Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Лукаша


 

 

Эвангельле паводле Лукаша

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24

 

12

Кісьля фарысэйская

1. Калі сабраліся велізарныя грамады кругом Яго, так што адны другіх націскалі, пачаў Езус гаварыць перш да вучняў сваіх: "Сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай, каторая ёсьць крывадушнасьць.

2. Бо няма анічога скрытага, што не было б выяўлена, ані таксама тайнага, чаго б ня ведалі.

3. Бо што вы гаварылі ў цемры, пачуецца ў сьвятле, ды што ў вуха шапталі ў бакоўцы, будзе абвешчана на дахах.

Каго баяцца

4. Кажу ж вам, сябрам Маім: Ня бойцеся тых, што забіваюць цела, і пасьля гэтага нічога болей ня могуць зрабіць.

5. А падказваю вам, каго маеце баяцца: Бойцеся таго, хто па забіцьці мае ўладу ўкінуць у пекла. Сапраўды кажу вам: Такога бойцеся.

6. Ці ж не прадаюць пяць вераб'ёў за два медзякі? Але ні адзін з іх не забыты Богам.

7. А ў вас і валасы на галаве вашай усе палічаны. Ня бойцеся; вы ж болей вартыя, чым шмат вераб'ёў.

8. Кажу ж вам: Хто прызнае Мяне перад людзьмі, таго і Сын Чалавечы прызнае перад анёламі Божымі.

9. А хто вырачацца Мяне перад людзьмі, таго выракуцца перад анёламі Божымі.

10. І кожнаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, будзе адпушчана; але хто б блюзьніў на Духа Сьвятога, ня будзе таму адпушчана.

11. А калі вас павядуць у сынагогі, да начальстваў і да ўладаў, не турбуйцеся, як і што маеце адказаць, ці што гаварыць,

12. бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба казаць".

Перасьцярога перад хцівасьцяй

13. Нехта з грамады сказаў Езусу: "Вучыцель, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай".

14. Але Ён сказаў: "Чалавеча, хто ж устанавіў Мяне суддзёй і дзяліцелем над вамі?"

15. Ды сказаў ім: "Глядзіце, высьцерагайцеся ўсякай хцівасьці, бо калі хто і мае дастатак, яго жыцьцё не залежыць ад таго, што мае".

16. Затым расказаў ім прыповесьць: "Поле аднаго багатага чалавека дало шчодры ўраджай.

17. Дык ён разважаў у сваёй душы: "Што мне зрабіць, бо ня маю дзе падзець свайго плёну?"

18. Дык сказаў: "Вось што зраблю: развалю свае гумны, і пастаўлю большыя, і там памяшчу ўсю пшаніцу і даброцьце маё,

19. і скажу душы маёй: "Душа, маеш многа даброцьцяў, назапашаных на шмат гадоў; адпачывай, еш, пі, банкетуй".

20. Але Бог сказаў яму: "Дурны, у гэту ноч запатрабуюць ад цябе душы тваёй, а тое, што прыгатаваў, чыё будзе?"

21. Так бывае з тым, хто для сябе зьбірае скарбы, а ня ёсьць багаты перад Богам".

Не турбуйцеся

22. І сказаў вучням сваім: "Дзеля таго кажу вам: Не турбуйцесяся пра жыцьцё вашае, што будзеце есьці, ані пра цела, у што яго будзеце адзяваць.

23. Бо жыцьцё важнейшае за яду, і цела - за адзеньне.

24. Паглядзіце на груганоў: яны ня сеюць, ані жнуць, і ня маюць сьвірнаў, і Бог іх корміць.На колькі ж вы больш вартыя за птушак.

25. Ды хто з вас сваім клопатам можа дадаць хоць адзін локаць да свайго веку?

26. Калі вось найменшай рэчы ня можаце, дык чаму пра іншыя турбуецеся?

27. Прыгледзьцеся лілеям, як растуць: не працуюць, ані прадуць. Але кажу Я вам, што нават Салямон ва ўсёй сваёй славе ня быў так адзеты, як адна з іх.

28. Дык калі траву, што сёньня на полі, а заўтра ў печ кіданая, Бог так адзяе, дык куды больш вас, малаверы.

29. Таму вы не пытайцеся, што будзеце есьці або што будзеце піць, і не турбуйцеся.

30. Гэта ўсё людзі гэтага сьвету шукаюць. Ваш жа Айцец ведае, што гэтага патрабуеце.

31. Дык перш шукайце Каралеўства Яго, і гэта ўсё будзе вам дадзена.

Сапраўдны скарб

32. Ня бойся, малое стада, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам Каралеўства.

33. Дык прадайце, што маеце, і дайце міласьціну. Спраўце сабе капшукі, каторыя не нішчэюць, скарб бязьмежны ў небе, куды злодзей не ўбіваецца, і дзе моль не зьядае.

34. Бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца вашае.

Патрэба чуваньня

35. Хай паясьніцы вашыя будуць падперазаныя і сьветачы запаленыя ў руках вашых,

36. а вы самі падобныя да людзей, чакаючых вяртаньня гаспадара свайго з вясельля, каб, калі надыйдзе і пастукае, адразу адчыніць яму.

37. Шчасьлівыя тыя слугі, каторых, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе чуваючымі. Сапраўды кажу вам, ён падперажацца і скажа ім сесьці за стол ды, абыходзячы, будзе паслугаваць ім.

38. І ці ён прыйдзе ў другую варту, ці ў трэцюю прыйдзе і так знойдзе, шчасьлівыя тыя слугі.

39. А гэта ведайце, што калі б гаспадар дому ведаў, у каторы час злодзей прыйдзе, напэўна не дазволіў бы яму ўламацца ў дом свой.

40. Так і вы будзьце гатовыя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у каторай вы не спадзяецёся.

Верны і няверны слуга

41. Затым спытаўся ў Яго Пётар: "Госпадзе, ці гэта нам гаворыш гэту прыповесьць, ці, можа, усім?"

42. І сказаў Госпад: "Хто, думаеш, ёсьць верны і разумны загадчык, якога гаспадар паставіў над домам сваім, каб у свой час зааглядаў кожнага мераю хлеба?

43. Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар, надыйшоўшы, знойдзе так робячым.

44. Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёю маёмасьцю.

45. А калі той слуга падумае ў сэрцы сваім: "Гаспадар мой марудзіць з паваротам", ды пачне біць слугі і служанкі, есьці, піць ды напівацца,

46. прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які не спадзяецца, і ў хвіліну, якой ня ведае, і адлучыць яго, ды дасьць яму ўдзел з нявернымі.

47. Той жа слуга, які ведаў волю гаспадара свайго, але не прыгатаваўся і не рабіў паводле волі яго, будзе строга пакараны.

48. А той, які ня ведаў, і рабіў вартае кары, будзе пакараны меней. Ад кожнага, каму болей дадзена, болей будзе вымагацца, і ад таго, каму многа даручана, болей патрабаваць будуць.

Агонь і разьдзяленьне

49. Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і чаго хачу? Каб ён ужо гарэў!

50. Я маю быць хростам хрышчаны і так мучуся, пакуль гэта ня споўніцца.

51. Ці ж думаеце, што Я прыйшоў супакой прынесьці на зямлю? Не, кажу вам, але разьдзяленьне.

52. Адсюль вось будзе пяцёра ў адным доме падзеленыя: трое супраць двух, а двух супраць тром паўстануць.

53. Бацька будзе супраць сына, а сын - супраць бацькі, матка супраць дачкі, а дачка супраць маткі, сьвякруха супраць сынавай сваёй, а сынавая супраць сьвякрухі сваёй.

Знакі часу

54. Далей прамаўляў і да грамадаў: "Калі бачыце хмарку, што падымаецца з захаду, зараз кажаце: "Будзе навальніца", і так станецца.

55. А калі вецер дзьме з поўдня, кажаце: "Будзе сьпякота", і так станецца.

56. Крывадушнікі! Аблічча зямлі і неба ўмееце распазнаваць, як жа часу гэтага не пазнаецё?

57. Дык чаму самі сябе ня судзіце па справядлівасьці?

58. Калі ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, дык па дарозе старайся асвабадзіцца ад яго, каб ён не павёў цябе да суддзі, а суддзя не аддаў бы цябе кату, а кат ня кінуў бы цябе ў вязьніцу.

59. Кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не разлічышся да апошняга грошыка".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст