Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні апосталаў


 

 

Дзеяньні апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

12

Перасьледваньне Царквы за Герода Агрыпу

Арышт Пятра

1. У гэтым часе Герод пачаў перасьледаваць некаторых з царквы

2. А Якуба, брата Яна, забіў мячом.

3. І калі заўважыў, што гэта спадабалася Юдэям, увязьніў апрача таго і Пятра. А былі гэта дні Праснакоў.

4. Калі яго схапіў, укінуў у вязьніцу ды аддаў пільнаваць чатыром вартаўнікам, манючыся па сьвяце Пасхі вывесьці яго народу.

Цудоўнае асвабаджэньне

5. І быў Пётар вартаваны ў вастрозе. А царква безупынна малілася за яго да Бога.

6. У ноч, па каторай Герод меўся вывесьці яго, Пётар, скаваны падвойным ланцугом, спаў між двух жаўнераў, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі вастрог.

7. І вось паявіўся анёл Госпадаў, і сьвятло зазьзяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок, абудзіў Пятра і сказаў: "Устань хутчэй"! І апалі ланцугі з рук ягоных.

8. І сказаў яму анёл: "Падперажыся ды абуй сандалы твае!" І ён так зрабіў. Далей казаў яму: "Надзень вопратку тваю ды хадзі за мной".

9. І, выйшаўшы, ішоў за ім, але ня ведаў, ці гэта праўда, што анёл робіць, ці можа бачыць прывід.

10. Мінулі першую і другую варту ды дайшлі да жалезнай брамы, каторая вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі. Выйшлі тады і прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл пакінуў яго.

11. Тады Пётар ачухаўся і сказаў: "Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла свайго ды вырваў мяне з рукі Герода і ад усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі."

12. Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маткі Яна, званага Маркам, дзе былі сабраўшыся многія на малітве.

13. І калі пастукаў у дзьверы, прыбегла дзяўчына на імя Рода, паслухаць, хто там.

14. І, пазнаўшы голас Пятра, з радасьці не адчыніла дзьвераў, але пабегла паведаміць, што Пётар стаіць перад дзьвярыма.

15. А яны сказалі ёй: "Дурніца"! Яна ж даказвала, што гэта так. Яны сказалі: "Гэта хіба анёл ягоны".

16. А Пётар стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта зьдзівіліся.

17. Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з вастрога, і сказаў: "Паведаміце пра гэта Якубу і братам". І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.

Сьмерць Герода Агрыпы

18. Калі ж настаў дзень, між жаўнераў узьнікла немалая трывога дзеля зьнікненьня Пятра.

19. Герод загадаў шукаць яго, а, не знайшоўшы, праслухаў вартаўнікоў і загадаў іх пакараць сьмерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.

20. А ён дужа злаваўся на жыхароў Тыру і Сідону. Але яны аднадушна прыбылі да яго, і, перацягнуўшы на свой бок Бласта, палацовага каралеўскага, прасілі аб мір, бо іх край жывіўся з каралеўскага.

21. У вызначаны ж дзень кароль Герод, адзеўшыся ў каралеўскія шаты, сеў на пасадзе і прамаўляў да іх.

22. А народ крычаў: "Гэта голас бога, а не чалавека!"

23. І як бач ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай хвалы, і ён памёр, сточаны чарвямі.

24. Слова ж Госпадава расло і памнажалася.

25. А Барнаба і Саўл, споўнішы сваё даручэньне, вярнуліся з Ерузаліму, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст