Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Дзеяньні апосталаў


 

 

Дзеяньні апосталаў

0102030405060708091011121314
15161718192021222324252627
28

 

14

Эвангелізацыя Іконіі

1. Падобна ў Іконіі ўвайшлі яны ў Юдэйскую сынагогу і навучалі так, што многа Юдэяў і Грэкаў уверыла.

2. Але тыя Юдэі, што ня ўверылі, падбуралі і пад'юджвалі паганаў супраць братоў.

3. Аднак Павал і Барнаба прабылі там доўгі час і навучалі адважна ў Госпадзе, каторы сьведчыў слову ласкі сваёй цудамі і знакамі, якія чыніў іхнімі рукамі.

4. Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з Юдэямі, а другія - з апосталамі.

5. Калі аднак апосталы даведаліся, што пагане і Юдэі сумесна з начальнікамі сваімі маняцца зьняважыць іх і ўкаменаваць,

6. уцяклі ў гарады Лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іхнія ваколіцы,

7. і там эвангелізавалі.

Аздараўленьне ў Лістры

8. У Лістры жыў адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэньня, які ніколі не хадзіў.

9. Ён слухаў, што казаў Павал. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, патрэбную для аздараўленьня,

10. сказаў моцным голасам: "Стань проста на ногі твае!" І той падскочыў і стаў хадзіць.

11. І грамады, бачачы, што ўчыніў Павал, пачалі моцна крычаць па-лікаонску: "Багі сталіся падобнымі да людзей і зыйшлі да нас!"

12. І назвалі Барнабу Зэўсам, а Паўла - Мэркурам, бо ён быў правадыром у слове.

13. А сьвятар Зэўса, каторы меў сьвятыню перад горадам, прывёў прад браму валы ды прынёс вянкі, і хацеў разам з народам скласьці ахвяру.

14. Калі пра гэта даведаліся Барнаба і Павал, разьдзёрлі адзеньне ды кінуліся ў народ, крычучы:

15. "Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі сьмяротныя, падобныя да вас. Эвангелізуем вас, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасьцяў да Бога жывога, каторы стварыў неба і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх знаходзіцца.

16. Дапусьціў Ён у даўнейшых часах, каб народ кожны хадзіў сваімі дарогамі,

17. але не пераставаў сьведчыць ад сабе, чынячы дабро, даючы вам дождж з неба, урадлівыя леты, кормячы вас ды сэрцы вашыя напаўняючы радасьцю".

18. І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.

19. Тым часам падыйшлі Юдэі з Антыёхіі і Іконіі, і падбурылі грамады, і ўкаменавалі Паўла ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.

20. Але калі сабраліся вакол яго вучні, падняўся і пайшоў у горад, а на другі дзень разам з Барнабай направіўся ў Дэрбу.

Вяртаньне ў Антыёхію

21. І ў гэтым горадзе вясьцілі Эвангельле, і здабылі многа вучняў, а пасьля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,

22. умацоўваючы душы вучняў, заахвочваючы іх да трываньня ў веры, бо каб ўвайсьці ў Каралеўства Божае, трэба прайсьці праз многа мукаў.

23. Потым з малітвай і постам для кожнае царквы прызначылі старшых ды даручылі іх Госпаду, у каторага ўверылі.

24. І прайшлі праз Пісідыю ў Памфілію,

25. і вясьцілі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.

26. І адкуль паплылі ў Антыёхію, адтуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.

27. Вярнуўшыся, склікалі царкву і расказалі, што ўчыніў Бог з імі, ды як адкрыў Ён дзьверы веры паганам.

28. І шмат часу былі яны сярод вучняў.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст