Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Лукаша


 

 

Эвангельле паводле Лукаша

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24

 

14

Новае аздараўленьне ў суботу

1. І сталася, калі Езус у суботу ўвайшоў у дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх, запрошаны на пасілак, яны вось за Ім сачылі.

2. І вось нейкі апухлы чалавек прыйшоў да Яго.

3. І адказваючы, спытаўся Езус законаведаў і фарысэяў, кажучы: "Ці належыцца аздараўляць у суботу?"

4. Але яны маўчалі. Тады Езус, дакрануўшыся да хворага, аздаравіў яго і адправіў.

5. І сказаў ім: "Калі каторага з вас асёл або вол уваліцца ў студню, ці ня зараз выцягваюць яго ў дзень суботы".

6. І не маглі яны на гэта ніяк адказаць.

Заахвота да пакоры

7. Аднойчы, прыглядаючыся, як госьці выбіралі першыя месцы, сказаў Езус запрошаным гэтую прыповесьць:

8. "Калі будзеш запрошаны на вясельле, не сядай на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны важнейшы за цябе,

9. бо тады той, хто цябе і яго запрасіў, прыйшоўшы, скажа табе: "Саступі яму месца". І тады ты з сорамам зоймеш апошняе месца.

10. Дык калі цябе запросяць, ідзі і сядзь на апошнім месцы, каб, калі надыйдзе той, хто цябе запрасіў, сказаў табе: "Прыяцелю, сядзь вышэй". Тады будзеш мець пашану ў банкетуючых.

11. Бо кожны, хто сябе вывышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны".

Каго запрашаць на абед

12. Затым гаварыў і да таго, хто Яго запрасіў: "Калі спраўляеш абед або вячэру, не запрашай сяброў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб яны часам цябе не запрасілі, бо ўжо атрымаў бы ўзнагароду.

13. Але калі спраўляеш банкет, пакліч убогіх, калекаў, кульгавых ды сьляпых,

14. і шчасьлівы будзеш, бо запрошаныя ня маюць, чым адплаціцца табе. Адплачана табе будзе пры ўваскрашэньні справядлівых".

Прыповесьць пра запрошаных на вясельле

15. Пачуўшы гэта, адзін з гасьцей сказаў Яму: "Багаслаўлены той, хто будзе спажываць хлеб у Каралеўстве Божым!"

16. А (Езус) сказаў яму: "Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многа гасьцей.

17. Ды паслаў свайго слугу ў пару вячэры, каб прыпомніў запрошаным: "Прыходзьце, бо ўжо ўсё прагатавана".

18. І пачалі ўсе ў адзін час адгаворвацца. Першы сказаў яму: "Купіў я палетак і мушу пайсьці і агледзець яго; прашу цябе, прабач мне".

19. А другі сказаў: "Купіў я пяць пар валоў і іду іх праверыць. Прашу цябе, прабач мне".

20. Яшчэ іншы сказаў: "Я ажаніўся, і дзеля таго не магу прыйсьці".

21. І, вярнуўшыся, слуга расказаў гэта гаспадару свайму. Тады разгневаны гаспадар сказаў свайму слузе: "Ідзі скора на вуліцы і завулкі горада, і прывядзі сюды ўбогіх і калекаў, храмых і сьляпых".

22. І сказаў слуга: "Гаспадару, усё зроблена, як загадаў ты, але яшчэ ёсьць месца".

23. Дык зноў сказаў гаспадар слузе: "Выйдзі на дарогі і заплоцьці і змушай прыходзіць, каб дом мой быў поўным.

24. Кажу вам, што ніводзін з тых людзей запрошаных не пакаштуе маёй вячэры".

Цана вучнёўства

25. І хадзілі за Езусам вялікія грамады, і, павярнуўшыся да іх, Ён сказаў:

26. "Калі хто прыходзіць да Мяне, і ня мае ў нянавісьці бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а пры тым і жыцьця свайго, ня можа быць вучнем Маім.

27. І хто не нясе крыжа свайго ды не ідзе за Мной, ня можа быць вучнем Маім.

28. Бо хто з вас, маючы збудаваць вежу, ня сядзе перш і не аблічыць патрэбных выдаткаў, ці мае чым яе дакончыць?

29. Каб, калі заложыць падмурак і ня зможа закончыць, усе, якія гэтае бачаць, ня сталі сьмяяцца з яго

30. ды каб не гаварылі: "Гэты чалавек пачаў будаваць і ня змог скончыць".

31. Або які кароль, маючы ваяваць супраць другога караля, ня сядзе перш і не абдумае, ці мог бы ён з дзесяцьцю тысячамі пайсьці супраць тога, які ідзе на яго з дваццацьцю тысячамі?

32. Інакш, калі той яшчэ далёка, высылае пасланьнікаў і просіць аб мір.

33. Так вось кожны з вас, хто ня вырачацца ўсяго, што мае, ня можа быць Маім вучнем.

34. Соль добрая, але калі зьвятрэе, чым яе пасаліць?

35. Не надасца яна ані ў зямлю, ані ў гной, але вон яе выкінуць. Хто мае вушы слухаць, няхай слухае".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст