Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Лукаша


 

 

Эвангельле паводле Лукаша

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24

 

23

Езус перад Пілатам

1. І паднялася ўся іх грамада, і завялі Яго да Пілата.

2. І пачалі Яго вінаваціць і казаць: "Мы знайшлі, што Ён бунтуе наш народ, і забараняе плаціць падатак цэзару, і называе сябе Хрыстом Каралём".

3. Дык спытаўся ў Яго Пілат: "Ты - кароль Юдэйскі?" А Езус сказаў: "Ты гэта кажаш".

4. Дык Пілат сказаў першасьвятарам і народу: "Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку".

5. Але яны настойвалі, кажучы: "Ён бунтуе народ, вучачы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж дасюль".

6. А Пілат, пачуўшы аб Галілеі, спытаўся, ці гэты чалавек Галілеец,

7. і калі даведаўся, што Ён з-пад улады Герода, адаслаў Яго да Герода, які ў той час прабываў у Ерузаліме.

Езус перад Геродам

8. Герод, убачыўшы Езуса, вельмі ўзрадаваўся, бо прагнуў даўно ўбачыць Яго, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць які знак, Ім зроблены.

9. Дык пытаўся Яго многімі словамі, але Езус яму нічога не адказаў.

10. А першасьвятары і кніжнікі, стоячы там, усяк Яго вінавацілі.

11. Тады Герод узгардзіў Ім разам з войскам сваім і, на зьдзек адзеўшы Яго ў белую шату, адправіў да Пілата.

12. І сталіся ў той дзень Герод і Пілат сябрамі, бо перад тым былі ворагамі сабе.

Езус другі раз перад Пілатам

13. А Пілат, пазваўшы першасьвятароў, начальнікаў і народ,

14. сказаў ім: "Вы выдалі гэтага чалавека, быццам ён бунтуе народ, і вось я, распытваючы ў вашай прысутнасьці, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны у тым, у чым вы вінаваціце Яго.

15. Таксама і Герод, бо адаслаў Яго да нас. І вось не даказана Яму нічога вартага сьмерці.

16. Таму, укараўшы Яго, выпушчу".

Езус адкінуты сваім народам

17. А на сьвята мусіў ім звольніць аднаго вязьня.

18. Дык уся грамада закрычала: "Вазьмі Яго, а выпусьці нам Барабу".

19. А той быў пасаджаны ў вязьніцу за паўстаньне ў горадзе і забойства.

20. Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы асвабадзіць Езуса,

21. але яны крычалі: "Укрыжуй, укрыжуй Яго!"

22. Ён трэці раз сказаў ім: "Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога вартага сьмерці, дык пакараю Яго і выпушчу".

23. Ды яны з крыкам дамагаліся, каб быў укрыжаваны, і перамог крык іхні.

24. І Пілат прысудзіў споўніць па просьбе іхняй:

25. адпусьціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў пасаджаны ў вязьніцу, чаго дамагаліся, а Езуса выдаў на іхнюю волю.

У дарозе на Гальготу

26. І калі вялі Яго, спынілі нейкага Сымона з Цырэны, які ішоў з вёскі, усклалі на яго крыж, каб нёс яго за Езусам.

27. Ішоў за Езусам вялікі натоўп людзей і жанчыны, каторыя плакалі і галасілі.

28. Езус жа, павярнуўшыся да іх, сказаў: "Дочкі Ерузалімскія, ня плачце дзеля Мяне, але дзеля сябе плачце ды дзеля сыноў вашых.

29. Бо вось надыходзяць дні, калі будуць казаць: "Шчасьлівыя няплодныя і ўлоньні, што не радзілі, ды грудзі, якіх ня ссалі".

30. Тады стануць казаць горам: "Валіцеся на нас", і ўзгоркам: "Схавайце нас",

31. бо калі з зялёным дрэвам гэта робяць, што станецца з сухім?"

32. Вялі з Ім таксама іншых двух злачынцаў на пакараньне сьмерцю.

Укрыжаваньне

33. І калі прыбылі на месца, званае Чараповае, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго з правага, а другога з левага боку.

34. Езус жа маліўся: "Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць". І, дзелячы адзеньне Яго, кідалі жэрабя.

Зьдзекі з укрыжаванага

35. І народ стаяў, прыглядаючыся. Насьмяхаліся з Езуса і начальнікі, кажучы: "Іншых ратаваў, хай і сябе выратуе, калі Ён - Хрыстос, выбраньнік Божы".

36. Таксама і жаўнеры зьдзекаваліся з Езуса, падыходзячы і падаючы Яму воцат,

37. і кажучы: "Калі Ты - кароль Юдэйскі, выратуй самога сябе!"

38. І быў над Ім надпіс: "Гэта кароль Юдэйскі".

Добры разбойнік

39. А адзін з укрыжаваных разбойнікаў блюзьніў супраць Яго, кажучы: "Калі Ты - Хрыстос, дык выратуй самога сябе і нас".

40. А другі ў адказ сварыўся на яго: "Ты і Бога не баішся, хоць церпіш тую самую кару.

41. І мы засуджаны справядліва, бо атрымалі дастойна ўчынкам, а Ён нічога благога не зрабіў".

42. Ды казаў Езусу: "Госпадзе, узгадай мяне, калі прыйдзеш у Тваё Каралеўства".

43. І сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе: Сёньня будзеш са Мною ў раю".

Сьмерць Езуса

44. І была блізу шостая гадзіна, і цемра ахінула ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны,

45. і сонца зацьмела, і заслона сьвятыні разьдзёрлася пасярэдзіне.

46. І Езус закрычаў моцным голасам: "Ойча, у рукі Твае аддаю духа Майго". І, сказаўшы гэта, сканаў.

Пасьля сьмерці Езуса

47. Сотнік, бачачы, што сталася, славіў Бога і казаў: "Гэты чалавек быў сапраўды справядлівы".

48. І ўвесь натоўп тых, што сабраліся паглядзець, бачачы, што сталася, вярталіся, б'ючы сябе ў грудзі.

49. А здалёк стаялі ўсе ведаўшыя Яго і жанчыны, што прыйшоўшы былі з Ім з Галілеі, і глядзелі на гэтае.

Пахаваньне Езуса

50. І вось чалавек, імем Язэп, сябра Рады, чалавек добры і справядлівы, -

51. ён не згаджаўся з Радай і іх учынкамі, - з Арыматэі, горада Юдэйскага, які чакаў Каралеўства Божага,

52. прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса,

53. і, зьняўшы, увярнуў у палатно і палажыў у высечанай магіле, у якой яшчэ ніхто ня быў пахаваны.

54. І быў гэта дзень Прыгатаваньня, і надыходзіла субота.

55. Надыйшлі таксама жанчыны, каторыя прыйшлі з Ім з Галілеі, і бачылі магілу і як улажылі цела Ягонае,

56. і, вярнуўшыся, прыгатавалі духмянасьці і алеек, і нічога не рабілі ў суботу паводле прыказаньня.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст