01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
7
Жывая вада і сьвятло
Езус у Ерузаліме на Сьвяце Палатак
1. І потым Езус хадзіў па Галілеі, бо не хацеў прабываць у Юдэі, бо Юдэі зьбіраліся забіць Яго.
2. А надыходзіла Юдэйскае сьвята Палатак.
3. Сказалі затым Яму браты Яго: "Адыйдзіся адгэтуль і ідзі ў Юдэю, каб і вучні Твае аглядалі даконы Твае, якія робіш.
4. Бо ніхто ня робіці чаго-колечы тайна, а і сам хоча паказацца на людзях. Калі такія рэчы чыніш, пакажы сябе сьвету".
5. Бо і браты Ягоныя ня верылі ў Яго.
6. Кажа ім затым Езус: "Яшчэ не прыйшла Мая пара, а ваш час заўсёды.
7. Вас сьвет ня можа ненавідзець, а Мяне ненавідзіць, бо Я сьведчу аб ім, што яго ўчынкі ліхія.
8. Вы ідзіце на гэта сьвята, а Я не пайду на гэта сьвята, бо час Мой яшчэ не надыйшоў".
9. Гэта сказаўшы, застаўся ў Галілеі.
10. Але калі браты Яго адправіліся, і Ён пайшоў на сьвята, ня яўна, але быццам употай.
11. А ў час сьвята шукалі Яго Юдэі і казалі: "Дзе Ён?"
12. І гаварылася пра Яго між людзей многа. Адны казалі, што Ён добры, а другія гаварылі, што не, бо зводзіць народ.
13. Але ніхто не гаварыў пра Яго яўна, бо баяліся Юдэяў.
Навучаньне Езуса ў сьвятыні
14. А калі сьвята ўпалавінілася, Езус увайшоў у сьвятыню і стаў навучаць.
15. А Юдэі дзівіліся і казалі: "Як Ён можа ведаць Пісаньне, бо ж не вучыўся?"
16. Езус казаў ім: "Мая навука не Мая, але Таго, хто Мяне паслаў.
17. Калі хто хоча спаўняць волю Ягоную, той з навукі пазнае, ці яна ад Бога, ці Я сам ад сябе гавару.
18. Хто з сябе самога гаворыць, той сваёй спахвалы шукае, але хто шукае хвалы Таго, хто Яго паслаў, той праўдамоўны ды няма ў ім беззаконьня.
19. Ці не Майсей даў вам закон, але ніхто з вас не спаўняе закону. Чаму хочаце Мяне забіць?"
20. Адказала грамада, кажучы: "Чарта маеш! Хто хоча Цябе забіць?"
21. У адказ сказаў ім Езус: "Я даканаў адзін чын, а ўсе дзівіцеся.
22. Вось Майсей устанавіў абразаньне, хоць яно не ад Майсея, але ад вашых продкаў, і вы абразаеце ў суботу чалавека.
23. Калі можна абразаць чалавека ў суботу, не парушаючы Майсеявага закону, дык чаму злуецёся на Мяне, калі Я ўсяго чалавека вылечыў у суботу?
24. Дык не судзіце па зьнешнасьці, але судзіце справядлівым судом".
25. Дык некаторыя з жыхароў Ерузаліма казалі: "Ці гэта ня Той, каторага хочуць забіць?
26. Бо вось яўна навучае, і нічога Яму ня кажуць. Ці сапраўды пераканаліся начальнікі, што Ён - Хрыстос?
27. Але аб Ім ведаем, скуль Ён родам, а пра Хрыста, калі паявіцца, ніхто ведаць ня будзе, скуль Ён прыходзіць".
28. А Езус, навучаючы ў сьвятыні, голасна сказаў: "І Мяне ведаеце, і ведаеце скуль Я. І Я сам ад сябе не прыйшоў, але праўдзівы Той, хто Мяне паслаў, а Якога вы ня ведаеце.
29. Я ведаю Яго, бо Я ад Яго, і Ён Мяне паслаў".
30. Дык маніліся Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі, бо яшчэ не прыйшла Яго пара.
31. А спасярод грамады многа ўверыла ў Яго, і яны казалі: "Ці ж калі Хрыстос прыйдзе, болей знакаў даканае, чым Ён учыніў?"
32. А калі фарысэі пачулі, што людзі так пра Яго гавораць, дык паслалі сьвятары і фарысэі слугаў, каб Яго ўзяць.
33. Сказаў тады Езус: "Кароткі толькі час буду з вамі, і пайду да Таго, хто Мяне паслаў.
34. Будзеце Мяне шукаць і ня знойдзеце, і дзе Я буду, вы туды ня можаце прыйсьці".
35. Дык гаварылі Юдэі між сабой: "Куды ж Ён пойдзе, што мы Яго ня знойдзем? Ці меўся пайсьці да раскінутых між Грэкаў ды Грэкаў навучаць?
36. Што ж гэта за слова, якое сказаў: "Шукаць Мяне будзеце і ня знойдзеце", ды: "Дзе Я буду, вы туды прыйсьці ня можаце"?"
Крыніца жывой вады
37. А ў апошні вялікі дзень сьвята стаў Езус і казаў уголас: "Калі хто смагне, хай прыходзіць да Мяне і п'е.
38. Хто верыць у Мяне, як кажа Пісаньне, у таго рэкі жывой вады пацякуць з яго нутра".
39. А так казаў аб Духу, якога мелі атрымаць веручыя ў Яго. Бо Дух ня быў яшчэ на іх, бо Езус ня быў яшчэ праслаўлены.
40. Многія з-паміж людзей, чуючы гэтыя словы, казалі: "Гэта сапраўды прарок".
41. Іншыя ж казалі: "Гэта Хрыстос". А яшчэ іншыя гаварылі: "Ці ж Хрыстос прыйдзе з Галілеі?
42. Ці ж Пісаньне ня кажа, што Хрыстос прыйдзе з роду Давіда, і зь мястэчка Бэтлеем, скуль быў Давід?"
43. З гэтае прычыны дайшло да спрэчкі ў народзе.
44. Дык некаторыя з іх хацелі Яго ўзяць, але ніхто не падняў на Яго рукі.
45. Прыйшлі затым слугі да сьвятароў і фарысэяў, і тыя сказалі: "Чаму вы Яго не прывялі?"
46. Слугі адказалі: "Ніводзін чалавек так не гаварыў, як Ён".
47. Дык адказалі ім фарысэі: "Ці і вы ім зьведзены?
48. Ці ўверыў у Яго хоць хто з фарысэяў або начальнікаў?
49. А гэта грамада, якая ня ведае закону, праклятая".
50. Сказаў ім Мікодым, той, што прыходзіў да Яго ноччу, а быў адным з іх:
51. "Ці ж закон наш асуджае чалавека, перш чым яго не паслухае і не праверыць, што ён робіць?"
52. У адказ яму сказалі: "Ці і ты не з Галілеі? Пашукай і пераканайся, што прарок не зьявіцца з Галілеі".
53. Ды разыйшліся кожны ў свой дом.
|