Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Лукаша


 

 

Эвангельле паводле Лукаша

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24

 

2

Нараджэньне Езуса Хрыста

1. І сталася ў тыя дні: выйшаў загад ад цэзара Аўгуста, каб сьпісаць увесь сьвет.

2. Гэты сьпіс быў першы, зроблены за гаспадараваньне, Квірына ў Сырыі.

3. Дык ішлі ўсе запісацца, кожны ў свой горад.

4. Пайшоў таксама і Язэп з Галілеі, з горада Назарэту, у Юдэю, у Давідаў горад, званы Бэтлеем, таму што быў з дому і роду Давіда,

5. каб запісацца разам з Марыяй, заручанай сваёй жаною, каторая была цяжарная.

6. Здарылася, што калі там былі, прыйшоў час радзіць Ёй.

7. І нарадзіла Сына свайго першароднага, і спавіла Яго ў пялёнкі, і паклала ў ясьлі, бо не было для іх месца ў заезьдзе.

Пакланеньне пастухоў

8. У той ваколіцы былі пастухі, пільнуючыя і вартуючыя ў начы пры сваім стадзе.

9. І вось зьявіўся перад імі анёл Госпадаў, і слава Госпада асьвяціла іх, і яны вельмі спалохаліся.

10. І сказаў ім анёл: "Ня бойцеся, бо абвяшчаю вам радасьць вялікую, якая будзе ўсім людзям:

11. сягоньня нарадзіўся вам Збаўца, каторы ёсьць Хрыстос Госпад, у горадзе Давіда.

12. Такі вось будзе вам знак: знойдзеце Дзіцятка, спавітае ў пялёнкі і пакладзенае ў ясьлях".

13. Ды раптам з анёлам паявілася мноства войска нябеснага, славячы Бога і гамонячы:

14. "Слава на вышынях Богу, і на зямлі супакой людзям добрай волі".

15. І сталася, як анёлы ўзняліся ад іх у неба, пастухі казалі адзін аднаму: "Хадземце ў Бэтлеем і пабачма тое слова, што там сталася, пра што павядоміў нам Госпад".

16. І з пасьпехам пайшлі ў Бэтлеем, і знайшлі Марыю, і Язэпа, і Дзіцятка, пакладзенае ў ясьлях.

17. А ўбачыўшы, зразумелі слова, што ім было пра Дзіцятка гэтае.

18. І ўсе, што чулі, дзівіліся дзеля таго, што ім расказалі пастухі.

19. Марыя ж запомніла ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.

20. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё, што чулі і бачылі, як ім было сказана.

Абразаньне

21. І калі мінула восем дзён, калі трэба было абразаць Дзіцятка, назвалі Яго імем Езус, якое было Яму дадзена анёлам перш, чым Яно было пачата ва ўлоньні.

Ахвяраваньне ў сьвятыні

22. І калі споўніліся дні ачышчэньня іх па закону Майсея, прынесьлі Яго ў Ерузалім, каб прадставіць Госпаду,

23. як напісана ў законе Госпада: "Кожны першародны хлопец будзе пасьвячаны Госпаду",

24. ды каб скласьці ахвяру паводле таго, што сказана ў законе Госпада: пару туркоў або два галубы.

Багаславенства Сымона

25. І вось у той час быў у Ерузаліме чалавек, імем Сымон, і быў ён справядлівы, і баяўся (Бога), і чакаў пацяшэньня Ізраэля, і Дух Сьвяты быў на ім.

26. Ён атрымаў абяцаньне ад Духа Сьвятога, што не памрэ, пакуль перш не пабачыць Хрыста Госпадавага.

27. І, ведзены Духам, ён пайшоў у сьвятыню. І калі бацькі Езуса ўносілі Яго ў сьвятыню, каб выпаўніць Закон адносна Яго,

28. Сымон узяў Яго на рукі свае і багаславіў Бога ў гэтыя словы:

29. "Цяпер па слову Твайму, Госпадзе, адпушчаеш слугу Твайго ў супакоі,

30. бо вочы мае бачылі збаўленьне Тваё,

31. якое Ты прыгатаваў на віду ўсіх народаў;

32. сьвятло для прасьвятленьня паганаў і на спахвалу народу Твайго, Ізраэля".

33. І бацька Ягоны і Маці дзівіліся што да таго, што аб Ім казалі.

34. І багаславіў іх Сымон, кажучы Марыі, Маці Ягонай: "Ён вось пастаўлены на падзеньне і на паўстаньне многіх у Ізраэлі ды на знак, катораму будуць працівіцца.

35. І Тваю душу праб'е меч, каб выявіліся намеры многіх сэрцаў".

Прароцтва Ганны

36. Там жа была і прарочыца Ганна, дачка Фануэля, з пакаленьня Асэравага. Яна была пажылая ў гадах, і ад дзявоцтва свайго з мужам жыла сем гадоў,

37. і, будучы ўдавой васьмідзесяці чатырох гадоў, не пакідала сьвятыні, служачы там (Богу) днём і ноччу ў пастах і маленьнях.

38. Яна вось, надыйшоўшы ў тую пару, славіла Бога і расказвала аб Ім усім, каторыя чакалі адкупленьня ў Ерузаліме.

Вяртаньне ў Назарэт

39. І калі споўнілі ўсё паводле закону Госпада, вярнуліся ў Галілею, у Назарэт, горад свой.

40. А Дзіця расло і ўмацоўвалася, поўнае мудрасьці, ды ласка Божая была на Ім.

Дванаццацігадовы Езус у сьвятыні

41. Бацькі Ягоныя хадзілі штогод у Ерузалім на ўрачыстасьць Пасхі.

42. І калі Езус меў ужо дванаццаць гадоў, пайшлі яны, як звычайна, на сьвята,

43. і калі па заканчэньні сьвята варочаліся дамоў, хлопчык Езус застаўся ў Ерузаліме, і не заўважылі гэтага бацькі Яго.

44. Думаючы, што Езус у грамадзе, прайшлі дзень дарогі і шукалі Яго сярод сваякоў і знаёмых,

45. і, не знайшоўшы, вярнуліся ў Ерузалім, шукаючы Яго.

46. І сталася, што па трох днях знайшлі Яго ў сьвятыні, седзячага паміж вучоных, слухаючага іх і пытаючага ў іх.

47. Усе, што слухалі, дзівіліся з розуму і адказаў Ягоных.

48. І (бацькі), убачыўшы Яго, зьдзівіліся. І Маці Ягоная сказала Яму: "Сынок, чаму так нам зрабіў? Вось жа бацька Твой і Я з болем шукалі Цябе".

49. А Ён сказаў ім: "Пашто Мяне шукалі? Няўжо ня ведалі, што Мне трэба быць у справах Айца Майго?"

50. Але яны не зразумелі гэтых словаў, якія ім сказаў.

51. І пайшоў з імі, і прыйшоў у Назарэт, і быў паслухмяны. І Маці Ягоная захавала ўсе гэтыя словы ў сваім сэрцы.

52. А Езус рос у мудрасьці і гадах, ды ў ласцы ў Бога і ў людзей.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст