Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Лукаша


 

 

Эвангельле паводле Лукаша

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24

 

19

Мытнік Закхей

1. І прыбыўшы ў Ерыхон, Езус праходзіў праз горад.

2. Там жыў чалавек імем Закхей, начальні мытнікаў і чалавек багаты.

3. Ён шукаў пабачыць Езуса, хто Ён такі, але ня мог дзеля натоўпу, бо быў малога росту.

4. Дык забег наперад, узьлез на дрэва сыкаморы, каб убачыць Яго, бо тамака меў Ён праходзіць.

5. І калі Езус прыбыў на тое месца, глянуўшы ўверх, убачыў яго ды сказаў яму: "Закхей, злазь хутчэй, бо сягоньня мушу пабыць у тваім доме".

6. Дык Закхей зьлез пасьпешна і прыняў Езуса з радасьцю.

7. І ўсе, бачачы гэта, наракалі, кажучы: "Да грэшніка пайшоў у госьці".

8. Закхей жа, стоячы, сказаў Госпаду: "Госпадзе, вось жа палову маёмасьці сваёй раздам убогім, а калі каго скрыўдзіў, аднагараджуся ў чатыры разы".

9. Сказаў яму Езус: "Сягоньня прыйшло ў гэты дом збаўленьне, бо і ён ёсьць сынам Абрагама.

10. Бо Сын Чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было прапаўшы".

Прыповесьць пра дзесяць мінаў серабра

11. Калі яны гэта слухалі, (Езус) у дабаўку расказаў прыповесьць, бо Ён быў блізка Ерузаліму, і яны думалі, што ўжо небавам аб'явіцца Каралеўства Божае.

12. Дык расказваў: "Адзін высакародны чалавек выбраўся ў далёкую краіну атрымаць каралеўства і вярнуцца.

13. Дык пазваў дзесяць сваіх слугаў і даў ім дзесяць мін (грошаў) ды сказаў ім: "Гандлюйце, пакуль не вярнуся".

14. А грамадзяне ненавідзелі яго, і выправілі за ім пасланьнікаў, і сказалі: "Ня хочам, каб ён караляваў над намі".

15. Атрымаўшы каралеўства, ён вярнуўся і загадаў паклікаць слугаў сваіх, каторым даручыў грошы, каб даведацца, колькі з іх кожны зарабіў.

16. Дык прыбыў першы і сказаў: "Гаспадару, міна твая прынесла дзесяць мін".

17. Сказаў яму: "Добра, слуга добры; за тое, што ў малым быў ты верны, дам табе ўладу на дзесяцьцю гарадамі".

18. Затым прыбыў другі і сказаў: "Гаспадару, міна твая пяць мін прынесла".

19. Сказаў яму: "І ты будзеш валодаць пяцьцю гарадамі".

20. І трэці прыбыў і сказаў: "Гаспадару, вось твая міна, якую я меў схаваўшы ў хустцы,

21. бо баяўся цябе, што ты чалавек жорсткі: бярэш, чаго не лажыў, ды жнеш, чаго ня сеяў".

22. Сказаў (гаспадар) яму: "Па словах тваіх суджу цябе, ліхі слуга! Ведаў ты, што я чалавек жорсткі, што бяру, чаго не лажыў, ды жну, чаго ня сеяў.

23. Чаму ж ты грошаў маіх не аддаў у банк, каб па павароце мог я запатрабаваць іх з прыбыткам?"

24. І сказаў да прысутных: "Забярыце ад яго міну і дайце таму, які мае дзесяць мін".

25. Дык сказалі яму: "Гаспадару, ён жа мае дзесяць мін!"

26. "Дык кажу вам: Кожнаму, хто мае, будзе дадзена, а хто ня мае, і тое, што мае, будзе ад яго забрана.

27. А тых непрыяцеляў маіх, што мяне не хацелі, каб над імі караляваў, прывядзіце сюды ды біце перада мною".

Езус у Ерузаліме

Урачысты ўезд у Ерузалім

28. І гэта сказаўшы, Езус ішоў далей у кірунку Ерузаліма.

29. Падходзячы да Бетфагэ і Бэтаніі, да гары, якая завецца Аліўнай, Ён паслаў двух вучняў сваіх

30. кажучы: "Ідзіце ў вёску, што насупраць, і, увайшоўшы ў яе, знойдзеце прывязанае асьлянё, на якім яшчэ ніхто з людзей не сядзеў. Адвяжыце яго і прывядзіце.

31. Калі б хто вас спытаўся: "Чаму адвязаваеце?", скажаце так: "Госпад яго патрабуе".

32. Дык пайшлі тады пасланыя ды знайшлі (асьляня), як сказаў ім Езус.

33. Калі яны адвязвалі асьлянё, уласьнікі яго спыталіся ў іх: "Чаму адвязваеце асьляня?"

34. Яны адказалі: "Госпад яго патрабуе".

35. І прывялі яго да Езуса; і, закінуўшы на яго адзеньне сваё, пасадзілі Езуса на асьляня.

36. А калі ехаў Ён, людзі слалі адзеньне сваё на дарозе.

37. І калі збліжаліся да спуску гары Аліўнай, пачалі ўсе грамады вучняў радасна хваліць Бога за ўсе цуды, каторыя бачылі,

38. гамонячы: "Багаслаўлены кароль, каторы прыходзіць у імя Госпада! Супакой на небе і хвала на вышынях!"

39. Спасярод натоўпу некаторыя фарысэі сказалі Езусу: "Вучыцель, забарані вучням Тваім".

40. І сказаў Езус: "Кажу вам: Калі яны замоўкнуць, камяні гаманіць будуць".

Плач Езуса над Ерузалімам

41. І калі Езус прыблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў дзеля яго

42. і сказаў: "Калі б ты пазнаў хоць у гэты дзень тое, што дзеля супакою твайго! Але цяпер закрыта гэта ад вачэй тваіх.

43. Бо прыйдуць на цябе дні, і акружаць цябе ворагі твае валам, і аблягуць цябе ды сьціснуць цябе зусюль,

44. і паваляць цябе на зямлю і дзеці твае, каторыя ў табе, ды не пакінуць у табе каменя на камені, бо ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх.

Выгнаньне гандляроў са сьвятыні

45. І, увайшоўшы ў сьвятыню, стаў выкідаць прадаючых у ёй і купляючых,

46. кажучы ім: "Напісана: "Дом Мой ёсьць дом малітвы", а вы зрабілі яго пячорай разбойнікаў".

Навучаньне ў сьвятыні

47. Ды штодзень навучаў у сьвятыні. А першасьвятары, і кніжнікі, і начальнікі народу шукалі, як бы яго забіць,

48. але не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ слухаў Яго з захапленьнем.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст