Літанія просьбаў
Дыякан: Дапоўнім вячэрнюю малітву нашу Госпаду.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Заступіся, зжалься, збаў і сьцеражы нас, Божа, ласкаю Тваёю.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Каб увесь гэты вечар быў дасканалы, сьвяты, мірны і бязгрэшны, у Госпада просім.
Людзі: Дай нам, Госпадзе. (Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: Анёла спакою, вернага настаўніка, апекуна душ і целаў нашых у Госпада просім.
– Прабачэньня і адпушчэньня грахоў і правінаў нашых у Госпада просім.
– Усяго, што добрае і карыснае для душ нашых, і супакою для сьвету ў Госпада просім.
– Каб далейшы цяг жыцьця нашага ў супакоі і пакаяньні правесьці, у Госпада просім.
– Хрысьціянскага канца жыцьця нашага, бязбольнага, бездакорнага, спакойнага і добрага адказу на страшным судзе Хрыстовым просім.
– Успамянуўшы найсьвятую, усячыстую, найблаславёную, слаўную Ўладарку нашу Багародзіцу і Заўсёды Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самі сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддайма.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар: Бо Ты добры і чалавекалюбны Бог, і Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Мір усім! (Бласлаўляе людзей)
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Галовы нашы Госпаду схілім.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які нахіліў неба і зышоў для збаўленьня роду людзкога, глянь на слугаў Тваіх і на набытак Твой; бо вось слугі Твае схілілі галовы і сагнулі шыі свае перад Табою, страшным і чалавекалюбным Судзьдзёю, чакаючы дапамогі не ад людзей, але спадзеючыся на Тваю міласэрнасьць і жадаючы Твайго збаўленьня. Дык ахоўвай нас паўсякчасна – і ў гэты вечар, і ў ноч, што надыходзіць, – ад усякага непрыяцеля і варожага дзеяньня, ад думак марных і благіх успамінаў.
(Уголас) Хай моц валадарства Твайго, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, будзе блаславёная і праслаўленая цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
У вялікія сьвяты на гэтым месцы бывае ліцьця і блаславеньне хлябоў. У іншыя дні людзі пачынаюць сьпяваць вершапесьні.
Вершапесьні
На нядзельнай вячэрні вершапесьні сьпяваюцца з наступнымі вершамі:
– Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
– Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.
– Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.
Песьня Сямёна Богапрыймальніка
Людзі: Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго. (Лк 2:29-32)
Чытальнік: Сьвяты Божа… Усесьвятая Тройца… Ойча наш…
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Адпушчальныя трапары
Людзі сьпяваюць адпушчальныя песьні (трапары) дня або сьвята.
Заканчэньне
Дыякан: Мудрасьць!
Людзі: Ойча, блаславі!
Сьвятар: Блаславёны сапраўды Хрыстос Бог наш на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін. Умацуй, Божа, сьвятую хрысьціянскую веру і ўсіх прававерных хрысьціянаў на век вякоў.
Сьвятар: Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.
Людзі: Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін. Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся. Ойча, блаславі.
Сьвятар робіць водпуст:
У суботу вечарам:
Хрыстос, праўдзівы Бог наш, які ўваскрос з мёртвых, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых слаўных і ўсяхвальных апосталаў, і сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога патрона царквы); сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога дня); сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі, і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны, і ўсіх сьвятых хай зьмілуецца над намі збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
|