01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
24
Уваскрасеньне Езуса
Пустая магіла
1. А ў першы дзень тыдня на сьвітаньні пайшлі яны да магілы, нясучы прыгатаваныя духмянасьці.
2. І знайшлі яны камень, адвалены ад магілы,
3. і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Езуса.
4. І калі так былі занепакоены, вось паявіліся пры іх два чалавекі ў бліскучых шатах.
5. І калі яны, стрывожаныя, схілілі твары свае ўніз, сказалі тыя ім: "Чаму шукаеце жывога між памёршымі?
6. Няма Яго тут, Ён уваскрос. Прыпомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі.
7. Кажучы: Трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшнікаў, і будзе ўкрыжаваны, і на трэці дзень уваскрэсьне".
8. І яны прыпомнілі гэтыя словы Ягоныя,
9. і, вярнуўшыся ад магілы, расказалі гэта ўсё Адзінаццаці ды ўсім іншым.
10. Былі ж гэта Марыя Магдалена, і Ёанна, і Марыя Якубава, ды іншыя з імі, якія расказвалі пра гэта апосталам.
11. І словы гэтыя здаліся ім недарэчнасьцю, і ня ўверылі ім.
12. Пётар жа падняўся і пабег да магілы, і, нахіліўшыся, убачыў толькі палатно лежачае; і адыйшоў, зьдзіўлены тым, што сталася.
Вучні з Эмаўс
13. І вось тога самага дня двое з іх ішлі ў вёску, што ў шаснаццаці стадыях ад Ерузаліму, званую Эмаўс,
14. і гаварылі між сабой аб усім, што адбылося.
15. І здарылася, што калі яны гутарылі і адзін другога пыталіся, сам Езус, падыйшоўшы, далучыўся да іх;
16. а вочы іхнія былі зацемнены, так што не пазналі Яго.
17. І сказаў ім Езус: "Што за размову вядзіцё між сабою ў дарозе?" І спыніліся сумныя.
18. І ў адказ адзін з іх, імем Кляопа, сказаў Яму: "Ці ж ты - адзін з падарожнікаў у Ерузаліме і ня ведаеш, што ў ім у гэтых днях адбылося?"
19. А Езус спытаўся: "Што менавіта?" Дык расказалі Яму: "Што было з Езусам з Назарэту, каторы быў прарокам, магутным ў чыне і ў слове перад Богам і перад усім народам.
20. І як першасьвятары і начальнікі нашыя выдалі Яго на сьмерць ды ўкрыжавалі.
21. А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць Ізраэля. І цяпер па ўсім гэтым ужо ёсьць трэці дзень, як гэта сталася.
22. Але жанчыны некаторыя, што былі пры магіле на сьвітаньні, зьбянтэжылі нас,
23. і, не знайшоўшы цела Ягонага, прыйшоўшы, казалі, што бачылі анёлаў, якія кажуць, што Ён жыве.
24. Пайшлі таксама да магілы некаторыя з нашых, і таксама знайшлі, як расказвалі жанчыны, але Яго самога ня бачылі".
25. І сказаў ім Езус: "О, дурныя і няскорыя сэрцам уверыць у-ва ўсё, што казалі прарокі.
26. Ці ня трэба было, каб Хрыстос цярпеў і так увайшоў у хвалу сваю?"
27. І пачаўшы ад Майсея і ўсіх Прарокаў, выясьняў ім, што адносілася да Яго ва ўсіх Пісаньнях.
28. І так падыйшлі да сяла, да каторага ішлі, і Ён хацеў быццам ісьці далей.
29. Але яны прымусілі Яго, кажучы: "Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень зыходзіць". І ўвайшоў Ён, каб застацца з імі.
30. І сталася, калі сеў з імі за стол, узяў хлеб і багаславіў, ламаў і падаваў ім.
31. І адкрыліся вочы іхнія, і пазналі Езуса, але Ён зьнік з іх вачэй.
32. І казалі яны адзін аднаму: "Ці ж сэрцы нашыя не гарэлі ў нас, калі размаўляў з намі ў дарозе і адкрыў нам Пісаньне?"
33. І, падняўшыся ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім. І знайшлі там сабраўшыхся Адзінаццаць ды тых, што з імі былі,
34. якія казалі: "Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сымону".
35. А яны расказалі, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламаньні хлеба.
Паяўленьне Езуса апосталам
36. А калі яны гэта расказвалі, стануў пасярод іх Езус і сказаў ім: "Супакой вам".
37. А яны, стрывожаныя і напалоханыя, думалі, што духа бачаць.
38. І сказаў ім Езус: "Чаго стрывожыліся ды такія думкі ўзьнікаюць у вашых сэрцах?
39. Агледзьце рукі Мае і ногі Мае, што гэта Я сам; дакраніцеся Мяне і глядзіце, бо дух ня мае цела, ані касьцей, што, як бачыце, Я маю".
40. І калі гэта гаварыў, паказаў ім рукі і ногі.
41. А калі яны яшчэ ня верылі і дзівіліся з радасьці, сказаў: "Ці маеце што есьці?"
42. І падалі Яму частку печанай рыбы і сотавага мёду.
43. І, узяўшы, еў у прысутнасьці іхняй.
Апошні наказ
44. І сказаў ім: "Ці ж не такія былі Мае словы, якія гаварыў вам, будучы яшчэ з вамі, што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было пра Мяне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах".
45. Тады адкрыў ім розум, каб зразумелі Пісаньні.
46. Ды сказаў ім: "Так было напісана і трэба было, каб Хрыстос цярпеў і на трэці дзень уваскрос,
47. і каб у імя Яго было вешчана навярненьне дзеля адпушчэньня грахоў ўсім народам, пачынаючы ад Ерузаліму.
48. І вы - сьведкі гэтага.
49. І Я вось спасылаю вам абяцанае Айцом Маім. Вы ж заставайцеся ў горадзе, аж будзеце апрануты моцай з вышыні".
Ушэсьце Езуса
50. Затым вывеў іх з гораду ў Бэтанію і, падняўшы рукі свае, пабагаславіў іх.
51. І калі багаславіў іх, аддаліўся ад іх і падняўся ў неба.
Заканчэньне
52. І яны пакланіліся Яму і з вялікай радасьцю вярнуліся ў Ерузалім,
53. і прабывалі увесь час у сьвятыні, славячы Бога. |