01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21 - 22 - 23 - 24
5
Цудоўная лоўля рыбы
1. Аднойчы, калі грамады ціснуліся да Яго слухаць слова Божага, а Ён стаяў каля возера Генэзарэт,
2. убачыў дзьве лодкі, стаячыя пры беразе возера; рыбакі былі выйшаўшы і паласкалі сеткі.
3. Дык Езус увайшоў у адну лодку, што была Сымонава, і прасіў, каб адплылі крыху ад берага. І, седзячы ў лодцы, навучаў людзей.
4. Кончыўшы гаварыць, сказаў Сымону: "Паплыві на глыбіню ды закіньце сеткі вашыя на лоўлю".
5. А Сымон адказаў Яму: "Вучыцелю, мы ўсю ноч трудзіліся і нічога не злавілі. Аднак на Тваё слова закіну сетку".
6. А калі гэта зрабілі, злавілі так многа рыбы, што сетка рвалася.
7. Дык далі знак таварышам, якія былі ў другой лодцы, каб пасьпяшылі і дапамаглі ім. Дык прыбылі і запоўнілі абедзьве лодкі, так, што ледзь не танулі.
8. Бачачы гэта, Сымон Пётар упаў да кален Езуса, кажучы: "Адыйдзі ад Мяне, Госпадзе, бо я - чалавек грэшны".
9. Бо дзеля такога налову рыбы яго ды ўсіх, што з ім былі, ахапіў жах.
10. Таксама і Якуба, і Яна, сыноў Зэбэдэявых, таварышаў Сымона. І сказаў Езус Сымону: "Ня бойся; адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш".
11. І, выцягнуўшы лодкі на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
Аздараўленьне пракажанага
12. І здарылася, калі Езус быў у адным горадзе, вось прыйшоў адзін чалавек поўнасьцю пракажаны. Ён, убачыўшы Езуса, паў вобліч і прасіў Яго, кажучы: "Госпадзе, калі хочаш, можаш мяне ачысьціць".
13. І Езус, працягнуўшы руку, дакрануўся яго і сказаў: "Хачу, будзь ачышчаны". І зараз жа праказа зыйшла з яго.
14. І (Езус) загадаў яму, каб нікому пра гэта не гаварыў, але сказаў: "Ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за сваё ачышчэньне, як загадаў Майсей на сьведчаньне ім".
15. Але разыходзілася слова аб Ім тым больш, і зьбіраліся вялікія грамады людзей паслухаць Яго ды быць аздароўленымі ад сваіх немачаў.
16. А Ён удаляўся на адзінач і маліўся.
Першыя спрэчкі з фарысэямі
Аздараўленьне спараліжаванага
17. Здарылася, што аднаго дня сядзеў Езус, навучаючы. Там жа сядзелі і фарысэі і законаведы, сабраўшыся з усіх пасяленьняў Галілеі, і Юдэі, і Ерузаліма. І Езус меў моц Госпадаву на аздараўленьне.
18. Якраз мужчыны прынесьлі чалавека спараліжаванага на лежаку, ды стараліся ўнесьці яго і пакласьці перад Езусам.
19. І калі дзеля натоўпу не маглі ніяк унесьці, дык узыйшлі на дах і праз сталяваньне спусьцілі яго на лежаку на сярэдзіну перад Езусам.
20. І Ён, бачачы іхнюю веру, сказаў: :"Чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае".
21. І пачалі наракаць кніжнікі і фарысэі, і казаць: "Хто Ён, што блюзьніць? Хто можа грахі адпушчаць, апрача самога Бога?"
22. А Езус, пазнаўшы іхнія думкі, у адказ сказаў ім: "Што вы думаеце ў сэрцах вашых?
23. Што лягчэй сказаць: "Адпушчаюцца табе грахі твае", або: "Устань і хадзі"?
24. Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаньня грахоў, - кажа спараліжаванаму, - : Кажу табе, падыміся, вазьмі ляжак свой ды ідзі дамоў".
25. І ён, зараз падняўшыся на віду ўсіх, узяў ляжак, на каторым ляжаў, і пайшоў да дому свайго, славячы Бога.
26. Дык усіх ахапіла зьдзіўленьне, дык славілі Бога і, напалоханыя, казалі: "Бачылі мы сёньня дзіўныя рэчы".
Пакліканьне Матэвуша
27. І пасьля гэтага ідучы, Езус убачыў мытніка на імя Леві, седзячага пры мытні, дык сказаў яму: "Хадзі за Мною!"
28. І ён, пакінуўшы ўсё, падняўся і пайшоў за Ім.
29. Затым справіў Яму Леві вялікі банкет у доме сваім, ды вялікае мноства мытнікаў і іншых засела з імі пры стале.
30. Дык наракалі фарысэі і кніжнікі іх і казалі вучням Ягоным: "Чаму гэта вы з мытнікамі і грэшнікамі ясьцё і п'яцё?"
31. У адказ сказаў ім Езус: "Не здаровыя патрабуюць лекара, але тыя, што блага чуюцца.
32. Не прыйшоў Я клікаць справядлівых, але грэшнікаў да пакаяньня".
Пытаньне пра пост
33. Але яны казалі Яму: "Чаму Янавы вучні часта пасьцяць і моляцца, падобна і фарысэйскія, а Твае ядуць і п'юць?"
34. А Езус сказаў ім: "Ці ж можаце змушаць пасьціць гасьцей вясельных, пакуль жаніх з імі?
35. Прыйдуць аднак дні, калі ім забяруць маладога, тады пасьціць яны будуць у тыя дні".
36. Сказаў ім яшчэ прытым прыповесьць: "Ніхто латы з адзеньня новага не прышывае да старога адзеньня, бо і новае разьдзярэ, ды лата з новага не надаецца да старога.
37. Ніхто таксама маладога віна ня лье да старых мяхоў, бо маладое віно рассадзіць мяхі і само разальецца, і мяхі прападуць.
38. Але віно маладое трэба ўліваць у новыя мяхі, тады адно і другое захаваецца.
39. Ды ніхто, п'ючы старое, не захоча адразу новага, бо кажа: "Старое лепшае".
|