01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
20
Пасьля ўваскрасеньня
Марыя Магдалена, Пётар і Ян пры магіле
1. А ў першы дзень тыдня нараніцы, калі было яшчэ цёмна, прыйшла да магілы Марыя Магдалена і ўбачыла, што камень адвалены ад магілы.
2. Дык пабегла і прыйшла да Сымона Пятра і другога вучня, каторага любіў Езус, і сказала ім: "Узялі Госпада з магілы, і ня ведаем, дзе Яго падзелі!"
3. Дык выйшлі тады Пётар і той другі вучань ды пайшлі да магілы.
4. І беглі яны абодва разам, але той першы вучань апярэдзіў Пятра і першы дабег да магілы,
5. і, нахіліўшыся, убачыў ляжачае палатно, аднак не ўвайшоў.
6. Прыйшоў затым Сымон Пётар, і ўвайшоў у магілу, і ўбачыў ляжачае палатно
7. і хустку, якая была на Яго галаве, і ляжала ня разам з палатном, але асобна скручаная на адным месцы.
8. Тады ўвайшоў і той вучань, які першы прыбег да магілы, і ўбачыў, і ўверыў.
9. Бо яны яшчэ не разумелі Пісаньня, што трэба было, каб Ён уваскрос.
10. Затым вучні зноў вярнуліся дамоў.
11. А Марыя стаяла навонкі магілы і плакала. Плачучы, нахілілася і зазірнула ў магілу.
12. І ўгледзіла двух анёлаў у белым седзячых, аднаго ля галавы, а другога ля ног, дзе было паложана цела Езуса.
13. Пытаюцца яны ў яе: "Жанчына, чаго плачаш?" Кажа ім: "Узялі Госпада майго, і ня ведаю, дзе падзелі?"
14. Гэта сказаўшы, аглянулася за сябе і ўбачыла, што стаіць Езус, а ня ведала, што гэта Езус.
15. Пытаецца ў яе Езус: "Жанчына, чаму плачаш? Каго шукаеш?" А яна, думаючы, што гэта садоўнік, кажа Яму: "Гаспадару, калі ты Яго ўзяў, скажы мне, дзе ты палажыў Яго, і я вазьму Яго".
16. Кажа ёй Езус: "Марыя". А яна, павярнуўшыся, кажа Яму па-гебрайску: "Раббуні!" што значыць Вучыцель.
17. Кажа ёй Езус: "Не дакранайся Мяне, бо Я яшчэ не ўзыйшоў да Айца Майго, але ідзі да братоў Маіх і скажы ім: Узыходжу да Айца Майго і Айца вашага, Бога Майго і Бога вашага".
18. Дык пайшла Марыя Магдалена і сказала вучням: "Я бачыла Госпада!" і што Ён ёй гэта сказаў.
Зьяўленьне Езуса вучням
19. Вечарам тога дня пасьля суботы, калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі замкнёныя дзеля страху перад Юдэямі, прыйшоў Езус, і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: "Супакой вам!"
20. Гэта сказаўшы, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся тады вучні, убачыўшы Госпада.
21. Сказаў ім зноў Езус: "Супакой вам! Як Мяне паслаў Айцец, так і Я пасылаю вас".
22. Гэта сказаўшы, дыхнуў на іх і сказаў ім: "Вазьміце Духа Сьвятога.
23. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаны, а каму затрымаеце, на тым застануцца".
Зьяўленьне Езуса Тамашу
24. А Тамаш, адзін з Дванаццаці, званы Дыдымас, ня быў разам з імі, калі прыходзіў Езус.
25. Сказалі яму іншыя вучні: "Мы бачылі Госпада". А ён сказаў ім: "Калі ня ўбачу ранаў ад цьвікоў на руках Ягоных, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў і не ўкладу сваёй рукі ў бок Ягоны, ня ўверу".
26. І па васьмі днях зноў сабраліся вучні ў доме, і Тамаш з імі. Зьявіўся Езус, калі дзьверы былі замкнёныя, і стаў між іх, і сказаў: "Супакой вам".
27. Потым сказаў Тамашу: "Укладзі палец твой і паглядзі на рукі Мае, выцягні руку сваю і ўкладзі ў бок Мой, ды ня будзь недаверкам, але веручым".
28. Адказаў Тамаш Яму: "Госпад мой і Бог мой!"
29. Кажа яму Езус: "Уверыў таму, што Мяне ўбачыў. Шчасьлівыя тыя, што ня бачылі Мяне, а ўверылі".
Мэта Эвангельля
30. Многа яшчэ іншых знакаў учыніў Езус у прысутнасьці вучняў сваіх, якія не сьпісаны ў гэтай кнізе.
31. Гэтыя ж сьпісаны, каб вы верылі, што Езус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, ды каб праз веру мелі жыцьцё ў імя Яго".
|