Уваход
На ўрачыстай вячэрні, падчас сьпяваньня “Слава... цяпер...” сьвятар, апрануўшы фелон, і дыякан з кадзілам робяць уваход. Стаўшы перад царскімі дзвярамі:
Дыякан кажа ціха: Госпаду памолімся.
Сьвятар (ціха): Вечарам, раніцай і апоўдні хвалім і бласлаўляем Цябе, дзякуем і молімся Табе, Уладару ўсіх: накіруй малітву нашу, быццам кадзіла перад Табою, і ня дай ухіліцца сэрцам нашым да благіх слоў і думак; але выбаў нас ад усіх, што жадаюць улавіць душы нашы; бо вочы нашы, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя да Цябе – дык не пасаром нас. Бо Табе належыцца ўсякая слава, пашана і пакланеньне, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Дыякан: Блаславі, ойча, сьвяты ўваход.
Сьвятар (бласлаўляе ўваход): Блаславёны ўваход сьвятых Тваіх на ўсе часы, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Як толькі кончыцца сьпеў:
Дыякан (уголас): Мудрасьць, устаньце!
Людзі: Сьвятло лагоднае сьвятое славы несьмяротнага Айца нябеснага, сьвятога, блаславёнага – Ісусе Хрысьце! Дажыўшы да захаду сонца і ўбачыўшы вячэрняе сьвятло, славім Айца, і Сына, і Сьвятога Духа – Бога. Дастойна ёсьць на ўсякі час чыстымі галасамі пяяць хвалу Тваю, Сыне Божы, што даеш жыцьцё: дзеля гэтага сьвет славіць Цябе.
Пракімен
Дыякан: Будзьма ўважлівыя.
Сьвятар (бласлаўляе людзей): Мір усім!
Людзі: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.
Чытальнік, або, дзе ёсьць звычай, дыякан, чытае пракімен дня; людзі паўтараюць першы верш, як прысьпеў.
За выняткам некаторых дзён і пастоў, звычайна гаворацца наступныя пракімены:
У суботу вечарам (Пс 92:1,5): Госпад пануе, Ён апрануўся ў красу.
Вершы. Апрануўся Госпад у сілу і падперазаўся.
Ён умацаваў сусьвет, што не зварухнецца.
Дому Твайму належыцца сьвятасьць, Госпадзе, праз усе дні.
У нядзелю вечарам (Пс 133:1): Вось блаславіце Госпада, усе слугі Гасподнія.
Верш. Усе вы, што стаіце ў сьвятыні Гасподняй, на панадворку дому Бога нашага.
У панядзелак вечарам (Пс 4:2): Госпад пачуе мяне, калі буду клікаць Яго.
Верш. Калі паклічу Цябе, пачуй мяне, Божа, што справядлівасьць мне чыніш.
У аўторак вечарам (Пс 22:6,1): Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, будзе са мною праз усе дні жыцьця майго.
Верш. Госпад – мой пастыр, і ні ў чым ня буду мець нястачы: на месцы пажыўным Ён пасяліў мяне.
У сераду вечарам (Пс 53:3,4): Божа, дзеля імя Твайго збаў мяне і сілаю Тваёю абарані мяне.
Верш. Божа, пачуй малітву маю, будзь уважлівы да слоў вуснаў маіх.
У чацьвер вечарам (Пс 120:2,1): Дапамога мая ад Госпада, які стварыў неба і зямлю.
Верш. Я ўзьняў вочы мае да гораў, адкуль мае прыйсьці дапамога мая.
У пятніцу вечарам (Пс 58:10-11,2): Ты мой заступнік, Божа, і міласэрнасьць Твая заўжды са мною.
Верш. Вызвалі мяне ад ворагаў маіх, Божа, абарані ад тых, што паўстаюць на мяне.
У дні вялікага Посту кожны дзень мае свае пракімены. У іншыя пасты, калі ёсьць “Алілуя” , сьпяваюцца наступныя вершы:
У панядзелак вечарам (Пс. 6:1): Алілуя, алілуя, алілуя.
У строгасьці Тваёй не судзі мяне, Госпадзе, і ў гневе Таім не карай мяне
Алілуя, алілуя, алілуя.
І на вякі вякоў.
Алілуя, алілуя, алілуя.
У падобны спосаб у аўторак і чацьвер вечарам (Пс. 98:5): Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножку ног Яго, бо Ён – сьвяты.
У сераду вечарам (Пс. 8:1): Па ўсёй зямлі разышоўся голас іх і аж да канцоў сьвету словы іх.
На вячэрнях сьвяточных і ў Вялікі Пост пасьля пракімена бываюць Чытаньня з Сьвятога Пісаньня. Перад кожным чытаньнем дыякан кажа: “Мудрасьць” і чытальнік абвяшчае назву чытаньня. Тады дыякан кажа: “Слухайма ўважліва”, пасьля чаго чытальнік пачынае чытаць адпаведны ўрывак з Сьвятога Пісаньня.
Калі вячэрня спалучаецца з літургіяй, пасьля чытаньняў бывае малая літанія “Яшчэ і яшчэ”, якая канчаецца воклікам “Бо Ты сьвяты, Божа наш”. Людзі адказваюць: “Амін” і пачынаюць сьпяваць “Сьвяты Божа”. Далей ідзе Літургія сваім парадкам.
На штодзённай вячэрні, пасьля пракімена (у Вялікі Пост пасьля чытаньняў) адразу гаворыцца Малітва ўслаўленьня. На вячэрнях урачыстых ідзе Літанія ўзмоцненага маленьня.
|