01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
20
Прыповесьць пра працаўнікоў у вінаградніку
1. Падобнае затым Каралеўства Нябеснае чалавеку гаспадару, які выйшаў вельмі рана наймаць работнікаў у вінаграднік свой.
2. Зрабіўшы з работнікамі ўмову па дынару за дзень, паслаў іх у свой вінаграднік.
3. Ды, выйшаўшы каля гадзіны трэцяй, убачыў іншых, стаячых на рынку без работы,
4. і сказаў ім: "Ідзіце і вы ў мой вінаграднік, і што будзе справядліва, дам вам".
5. І яны пайшлі. Ды зноў выйшаў каля шостай і каля дзевятай гадзіны, і зрабіў падобна.
6. Дый яшчэ каля гадзіны адзінаццатай выйшаў, і знайшоў іншых стаячых, ды ім сказаў: "Чаму тут стаіцё, гультуючы ўвесь дзень?"
7. Кажуць яму: "Бо ніхто нас не наняў". І ім сказаў: "І вы ідзіце ў мой вінаграднік".
8. А калі настаў вечар, сказаў гаспадар вінаградніку загадчыку свайму: "Скліч работнікаў і дай ім заплату, пачынаючы ад апошніх, а канчаючы першымі".
9. Дык калі прыйшлі тыя, што каля адзінаццатай гадзіны прыйшлі на работу, атрымалі па дынару.
10. Калі ж прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць, але і яны атрымалі па дынару.
11. Дык, узяўшы, наракалі на гаспадара,
12. кажучы: "Гэтыя апошнія толькі адну гадзіну працавалі, а ты зраўняў іх з намі, якія пераносілі цяжар дня і сьпякоту".
13. А ён у адказ аднаму з іх сказаў: "Дружа, не зрабіў я табе крыўды. Ці ж ты не ўмовіўся са мной за дынар?
14. Дык вазьмі, што тваё, і ідзі, бо хачу і апошняму даць як табе.
15. Ці ж ня можна мне рабіць, што хачу? І ці ж крывым вокам глядзіш на тое, што я добры?
16. Так вось гэтыя апошнія будуць першымі, а першыя - апошнімі. Бо многа пакліканых, а мала выбраных".
Трэцяе прадказаньне сьмерці і ўваскрасеньня
17. І, уваходзячы ў Ерузалім, Езус узяў асобна Дванаццаць вучняў і сказаў ім па дарозе:
18. "Ужо ўваходзім у Ерузалім, і Сын Чалавечы будзе выдадзены першасьвятарам і кніжнікам, і асудзяць Яго на сьмерць,
19. ды выдадуць на пасьмешышча паганам, на бічаваньне і ўкрыжаваньне, і на тэці дзень ўваскрэсьне".
Просьба маці сыноў Зэбэдэявых
20. Тады падыйшла да Езуса матка сыноў Зэбэдэявых з сынамі сваімі, пакланілася і прасіла нечага.
21. Езус спытаўся ў яе: "Чаго хочаш?" Яна сказала: "Скажы, каб гэтыя два сыны мае ў Каралеўстве Тваім сядзелі адзін з правага боку ў Цябе, а другі - з левага".
22. А Езус адказаў ёй: "Ня ведаеце, чаго просіце. Ці можаце піць келіх, каторы Я піць буду?" Кажуць Яму: "Можам".
23. Сказаў ім: "Чашу маю праўда піць будзеце, але сядзець у Мяне з правага боку ці з левага магу вам даць, але толькі тым, каторым прыгатаваў Айцец Мой".
Сапраўдная вялікасьць
24. Пачуўшы гэта, дзесяць іншых разгневаліся на двух братоў.
25. Але Езус паклікаў іх да сябе і сказаў: "Ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і магнаты маюць уладу над імі.
26. Паміж вамі так ня будзе, але хто з вас хацеў бы быць большым, хай будзе вашым слугою.
27. І хто з вас хацеў бы быць першым, хай будзе вашым слугою.
28. Так як і Сын Чалавечы не прыйшоў, каб Яму служылі, але каб Ён служыў ды аддаў душу Сваю на адкупленьне многіх".
Аздараўленьне сьляпых з Ерыхону
29. І калі выходзілі з Ерыхону, праводзіла іх вялікая грамада.
30. І вось два сьляпыя пры дарозе пачулі, што праходзіць Езус. Дык пачалі крычаць: "Госпадзе, зжалься над намі, Сыне Давідаў!"
31. А людзі сварыліся на іх, каб маўчалі, але яны яшчэ гучней крычалі: "Госпадзе, зжалься над намі, Сыне Давідаў!"
32. Дык Езус спыніўся, паклікаў іх і спытаўся: "Што хочаце, каб вам зрабіў?"
33. Кажуць Яму: "Госпадзе, каб адкрыліся нам вочы".
34. Пашкадаваў затым іх Езус, дакрануўся да вачэй іхніх; і яны адразу сталі бачыць ды пайшлі за Ім.
|