На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 8): Зробім любоў нашай страваю, утаймуем
устрыманасьцю пажаданьні і пастараемся жыць у спосаб, прыемны Богу, – які дзеля
нас быў узьняты на крыжы і прабіты кап'ём у бок, – каб нам атрымаць спажыву
вечную і лепшую, і славіць Збавіцеля душаў нашых.
Некалі праз дрэва сьмерць сталася нашым удзелам, а цяпер праз
дрэва крыжовае атрымліваем жыцьцё; дык умярцьвім, верныя, нашыя дрэнныя нахілы,
і, зьзяючы боскімі добрымі ўчынкамі і ўпрыгожаныя дабрадзейнасьцямі, будзем
маліць Дабрачынца ўсіх дачакацца збавеннага ўваскрасеньня і славіць Збавіцеля
душаў нашых.
(Тон 2): Жыцьцядайны Твой Крыж хвалім, Госпадзе, і
Твае цярпеньні дзеля нас: прабіцьцё кап'ём, насьмешкі, пляваньні, біцьцё і
аплявухі, пурпуру і вянок цярнёвы, якімі ты вызваліў ад праклёну і збавіў усіх.
Дзеля гэтага молім Цябе даць нам закончыць мірна час посту.
Тры песьні і крыжабагародзічны з мінэі.
Пракімен (Пс. 89):
Госпадзе, Ты быў прыстанішчам нам з пакаленьня ў пакаленьне.
Верш: Раней, чым паўсталі горы і была створаная
зямля і ўвесь сусьвет.
Чытаньне кнігі Роду
Аўрам меў аб'яўленьне ноччу і пачуў наступныя словы
Гасподнія: "Ня бойся, Аўраме, бо Я – твая абарона; дам табе вялікую ўзнагароду".
Аўрам сказаў: "Уладару Госпадзе, нашто мне яна, калі ўжо блізка канец жыцьця
майго і ня маю насьледніка; маім спадкаемцам будзе народжаны ад служанкі
дамаскінец Еліязар". І казаў далей: "Так як Ты ня даў мне насьледніка, дык слуга
мой будзе мне насьледнікам". Але вось зноў пачуў ён Словы Гасподнія: "Ня будзе
ён тваім насьледнікам, але будзе насьледнікам той, хто народзіцца ад цябе". І,
загадаўшы Аўраму выйсьці вонкі, сказаў: "Глянь на неба і палічы зоркі, калі
зможаш". І дадаў: "Так шматлікімі будуць твае нашчадкі". Аўрам паверыў, і Госпад
палічыў яму гэта ў заслугу. Потым сказаў яму: "Я – Госпад, які вывеў цябе з
зямлі Ўр Халдейскай, каб даць табе гэтую краіну на ўласнасьць". Аўрам сказаў:
"Госпадзе Ўладару, як магу я быць пэўным, што атрымаю яе на ўласнасьць?" Тады
Госпад сказаў: "Выбяры мне цялушку трохгадовую, трохгадовую туркаўку і голуба".
Аўрам узяў іх, перарубіў іх уздоўж на палавіны, і перарубленыя часткі паклаў
адна супраць другой; птушак не разразаў. Калі да мяса пачалі зьлятацца драпежныя
птушкі, Аўрам адганяў іх. А калі сонца пачало схіляцца да захаду, Аўрам заснуў
глыбокім сном, і апанавала яго пачуцьцё трывогі, быццам вялікая цемра агарнула
яго. Тады Госпад сказаў Аўраму: "Ведай, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў
краіне, якая ня будзе іхняй краінай, і чатырыста гадоў будуць там цярпець
прыгнёт і няволю, аж пакуль не пашлю кару на народ, які іх няволіў, і яны
выйдуць адтуль з вялікім набыткам. Але ты адыдзеш да тваіх продкаў у супакоі,
дажыўшы да вялікай старасьці". (15:1-15)
Пракімен (Пс. 90):
Той, хто жыве пад апекаю Ўсявышняга, у цені Бога нябеснага прабывае.
Верш: Скажа Госпаду: "Ты мой заступнік".
Чытаньне кнігі Прыповесьцяў
Вусны мудрых пашыраюць навуку; але ня так сэрцы неразумных.
Ахвяра нязбожных агідная Госпаду, прыемныя Яму малітвы сумленных. Шлях грэшніка
агідны Госпаду, любіць Ён тых, што любяць праведнасьць. Суровая кара чакае таго,
хто зыходзіць з дарогі; памрэ той, хто ненавідзіць напамінаньні. Бездань і
апраметная адкрытыя перад Госпадам: тым больш сэрцы сыноў людзкіх. Насьмешнік ня
любіць напамінаньняў, ён не ідзе да людзей мудрых. Радаснае сэрца весяліць твар;
калі сэрца сумуе, душа ные. Разумнае сэрца шукае мудрасьці, вусны неразумных
любуюцца ў бязглуздасьці. Усе дні дрэнныя для сумнага; шчасьлівае сэрца – вечнае
застольле. Лепш мець мала ў страху Гасподнім, чым вялікія багацьці ў неспакоі.
Лепш міска капусты з любоўю, як вол адкормлены з нянавісьцю. Чалавек гарачы
ўсчынае сварку, цярплівы суцішае закалоты. Дарога лянівых быцццам высланая
цернем; сьцежкі праведных гладкія. (15:7-19)
Вершапесьні
(Тон 5): Зышоў я з праведнага шляху Твайго, упаў,
няшчасны, у роў пажаданьняў; лявіт са сьвятаром, убачыўшы мяне, прайшлі міма, Ты
ж, Хрысьце, зьмілаваўся нада мною і Крыжом Тваім грэшны прысуд мой разарваў,
бясстраснасьцю праясьніў, і ўчыніў мяне спаўжыхаром Айца; дзеля гэтага клічу:
"Недасяжны Госпадзе, слава Табе".
Выйшаўшы з Ерусаліму, я адхіліўся ад напісаных у ім для ўсіх
запаветаў Тваіх; ідучы ў Ерыхон, я пераймаў ранейшае непаслушэнства людзей, што
прывяло да забойства, і ўпаў у душагубныя пажаданьні, быццам у рукі разбойнікаў.
Цяпер, паранены імі, ляжу паўмёртвы. Госпадзе, што быў дабравольна паранены
цьвікамі і кап'ём з-за граху людзкога і ўчыніў Крыжом агульнае збаўленьне ў
Ерусаліме, ацалі і збаў мяне.
Мучанікі твае, Госпадзе, забыліся пра дачаснае і не зважалі
на мукі дзеля будучага жыцьця і, атрымаўшы яго ў спадчыне, радуюцца разам з
анёламі. Малітвамі іх даруй людзям Тваім веліч зьмілаваньня Твайго.
Крыжабагародзічны: Калі сонца ўбачыла Цябе,
Госпадзе, Сонца Справядлівасьці, павешанага на дрээве, яно скрыла промні свае, і
месяц сьвятло на цемру перамяніў, а меч параніў сэрца ўсебеззаганнае Маці Тваёй. |