01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
22
Прыповесьць пра каралеўскае вясельле
1. Езус, адказваючы далей, казаў у прыповесьцях:
2. "Каралеўства Нябеснае падобнае да чалавека караля, які справіў вясельле для свайго сына.
3. І паслаў Ён слуг сваіх склікаць запрошаных на вясельле, але тыя не хацелі прыбыць.
4. Дык паслаў ізноў іншых слугаў, кажучы: "Скажыце запрошаным: Ужо банкет мой прыгатаваны, валы мае і што кормнае пабіта, ды ўсё прыгатавана; прыходзьце на вясельле!"
5. Але яны ня дбалі і разыйшліся; хто ў пасяленьне сваё, хто да свайго гандлю;
6. а іншыя схапілі слугаў яго і, назьдзекаваўшыся, замардавалі.
7. Дык кароль разгневаўся ды, паслаўшы сваё войска, выгубіў тых забойцаў, і горад іхні спаліў.
8. Затым сказаў слугам сваім: "Вясельле прыгатавана, але запрошаныя не былі годныя.
9. Дык ідзіце на скрыжаваньні дарог, і каго толькі знойдзіце, клічце на вясельле".
10. Слугі ягоныя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых; і напоўнілася вясельле гасьцямі.
11. Затым увайшоў кароль паглядзець гасьцей, ды ўбачыў ён там чалавека, адзетага не ў вясельную вопратку.
12. Дык спытаўся ў яго: "Дружа, як жа ты ўвайшоў сюды, ня маючы вясельнай вопраткі?" Але той маўчаў.
13. Тады кароль загадаў слугам сваім: "Зьвязаўшы яму рукі і ногі, укіньце яго ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі".
14. Бо многа пакліканых, але мала выбраных".
Падатак цэзару
15. Тады сабраліся фарысэі і, адыйшоўшыся, раіліся, як бы Езуса спахваціць у словах.
16. Дык паслалі да Яго двух вучняў сваіх з герадыянамі, каб спыталіся: "Вучыцелю, ведаем, што Ты справядлівы і дарозе Божай па праўдзе вучыш, ды не аглядаешся на аблічча людзей.
17. Скажы нам тады, як табе здаецца, належыцца плаціць падатак цэзару, ці, можа, не?"
18. Езус жа, пазнаўшы іх падступнасьць, сказаў: "Чаму Мяне зводзіце, крывадушнікі?
19. Пакажыце мне манэту падатковую". Дык падалі Яму дынар.
20. Спытаўся ў іх Езус: "Чый гэта адмалюнак і надпіс?"
21. Кажуць Яму: "Цэзараў". Тады сказаў ім: "Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае - Богу".
22. Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся ды, пакінуўшы Яго, адыйшліся.
Уваскрасеньне целаў
23. У той дзень прыступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся Яго,
24. кажучы: "Вучыцелю, Майсей загадаў: Калі хто памрэ, ня маючы сына, дык хай брат ягоны возьме яго жонку і хай адродзіць патомства свайму брату.
25. А было ў нас сем братоў; і першы ажаніўся і памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жонку брату свайму.
26. Падобна другі і трэці аж да сёмага.
27. Наастатак па ўсіх памерла і жанчына.
28. Дык у час уваскрасеньня, чыёй з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе яны мелі яе за жонку".
29. А Езус у адказ сказаў ім: "Памыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані моцы Божай.
30. Пры ўваскрасеньні ня будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць як анёлы ў небе.
31. Ці не чыталі, што сказана вам Богам пра ўваскрасеньне памёршых, які казаў:
32. "Я - Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба". Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых".
33. Чуючы гэта, людзі дзівіліся дзеля навукі Ягонай.
Найважнейшае прыказаньне
34. Тады фарысэі, чуючы, што Ён змусіў садукеяў замаўчаць, зыйшліся разам.
35. І адзін з іхніх вучоных у законе, зводзячы Езуса, спытаўся:
36. "Вучыцелю, якое найважнейшае прыказаньне ў Законе?"
37. Езус адказаў яму: "Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім;
38. гэта найважнейшае ды першае прыказаньне.
39. Другое падобнае гэтаму: Любі бліжняга свайго як сябе самога.
40. На гэтых двух прыказаньнях абапіраецца ўвесь Закон і Прарокі".
Мэсія - Сы Божы
41. Калі сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Езус,
42. кажучы: "Што думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын?" Кажуць яму: "Давідаў".
43. Сказаў ім: "Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
44. "Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь па правіцы Маёй, аж пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае?"
45. Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён ёсьць сынам ягоным?"
46. І ніхто ня мог Яму адказаць слова, ніхто таксама не адважыўся ад таго дня болей пытацца ў Яго.
|