01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13 - 14 15 - 16 - 17 - 18 - 19 - 20 - 21
9
Аздараўленьне сьляпога ад нараджэньня
1. Аднойчы, праходзячы, ўбачыў Езус чалавека сьляпога ад нараджэньня.
2. Дык спыталіся Яго вучні Ягоныя: "Раббі, хто саграшыў: ён ці бацькі ягоныя, што ён такім нарадзіўся?"
3. Езус сказаў ім: "Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоныя, але каб справы Божыя выявіліся на ім.
4. Я маю выконваць справы Таго, хто Мяне паслаў, пакуль дзень. Бо надыходзіць ноч, калі ніхто ня будзе магчы рабіць.
5. Пакуль Я на сьвеце, Я - сьвятло сьвету".
6. Гэта сказаўшы, плюнуў на зямлю, зрабіў балота са сьліны і памазаў яму вочы,
7. кажучы: "Ідзі і абмый у сажалцы Сілёэ", што значыць Пасланы. Дык ён пайшоў, абмыўся і вярнуўся бачачы.
8. Суседзі ж і тыя, што яго раней бачылі, як быў жабраком, казалі: "Ці ж гэта ня той, што сядзеў і жабраваў?"
9. Адны казалі, што гэта ён, а іншыя казалі што не, але падобны да яго. А ён казаў: "Гэта я".
10. Дык пыталіся тады ў яго: "Як вочы адкрыліся ў цябе?"
11. І ён казаў: "Чалавек, якога завуць Езус, зрабіў балота, памазаў мне ім вочы ды сказаў мне: "Ідзі да сажалкі Сілёэ і абмыйся". Я пайшоў, абмыўся і бачу".
12. Дык спыталіся ў яго: "А дзе Ён?" Сказаў ён: "Ня ведаю".
13. Дык завялі таго, што быў сьляпым, да фарысэяў.
14. А была субота, калі Езус зрабіў балота і вярнуў яму зрок.
15. Дык ізноў пыталіся ў яго фарысэі, у які спосаб ён стаў бачыць". А ён сказаў ім: "Ён мне памазаў балотам вочы, я абмыўся і бачу".
16. Дык казалі некаторыя з фарысэяў: "Чалавек той, што не беражэ суботы, ня ёсьць ад Бога". Другія ж казалі: "Як жа чалавек грэшны можа чыніць такія знакі?" Гэтак дайшло да падзелу між імі.
17. Пытаюцца затым паўторна ў сьляпога: "Што ты скажаш пра Таго, што табе зрок вярнуў?" Ён жа сказаў: "Гэта прарок!"
18. Юдэі аднак не паверылі яму, што ён быў сьляпы і стаў бачыць, пакуль не пазвалі бацькоў таго, хто стаў бачыць.
19. Дык пыталіся іх: "Ці сапраўды ён - ваш сын, аб якім кажаце, што нарадзіўся сьляпым? Дык як жа ён цяпер бачыць?"
20. Адказалі ім бацькі ягоныя: "Ведаем, што ён - наш сын ды што сьляпым нарадзіўся,
21. але якім чынам цяпер бачыць - ня ведаем, ня ведаем таксама, хто яму адкрыў вочы. У яго самога пытайцеся, мае гады, хай сам аб сабе расказвае".
22. Гэтак бацькі казалі, бо баяліся Юдэяў, бо Юдэі ўжо дамовіліся, што вылучаць з сынагогі таго, хто прызнае Яго за Хрыста.
23. Дзеля таго бацькі яго сказалі: "Мае гады, яго самога пытайцеся".
24. Затым паўторна пазвалі чалавека, што быў сьляпы, і сказалі яму: "Дай хвалу Богу! Мы ведаем, што той чалавек - грэшны".
25. Але ён ім адказаў: "Ці Ён грэшны, ня ведаю, але толькі ведаю, што я быў сьляпы, а цяпер бачу".
26. Дык пыталіся яго: "Што Ён зрабіў? У які спосаб адкрыў табе вочы?"
27. Ён адказаў ім: "Я ўжо казаў вам, а вы ня слухалі, чаму зноў хочаце пачуць? Ці і вы хочаце стацца Яго вучнямі?"
28. Яны дакаралі яго і казалі: "Гэта ты - Яго вучань, а мы - вучні Майсея.
29. Мы ведаем, што да Майсея прамаўляў Бог, але скуль гэты - ня ведаем".
30. А той чалавек у адказ сказаў ім: "Гэта вось дзіўна, што вы ня ведаеце, скуль Ён, а Ён адкрыў мне вочы".
31. Ведаем жа, што грэшнікаў Бог не выслухоўвае, а калі хто спахвальнік Бога і волю Яго спаўняе, таго выслухоўвае.
32. Ад веку ня чута, каб хто народжанаму сьляпым вочы адкрыў.
33. Каб Ён ня быў ад Бога, ня мог бы нічога зрабіць".
34. У адказ сказалі яны яму: "У грахах увесь ты нарадзіўся і хочаш нас павучаць". І выкінулі яго вон.
35. Пачуў Езус, што яго выкінулі вон, і, спаткаўшы яго, сказаў яму: "Ці верыш ты ў Сына Чалавечага?"
36. Ён у адказ спытаўся: "А хто Ён, Госпадзе, каб я мог у Яго верыць?"
37. Сказаў яму Езус: "Ты ўжо бачыў Яго, і Той, хто з табою гаворыць, гэта Ён".
38. Дык ён сказаў: "Веру, Госпадзе!" І, упаўшы, пакланіўся Яму.
39. І сказаў Езус: "На суд прыйшоў Я на гэты сьвет, каб тыя, што ня бачаць, бачылі, а тыя, што бачаць, сталіся сьляпымі".
40. Пачулі гэта некаторыя з фарысэяў, што пры Ім былі, дык пыталіся ў Яго: "Ці і мы сьляпыя?"
41. Сказаў ім Езус: "Калі б вы былі сьляпыя, ня мелі б віны. Вы аднак уважаеце, што бачыце, таму грэх трывае ў вас.
|