Галоўная > Пяты тыдзень Посту > V тыдзень посту - аўторак - увечары

V тыдзень посту - аўторак - увечары


22 красавіка 2008.

На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 8): Зробім любоў нашай страваю, утаймуем устрыманасьцю пажаданьні і пастараемся жыць у спосаб, прыемны Богу, – які дзеля нас быў узьняты на крыжы і прабіты кап'ём у бок, – каб нам атрымаць спажыву вечную і лепшую, і славіць Збавіцеля душаў нашых.

Некалі праз дрэва сьмерць сталася нашым удзелам, а цяпер праз дрэва крыжовае атрымліваем жыцьцё; дык умярцьвім, верныя, нашыя дрэнныя нахілы, і, зьзяючы боскімі добрымі ўчынкамі і ўпрыгожаныя дабрадзейнасьцямі, будзем маліць Дабрачынца ўсіх дачакацца збавеннага ўваскрасеньня і славіць Збавіцеля душаў нашых.

(Тон 2): Жыцьцядайны Твой Крыж хвалім, Госпадзе, і Твае цярпеньні дзеля нас: прабіцьцё кап'ём, насьмешкі, пляваньні, біцьцё і аплявухі, пурпуру і вянок цярнёвы, якімі ты вызваліў ад праклёну і збавіў усіх. Дзеля гэтага молім Цябе даць нам закончыць мірна час посту.

Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі.


Пракімен (Пс. 89): Госпадзе, Ты быў прыстанішчам нам з пакаленьня ў пакаленьне.

Верш: Раней, чым паўсталі горы і была створаная зямля і ўвесь сусьвет.


Чытаньне кнігі Роду

Аўрам меў аб'яўленьне ноччу і пачуў наступныя словы Гасподнія: "Ня бойся, Аўраме, бо Я – твая абарона; дам табе вялікую ўзнагароду". Аўрам сказаў: "Уладару Госпадзе, нашто мне яна, калі ўжо блізка канец жыцьця майго і ня маю насьледніка; маім спадкаемцам будзе народжаны ад служанкі дамаскінец Еліязар". І казаў далей: "Так як Ты ня даў мне насьледніка, дык слуга мой будзе мне насьледнікам". Але вось зноў пачуў ён Словы Гасподнія: "Ня будзе ён тваім насьледнікам, але будзе насьледнікам той, хто народзіцца ад цябе". І, загадаўшы Аўраму выйсьці вонкі, сказаў: "Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш". І дадаў: "Так шматлікімі будуць твае нашчадкі". Аўрам паверыў, і Госпад палічыў яму гэта ў заслугу. Потым сказаў яму: "Я – Госпад, які вывеў цябе з зямлі Ўр Халдейскай, каб даць табе гэтую краіну на ўласнасьць". Аўрам сказаў: "Госпадзе Ўладару, як магу я быць пэўным, што атрымаю яе на ўласнасьць?" Тады Госпад сказаў: "Выбяры мне цялушку трохгадовую, трохгадовую туркаўку і голуба". Аўрам узяў іх, перарубіў іх уздоўж на палавіны, і перарубленыя часткі паклаў адна супраць другой; птушак не разразаў. Калі да мяса пачалі зьлятацца драпежныя птушкі, Аўрам адганяў іх. А калі сонца пачало схіляцца да захаду, Аўрам заснуў глыбокім сном, і апанавала яго пачуцьцё трывогі, быццам вялікая цемра агарнула яго. Тады Госпад сказаў Аўраму: "Ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў краіне, якая ня будзе іхняй краінай, і чатырыста гадоў будуць там цярпець прыгнёт і няволю, аж пакуль не пашлю кару на народ, які іх няволіў, і яны выйдуць адтуль з вялікім набыткам. Але ты адыдзеш да тваіх продкаў у супакоі, дажыўшы да вялікай старасьці". (15:1-15)


Пракімен (Пс. 90): Той, хто жыве пад апекаю Ўсявышняга, у цені Бога нябеснага прабывае.

Верш: Скажа Госпаду: "Ты мой заступнік".


Чытаньне кнігі Прыповесьцяў

Вусны мудрых пашыраюць навуку; але ня так сэрцы неразумных. Ахвяра нязбожных агідная Госпаду, прыемныя Яму малітвы сумленных. Шлях грэшніка агідны Госпаду, любіць Ён тых, што любяць праведнасьць. Суровая кара чакае таго, хто зыходзіць з дарогі; памрэ той, хто ненавідзіць напамінаньні. Бездань і апраметная адкрытыя перад Госпадам: тым больш сэрцы сыноў людзкіх. Насьмешнік ня любіць напамінаньняў, ён не ідзе да людзей мудрых. Радаснае сэрца весяліць твар; калі сэрца сумуе, душа ные. Разумнае сэрца шукае мудрасьці, вусны неразумных любуюцца ў бязглуздасьці. Усе дні дрэнныя для сумнага; шчасьлівае сэрца – вечнае застольле. Лепш мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікія багацьці ў неспакоі. Лепш міска капусты з любоўю, як вол адкормлены з нянавісьцю. Чалавек гарачы ўсчынае сварку, цярплівы суцішае закалоты. Дарога лянівых быцццам высланая цернем; сьцежкі праведных гладкія. (15:7-19)


Вершапесьні

(Тон 5): Зышоў я з праведнага шляху Твайго, упаў, няшчасны, у роў пажаданьняў; лявіт са сьвятаром, убачыўшы мяне, прайшлі міма, Ты ж, Хрысьце, зьмілаваўся нада мною і Крыжом Тваім грэшны прысуд мой разарваў, бясстраснасьцю праясьніў, і ўчыніў мяне спаўжыхаром Айца; дзеля гэтага клічу: "Недасяжны Госпадзе, слава Табе".

Выйшаўшы з Ерусаліму, я адхіліўся ад напісаных у ім для ўсіх запаветаў Тваіх; ідучы ў Ерыхон, я пераймаў ранейшае непаслушэнства людзей, што прывяло да забойства, і ўпаў у душагубныя пажаданьні, быццам у рукі разбойнікаў. Цяпер, паранены імі, ляжу паўмёртвы. Госпадзе, што быў дабравольна паранены цьвікамі і кап'ём з-за граху людзкога і ўчыніў Крыжом агульнае збаўленьне ў Ерусаліме, ацалі і збаў мяне.

Мучанікі твае, Госпадзе, забыліся пра дачаснае і не зважалі на мукі дзеля будучага жыцьця і, атрымаўшы яго ў спадчыне, радуюцца разам з анёламі. Малітвамі іх даруй людзям Тваім веліч зьмілаваньня Твайго.

Крыжабагародзічны: Калі сонца ўбачыла Цябе, Госпадзе, Сонца Справядлівасьці, павешанага на дрээве, яно скрыла промні свае, і месяц сьвятло на цемру перамяніў, а меч параніў сэрца ўсебеззаганнае Маці Тваёй.


Вярнуцца назад