01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
10
Добры Пастыр
1. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто не ўваходзіць у аўчарню праз дзьверы, але інакш, той злодзей і разбойнік.
2. А хто ўваходзіць праз дзьверы, той пастыр авец.
3. Яму прыдзьвернік адчыняе, і авечкі слухаюць Яго голасу, і свае авечкі кліча ён па імю ды выводзіць іх.
4. А калі выпусьціць свае авечкі, ідзе перад імі наперадзе, а авечкі ідуць за ім, бо ведаюць яго голас.
5. Але за чужым яны ня пойдуць, але ўцякаюць ад яго, бо голасу чужых ня ведаюць".
6. Такую прыповесьць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі таго, што ім гаварыў.
7. Дык сказаў ім Езус паўторна: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я - дзьверы для авец.
8. Усе, колькі іх не прыйшло перада Мною, - злодзеі яны і разбойнікі, але авечкі не паслухалі іх.
9. Я - дзьверы. Калі хто праз Мяне ўвойдзе, будзе збаўлены; і ўвойдзе, і выйдзе, ды знойдзе пашу.
10. Злодзей не прыходзіць інакш, каб толькі красьці, забіваць і губіць. Я ж прыйшоў, каб мелі жыцьцё і мелі ўдосталь.
11. Я - пастыр добры. Добры пастыр жыцьцё аддае за свае авечкі.
12. Але найміт ды той, хто ня пастыр, да каго не належаць авечкі, калі бачыць надбягаючага ваўка, кідае авечкі ды ўцякае, а воўк хапае і разганяе авечкі.
13. Найміт жа ўцякае, бо ён - найміт, і ня рупіцца пра авечкі.
14. Я - добры пастыр і ведаю свае, і яны Мяне ведаюць,
15. як ведае Мяне Айцец, а Я ведаю Айца; і жыцьцё Маё адддаю за авечкі.
16. Ды і іншыя маю, якія ня з гэтай аўчарні, і тыя мушу прывесьці, і будуць яны слухаць голасу Майго, і станецца адно стада і адзін пастыр.
17. Таму любіць Мяне Айцец, што Я жыцьцё Маё аддаю, каб зноў яго атрымаць.
18. Ніхто Мне яго не адбірае, але Я са сваёй волі аддаю яго. Маю моц ахвяраваць яго і маю моц яго атрымаць. Такі загад атрымаў Я ад Айца Майго".
19. Дзеля таго ўзьнікла зноў спрэчка між Юдэямі дзеля гэтых словаў.
20. Затым многія з іх гаварылі: "Чарта мае і шалее! Пашто Яго слухаць?"
21. Іншыя ж казалі: "Гэта ня словы апанаванага ліхім. Ці ж дэман можа сьляпым адкрываць вочы?"
Езус - адно з Айцом
22. Выпала тады ў Ерузаліме ўрачыстасьць Пасьвячэньня Сьвятыні, а была зіма.
23. І хадзіў Езус па сьвятыні ў прысенках Салямона.
24. Тады абступілі Яго Юдэі і казалі Яму: "Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасьці? Калі Ты - Хрыстос, скажы нам яўна".
25. Адказаў ім Езус: "Кажу ж вам, а вы ня верыце. Учынкі Мае, каторыя выконваю ў імя Айца Майго, сьведчаць пра Мяне.
26. Але вы ня верыце, бо вы не з Маіх авец.
27. Авечкі Мае слухаюць голасу Майго, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мной.
28. І Я даю ім жыцьцё вечнае, і не прападуць да веку, і ніхто ня вырве іх з рукі Айца.
29. Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсё, і ніхто ня можа вырваць з рук Айца Майго.
30. Я і Айцец - адно".
31. Дык Юдэі хапілі каменьні, каб Яго ўкаменаваць.
32. Сказаў ім Езус: "Многа добрых учынкаў выявіў Я вам ад Айца; дык за які з гэтых учынкаў хочаце ўкаменаваць Мяне?"
33. Адказалі Яму Юдэі: "Не камянуем Цябе за добры ўчынак, але за блюзьнерства, за тое, што Ты, будучы чалавекам, робіш сябе Богам".
34. Адказаў ім Езус: "Ці ж у законе вашым не напісана: "Я сказаў: вы - багі"?
35. Калі назваў багамі тых, для якіх было прызначана слова Божае, а Пісаньне памыліцца ня можа,
36. аб Тым, каго Айцец усьвяціў і паслаў у сьвет, вы кажаце, што блюзьніць, бо сказаў: Я - Сын Божы.
37. Калі Я не раблю ўчынкаў Айца Майго, ня верце Мне.
38. Але калі раблю, дык калі вы Мне верыць ня хочаце, верце ўчынкам, каб спазналі і ведалі, што Айцец - у-ва Мне, а Я - у Айцу".
39. Стараліся затым Яго ўзяць, але Езус ухіліўся ад іхніх рук.
Езус ідзе за Ярдан
40. І пайшоў зноў за Ярдан, у месца, дзе раней хрысьціў Ян, ды там прабываў.
41. І многія прыходзілі да Яго і казалі: "Ян, што праўда, ніводнага знаку не ўчыніў. Але ўсё, што Ян аб Ім сказаў, было праўдай".
42. І многія там уверылі ў Яго.
|