01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
15
Божае прабачэньне
Згубленая авечка
1. Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі слухаць Яго.
2. І наракалі фарысэі і кніжнікі, кажучы: "Ён прыймае грэшнікаў і есьць з імі".
3. Сказаў ім тады Езус гэткую прыповесьць:
4. "Ці ёсьць між вамі нехта, хто мае сто авец, і калі б згубіў адну з іх, ці не пакіне дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за тою, што згублена, пакуль яе ня знойдзе?
5. І калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца.
6. І, вярнуўшыся дамоў, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: "Цешцеся разам са мной, бо я адшукаў авечку маю, якая была згубіўшыся".
7. Кажу вам, што большая будзе радасьць у небе з аднаго грэшніка, які навяртаецца, чым з дзевяноста дзевяці справядлівых, не патрабуючых навярненьня.
Згубленая драхма
8. Або якая жанчына, маючы дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці ня паліць сьвечкі і ці не мяце падлогі ды не шукае рупліва, аж пакуль ня знойдзе?
9. А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы ім: "Цешцеся са мною, бо я знайшла драхму, якую была згубіўшы".
10. Так кажу вам: Будзе радасьць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, каторы навяртаецца.
Прыповесьць пра марнатраўнага сына
11. І казаў далей: "Адзін чалавек меў двух сыноў.
12. І маладзейшы з іх сказаў бацьку: "Айцец, дай мне частку маёмасьці, што мне належыцца". І (бацька) разьдзяліў паміж іх маёмасьць.
13. Небавам маладзейшы сын, забраўшы ўсё сваё, выбраўся ў далёкую краіну і пралайдачыў там сваю маёмасьць, жывучы распусна.
14. І калі змарнаваў усё, настаў вялікі голад у той старане, ды і сам ён пачаў галадаць.
15. Дык пайшоў і прыстаў да аднаго жыхара тае краіны, і той паслаў яго ў сваё паселішча пасьвіць сьвіні.
16. І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі сьвіні, але ніхто яму не даваў.
17. Разважыўшы гэта, сказаў: "Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю.
18. Устану і вярнуся да бацькі майго ды скажу яму: "Айцец, саграшыў я перад небам і перад табой,
19. і ўжо ня варты называцца тваім сынам; вазьмі мяне адным з парабкаў сваіх".
20. І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька ягоны ўбачыў яго, і зьлітаваўся, і, пераняўшы яго, кінуўся яму на шыю, і цалаваў яго.
21. Сын жа сказаў яму: "Айцец, я саграшыў перад небам і перад табой; і ўжо ня варты называцца сынам тваім".
22. А бацька загадаў слугам сваім: "Хутка прынясіце найлепшую адзежу і адзеньце яго, і дайце яму такжа персьцень на палец яго і сандалы яму на ногі,
23. і выбярыце кормнае цялё і забіце. Будзем есьці і весяліцца,
24. бо сын мой гэты быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і знайшоўся". І пачалі весяліцца.
25. А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыйшоў пад дом, пачуў музыку і скокі.
26. І паклікаў аднаго слугу ды спытаўся, што гэта здарылася.
27. А той кажа яму: "Брат твой вярнуўся, дык бацька твой забіў кормнае цялё, бо вярнуўся ён здаровы".
28. Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў яго ўпрашаць.
29. А ён у адказ сказаў бацьку свайму: "Я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі ня даў казьляці, каб я пабаляваў з сябрамі сваімі.
30. А як паявіўся гэты сын твой, што пралайдачыў з распусьніцамі сваю маёмасьць, дык забіў ты яму тлустае цялё".
31. Бацька сказаў яму: "Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё - тваё.
32. Трэба ж аднак радавацца і банкетаваць, бо брат твой быў памёршы і аджыў, быў прапаўшы і знайшоўся".
|