Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Яна


 

 

Эвангельле паводле Яна

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21

 

2

Цуд у Кане Галілейскай

1. І на трэці дзень спраўлялася вясельле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там.

2. Таксама Езус разам з вучнямі Яго быў запрошаны на вясельле.

3. А калі не хапіла віна, сказала Яму Маці: "Віна ня маюць".

4. І сказаў ёй Езус: "Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна".

5. Сказала тады Маці Езуса слугам: "Зрабіце ўсё, што вам загадае".

6. А стаяла там шэсьць каменных глякоў для абрадавага абмываньня па звычаю Юдэяў, і кожны з іх зьмяшчаў па два або па тры вядры.

7. Загадвае ім Езус: "Напоўніце глякі вадой". І напоўнілі іх аж па берагі.

8. Затым сказаў ім Езус: "Зачэрпайце цяпер і занясіце маршалку вясельля". І занесьлі.

9. А калі маршалак пакаштаваў вады, якая замянілася ў віно, - а ня ведаў, адкуль узялося віно, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, - пазваў маршалак вясельля маладога

10. і сказаў яму: "Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап'юцца, тады горшае, а ты захаваў добрае віно аж да гэтага часу".

11. Такі вось пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і аб'явіў славу сваю. Дык уверылі ў Яго вучні Ягоныя.

12. Затым пайшоў сам і Маці, браты і вучні Яго ў Кафарнаўм. І там прабывалі некалькі дзён.

Ачышчэньне сьвятыні

13. А надыходзіла Пасха Юдэйская, дык Езус пайшоў у Ерузалім.

14. І знайшоў у сьвятыні прадаючых валоў, авец і галубоў і седзячых мяняльнікаў грошаў.

15. І, зрабіўшы з вяровак біч, павыганяў усіх са сьвятыні, таксама авечак і валоў, і грошы мяняльнікаў рассыпаў і сталы павыварочваў;

16. і тым, што прадавалі галубоў, сказаў: "Выносьце гэта адсюль! Не рабіце дому Айца Майго домам гандлю".

17. І прыпомнілі вучні Ягоныя, што напісана: "Руплівасьць пра дом Твой зьядае Мяне".

18. Тады Юдэі, чэпячыся, сказалі Езусу: "Які знак дасі нам у доказ, што гэта робіш?"

19. Езус у адказ гаварыў ім: "Зруйнуйце гэту сьвятыню, і Я ў тры дні адбудую яе".

20. Дык сказалі тады Юдэі: "Сорак шэсьць гадоў будавалі гэту сьвятыню, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?"

21. Але Езус гаварыў пра сьвятыню цела свайго.

22. Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Яго прыпомнілі сабе, што пра гэта казаў, і ўверылі Пісаньню і словам, якія сказаў Езус.

23. А калі быў Езус у Ерузаліме ў дзень сьвяточны на Пасху, многія ўверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія чыніў.

24. Але сам Езус не давяраўся ім, таму што ведаў усіх.

25. Ды ня меў патрэбы, каб хто сьведчыў аб чалавеку, бо сам ведаў, што ёсьць у чалавеку.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст