01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
21
Езус у Ерузаліме
Урачысты ўезд у Ерузалім
1. І калі прыбліжаліся да Ерузаліму і падыйшлі да Бэтфагэ на Аліўнай гары, Езус тады паслаў двух вучняў
2. і сказаў ім: "Ідзіце ў сяло, якое перад вамі, а зараз знойдзеце асьліцу прывязаную і з ёй асьляня. Адвяжыце і прывядзіце да Мяне.
3. І калі б вам хто што казаў, скажыце, што іх патрабуе Госпад, а зараз пусьцяць іх".
4. Усё гэта сталася, каб выпаўнілася сказанае прароках; які казаў:
5. "Скажыце дачцы Сыёна: Вось едзе да цябе Кароль твой, ціхі, седзячы на асьліцы і на асьляці, сыне пад'ярэмнай".
6. Пайшоўшы, вучні зрабілі, як ім загадаў Езус.
7. І прывялі асьліцу з асьлянём, і ўсклалі на іх адзеньне сваё, і (Езус) сеў на іх.
8. А вялізарная грамада слала свае вопраткі на дарозе; а іншыя сьціналі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе.
9. І грамады, што на перадзе і за Ім ішлі, гаманілі, кажучы: "Гасанна Сыну Давідаваму! Багаслаўлены, хто прыходзіць у імя Госпада. Гасанна на вышынях!"
10. І калі ўвайшоў у Ерузалім, узварухнуўся ўвесь горад, кажучы: "Хто гэта?"
11. А народ казаў: "Гэта Езус, прарок з Назарэту Галілейскага".
Выгнаньне гандляроў са сьвятыні
12. І ўвайшоў Езус у сьвятыню, і павыганяў усіх прадаючых і купляючых у сьвятыні, а сталы мянялаў і лаўкі прадаўцоў галубоў перавярнуў.
13. Ды сказаў ім: "Напісана: "Дом Мой домам малітвы будзе названы", а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".
14. І падыйшлі да Яго ў сьвятыні сьляпыя і храмыя, і Ён аздаравіў іх.
15. А першасьвятары і кніжнікі, бачачы цуды, якія чыніў, ды дзеці, гамонячыя ў сьвятыні і кажучыя: "Гасанна сыну Давідаваму!", злаваліся
16. і казалі Яму: "Ці чуеш, што яны кажуць?" А Езус сказаў ім: "Так; ці вы не чыталі: "Праз вусны немаўлятак і сысуноў ўчыніў Ты хвалу?"
17. І, пакінуўшы іх, пайшоў за горад у Бэтанію, і там застаўся.
Дрэва фіговае
18. Нараніцы, вяртаючыся ў горад, пачуў голад.
19. Дык убачыўшы пры дарозе адно дрэва фіговае, падыйшоў да яго, але не знайшоў на ім нічога, апрача лісьця, і сказаў яму: "Няхай ня родзіцца з цябе плод навек і". І адразу дрэва фіговае ссохла.
20. Дык, бачачы гэта, вучні дзівіліся і казалі: "Якім чынам так скора ссохла дрэва фіговае?"
21. У адказ Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам: Каб мелі вы веру і не сумляваліся, зрабілі б гэта не толькі з дрэвам фіговым, але, нават каб сказалі гэтай гары: "Падыміся і кінься ў мора", сталася б.
22. І ўсё, пра што будзеце прасіць у малітве з вераю, атрымаеце".
Спрэчкі з праціўнікамі ў сьвятыні
Пытаньне пра ўладу
23. І калі Езус увайшоў у сьвятыню, прыйшлі да Яго, калі вучыў, першасьвятары і старшыні народу і казалі: "Якою ўладаю гэта робіш? Хто Табе даў такую ўладу?"
24. Езус у адказ сказаў ім: "І Я спытаюся таксама ў вас адно слова, і калі адкажаце Мне, дык і Я тады скажу вам, якою ўладаю Я гэта раблю:
25. Хрост Янаў адкуль быў? З неба ці ад людзей?" А яны застанаўляліся і гаварылі між сабой:
26. "Калі скажам: "З неба", скажа нам: "Дык чаму вы не паверылі?" А калі скажам: "Ад людзей", баімося народу, бо ўсе Яна маюць за прарока".
27. Дык у адказ Езусу сказалі: "Ня ведаем". І Ён сказаў: "Дык і Я вам не скажу, якою ўладаю Я гэта раблю".
Прыповесьць пра двух сыноў
28. "Як вам здаецца? Адзін чалавек меў двух сыноў. І, прыходзячы да першага, сказаў яму: "Сыне, ідзі папрацуй сягоньня ў маім вінаградніку".
29. А ён адказаў: "Не пайду". А потым пакаяўся і пайшоў.
30. Зьвяртаючыся да другога, сказаў яму падобна. А той, адказваючы, сказаў: "Іду, гаспадару", але не пайшоў.
31. Хто з тых двух споўніў волю бацькі?" Кажуць: "Першы". Дык сказаў ім Езус: "Сапраўды кажу вам, што мытнікі і распусьніцы ўпярэдзяць вас у Каралеўстве Божым.
32. Бо прыйшоў да вас Ян дарогай справядлівасьці, і вы не паверылі яму; мытнікі ж і распусьніцы паверылі яму. Вы аднак, бачачы гэта, нават потым не пакаяліся, каб яму паверыць.
Прыповесьць пра ліхіх арандатараў
33. Паслухайце іншую прыповесьць. Быў гаспадар дому, які завёў вінаграднік, загарадзіў яго плотам, выкапаў у ім вінатоку, пабудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і выехаў.
34. А калі надыйшоў час пладоў, паслаў ён слугаў сваіх да вінаградараў узяць свае плады.
35. А вінаградары схапілі слугаў яго, і аднаго пакалечылі, другога забілі, а іншага ўкаменавалі.
36. Дык зноў паслаў іншых слугаў, больш, чым раней, але і ім зрабілі падобна.
37. У канцы паслаў да іх сына свайго, кажучы: "Ушануюць сына майго".
38. Але вінаградары, бачачы сына, гаварылі між сабой: "Гэта спадкаемец, хадземце, заб'ём яго і завалодаем ягонай спадчынаю".
39. Ды схапіўшы яго, выкінулі з вінаградніку і забілі.
40. Дык калі прыбудзе гаспадар вінаградніку, што зробіць тым вінаградарам?"
41. Кажуць Яму: "Разбойнікаў строга выгубіць, а вінаграднік выарэндуе іншым вінаградарам, каторыя будуць аддаваць плод у вызначаны час".
42. Сказаў ім Езус: "Ці ж ніколі не чыталі вы ў Пісаньні: "Камень, каторы адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла. З волі Госпада гэта сталася ды дзіўна ў вачах нашых?"
43. Дзеля таго кажу вам, што Каралеўства Божае будзе аднята ад вас, а дадзена народу, які робіць плады яго.
44. Хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца, а на каго ён упадзе, сатрэ яго".
45. Пачуўшы гэту Яго прыповесьць, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што гэта аб іх гаварыў.
46. Ды стараліся Яго ўзяць, але баяліся народу, бо меў Яго за прарока.
|