Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Яна


 

 

Эвангельле паводле Яна

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21

 

13

Апошняя Вячэра

Абмываньне ног Апосталам

1. А перад днём сьвята Пасхі Езус, ведаючы, што надыйшла пара Яго, каб адыйсьці з гэтага сьвету да Айца, узьлюбіўшы сваіх, што былі на сьвеце, аж да канца іх узьлюбіў.

2. І ў час вячэры, калі д'ябал улажыў у сэрца Юды Сымонавага Іскарыёта выдаць Яго,

3. Езус, ведаючы, што Айцец аддаў усё ў рукі Яго, што Ён ад Бога выйшаў і да Бога вяртаецца,

4. падняўся ад стала вячэры, і скінуў сваё адзеньне, і, узяўшы ручнік, падперазаўся.

5. Затым наліў вады ў місу і пачаў абмываць ногі вучням і выціраць ручніком, якім быў падпаясаны.

6. Гэтак падыходзіць да Сымона Пятра. Дык кажа Яму (Пётар): "Госпадзе, няўжо Ты мне будзеш мыць ногі?"

7. У адказ кажа яму Езус: "Што Я раблю, ты яшчэ не разумееш, а потым зразумееш".

8. Кажа Яму Пётар: "Ніколі ня будзеш мне мыць ног". Адказаў яму Езус: "Калі Я цябе не абмыю, ня будзеш мець удзелу са Мной".

9. Кажа Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, ня толькі ногі мае, але і рукі, і галаву".

10. Кажа яму Езус: "Хто памыты, патрабуе толькі ногі памыць, бо ўвесь чысты. Вы таксама чыстыя, але ня ўсе".

11. Бо ведаў, хто гэта меў выдаць Яго, таму сказаў: "Ня ўсе вы чыстыя".

12. Калі затым памыў ногі іхнія і апрануў адзеньне сваё, сеў пры стале і сказаў ім: "Ці разумееце, што Я вам зрабіў?

13. Вы Мяне называеце Вучыцелем і Госпадам, і добра кажаце, бо Я ім ёсьць.

14. Дык калі Я, Госпад і Вучыцель, памыў вам ногі, дык і вы павінны адзін другому мыць ногі.

15. Вось жа даў вам прыклад, як Я вам зрабіў, каб так і вы рабілі.

16. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Слуга ня большы за гаспадара свайго, ані таксама пасланец ня большы за таго, хто яго паслаў.

17. Калі пра гэта ведаеце, шчасьлівыя будзеце, калі гэтак будзеце рабіць.

18. Не аб усіх вас гавару. Ведаю Я, каго выбраў, але няхай споўніцца Пісаньне: "Той, хто есьць са Мною хлеб, падняў на Мяне пяту сваю".

19. Наперад кажу вам, перш, чым станецца, каб вы, калі станецца, уверылі, што гэта Я ёсьць.

20. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто прыймае таго, каго Я пашлю, Мяне прыймае, а хто Мяне прыймае, прыймае Таго, хто паслаў Мяне".

Выяўленьне здрадніка

21. Езус, сказаўшы гэта, разжаліўся ў духу і сказаў: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне".

22. Дык вучні глядзелі адзін на аднаго, няпэўныя, аб кім Езус гаворыць.

23. А адзін з вучняў, той, якога Езус любіў, супачываў на ўлоньні Езуса.

24. Дык кіўнуў яму Сымон Пётар, каб спытаўся, хто гэта, аб кім Ён гаворыць.

25. І ён, апіраючыся на грудзях Езуса, пытаецца ў Яго: "Госпадзе, а хто гэта?"

26. Адказаў Езус: "Гэта той, каму падам умочаны хлеб". І, памачыўшы хлеб, падаў Юдзе Сымонаваму Іскарыёту.

27. І па зьядзеньні хлеба ўвайшоў у яго шатан. Дык сказаў яму Езус: "Што маеш рабіць, рабі чым хутчэй".

28. З седзячых за сталом ніхто не зразумеў, чаму так яму сказаў.

29. Некаторыя думалі, што як Юда мае купшук, то Езус даў яму даручэньне: "Купі чаго нам трэба на сьвята", або каб што раздаў убогім.

30. Той жа, узяўшы кусок, адразу выйшаў. А была ноч.

Разьвітальная прамова Езуса

Новае прыказаньне

31. А калі выйшаў, Езус сказаў: "Цяпер праслаўлены Сын Чалавечы, і Бог праслаўлены ў Ім.

32. А калі Бог праслаўлены ў Ім, дык Бог праславіць Яго ў сабе ды ўславіць небавам.

33. Сыночкі! Нядоўга ўжо буду з вамі. Будзеце Мяне шукаць, але як сказаў Юдэям: Куды Я іду, вы прыйсьці ня можаце, так і вам цяпер кажу.

34. Прыказаньне новае даю вам, каб вы любілі адзін аднаго; як Я узьлюбіў вас, каб і вы адзін аднаго любілі.

35. Па тым пазнаюць усе, што вы - Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да другога".

Прадказаньне вырачэньня Пятра

36. Кажа Яму Сымон Пётар: "Госпадзе, куды ідзеш?" Адказаў Езус: "Куды Я іду, ты цяпер ня можаш прыйсьці, але потым прыйдзеш за Мною".

37. Кажа Яму Пётар: "Чаму я цяпер не магу пайсьці за Табой? Жыцьцё сваё аддам за Цябе".

38. Адказаў яму Езус: "Жыцьцё ты за Мяне аддасі? Сапраўды, сапраўды кажу табе: Перш чым певень запяе, тры разы вырачашся Мяне.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст