядзі і сьвятога (9 песьня).

Катавасія: "Адчыню вусны мае...".

Пасьля Трэцяй песьні:

Сядальная песьня (Тон 5): Маючы за зброю збаўленьня ўсячысты Крыж Твой, Спасе наш, клічам: "Збаў нас, Божа ўсіх, што пацярпеў за нас з уласнай волі, у вялікай міласэрнасьці Тваёй".

Слава ...

Сьвятога (Тон 4): Сваімі дабрадзейнасьцямі ты зазьзяў да неба, узышоў на невымерную пачэсную вышыню богасузіраньня; перамогшы варожыя ўсе нападкі, ты ахоўваеш людзей ад іхняй шкоды, Яне, лесьвіца дабрадзейнасьцяў. Цяпер молішся за збаўленьне слугаў тваіх.

Цяпер ...

Багародзічны (Тон 4): Той, хто сядзіць на хэрувімах ва ўлоньні Айца, быццам на пасадзе сваім сьвятым, пасяліўся целам ва ўлоньні Тваім, Уладарка. Ён – Бог, які пануе над усімі народамі, і мы славім Яго. Ты ж, Чыстая, малі Яго за збаўленьне слугаў Тваіх.


Пасьля шостай песьні:

Кандак сьвятога (Тон 4): На вышыні ўстрыманасьці Госпад паставіў цябе, настаўніку Яне, ойча наш, быццам зорку ясную, што прасьвятляе ўвесь сьвет.

Ікас: Ты, Ойча, сваімі дабрадзейнасьцямі зрабіў з сябе дом Божы і ўпрыгожыў яго, быццам сьветлым золатам, боскімі дабрадзейнасьцямі – вераю, надзеяю і існай любоўю. Ты выясьняў Божыя законы, і ўстрыманасьцю быў падобны да бесьцялесных анёлаў. Ты набыў розум, мужнасьць, чысьціню, пакору і праз іх быў узьняты на вышыню. Прасьвятліўшы сябе няспыннаю малітваю, ты дасягнуў нябесных селішчаў, настаўніку наш, Ойча Яне.

Канон 4 Нядзелі (Тон 5)

Песьня 9

Ірмас: Ісая, радуйся, бо вось Дзева ва ўлоньні зачала і нарадзіла Сына Эмануэля, Бога і Чалавека – Усход імя Яму. Аддаем хвалу Яму і Дзеву ўзьвялічваем.

Запаветаў Тваіх, Госпадзе, я не зьбярог і, аддаўшыся слодычам маіх пажаданьняў, пазбыўся ласкі і застаўся адкінуты, голы і паранены. Таму, Збавіцелю, малю Цябе, збаў мяне.

Нават лявіт ня мог абмыць мае раны, але Ты, Добры, у спагадлівасьці Тваёй прыйшоў і выліў на мяне алей ласкаў Тваіх, і як надмысловы лекар, ацаліў мяне.

Як існа добрасардэчны, Ты, Хрысьце Спасе, зьмілаваўся нада мною і збавіў мяне, што быў неміласэрна паранены разбойнікамі; як выкуп за мяне, Ты даў душу Тваю і цела, быццам два дынары.

Багародзічны: Вышэй за розум сынараджэньне Тваё, Маці Божая: зачацьце Тваё было бяз мужа, і роды дзявочыя. Бог ёсьць Той, хто нарадзіўся, і мы ўзьвялічваем Яго, і Цябе, Дзева, шчасьліваю завем.

Канон сьвятога (Тон 8)

Песьня 9

Ірмас: Сапраўднай Багародзіцаю вызнаем Цябе, Дзева чыстая, і з анельскімі хорамі славім Цябе.

Ты, Богам блаславёны, быў лекарам тых, што захварэлі грахом, і праганяў злых духаў. Дзеля гэтага мы завем цябе шчасьлівым.

Ты пакінуў зямлю – жыльлё тленнасьці – і пасяліўся ў зямлі ціхіх і лагодных: з імі цешышся цяпер з Боскіх дабротаў.

Сёньня дзень сьвяточны, ён кліча ўсіх манахаў да духоўнай радасьці на бяседу нятленнага жыцьця.

Багародзічны: Той, хто пасяліўся ў Табе, Усебеззаганная, перамог злоснага чалавеказабойцу, які некалі нашых прабацькоў спакусіў. Нараджэньнем сваім Ён збавіў нас усіх.


Экзапастыляр чарговы ўваскросны. Тады:

Слава ...: Ты адкінуў, як бескарысныя, прынады гэтага сьвету; утаймаваў пастом цела, абнавіў моц душы сваёй, сьвяты ойча Яне, і ўзбагаціў сябе нябеснаю славаю. Цяпер не пераставай маліцца за нас.

Цяпер ...: Сапраўднаю Багародзіцаю вызнаем Цябе, Уладарка. Табою збаўляемся, бо Ты невыказна нарадзіла Бога, які крыжом зьнішчыў сьмерць і зьяднаў сабе саборы сьвятых. Разам з імі славім Цябе.


Пахвальныя псалмы

уваскросныя належнага тону.

Слава ...: (Тон 1): Прыйдзіце працаваць у духоўным вінаградніку і ўзрошчваць плады пакаяньня. Ня будзем працаваць дзеля ежы і піцьця, але пастом і малітвамі будзем набываць дабрадзейнасьці. Гаспадар, калі Яму даспадобы будуць нашыя высілкі, дасьць нам заплату, што звальняе душы нашыя ад даўгу грахоўнага, бо Ён адзіны Шматміласэрны.

Цяпер ...: Найблаславёная Ты...


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст