01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
16
Карыстаньне багацьцем
Прыповесьць пра здагадлівага аканома
1. І далей навучаў вучняў сваіх: "Быў адзін багаты чалавек, які меў аканома, і зьняславілі таго перад гаспадаром, што ён марнуе яго даброцьці.
2. Дык пазваўшы яго, сказаў яму (гаспадар): "Што я чую пра цябе? Разлічыся з гаспадараваньня твайго, бо ўжо больш ня будзеш гаспадараваць".
3. Падумаў сабе аканом: "Што мне рабіць, калі гаспадар мой адбярэ ад мяне гаспадараваньне? Капаць ня здолею, а жабраваць стыдаюся.
4. Ведаю, што мне рабіць, каб, калі буду ўсунуты ад гаспадараваньня, прынялі мяне ў дамы свае".
5. Склікаўшы тады паасобку даўжнікоў гаспадара свайго, сказаў перашаму: "Колькі вінаваты ты гаспадару майму?"
6. Той адказаў: "Сто бочак алею". Дык сказаў яму: "Вазьмі запіс твой, сядзь і хуценька напішы пяцьдзесят".
7. Затым пытае другога: "А ты колькі вінаваты?" Той адказаў: "Сто мер пшаніцы". Дык сказаў яму: "Вазьмі запіс твой ды напішы восемдзесят".
8. Дык пахваліў гаспадар аканома нягоднага, што здагадліва зрабіў. Бо сыны гэтага веку разумнейшыя ў родзе сваім, чым сыны сьвятла.
Пра добрае карыстаньне багацьцем
9. І Я вам кажу: Здабывайце сабе сяброў мамонай нягоднай, каб, калі яе ня стане, прынялі вас у вечныя сялібы.
10. Хто верны ў малым, і ў вялікім будзе верны. А хто ў малым нягодны, і ў вялікім нягодны будзе.
11. Дык калі вы не былі вернымі ў нягоднай мамоне, хто вам даверыць сапраўднае (дабро)?
12. І калі вы ў чужым не былі вернымі, дык хто вам дасьць вашае?
13. Ніводзін слуга ня можа двум панам служыць, бо або аднаго будзе ненавідзіць, а другога будзе любіць, або да аднаго прытуліцца, а другім пагардзіць. Ня можаце Богу служыць і мамоне".
Фарысэйская сьвятасьць
14. А гэтага ўсяго слухалі фарысэі, якія былі хцівымі, і насьмяхаліся з Яго.
15. Дык (Езус) сказаў ім: "Вы ўважаецеся за справядлівых перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што ў людзей высокароднае, тое ў Бога агіднае.
Пачатак Каралеўства Божага
16. Закон і Прарокі былі да Яна. Адгэтуль жа весьціцца Каралеўства Божае, і кожны сілаю ўваходзіць у яго.
17. Лягчэй небу і зямлі прамінуць, чым адна крэска ў Законе счэзьне.
Неразарвальнасьць сужэнства
18. Кожны, хто кідае жонку сваю і бярэ іншую, чужаложыць; і хто кінутую мужам узяў, чужаложыць.
Прыповесьць пра багацея і Лазара
19. Жыў адзін багаты чалавек. Ён адзяваўся ў пурпур і вісон ды штодзённа раскошна баляваў.
20. І жыў нейкі жабрак імем Лазар. Ён ляжаў увесь у скулах каля яго брамы
21. і прагнуў заспакоіць голад крошкамі, спадаючымі са стала багацея, але ніхто яму не даваў, толькі сабакі прыходзілі і лізалі скулы ягоныя.
22. І сталася, што жабрак памёр, і анёлы занесьлі яго на ўлоньне Абрагама. Памёр таксама багацей і быў пахаваны.
23. І ў пекле, церпячы мукі, падняў свае вочы і ўбачыў здалёк Абрагама і на ўлоньні яго Лазара.
24. І закрычаў: "Ойча Абрагаме, зжалься нада мной і пашлі Лазара, хай умочыць у вадзе канец пальца свайго і змочыць язык мой, бо мучуся ў полымі".
25. Сказаў яму Абрагам: "Сыне, прыпомні, што ты за жыцьця свайго карыстаўся даброцьцямі тваімі, а Лазар благацьцём. Ён цяпер тут цешыцца, а ты мучышся.
26. Прытым паміж намі і вамі зьзяе прорва, каб тыя, што хочуць ад нас да вас перайсьці, не маглі, ані адтуль да нас перабрацца".
27. Дык кажа: "Малю цябе, ойча, каб паслаў яго ў дом бацькі майго, -
28. бо маю пяць братоў - каб перасьцярог іх, каб і яны не папалі ў гэтае месца мучэньняў".
29. Кажа яму Абрагам: "Маюць Майсея і Прарокаў; хай слухаюць іх".
30. Але ён кажа: "Не, ойча Абрагаме, але каб хто з памёршых пайшоў да іх, навернуцца".
31. Але (Абрагам) сказаў яму: "Калі ня слухаюць Майсея і Прарокаў, дык каб і хто з памёршых паўстаў, не павераць".
|