Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангельле паводле Яна


 

 

Эвангельле паводле Яна

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14
15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21

 

8

Хрыстос дароўвае грэшніцы

1. Затым Езус пайшоў на Аліўную гару.

2. А на сьвітаньні вярнуўся зноў у сьвятыню, і ўвесь народ падыйшоў да Яго, і Ён сеў і навучаў іх.

3. Тут прывялі кніжнікі і фарысэі жанчыну, злоўленую на чужалостве, і паставілі яе на сярэдзіне,

4. ды сказалі Яму: "Вучыцель, гэтую жанчыну злавілі толькі што на чужалостве.

5. Майсей у законе загадаў нам такія каменаваць. Дык Ты што скажаш?"

6. Казалі ж гэта, зводзячы Яго, каб магчы абвінаваціць. А Езус, нахіліўшыся, нешта пісаў пальцам на зямлі.

7. Калі аднак не пераставалі пытацца ў Яго, падняўся і сказаў ім: "Хто з вас бяз грэху, няхай першы кіне ў яе камень".

8. І зноў, нахіліўшыся, пісаў на зямлі.

9. Пачуўшы гэта, адзін за другім выходзілі, пачынаючы ад старэйшых, ды застаўся толькі адзін Езус, і жанчына, стоячы на сярэдзіне.

10. Падняўшыся, Езус сказаў ёй: "Жанчына, дзе ж твае вінавацелі? Ніхто цябе не асудзіў?"

11. Адказалі яна: "Ніхто, Госпадзе". Дык Езус сказаў: "І Я цябе не асуджаю. Ідзі і болей не грашы".

Сьвятло сьвету

12. Затым зноў навучаў іх Езус і казаў: "Я - сьвятло сьвету, хто ідзе за Мной, ня ходзіць у поцемках, але будзе мець сьвятло жыцьця".

13. Дык сказалі Яму фарысэі: "Ты сам аб сабе сьведчыш; сьведчаньне Тваё не праўдзівае".

14. У адказ Езус сказаў ім: "Хоць Я сьведчу пра сябе, праўдзівым ёсьць сьведчаньне Маё, бо ведаю, адкуль прыйшоў і куды іду; а вы ня ведаеце, скуль прыходжу або куды іду.

15. Вы судзіце паводле цела, а Я не суджу нікога.

16. А калі суджу, суд Мой праўдзівы, бо Я не адзін, але Я і Айцец, які Мяне паслаў.

17. Дый у законе вашым напісана, што сьведчаньне двух людзей ёсьць праўдзівае.

18. Я даю сам аб сабе сьведчаньне, і сьведчыць аба Мне Айцец, які Мяне паслаў".

19. Дык сказалі Яму: "А дзе ж Твой Айцец?" Адказаў Езус: "Вы ані Мяне ня ведаеце, ані Айца Майго. Бо калі б вы Мяне ведалі, зналі б і Айца Майго".

20. Гэтыя словы выказаў Езус, навучаючы ў сьвятыні пры скарбцу. І ніхто ня ўзяў Яго, бо яшчэ не надыйшла пара Ягоная.

Спрадвечнае сыноўства Езуса

21. І зноў сказаў ім Езус: "Я адыходжу, вы ж шукаць Мяне будзеце і памрыцё ў граху вашым. Куды Я іду, вы пайсьці ня можаце".

22. Дык казалі Юдэі: "Ці ж меўся б забіць сам сябе, бо кажа: Куды Я іду, вы ня можаце пайсьці?"

23. Езус сказаў ім: "Вы - ад нізу, а Я - з вышыні, вы - з гэтага сьвету, а Я - не з гэтага сьвету.

24. Дзеля таго Я вам сказаў, што памрыцё ў вашых грахах; бо калі не паверыце, што Я ёсьць, - памрыцё ў грахах вашых".

25. Дык казалі Яму: "Хто Ты?" Сказаў ім Езус: "Адпачатны, і так вам гавару.

26. Маю пра вас шмат гаварыць і судзіць, але Той, хто Мяне паслаў, годны веры, і Я тое, што ад Яго чуў, абвяшчаю сьвету".

27. Аднак не зразумелі, што гаварыў пра Айца.

28. Сказаў ім тады Езус: "Калі падымеце Сына Чалавечага, тады пазнаеце, што Я ёсьць, ды што сам ад сябе нічога не раблю, але тое кажу, чаго Мяне навучыў Айцец.

29. Той, хто Мяне паслаў, ёсьць са Мной і не пакінуў Мяне аднаго, бо Я раблю тое, што Яму падабаецца".

30. Калі Ён гэта казаў, многія ўверылі ў Яго.

Сыны Абрагама і сыны д'ябла

31. Гаварыў затым Езус да Юдэяў, якія Яму ўверылі: "Калі вытрываеце ў слове Маім, станецеся праўдзіва Маімі вучнямі

32. і пазнаеце праўду, а праўда вас асвабодзіць".

33. Адказалі Яму: "Мы - патомства Абрагама, і мы ніколі не былі ў нічыёй няволі; як жа затым кажаш, што будзем свабодныя?"

34. Адказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам, што кожны, хто грашыць, ёсьць нявольнік грэху.

35. Але нявольнік не жыве ў доме вечна. Сын жа жыве вечна.

36. Таму, калі Сын вас асвабодзіць, сапраўды свабоднымі будзеце.

37. Ведаю, што вы - патомства Абрагама, але хочаце Мяне забіць, таму што словы Мае вам незразумелыя.

38. Я гавару пра тое, што Я бачыў у Айца Майго, а вы робіце тое, што вы бачылі ў айца вашага".

39. У адказ сказалі Яму: "Бацькам нашым ёсьць Абрагам". Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сыны Абрагама, спаўнялі б чыны Абрагама.

40. А вы хочаце цяпер Мяне забіць, чалавека, Які вам казаў праўду, якую чуў ад Бога. Гэтага Абрагам не рабіў!

41. Але вы спаўняеце чыны айца вашага". Сказалі тады Яму: "Мы - ня дзеці, народжаныя ў чужалостве: аднаго маем Айца-Бога".

42. Сказаў ім тады Езус: "Калі б Бог быў вашым Айцом, любілі б вы Мяне, бо Я ад Бога выйшаў і іду, і ня сам ад сябе прыходжу, але Ён Мяне паслаў.

43. Чаму вы гэта мовы Маёй не разумееце? Бо вы ня можаце слухаць словы Мае.

44. Вы - ад бацькі д'ябла, і жаданьне бацькі вашага выконваць хочаце. Ён - забойца ад пачатку і ў праўдзе ня вытрываў, бо няма ў ім праўды. Калі гаворыць хлусьню, гаворыць ад сябе, бо ён - хлус і бацька хлусьні.

45. А як Я праўду кажу, ня верыце Мне.

46. Хто з вас давядзе Мой грэх? Калі Я вам праўду кажу, чаму Мне ня верыце?

47. Хто з Бога, той словы Божыя слухае, а вы таму ня слухаеце, што вы ня з Бога".

Езус і Абрагам

48. У адказ сказалі Яму Юдэі: "Ці ж ня слушна мы кажам, што Ты - Самаранін і дэмана маеш?"

49. Адказаў ім Езус: "Я дэмана ня маю, але слаўлю Айца Майго, а вы Мяне зьневажаеце.

50. Я не шукаю сваёй славы, але ёсьць Той, хто шукае і судзіць.

51. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Калі хто зьберажэ словы Мае, ня ўгледзіць сьмерці вечна".

52. Дык Юдэі сказалі Яму: "Цяпер мы пераканаліся, што дэмана маеш. І Абрагам памёр, і прарокі, а Ты кажаш: "Калі хто зьберажэ словы Мае, не спазнае сьмерці вечна".

53. Ці Ты большы за бацьку нашага Абрагама, які памёр? Нават прарокі паўміралі. За каго Ты ўважаешся?"

54. Адказаў Езус: "Калі Я сам сябе слаўлю, хвала Мая - нішто. Але ёсьць Айцец Мой, каторы Мяне славіць, і аб каторым вы кажаце, што Ён - Бог ваш,

55. але вы не спазналі Яго. Але Я Яго ведаю, і калі б сказаў, што Яго ня ведаю, быў бы падобным вам хлусам. Але ведаю Я Яго і словы Яго берагу.

56. Абрагам, айцец ваш, узрадаваўся, калі ўбачыў дзень Мой, і ўбачыў, і ўсьцешыўся".

57. Сказалі Яму Юдэі: "Пяцьдзесят гадоў яшчэ ня маеш, і бачыў Абрагама?"

58. Сказаў ім Езус: "Сапраўды, сапраўды кажу вам: Перш чым Абрагам быў, Я ёсьць".

59. Дык Юдэі хапілі камяні, каб каменаваць Яго, але Езус скрыўся і выйшаў са сьвятыні.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст