01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
15
Спрэчка пра традыцыю
1. Затым падыйшлі да Яго кніжнікі і фарысэі з Ерузаліма, кажучы:
2. "Чаму вучні Твае парушаюць традыцыі старэйшых? Бо ня мыюць рук сваіх, калі ядуць хлеб".
3. Ён у адказ сказаў ім: "Чаму і вы парушаеце пастановы Божыя дзеля вашае традыцыі? Бо Бог сказаў:
4. "Шануй бацьку твайго і маці", і таксама: "Хто праклінаў бы бацьку або маці - хай будзе сьмерцю пакараны".
5. Вы ж кажаце: "Хто б сказаў бацьку або маці: Ахвярай (Богу) ёсьць тое, што належыцца табе ад мяне,
6. той можа не шанаваць бацькі свайго". Так скасавалі вы слова Божае дзеля вашае традыцыі.
7. Крывадушнікі! Добра пра вас праракаваў Ісая, кажучы:
8. "Гэты народ шануе Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне;
9. але дарэмна пашану аддаюць, калі вясьцяць навукі і пастановы людзкія".
Што апаганьвае чалавека
10. І, прызваўшы людзей да сябе, казаў ім: "Слухайце і разумейце:
11. Ня тое паганіць чалавека, што ўваходзіць у вусны, але тое паганіць чалавека, што з вуснаў выходзіць".
12. Тады падыйшлі вучні Яго і сказалі Яму: "Ведаеш, што фарысэі, пачуўшы гэтае слова, згоршыліся?"
13. А Ён адказаў ім: "Усякая расьліна, якой не пасадзіў Айцец Мой нябесны, выкарчавана будзе.
14. Пакініце іх, бо яны сьляпыя правадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ўваляцца ў яму".
15. Дык Пётар у адказ сказаў Яму: "Выясьні нам гэту прыповесьць".
16. А Ён сказаў: "І вы таксама яшчэ бяз розуму?
17. Не разумееце, што ўсё, што ў вусны ўваходзіць, ідзе ў жывот і выкідваецца навонкі.
18. А што з вуснаў выходзіць, паходзіць ад сэрца, і гэта паганіць чалавека.
19. Бо з сэрца паходзяць благія думкі, забойства, чужалоства, нячыстасьць, пакражы, фальшывыя сьведчаньні, блюзьнерствы.
20. Гэта паганіць чалавека. Але есьці нямытымі рукамі не паганіць чалавека".
Аздараўленьне дачкі Хананейкі
21. І, выйшаўшы адтуль, Езус накіраваўся ў мясцовасьці Тыру і Сідону.
22. І якраз жанчына Хананейка, выйшаўшы з тых ваколіцаў, крычала Езусу: "Зжалься нада мной, Госпадзе, Сыне Давідаў! Дачку маю страшна мучае дэман".
23. А Ён не адказаў ёй ані слова. Дык падыйшлі вучні Яго, і прасілі Яго, і казалі: "Адпусьці яе, бо яна прызывае нас".
24. Езус у адказ сказаў: "Пасланы Я толькі да авец, каторыя прапалі з дому Ізраэля".
25. Але яна падыйшла і пакланілася Яму, просячы: "Госпадзе, памажы мне!"
26. А Езус адказаў: "Ня добра браць хлеб ад дзяцей і кідаць шчанятам".
27. А яна сказала: "Так, Госпадзе, але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іх".
28. Тады Езус у адказ сказаў ёй: "О жанчына! Вялікая вера твая, няхай станецца, як хочаш". І ў тую хвіліну дачка яе была аздароўлена.
Аздараўленьні пры возеры
29. Затым, выйшаўшы адтуль, Езус прыбыў да мора Галілейскага і, узыйшоўшы на гару, сядзеў тамака.
30. І сабраліся да Яго вялікія грамады, маючы з сабой кульгавых, сьляпых, калекаў, нямых ды многа іншых, і клалі іх да ног Яго, і Ён аздаравіў іх.
31. Усе жа дзівіліся, бачачы, што нямыя гавораць, кульгавыя ходзяць, калекі аздараўляюцца, сьляпыя бачаць. Дык славілі Бога Ізраэля.
Другое памнажэньне хлеба
32. Езус жа, паклікаўшы вучняў сваіх, казаў ім: "Шкада мне людзей, бо ўжо тры дні прабываюць пры Мне і ня маюць чаго есьці. А Я не хачу адправіць іх галодных, каб не самлелі ў дарозе".
33. І сказалі Яму вучні: "Скуль у пустыні набяромся столькі хлеба, каб накарміць такі натоўп людзей?"
34. Пытаецца ў іх Езус: "Колькі маеце хлябоў?" Яны ж сказалі: "Сем, і крыху рыбаў".
35. Дык загадаў Езус людзям пасесьці на зямлі.
36. І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, падзяку складаючы, ламаў і даваў вучням сваім, а вучні раздавалі людзям.
37. І елі ўсе, і наеліся. А з кавалкаў, якія засталіся, сабралі сем поўных кашоў.
38. А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, апрача дзяцей і жанчын.
39. І, адпусьціўшы людзей, Езус сеў у лодку і прыплыў у край Магеданскі.
|