Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Матэвуша


 

 

Эвангельле паводле Матэвуша

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

19

Апошняе падарожжа ў Ерузалім

Сужэнства і дзявоцтва

1.   І сталася, калі Езус скончыў гэтыя словы, выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэі за Ярдан.

2.   І за Ім ішлі вялікія грамады, і там аздаравіў іх.

3.   Затым падыйшлі да Яго фарысэі і, зводзячы Яго, пыталіся: "Ці выпадае чалавеку з якой-колечы прычыны пакінуць жонку сваю?"

4.   А Езус у адказ сказаў ім: "Ці не чыталі, што Той, хто стварыў (чалавека) напачатку, мужчынай і жанчынай стварыў іх

5.   і сказаў: "Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, і будуць двое адным целам".

6.   І так ужо ня двое, але адно цела. Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае".

7.   Сказалі Яму: "Дык чаму Майсей загадаў даць ёй ліст разводны і адправіць?"

8.   Сказаў ім: "Дзеля цьвёрдага сэрца вашага дазволіў вам Майсей кідаць жонку вашую, але не было так напачатку.

9.   Затым кажу вам, што хто разводзіцца з жонкаю сваёй, за выняткам распусты, іжэніцца з іншаю - чужаложыць. І хто з разьведзенай ажаніўся - чужаложыць".

10. Дык сказалі Яму вучні Ягоныя: "Калі такі абавязак чалавека да жонкі, то лепш не жаніцца".

11. А Езус сказаў ім: "Ня ўсе разумеюць гэту навуку, а толькі тыя, каторым дадзена.

12. Бо ёсьць эўнухі, што такімі з жывата маці нарадзіліся, і ёсьць эўнухі, каторых такімі людзі зрабілі, ды ёсьць эўнухі, што самі сябе выпакладалі дзеля Каралеўства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее".

Езус і дзеці

13. Аднойчы прывялі да Яго дзеткі, каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні сварыліся на іх.

14. Дык Езус сказаў ім: "Пусьціце дзетак і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Каралеўства Нябеснае".

15. І, усклаўшы на іх рукі свае, пайшоў адтуль.

Багаты юнак

16. І вось нехта падыйшоў да Яго і сказаў Яму: "Настаўнік добры, што маю добрага рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"

17. Езус сказаў яму: "Што Мяне пытаешся аб добрым? Адзін толькі (Бог) добры. А калі хочаш увайсьці ў жыцьцё, спаўняй прыказаньні".

18. Спытаўся ў Яго: "Якія?" Езус яму сказаў: "Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сьведчы фальшыва,

19. шануй бацьку і матку, ды любі бліжняга свайго як сябе самога".

20. Кажа Яму юнак: "Усё гэта бярог я ад маленства свайго. Чаго мне яшчэ не хапае?"

21. Сказаў яму Езус: "Калі хочаш быць дасканалы, ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай ўбогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь, хадзі за Мной".

22. Калі юнак пачуў гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікую маёмасьць.

Багацьце і ўбогасьць

23. Затым Езус сказаў сваім вучням: "Сапраўды кажу вам, што багаты з цяжкасьцяй увойдзе ў Каралеўства Нябеснае.

24. Зноў кажу вам: Лягчэй вярблюду праціснуцца праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Карлеўства Божае".

25. Пачуўшы гэта, вучні надта дзівіліся і казалі: "Хто тады можа збавіцца?"

26. А Езус, узглянуўшы, сказаў ім: "У людзей гэта немагчыма, але у Бога ўсё магчыма".

27. Тады ў адказ Пётар сказаў Яму: "Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой. Дык што мы атрымаем?"

28. Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Мною, калі настане новы сьвет і засядзе Сын Чалавечы на пасадзе велічы сваёй, засядзеце на дванацаці пасадах і будзеце судзіць дванаццаць пакаленьняў Ізраэля.

29. І кожны, хто пакінуў дом, або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або сыноў, або зямлю дзеля імя Майго, у сто раз болей атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.

30. І многа першых будзе апошнімі, і апошніх - першымі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст