01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
16
Просьба пра знак з неба
1. Зараз падыйшлі да Езуса фарысэі і садукеі і, зводзячы, прасілі Яго, каб паказаў ім які знак з неба.
2. А Езус у адказ сказаў ім: "Калі вечарэе, кажаце: "Будзе пагода, бо неба чырвонае".
3. А нараніцы: "Сёньня навальніца, бо неба хмарнае, ружавее". Дык выгляд неба разумееце, а знакаў часу ня можаце пазнаць?
4. Племя ліхое і чужаложнае знаку шукае, ды іншы знак ня будзе дадзены, толькі знак Ёны прарока". І, пакінуўшы іх, адыйшоўся.
Кісьля фарысэяў і садукеяў
5. А калі перапраўляліся вучні Ягоны на другі бераг, забыліся ўзяць хлябоў.
6. І сказаў ім Езус: "Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэяў і садукеяў".
7. А яны думалі, гаворачы між сабой, што яны хлябоў ня ўзялі.
8. Езус, ведаючы гэта, сказаў: "Чаму, малаверныя, застанаўляецеся між сабой, што хлябоў ня маеце?
9. Ці ж яшчэ не разумееце і ня помніце пра пяць хлябоў на пяць тысяч людзей? І колькі гэта кашоў назьбіралі?
10. Ані таксама пра сем хлябоў на чатыры тысячы людзей? І колькі кашоў сабралі?
11. Чаму не разумееце, што Я вам не пра хлеб гаварыў: "Сьцеражыцеся кісьлі фарысэяў і садукеяў".
12. Тады зразумелі, што гаварыў ім не каб кісьлі хлебнай сьцерагліся, але навукі фарысэяў і садукеяў.
Вызнаньне Пятра
13. Прыйшоў затым Езус у мясцовасьць Цэзарэі Філіпавай і спытаўся вучняў сваіх: "За каго лічаць людзі Сына Чалавечага?"
14. А яны сказалі: "Адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Гальяша, а іншыя за Ярэмію або за аднаго з прарокаў".
15. Спытаўся ў іх Езус: "А вы за каго Мяне лічыце?"
16. Адказаў Сымон Пётар, кажучы: "Ты - Хрыстос, Сын Бога жывога".
17. У адказ сказаў яму Езус: "Багаслаўлены ты, Сымон Бар Ёна, бо ня цела і кроў аб'явілі табе, але Айцец Мой, каторы ў небе.
18. І Я табе кажу: Ты - Пётар (скала), і на гэтай скале пабудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не перамогуць яе.
19. Ды дам табе ключы Каралеўства Нябеснага; і што зьвяжаш на зямлі, будзе зьвязана і ў небе; і што разьвяжаш на зямлі, будзе разьвязана і ў небе".
20. Затым загадаў вучням сваім, каб нікому не расказвалі, што Ён ёсьць Хрыстом.
Першае прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня
21. Ад гэтага часу Езус пачаў выяўляць вучням сваім, што трэба Яму ісьці ў Ерузалім і там многа цяпець ад старшыняў і ад першасьвятароў і кніжнікаў ды быць забітым, і на трэці дзень ўваскрэснуць.
22. І Пётар, адвёўшы Езуса на бок, пачаў на Яго сварыцца: "Пашкадуй сябе, Госпадзе, гэта ня прыйдзе на Цябе".
23. А Езус, павярнуўшыся, сказаў Пятру: "Адыйдзіся ад Мяне, шатан, бо ты для Мяне згаршэньне. Бо разумееш ня тое, што ад Бога, але што ад людзей".
Як ісьці за Езусам
24. Тады сказаў Езус вучням сваім: "Калі хто хоча ісьці за Мной, хай адрачэцца ад самога сябе, ды хай бярэ крыж свой і насьледуе Мяне.
25. Бо хто б хацеў захаваць жыцьцё сваё, загубіць яго. А хто б загубіў жыцьцё сваё дзеля Мяне, аднойдзе яго.
26. Бо што за карысьць чалавеку, каб увесь сьвет здабыў, а на душы сваёй пацярпеў шкоду? Або што чалавек дасьць у замену за душу сваю?
27. Бо Сын Чалавечы прыйдзе ў хвале Айца свайго з анёламі сваімі, і тады аддасьць кожнаму па яго ўчынках.
28. Сапраўды кажу вам, што некаторыя з тут стаячых не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў Каралеўстве сваім".
|