Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Матэвуша


 

 

Эвангельле паводле Матэвуша

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

28

Уваскрасеньне Езуса

Пустая магіла

1.   Па субоце на сьвітаньні ў першы дзень тыдня прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу.

2.   І вось страшна затрэслася зямля; бо анёл Госпадаў зыйшоў з неба і адваліў камень, і сеў на ім.

3.   А выгляд яго быў як маланка, і адзеньне яго - як сьнег белае.

4.   Ад страху перад ім астаўбянелі вартаўнікі і сталі як мёртвыя.

5.   А анёл, адказваючы, сказаў жанчынам: "Ня бойцеся; бо ведаю, што ўкрыжаванага Езуса шукаеце.

6.   Няма Яго тутака, бо ўваскрос, як і казаў. Хадзіце і паглядзіце на месца, дзе Госпад быў паложаны.

7.   Ды скора ідзіце, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых дый ідзе перад вамі ў Галілею; там Яго ўбачыце. Вось я вам сказаў гэта".

8.   Дык, выйшаўшы хутка з магілы, са страхам і вялікаю радасьцяй пабеглі, каб паведаміць гэта вучням Ягоным.

Езус сустракае жанчын

9.   А вось жа Езус пераняў іх і сказаў: "Вітайце!" Яны ж падыйшлі, упалі да ног Ягоных і пакланіліся Яму.

10. Тады Езус сказаў ім: "Ня бойцеся. Ідзіце і скажыце братам Маім, каб пайшлі ў Галілею, і там Мяне ўбачаць".

Падкупленая варта

11. А калі яны адыйшліся ад магілы, некаторыя з вартаўнікоў прыйшлі ў горад і паведамілі першасьвятарам пра ўсё, што здарылася.

12. Тыя ж сабраліся са старшынямі і, параіўшыся, далі жаўнерам многа грошаў,

13. кажучы: "Паведамляйце, што вучні Ягоныя прыйшлі ноччу і ў час сну вашага ўкралі Яго.

14. А калі пра гэта даведаецца намесьнік, мы яго пераканаем, і нічога благога вам ня станецца".

15. Яны тады, узяўшы грошы, зрабілі, як іх навучылі. Так пашырылася слова гэтае сярод Юдэяў аж па сёньняшні дзень.

Вялікі наказ

16. А Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды ім быў загадаўшы Езус.

17. І, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а некаторыя сумняваліся.

18. Езус жа, падыйшоўшы да іх, сказаў ім: "Дадзена Мне ўся ўлада на небе і на зямлі.

19. Дык ідзіце і рабіце вучнямі ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа,

20. вучачы іх берагчы ўсё, што Я вам перадаў. І вось Я з вамі ўсе дні аж да канца сьвету".


Папярэдняя старонка | Старонка 28 з 28
 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст