01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
4
Пост і спакушаньне
1. Езус, поўны Духа Сьвятога, вярнуўся ад Ярдану і быў Духам заведзены ў пустыню
2. на сорак дзён, і быў там спакушаны д'яблам. Ды ня еў у тыя дні анічога, а калі яны скончыліся, захацеў есьці.
3. Сказаў Яму д'ябал: "Калі Ты - Сын Божы, дык загадай гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам".
4. І адказаў яму Езус: "Напісана: "Ня толькі хлебам жыве чалавек"."
5. Затым падняў Яго і паказаў Яму ўсе каралеўствы сьвету ў адзін момант,
6. ды сказаў Яму д'ябал: "Дам табе ўладу над сусьветам і іх славу, бо мне гэта дадзена, і каму хачу, таму даю яе.
7. Дык калі Ты паклонішся перада мной, усё будзе Тваё".
8. У адказ сказаў яму Езус: "Напісана: "Госпаду, Богу твайму, будзеш пакланяцца ды Яму аднаму служыць будзеш".
9. Затым завёў Яго (д'ябал) у Ерузалім, і паставіў на верху сьвятыні, і сказаў Яму: "Калі Ты - Сын Божы, дык кінься ўніз.
10. Бо напісана: "Анёлам сваім загадае пра Цябе берагчы Цябе",
11. ды: "на руках панясуць Цябе, каб часам не скалечыў аб камень нагі тваёй".
12. Адказаў яму Езус: "Сказана: "Не спакушай Госпада, Бога твайго".
13. І калі скончыў д'ябал усе спакушэньні, адступіўся ад Яго да часу.
Пачатак служэньня Езуса
Езус у Галілеі
14. І ў моцы Духа вярнуўся Езус у Галілею, і вестка пра Яго разьнеслася па ўсёй краіне.
15. І Езус вучыў у сынагогах іх, і быў слаўлены ўсімі.
Езус у Назарэце
16. І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і, па сваім звычаі, у суботу ўвайшоў у сынагогу і падняўся чытаць.
17. І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. І калі разьвярнуў кнігу, натрапіў на месца, дзе было напісана:
18. "Дух Госпада нада Мною; таму Мяне намасьціў, каб вясьціў Эвангельле ўбогім, паслаў Мяне вясьціць свабоду вязьням, і сьляпым - вяртаньне зроку, адпусьціць прыгнечаных на свабоду,
19. вясьціць год спагадлівасьці Госпада".
20. Потым закрыў кнігу, аддаў слузе і сеў. І вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго.
21. Ён пачаў тады гаварыць ім: "Сёньня споўніліся толькі што вамі чутыя словы Пісаньня".
22. Усе засьведчылі Яму ды дзівіліся чароўнасьці словаў, выплываючых з вуснаў Ягоных, і казалі: "Ці ж гэта ня сын Язэпаў?"
23. А Ён сказаў ім: "Хіба скажаце Мне гэту прымаўку: "Лекару, вылечы самога сябе. Учыні і тут, у бацькаўшчыне Тваёй, тое, што, чулі мы, учыніў Ты ў Кафарнаўме".
24. І сказаў: "Сапраўды кажу вам, што ніводзін прарок не прыймаецца ў сваёй бацькаўшчыне.
25. Праўдзіва кажу вам: Многа ўдоваў было ў Ізраэлю ў дні Гальяша, калі неба было замкнёна на тры гады і шэсьць месяцаў, ды быў вялікі голад на ўсёй зямлі;
26. і да ніводнай з іх ня быў пасланы Гальяш, адно да аўдавелай жанчыны ў Сарэпце Сідонскай.
27. Таксама было многа пракажаных у Ізраэлю за Элізэя прарока, але ніводзін з іх ня быў ачышчаны, адно Нааман Сырыец".
28. Чуючы гэта, усе ў сынагозе закіпелі злосьцю,
29. і паўскоквалі, і выцягнулі Яго за горад, ды ўзьвялі на верх гары, на якой стаяў горад іх, каб спіхнуць Яго.
30. Але Ён прайшоў між імі і адыйшоў.
Аздараўленьне апанаванага ліхім
31. І зыйшоў Езус у Кафарнаўм, горад Галілейскі, і там навучаў у суботы.
32. І ўсе дзівіліся з навукі Ягонай, бо з уладай былі словы Ягоныя.
33. У той час быў у сынагозе чалавек, маючы духа нячыстага. І крычаў ён моцным голасам:
34. "Пакінь, што Табе да нас, Езус з Назарэту? Ты прыйшоў губіць нас? Ведаю Цябе, што Ты - Сьвяты Божы".
35. Але Езус пасварыўся на яго, загадваючы: "Замаўчы, ды выйдзі з яго". І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
36. І ахапіў жах усіх; і зварачаліся адзін да аднаго, кажучы: "Што гэта за слова, што мае ўладу і моц загадваць духам нячыстым, і тыя выходзяць".
37. І так вестка аб Ім разыходзілася па ўсіх вакалічных мясцовасьцях.
Аздараўленьне цёшчы Пятра
38. Выйшаўшы з сынагогі, пайшоў Ён у дом Сымона. А цёшча Сымона была ў вялікай гарачцы, дык прасілі Яго за яе.
39. І стаўшы пры ёй, загадаў гарачцы, і яна пакінула яе. І яна зараз жа, падняўшыся, паслугавала ім.
40. А па заходзе сонца ўсе, што мелі хворых на ўсякія хваробы, прыводзілі іх да Яго. І Ён клаў рукі на кожнага ды аздараўляў іх.
41. З многіх выходзілі таксама дэманы з крыкам: "Ты - Сын Божы". І (Езус), сварачыся на іх, не дазваляў казаць, што яны ведаюць, што Ён - Хрыстос.
Езус пакідае Кафарнаўм
42. А калі настаў дзень, Ён выйшаў і адыйшоў на пустыннае месца; і народ аднак шукаў Яго і прыйшоў да Яго, і стараліся затрымаць, каб не адыходзіў ад іх.
43. Але Ён сказаў ім: "Трэба, каб Я і іншым гарадам вясьціў добрую вестку пра Каралеўства Божае, бо Я дзеля гэтага пасланы".
44. І далей навучаў у сынагогах Галілеі.
|