01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
4
Езус і Самаранка
1. Калі затым Езус даведаўся, што фарысэі чулі, што Езус здабывае больш вучняў ды хрысьціць, чым Ян, -
2. хоць сам Езус не хрысьціў, але вучні Ягоныя, -
3. дык пакінуў Юдэю і вярнуўся ізноў у Галілею.
4. А выпала Яму ісьці праз Самарыю.
5. Прыбыў затым у Самаранскі горад Сіхар, непадалёк паселішча, якое даў Якуб Язэпу, свайму сыну.
6. Ды была там студня Якуба. І Езус, змучаны дарогай, сядзеў пры студні. Было каля шостай гадзіны.
7. У той час прыйшла жанчына Самаранка браць ваду. Кажа ёй Езус: "Дай мне напіцца";
8. бо вучні Яго пайшлі ў горад купіць харчоў.
9. Кажа тады Яму жанчына Самаранка: "Як жа Ты, Юдэй, можаш прасіць вады ў мяне, Самаранкі?" Бо Юдэі ня маюць зносінаў з Самаранамі.
10. Адказаў ёй Езус: "Калі б ты ведала дар Божы ды хто ёсьць Той, хто цябе просіць: "Дай мне піць", напэўна прасіла б Яго, і Ён даў бы табе жывой вады".
11. Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, ня маеш нават чым набраць вады, а студня глыбокая; адкуль тады возьмеш жывой вады?
12. Ці ж ты большы за бацьку нашага Якуба, які нам даў гэтую студню, з якой сам піў і сыны яго, і статак?"
13. У адказ сказаў ёй Езус: "Кожны, хто п'е гэту ваду, зноў смагнуць будзе,
14. а хто нап'ецца вады, якую Я яму дам, ніколі ня будзе чуць смагі, але вада, якую Я яму дам, станецца ў ім жаралом, што бруіцца ў жыцьцё вечнае".
15. Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, дай мне гэтае вады, каб я не адчувала смагі, ды не прыходзіла сюды за вадой".
16. Кажа ёй Езус: "Ідзі, пазаві мужа свайго і прывядзі сюды".
17. Адказала жанчына: "Я ня маю мужа". Сказаў ёй Езус: "Добра сказала: "Ня маю мужа",
18. бо мела ты пяць мужоў, а гэты, каторага цяпер маеш, ня ёсьць тваім мужам; гэта ты праўду сказала".
19. Кажа Яму жанчына: "Госпадзе, бачу, што Ты - прарок.
20. Бацькі нашы на гэтай гары пакланяліся Богу, а вы кажаце, што ў Ерузаліме ёсьць месца, дзе належыцца славіць Яго".
21. Сказаў ёй Езус: "Жанчына, павер Мне, што набліжаецца час, калі ані на гэтай гары, ані ў Ерузаліме, ня будзеце пакланяцца Айцу.
22. Вы пакланяецеся тому, чаго ня ведаеце, а мы пакланяемся тому, што ведаем, бо з Юдэяў збаўленьне.
23. Але надыходзіць час, ды ўжо надыйшоў, што праўдзівыя спахвальнікі будуць пакланяцца Айцу ў Духу і ў праўдзе. Бо і Айцец шукае такіх спахвальнікаў.
24. Бог ёсьць Дух, і тыя, што пакланяюцца Яму, павінны аддаваць Яму спахвалу ў Духу і ў праўдзе".
25. Кажа Яму жанчына: "Ведаю, што прыйдзе Мэсія, - значыць Хрыстос, - калі Ён прыйдзе, усё нам аб'явіць".
26. Кажа ёй Езус: "Гэта Я, які з табою размаўляю".
27. Небавам прыйшлі вучні Яго і дзівіліся, што Ён размаўляе з жанчынаю. Але ніводзін з іх не спытаўся: "Пра што пытаеш, або пра што з ёй гаворыш?".
28. Жанчына ж пакінула збанок свой і пайшла ў горад, і расказала жыхарам ягоным:
29. "Ідзіце і пабачце чалавека, які мне сказаў усё, што я толькі рабіла. Ці гэта не Хрыстос?"
30. Дык выйшлі з горада і пайшлі да Яго.
31. Тым часам вучні прасілі Яго: "Раббі, еш".
32. Але Ён сказаў ім: "Я Маю ежу, пра каторую вы ня ведаеце".
33. Казалі тады вучні між сабой: "Няўжо нехта прынёс Яму есьці?"
34. Сказаў ім Езус: "Мая ежа - спаўняць волю Таго, хто паслаў Мяне, і скончыцьць справу Ягоную.
35. Ці ж вы ня кажаце: "Яшчэ чатыры месяцы і пачнецца жніво"? Дык кажу вам: Падыміце вочы вашыя і прыгледзьцеся ваколіцам, як ужо бялеюць на жніво.
36. Той, хто жне, атрымоўвае заплату і сабірае плён на жыцьцё вечнае, каб і сейбіт, і жнец разам радаваліся.
37. Тут спраўджваецца слова: Адзін сее, а хто іншы зьбірае.
38. Я паслаў вас жаць тое, над чым вы не трудзіліся; іншыя працавалі, а вы карыстаецеся трудом іхнім".
39. І многа Самранаў з горада таго ўверыла ў Яго дзеля словаў жанчыны, якая сьведчыла: "Ён мне сказаў усё, што я толькі рабіла".
40. Дык калі да Яго прыйшлі Самаране, прасілі Яго, каб там пабыў; дык застаўся там два дні.
41. Ды многа болей уверыла ў Яго дзеля словаў Ягоных.
42. Жанчыне ж казалі: "Ужо не дзеля твайго расказу верым, але дзеля таго, што чулі і пераканаліся, што Ён - праўдзівы Збаўца сьвету".
Вяртаньне ў Галілею
43. А па двух днях пайшоў адтуль і направіўся ў Галілею;
44. хоць сам Езус сьведчыў, што прарок ня мае пашаны ў сваёй бацькаўшчыне.
45. Калі затым прыйшоў у Галілею, Галілейцы прынялі Яго, бо бачылі ўсё, што ўчыніў у Ерузаліме ў час сьвятаў, бо і яны былі на сьвяце.
Аздараўленьне сына ўрадоўца
46. Езус ізноў прыйшоў у Кану Галілейскую, дзе перамяніў ваду ў віно. І быў там нейкі ўрадовец, каторага сын хварэў у Кафарнаўме.
47. Ён, калі пачуў, што Езус з Юдэі прыйшоў у Галілею, пайшоў да Яго і прасіў Яго, каб прыйшоў і аздаравіў сына яго, які быў пры сьмерці.
48. Сказаў яму Езус: "Калі ня ўбачыце знакаў і цудаў, ня ўверыце".
49. Кажа Яму ўрадовец: "Госпадзе, прыйдзі перш, чым сын мой памрэ".
50. Кажа яму Езус: "Ідзі, сын твой жывы". Паверыў той чалавек слову, якое яму сказаў Езус, і пайшоў.
51. А калі быў яшчэ ў дарозе, слугі яго выйшлі на спатканьне і сказалі яму, што сын яго жыве.
52. Спытаўся іх тады пра пару, у якую яму палягчэла. Дык сказалі: "Учора а сёмай гадзіне спынілася гарачка".
53. Дык даведаўся бацька, што гэта быў час, у які сказаў яму Езус: "Сын твой жыве". Дык уверыў ён ды ўвесь дом ягоны.
54. Гэта ўжо другі знак, які ўчыніў Езус, калі вярнуўся з Юдэі ў Галілею.
|