Літанія ўзмоцненага маленьня
Дыякан: Скажам усе разам ад усяе душы і ад усяе
думкі нашае скажам.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Госпадзе ўсемагутны, Божа айцоў нашых,
молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
Дыякан: Зьмілуйся над намі, Божа, паводле Тваёй
вялікай міласэрнасьці, молімся Табе, пачуй нас і зьмілуйся.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся;
Госпадзе, зьмілуйся. (Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: Яшчэ молімся за Сьвятога Айца нашага,
Сусьветнага біскупа… (імя) Папу Рымскага,
дастойнага арцыбіскупа (багалюбнага біскупа) нашага…
(імя) і ўсіх у Хрысьце братоў нашых.
– Яшчэ молімся за яго (яе) міласьць…
(імя галавы дзяржавы), за ўрад, належныя ўлады і ўсіх, што
сьцерагуць цэласьці і спакою гэтае краіны.
– Яшчэ молімся за Богам сьцеражоную краіну нашу Беларусь і
ўвесь беларускі народ, за стойкасьць у веры, мужнасьць у выпрабаваньнях і
вернасьць свайму народу ўсіх нас.
– Яшчэ молімся за братоў нашых сьвятароў, дыяканаў і манахаў,
і ўсіх братоў і сёстраў нашых у Хрысьце.
– Яшчэ молімся за годных памяці заснавальнікаў гэтай сьвятой
царквы і за ўсіх раней адышоўшых айцоў і братоў нашых, якія тут і на кожным
іншым месцы спачываюць.
– Яшчэ молімся за дабрачынцаў гэтай сьвятой царквы, за тых,
што прыносяць дары, працуюць і сьпяваюць у ёй, і за ўсіх тут прысутных людзей,
якія чакаюць ад Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, прымі
шчырыя малітвы слугаў Тваіх і зьмілуйся над намі паводле велічы Тваёй
міласэрнасьці; пашлі даброты Твае на нас і на ўсіх людзей Тваіх, якія чакаюць ад
Цябе багацьця Твайго зьмілаваньня.
(Уголас): Бо Ты міласьцівы і чалавекалюбны Бог, і
Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі
вякоў.
Людзі: Амін.
На гэтым месцы можна браць літанію за памерлых.
Малітва за пакліканых
Літанія за пакліканых (г. зн. тых, што рыхтуюцца да сьвятога
хросту) звычайна прапускаецца.
Дыякан: Памаліцеся, пакліканыя, Госпаду.
Людзі: Госпадзе, зьмілуйся.
(Так пасьля наступных прашэньняў)
Дыякан: Верныя, памолімся за пакліканых, каб
Госпад зьмілаваўся над імі.
– Каб Ён прасьвятліў іх словам праўды.
– Каб даў ім зразумець дабравешчаньне праведнасьці.
– Каб зьяднаў іх са сьвятой сваёй, паўсюднай і апостальскай
Царквой.
– Пакліканыя, галовы вашы Госпаду схіліце.
Людзі: Табе, Госпадзе.
Сьвятар (ціха): Госпадзе Божа наш, які
жывеш на вышынях і глядзіш спагадліва на пакорных; які паслаў збаўленьне роду
людзкому, адзінароднага Сына Твайго і Бога нашага Ісуса Хрыста: глянь на слуг
Тваіх, што рыхтуюцца да хросту і якія схілілі галовы свае перад Табою; і зрабі,
каб у свой час яны сталіся дастойнымі вады адраджэньня, адпушчэньня грахоў і
вопраткі несьмяротнасьці, зьяднай іх з Тваёй сьвятой, паўсюднай і апостальскай
Царквой і далучы іх да Твайго выбранага статку.
(Уголас): Каб яны разам з намі славілі Тваё
пачэснае і велічнае імя, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на
вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Дыякан: Усе пакліканыя, выходзьце; пакліканыя,
выходзьце; усе пакліканыя, выходзьце; хай ніхто з пакліканых не застанецца тут!
Сьвятар разгортвае антыменс. Далей пачынаецца Частка 2 - Літургія верных.
|